Другі Закон 25:1-19 |
1. Калі будзе цяжбіна паміж людзьмі, дык няхай прывядуць іх у суд і рассудзяць іх, чыя праўда, таго хай апраўдаюць, а вінаватага засудзяць; |
2. і калі вінаваты варты будзе, каб яго білі, дык судзьдзя няхай загадае пакласьці яго і біць пры сабе, гледзячы на віну ягоную, на разьлік; |
3. сорак удараў можна даць яму, а ня больш, каб ад многіх удараў брат твой ня быў зьнявечаны перад вачыма тваімі. |
4. Ня кілзай мызу валу, калі ён малоціць. |
5. Калі браты жывуць разам і адзін зь іх памрэ, ня маючы сына, дык жонка памерлага не павінна выходзіць на бок за чалавека чужога, а дзевер яе павінен увайсьці да яе і ўзяць яе сабе за жонку і жыць зь ёю,— |
6. і першынец, якога яна народзіць, застанецца зь імем брата ягонага памерлага, каб імя ягонае ня згладзілася ў Ізраіле. |
7. Калі ж ён не захоча ўзяць браціху сваю, дык браціха нявестка ягоная пойдзе да брамы да старэйшынаў і скажа: "дзевер мой адмаўляецца аднавіць імя брата свайго ў Ізраіле, ня хоча жаніцца са мною"; |
8. тады старэйшыны горада ягонага павінны паклікаць яго і ўгаворваць яго, і калі ён стане і скажа: "не хачу браць яе", |
9. браціха ягоная хай пойдзе да яго на вачах у старэйшынаў, і здыме бот ягоны з нагі яго, і плюне яму ў твар, і скажа: "так робяць чалавеку, які не будуе дома брату свайму"; |
10. і дадуць яму імя ў Ізраіле: дом разутага. |
11. Калі б'юцца паміж сабою мужчыны, і жонка аднаго падыдзе, каб адабраць мужа свайго з рук таго, хто яго б'е, і, працягнуўшы руку сваю, схопіць яго за сарамату, |
12. дык адсячы руку ёй: хай ня літуе вока тваё. |
13. У мяху тваім не павінны быць дваякія гіры, вялікія і меншыя; |
14. У доме тваім не павінна быць дваякая эфа, большая і меншая; |
15. гіра ў цябе павінна быць дакладная і правільная, і эфа ў цябе павінна быць дакладная і правільная, каб падоўжыліся дні твае на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе; |
16. бо агідны перад Госпадам, Богам тваім, кожны, хто ўчыняе крыўду. |
17. Памятай, як зрабіў з табою Амалік у дарозе, калі вы ішлі зь Егіпта: |
18. як ён сустрэў цябе па дарозе і пабіў за табою ўсіх аслабелых, калі ты зьнямогся і стаміўся, і не пабаяўся ён Бога; |
19. дык вось, калі Гасподзь, Бог твой, супакоіць цябе ад усіх ворагаў тваіх з усіх бакоў, на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку, каб авалодаць ёю, сатры з памяці Амаліка з-пад неба; не забудзься. |
Другі Закон 26:1-19 |
1. Калі ты прыйдзеш у зямлю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку, і авалодаеш ёю і аселішся на ёй, |
2. дык вазьмі пачаткі усіх пладоў зямлі, якія ты атрымаеш ад зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе, і пакладзі ў кош, і йдзі на тое месца, якое Гасподзь, Бог твой, выбера, каб было там імя Ягонае: |
3. і прыйдзі да сьвятара, які будзе тымі днямі, і скажы яму; сёньня вызнаю перад Госпадам, Богам тваім, што я ўвайшоў у тую зямлю, даць якую нам Гасподзь запрысягнуўся бацькам нашым. |
4. Сьвятар возьме кош з рукі тваёй і паставіць яго перад ахвярнікам Госпада, Бога твайго. |
