A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Марш 31

Другі Закон 23:1-25
1. У каго раздушаны ядры альбо адрэзаны дзетародны чэлес, той ня можа ўвайсьці ў супольнасьць Гасподнюю.
2. Сын блудніцы ня можа ўвайсьці ў супольнасьць Гасподнюю, і дзясятае пакаленьне ягонае ня можа ўвайсьці ў супольнасьць Гасподнюю.
3. Аманіцянін і Маавіцянін ня можа ўвайсьці ў супольнасьць Гасподнюю, і дзясятае пакаленьне іх ня можа ўвайсьці ў супольнасьць Гасподнюю вавек,
4. бо яны ня сустрэлі вас з хлебам і вадою ў дарозе, калі вы ішлі зь Егіпта, і таму што яны нанялі супроць цябе Валаама, сына Вэоравага з Пэтора Месапатамскага, каб праклясьці цябе;
5. але Гасподзь, Бог твой, не схацеў слухаць Валаама і абярнуў Гасподзь, Бог твой, праклён ягоны ў дабраславеньне табе, бо Гасподзь, Бог твой, любіць цябе;
6. ня зычы ім міру і шчасьця ва ўсе дні твае, вавекі.
7. Ня грэбуй Ідумэянінам, бо ён брат твой; ня грэбуй Егіпцянінам, бо ты быў прыхаднем у зямлі ягонай;
8. дзеці, якія ў іх народзяцца, у трэцім пакаленьні могуць увайсьці ў супольнасьць Гасподнюю.
9. Калі пойдзеш у паход супроць ворагаў тваіх, сьцеражыся ўсяго благога.
10. Калі ў цябе будзе хто нячысты ад начнога здарэньня, дык ён павінен выйсьці з табара і не ўваходзіць у табар,
11. а калі зьвечарэе, павінен абмыць цела сваё вадою, і пасьля захаду сонца можа ўвайсьці ў табар.
12. Месца павінна быць у цябе па-за табарам, куды б ты мог выходзіць;
13. апрача зброі тваёй павінна быць у цябе лапатка; і калі будзеш садзіцца па-за табарам, выкапай ёю ямку і зноў закапай спаражненьне тваё;
14. бо Гасподзь, Бог твой, ходзіць сярод табара твайго, каб выбаўляць цябе і аддаваць ворагаў тваіх, а таму табар твой павінен быць сьвяты, каб Ён ня ўбачыў у цябе чаго брыдкага і не адступіўся ад цябе.
15. Не выдавай раба гаспадару ягонаму, калі ён прыбяжыць да цябе ад гаспадара свайго;
16. хай ён у цябе жыве, сярод вас у месцы, якое ён выбера ў якім-небудзь селішчы тваім, дзе яму спадабаецца; ня ўціскай яго.
17. Не павінна быць блудадзейкі з дочак Ізраілевых і не павінна быць блудадзея з сыноў Ізраілевых.
18. Ня ўнось платы блудадзейкі і цаны сабакі ў дом Госпада, Бога твайго, ні пасьля якога б тое ні было абяцаньня, бо тое і другое ёсьць гідота перад Госпадам, Богам тваім.
19. Не аддавай у ліхву брату твайму ні срэбра, ні хлеба, ні чаго-небудзь іншага, што можна аддаваць у ліхву;
20. іншаземцу аддавай у ліхву, а брату твайму не аддавай у ліхву, каб Гасподзь, Бог твой, дабраславіў цябе ва ўсім, што робіцца рукамі тваімі, на зямлі, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю.
21. Калі дасі абяцаньне Госпаду, Богу твайму, адразу выканай яго, бо Гасподзь, Бог твой, спагоніць зь цябе яго, і на табе будзе грэх;
22. а калі ты ня даў абяцаньня, дык ня будзе на табе грэху.
23. Што выйшла з вуснаў тваіх, трымай і выконвай так, як абяцаў ты Госпаду, Богу твайму, дабраахвотнае прынашэньне, пра якое сказаў ты вуснамі тваімі.
24. Калі ўвойдзеш у вінаграднік блізкага твайго, можаш есьці ягады ўдосыць, колькі хоча душа твая, а ў посуд не кладзі.
25. Калі прыйдзеш на жніво блізкага твайго, зрывай калосьсе рукамі тваімі, а сярпа не занось на жніво блізкага твайго.

