A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Марш 25

Другі Закон 11:1-32
1. Дык вось, любі Госпада, Бога твайго, і шануй, што загадана Ім шанаваць, і пастановы Ягоныя і законы Ягоныя і запаведзі Ягоныя ва ўсе дні.
2. І ведайце сёньня,— бо я гутару ня з сынамі вашымі, якія ня ведаюць і ня бачылі кары Госпада, Бога вашага,— Ягоную веліч, Ягоную моцную руку і высокую мышцу Ягоную,
3. азнакі Ягоныя і дзеі Ягоныя, якія Ён зрабіў сярод Егіпта з фараонам, царом Егіпецкім, і з усёю зямлёю ягонай,
4. і што Ён зрабіў з войскам Егіпецкім, з конямі ягонымі і калясьніцамі ягонымі, якія Ён утапіў у водах Чэрмнага мора, калі яны гналіся за вамі,— і пагубіў іх Гасподзь, і так трывае аж да сёньня;
5. і што Ён рабіў дзеля вас у пустыні, пакуль вы не дайшлі да месца гэтага,
6. і што Ён зрабіў з Датанам і Авіронам, сынамі Эліява, сына Рувімавага, калі зямля разьзявіла вусны свае і сярод усяго Ізраіля праглынула іх і сямействы іхнія, і намёты іхнія і ўсю маёмасьць іхнюю, якая была ў іх;
7. бо вочы вашыя бачылі ўсе вялікія дзеі Госпада, якія Ён учыніў.
8. Дык вось, захоўвайце ўсе запаведзі, якія я пераказваю вам сёньня, каб вы ўмацаваліся і пайшлі і авалодалі зямлёю, у якую вы пераходзіце, каб авалодаць ёю;
9. і каб жылі вы доўга на той зямлі, даць якую запрысягнуўся Гасподзь бацькам вашым і насеньню іхняму, на зямлі, у якой цячэ малако і мёд.
10. Бо зямля, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю, не такая, як зямля Егіпецкая, зь якой выйшлі вы, дзе ты, пасеяўшы семя тваё, паліваў з дапамогаю ног тваіх, як аліўны сад;
11. а зямля, у якую вы пераходзіце, каб авалодаць ёю, ёсьць зямля з гарамі і далінамі, і ад дажджу нябеснага напойваецца вадою,—
12. зямля, пра якую Гасподзь, Бог ваш, рупіцца: вочы Госпада, Бога твайго, няспынна на ёй, ад пачатку года да канца года.
13. калі вы будзеце слухаць наказы мае, якія пераказваю вам сёньня, любіць Госпада, Бога вашага, і служыць Яму ад усяго сэрца вашага і ад усёй душы вашай,
14. дык дам зямлі вашай дажджу ў свой час, раньняга і позьняга, і ты зьбярэш хлеб твой і віно тваё і алей твой;
15. і дам траву на полі тваім быдлу твайму, і будзеш есьці і наядацца.
16. Пільнуйцеся, каб не засмуцілася сэрца вашае і ня ўхіліліся вы і не пачалі служыць іншым багам і не пакланяліся ім;
17. і тады запаліцца гнеў Госпада на вас, і замкне Ён неба, і ня будзе дажджу, і зямля ня ўродзіць твораў сваіх, і вы неўзабаве зьнікнеце з добрай зямлі, якую Гасподзь вам дае.
18. Дык вось, пакладзеце гэтыя словы Мае ў сэрца вашае і ў душу вашую і навяжэце іх як знак на руку сваю, і хай будуць яны павязкаю над вачыма вашымі;
19. і вучыце сыноў сваіх, кажучы пра іх, калі ты сядзіш у доме тваім і калі ідзеш дарогаю, і калі кладзешся і калі ўстаеш;
20. і напішы іх на вушаках дома твайго і на варотах тваіх,
21. каб гэтулькі ж многа было дзён вашых і дзён дзяцей вашых на той зямлі, даць якую Гасподзь запрысягнуўся бацькам вашым, колькі дзён неба будзе над зямлёю.