5. А ты адказвай і скажы перад Госпадам, Богам тваім: бацька мой быў вандроўны Арамэянін, і пайшоў у Егіпет і пасяліўся там зь нямногімі людзьмі, і павёўся там ад яго народ вялікі, моцны і шматлікі; |
6. але Егіпцяне блага абыходзіліся з намі і ўціскалі нас і накладвалі на нас цяжкую працу; |
7. і заенчылі мы да Госпада, Бога бацькоў нашых, і пачуў Гасподзь енк наш і ўбачыў гароту нашу, працу нашу і прыгнёт наш; |
8. і вывеў нас Гасподзь зь Егіпта рукою моцнаю і мышцаю ўзьнесенаю, вялікім жахам, азнакамі і цудамі, |
9. і прывёў нас на месца гэтае, і даў нам зямлю гэтую, зямлю, у якой цячэ малако і мёд; |
10. дык вось, я прынёс пачаткі ад пладоў зямлі, якую Ты, Госпадзе, даў мне. І пастаў гэта перад Госпадам, Богам тваім, і пакланіся перад Госпадам, Богам тваім, |
11. і радуйся за ўсе даброты, якія Гасподзь, Бог твой, даў табе і дому твайму, ты і лявіт і прыхадзень, які будзе ў цябе. |
12. Калі ты аддзеліш усе дзесяціны пладоў зямлі тваёй на трэці год, год дзесяцін, і аддасі лявіту, прыхадню, сіраце і ўдаве, каб яны елі ў селішчах тваіх і наядаліся, |
13. тады скажы перад Госпадам, Богам тваім: я ўзяў ад дома сьвятыню і аддаў яе лявіту, прыхадню, сіраце і ўдаве, паводле ўсіх загадаў Тваіх, якія Ты наказаў мне: я не пераступіў запаведзяў Тваіх і не забыў; |
14. я ня еў ад яе ў смутку маім, і не аддзяляў яе ў нячыстасьці і не даваў зь яе дзеля мёртвага; я слухаўся голасу Госпада, Бога майго, выконваў усё, што Ты наказаў мне; |
15. падзівіся са сьвятога селішча Твайго, зь нябёсаў, і дабраславі народ Твой, Ізраіле, і зямлю, якую Ты даў нам — так, як ты прысягаўся бацькам нашым даць зямлю, у якой цячэ малако і мёд. |
16. У дзень гэты Гасподзь, Бог твой, наказвае табе выконваць пастановы гэтыя і законы: трымайся іх і выконвай іх ад усяго сэрца твайго і ад усёй душы тваёй. |
17. Госпаду сказаў ты цяпер, што Ён будзе тваім Богам, і што ты будзеш хадзіць шляхамі Ягонымі і захоўваць запаведзі Ягоныя і законы Ягоныя і слухацца голасу Ягонага; |
18. і Гасподзь абяцаў табе цяпер, што ты будзеш уласным Ягоным народам, як Ён казаў табе, калі ты будзеш захоўваць усе запаведзі Яго, |
19. і што Ён паставіць цябе вышэй за ўсе народы, якія Ён стварыў, у гонары, славе і велічнасьці, і што ты будзеш сьвятым народам у Госпада, Бога твайго, як Ён казаў. |
Псалмы 38:6-11 |
6. Вось, Ты далоняю вымераў дні мае, а век мой — як нішто прад Табою. Сапраўды, поўная марнасьць — кожны жывы чалавек. |
7. Сапраўды, чалавек ходзіць, як прывід; і марны клопат яго, зьбірае і ня ведае, каму дастанецца гэта. |
8. І сёньня чаго мне чакаць, Госпадзе? надзея мая на Цябе. |
9. Ад усіх беззаконьняў маіх вызвалілі мяне, не аддавай мяне на паглум неразумным. |
10. Я зрабіўся нямы, не растульваю вуснаў маіх, бо Ты ўчыніў гэта. |
11. Ухілі ад мяне ўразы Твае; я зьнікаю ад удару пагібельнай рукі Тваёй. |
Прытчы 13:4-6 |
4. Душа гультая жадае, але марна: а душа руплівых насыціцца. |