Другі Закон 24:1-22
1. Калі хто возьме жонку і зробіцца мужам яе, і яна ня знойдзе ўпадабаньня ў вачах ягоных, бо ён знаходзіць у ёй што-небудзь агіднае, і напіша ёй разводны ліст, і дасьць ёй у рукі, і адпусьціць яе з дома свайго,
2. і яна выйдзе з дома ягонага, пойдзе і выйдзе за другога мужа,
3. але і гэты апошні муж зьненавідзіць яе і напіша ёй разводны ліст, і дасьць ёй у рукі, і адпусьціць яе з дома свайго, альбо памрэ гэты апошні муж яе, які ўзяў яе сабе за жонку,—
4. дык ня можа першы муж яе, які адпусьціў яе, зноў узяць яе сабе за жонку, пасьля таго, як яна заплямілася, бо гэта ёсьць гідота перад Госпадам, і не пахібі зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку.
5. Калі хто ўзяў жонку нядаўна, дык няхай ня йдзе на вайну, і нічога нельга ўскладаць на яго; няхай ён застанецца вольны ў доме сваім цэлы год і радуе жонку сваю, якую ўзяў.
6. Ніхто не павінен браць у заклад верхняга і ніжняга жарона, бо такі бярэ ў заклад душу.
7. Калі знойдуць каго, што ён украў у каго-небудзь з братоў сваіх, з сыноў Ізраілевых, і паняволіў яго, дык такога злодзея трэба аддаць сьмерці; і так вынішчы зло спасярод сябе.
8. Сьцеражыся ў пошасьці праказы, каб добра пільнавацца і рабіць усё тое, чаго навучаць сьвятары і лявіты; старанна выконвайце, што я загадаў ім;
9. памятай, што Гасподзь, Бог твой, зрабіў Марыямі ў дарозе, калі вы ішлі зь Егіпта.
10. Калі ты блізкаму свайму што-небудзь пазычаеш, дык не хадзі да яго ў дом, каб узяць у яго заклад,
11. пастой на вуліцы, а той, каму ты пазычыў, вынесе табе заклад свой на вуліцу;
12. а калі ён будзе чалавек бедны, дык ты не кладзіся спаць, маючы заклад ягоны;
13. аддай яму заклад пры захадзе сонца, каб ён лёг спаць у вопратцы сваёй і дабраславіў цябе,— і табе залічыцца гэта ў праведнасьць перад Госпадам, Богам тваім.
14. Ня крыўдзі найміта, беднага і ўбогага, з братоў тваіх альбо з прыхадняў тваіх, якія ў зямлі тваёй, у жытлішчах тваіх;
15. таго ж самага дня аддай плату ягоную, каб сонца не зайшло раней таго, бо ён бедны, і чакае яе душа ягоная; каб ён не залямантаваў на цябе Госпаду, і ня было на табе грэху.
16. Бацькі не павінны карацца за дзяцей сьмерцю, і дзеці не павінны карацца сьмерцю за бацькоў; кожны павінен карацца сьмерцю за сваё злачынства.
17. Ня судзі навыварат прыхадня, сірату, і ва ўдавы не бяры вопраткі ў заклад;
18. памятай, што і ты быў рабом у Егіпце, і Гасподзь вызваліў цябе адтуль: таму я і загадваю табе рабіць гэта.
19. Калі будзеш жаць на полі тваім і забудзеш сноп на полі, дык не вяртайся па яго: няхай ён застаецца прыхадню, сіраце і ўдаве, каб Гасподзь, Бог твой, дабраславіў цябе ва ўсіх дзеях рук тваіх.
20. Калі будзеш абіваць масьліну тваю, дык не пераглядвай за сабою галінаў: няхай застаецца прыхадню, сіраце і ўдаве.
21. Калі будзеш зьбіраць плады ў вінаградніку тваім, не абірай рэштак за сабою: няхай застаецца прыхадню, сіраце і ўдаве;
22. і памятай, што ты быў рабом у зямлі Егіпецкай: таму я і загадваю табе рабіць гэта.