22. Бо калі вы будзеце шанаваць усе запаведзі гэтыя, якія наказваю вам выконваць, будзеце любіць Госпада, Бога вашага, хадзіць усімі шляхамі Ягонымі і гарнуцца да Яго,
23. дык прагоніць Гасподзь усе народы гэтыя ад аблічча вашага, і вы авалодаеце народамі, якія большыя і мацнейшыя за вас;
24. усякае месца, на якое ступіць нага ваша, будзе ваша: ад пустыні і Лівана, ад ракі, ракі Еўфрата, аж да мора заходняга будуць межы вашыя;
25. ніхто ня ўстоіць супроць вас: Гасподзь, Бог ваш, навядзе страх і трымценьне перад вамі на ўсякую зямлю, на якую вы ступіце, як Ён казаў вам.
26. Вось, я прапаную вам сёньня дабраславеньне і праклён:
27. дабраславеньне, калі паслухаецеся наказаў Госпада, Бога вашага, якія я пераказваю вам сёньня,
28. а праклён, калі не паслухаецеся запаведзяў Госпада, Бога вашага, і ўхіліцеся ад шляху, які наказваю вам сёньня, і пойдзеце за багамі іншымі, якіх вы ня ведаеце.
29. Калі ўвядзе цябе Гасподзь, Бог ваш, у тую зямлю, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю, тады вымаві дабраславеньне на гары Гарызім, а праклён на гары Гевал:
30. вось ён за Ярданам, па дарозе да захаду сонца, у зямлі Хананэяў, якія жывуць на раўніне, насупраць Галгала, паблізу дубровы Марэ.
31. Бо вы пераходзіце Ярдан, каб пайсьці авалодаць зямлёю, якую Гасподзь, Бог ваш, дае вам, і авалодаеце ёю і будзеце жыць на ёй.
32. Дык вось, старайцеся выконваць усе пастановы і законы, якія прапаную вам я сёньня.

Другі Закон 12:1-31
1. Вось пастановы і законы, якія вы павінны выконваць у зямлі, якую Гасподзь, Бог бацькоў тваіх, дае табе ў валоданьне, на ўсе дні, якія вы жыцьмеце на той зямлі.
2. Зьнішчыце ўсе мясьціны, дзе народы, якімі вы авалодаеце, служылі багам сваім, на высокіх горах і на пагорках і пад усякім галінастым дрэвам;
3. і разбурце ахвярнікі іхнія і паламайце слупы іхнія, і спалеце агнём гаі іхнія і пабеце балванаў багоў іхніх, і вынішчыце імя іхняе ў месцы тым.
4. Але ня тое павінны вы рабіць Госпаду, Богу вашаму,
5. бо толькі на месцы, якое выбера Гасподзь, Бог ваш, з усіх плямёнаў вашых, каб быць імю Ягонаму там, зьвяртайцеся і туды прыходзьце,
6. і туды прыносьце цэласпаленьні вашыя і ахвяры вашыя, і дзесяціны вашыя і ўзьнясеньне рук вашых, і абяцаньні вашыя і дабравольныя прынашэньні вашыя, і першынцаў буйнога быдла вашага і дробнага быдла вашага;
7. і ежце там перад Госпадам, Богам вашым, і радуйцеся вы і сем'і вашыя з усяго, што рабілася рукамі вашымі, чым дабраславіў цябе Гасподзь, Бог твой.
8. Там вы не павінны рабіць усяго, як мы цяпер тут робім, кожны, што яму здаецца правільным;
9. бо вы сёньня яшчэ ня ўступілі ў мясьціну спакою і дзялянку, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе.
10. Але калі пяройдзеце Ярдан і аселіцеся на зямлі, якую Гасподзь, Бог ваш, дае вам у долю, і калі Ён супакоіць вас ад усіх ворагаў вашых, што атачаюць вас, і жыцьмеце ў бясьпецы,
11. тады, якое месца выбера Гасподзь, Бог ваш, каб быць імю Ягонаму там, туды прыносьце ўсё, што я наказваю вам: цэласпаленьні вашыя і ахвяры вашыя, дзесяціны вашыя і ўзьнясенье рук вашых і ўсё, выбранае паводле абяцаньняў вашых, што вы абяцалі Госпаду вашаму;
12. і радуйцеся перад Госпадам, Богам вашым, вы і сыны вашыя і дочкі вашыя, і рабы вашыя і рабыні вашыя, і лявіт, які сярод селішчаў вашых, бо няма яму долі і дзялянкі з вамі.