5. Праведнік ненавідзіць ілжывае слова, а бязбожны сарамаціць і ганьбіць сябе. |
6. Праўда ахоўвае беззаганнага ў дарозе, а бязбожнасьць губіць грэшнікаў. |
Лука 6:1-26 |
1. У суботу, першую пасьля другога дня Пасхі, давялося Яму праходзіць засеянымі палямі, і вучні Ягоныя зрывалі калосьсе і елі, расьціраючы рукамі. |
2. А некаторыя фарысэі сказалі ім: навошта вы робіце тое, чаго нельга рабіць у суботу? |
3. Ісус ім сказаў у адказ: хіба вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былі зь ім? |
4. як ён увайшоў у дом Божы, узяў пакладныя хлябы, якіх нельга было есьці нікому, апрача адных сьвятароў, і еў, і даў тым, што былі зь ім? |
5. І сказаў ім: Сын Чалавечы ёсьць гаспадар і суботы. |
6. А давялося і ў другую суботу ўвайсьці Яму ў сынагогу і вучыць. Там быў чалавек, у якога правая рука была сухая. |
7. А кніжнікі і фарысэі сачылі за Ім, ці не ацаліць у суботу, каб знайсьці абвінавачаньне супроць Яго. |
8. Але Ён, ведаючы намыслы іхнія, сказаў чалавеку з сухою рукою: устань і выступі на сярэдзіну. І той устаў і выступіў. |
9. Тады сказаў ім Ісус: спытаюся Я ў вас: што трэба рабіць у суботу? дабро ці зло? выратаваць душу, ці загубіць? Яны маўчалі. |
10. І паглядзеўшы на іх усіх, сказаў таму чалавеку: падай руку тваю. Той так і зрабіў: і стала рука ў яго здаровая, як другая. |
11. А яны дайшлі да шаленства і раіліся паміж сабою, што б ім зрабіць зь Ісусам. |
12. У тыя дні ўзыйшоў Ён на гару памаліцца і прабыў усю ноч, молячыся Богу. |
13. А як разьвіднела, паклікаў вучняў Сваіх і выбраў зь іх дванаццаць, якіх і назваў апосталамі: |
14. Сымона, якога назваў Пятрам, і Андрэя, брата ягонага, Якава і Яна, Піліпа і Барталамея, |
15. Мацьвея і Тамаша, Якава Алфеевага і Сымона, называнага Зілотам, |
16. Юду Якаўлевага і Юду Іскарыёта, які потым стаўся прадажнікам. |
17. І сыйшоў зь імі, стаў Ён на роўным месцы, і мноства вучняў Ягоных, і мноства люду з усёй Юдэі і зь Ерусаліма, і з прыморскіх мясьцінаў Тырскіх і Сідонскіх, |
18. якія прыйшлі паслухаць Яго і ацаліцца ад хваробаў сваіх, таксама і тыя, што пакутавалі ад нячыстых духаў; і ацаляліся. |
19. І ўвесь люд імкнуўся дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыходзіла сіла і ацаляла ўсіх. |
20. І Ён, узьвёўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, казаў: дабрашчасныя ўбогія духам, бо ваша ёсьць Царства Божае. |
21. Дабрашчасныя галодныя сёньня, бо насыціцеся. Дабрашчасныя, хто плача сёньня, бо засьмеяцеся. |
22. Дабрашчасныя вы, калі зьненавідзяць вас людзі і калі адлучаць вас і будуць зьневажаць і зьняславяць імя вашае, як ганебнае, за Сына Чалавечага. |
23. Радуйцеся ў той дзень і весялецеся, бо вялікая вам узнагарода на нябёсах. Так рабілі з прарокамі бацькі іхнія. |
24. Але гора вам, багатыя! бо вы ўжо атрымалі сваё суцяшэньне. |
25. Гора вам, перанасычаныя сёньня! бо спрагнеце з голаду. Гора вам, хто сьмяецца сёньня! бо заплачаце і загалосіце. |
26. Гора вам, калі ўсе людзі будуць гаварыць пра вас добра, бо так рабілі зь ілжывымі прарокамі бацькі іхнія. |