Псалмы 38:1-6
1. Кіроўцу хору, Ідытуму. Псальма Давідава.
2. Я сказаў: пільнавацьмуся дарогі сваёй, каб маім языком не грашыць; цугляцьму я вусны мае, пакуль бязбожны перада мною.
3. Я быў нямы і безгалосы і маўчаў нават пра добрае; і жальба мая памацнела,
4. запалілася сэрца маё ўва мне; у думках маіх загарэўся вагонь; я пачаў гаварыць языком маім;
5. скажы мне, Госпадзе, пра канец мой і лік дзён маіх, які ён, каб я ведаў, які мой век.
6. Вось, Ты далоняю вымераў дні мае, а век мой — як нішто прад Табою. Сапраўды, поўная марнасьць — кожны жывы чалавек.

Прытчы 13:1-3
1. Мудры сын слухае бацькавых на­стаўленьняў; а насьмешнік ня слухае за­сьцярогаў.
2. Ад плоду вуснаў сваіх чалавек спа­жывае дабро, а душа здраднікаў закона — зло.
3. Хто захоўвае вусны свае, той за­хоўвае душу сваю, а хто шырока свой рот разьзяўляе, таму бяда.

Лука 5:17-39
17. Аднаго дня, калі Ён вучыў, і сядзелі тут фарысэі і законьнікі, якія прыйшлі з усіх мясцовасьцяў Галілеі і Юдэі і зь Ерусаліма, і сіла Гасподняя зьяўлалася ў ацаленьні хворых,
18. вось, прынесьлі нейкія на пасьцелі чалавека, які быў паралізаваны, і спрабавалі ўнесьці яго ў дом і пакласьці перад Ісусам;
19. і не знайшоўшы дзе пранесьці яго, з прычыны люднасьці, залезьлі на дах дома і праз дах апусьцілі яго з пасьцельлю на сярэдзіну перад Ісусам.
20. І Ён, бачачы веру іхную, сказаў чалавеку таму: даруюцца табе грахі твае.
21. Кніжнікі і фарысэі пачалі разважаць, кажучы: хто гэта, Які блюзьнерыць? хто можа дараваць грахі, апрача аднаго Бога?
22. Ісус, зразумеўшы намыслы іхнія, сказаў ім у адказ: што намышляеце ў сэрцах вашых?
23. што лягчэй сказаць: "даруюцца табе грахі твае", альбо сказаць: "устань і хадзі"?
24. але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, — сказаў Ён паралізаванаму: табе кажу: устань, вазьмі пасьцель тваю і ідзі ў дом твой.
25. І той адразу ўстаў перад імі, узяў, на чым ляжаў, і пайшоў у дом свой, славячы Бога.
26. І жах агарнуў усіх, і славілі Бога; і, поўныя страху, казалі: дзівосныя дзеі бачылі мы сёньня.
27. Пасьля гэтага Ісус выйшаў і ўбачыў мытніка, якога звалі Лявій, які сядзеў каля мытні, і кажа яму: ідзі за Мною.
28. І ён, пакінуўшы ўсё, устаў і пайшоў за Ім.
29. І зрабіў Яму Лявій у доме сваім бяседу вялікую; і там было мноства мытнікаў і іншых, якія ляжалі зь імі.
30. А кніжнікі і фарысэі наракалі і казалі вучням Ягоным: навошта вы ясьце і п’яце з мытнікамі і грэшнікамі?
31. А Ісус сказаў ім у адказ: не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя;
32. Я прыйшоў заклікаць ня праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяньня.
33. А яны сказалі Яму: чаму вучні Янавыя посьцяць часта і ўзносяць малітвы, таксама і фарысэйскія, а Твае ядуць і п’юць?
34. Ён сказаў ім: ці можаце прымусіць сыноў харомаў шлюбных пасьціцца, калі зь імі малады?
35. але прыйдуць дні, калі адымецца ў іх малады, і тады будуць пасьціцца у тыя дні.
36. Пры гэтым сказаў ім прытчу: ніхто ня прышывае латку да старой адзежыны, ададраўшы ад новай адзежыны; а інакш і новую падзярэ, і да старой не падыдзе латка ад новай.
37. І ніхто ня ўлівае маладога віна ў мяхі старыя; а інакш маладое віно парве мяхі, і само выцеча, і мяхі прападуць;
38. а маладое віно трэба ўліваць у мяхі новыя; тады зьберажэцца і тое і другое.
39. І ніхто, піўшы старое віно, не захоча адразу маладога; бо кажа: старое лепшае.