13. Асьцерагайся прыносіць цэласпаленьні твае на ўсякім месцы, якое ты ўбачыш;
14. а толькі на тым месцы, якое выбера Гасподзь у адным з плямёнаў тваіх, прынось цэласпаленьні твае і рабі ўсё, што наказваю табе.
15. А ў астатнім калі толькі зажадае душа твая, можаш закалоць і есьці, па дабраславеньні Госпада, Бога твайго, мяса, якое Ён даў табе, ва ўсіх селішчах тваіх: нячысты і чысты можа есьці гэта, як сарну і як аленя;
16. толькі крыві ня ежце: на зямлю вылівайце яе, як ваду.
17. Нельга табе есьці ў селішчах тваіх дзесяціны хлеба твайго і віна твайго і алею твайго, і першынцаў буйнога быдла твайго і дробнага быдла твайго, і ўсіх абяцаньняў тваіх, якія ты абяцаў, і дабравольных прынашэньняў тваіх, і ўзьнясеньня рук тваіх;
18. а еж гэта перад Госпадам, Богам тваім, на тым месцы, якое выбера Гасподзь, Бог твой,— ты і сын твой і дачка твая, і раб твой і рабыня твая, і лявіт, які ў селішчах тваіх, і радуйся прад Госпадам, Богам тваім, за ўсё, што робіцца рукамі тваімі.
19. Глядзі, не пакідай лявіта ўсе дні, якія жыцьмеш на зямлі тваёй.
20. Калі пашырыць Гасподзь, Бог твой, межы твае, як Ён казаў табе, і ты скажаш: "паем я мяса", бо душа твая зажадае есьці мяса,— тады, па жаданьні душы тваёй, еж мяса.
21. Калі будзе далёка ад цябе тое месца, якое выбера Гасподзь, Бог твой, каб быць імю Ягонаму там, дык калі з буйнога і дробнага быдла твайго, якое даў табе Гасподзь, як я загадаў табе, і еж у селішчах тваіх, па жаданьні душы тваёй;
22. але еж іх так, як ядуць сарну і аленя; нячысты як і чысты могуць есьці гэта;
23. толькі строга сачы, каб ня есьці крыві, бо кроў ёсьць душа: ня еж душы разам зь мясам;
24. ня еж яе: вылівай яе на зямлю, як ваду;
25. ня еж яе, каб добра было табе і дзецям тваім пасьля цябе, калі будзеш рабіць добрае і справядлівае прад вачыма Госпада.
26. Толькі сьвятыні твае, якія будуць у цябе, і абяцаньні твае прынось, і прыходзь на тое месца, якое выбера Гасподзь,
27. і прынось цэласпаленьні твае, мяса і кроў, на ахвярніку Госпада, Бога твайго; а кроў ахвяраў тваіх павінна пралівацца каля ахвярніка Госпада, Бога твайго, а мяса еж.
28. Слухай і выконвай усе словы гэтыя, якія наказваю табе, каб добра было табе і дзецям тваім пасьля цябе вавек, калі будзеш рабіць добрае і заўгоднае перад вачыма Госпада, Бога твайго.
29. Калі Гасподзь, Бог твой, вынішчыць ад аблічча твайго народы, да якіх ты ідзеш, каб узяць іх у валоданьне, і ты, узяўшы іх, паселішся ў зямлі іхняй,
30. тады асьцерагайся, каб ты ня трапіў у сетку, ідучы за імі, пасьля зьнішчэньня іх ад аблічча твайго, і ня шукаў багоў іншых, кажучы: "як служылі народы гэтыя багам сваім, так і я рабіцьму";
31. не рабі так Госпаду, Богу твайму, бо ўсё, чым гідзіцца Гасподзь, што ненавідзіць Ён, яны робяць багам сваім: яны і сыноў сваіх і дочак сваіх спальваюць на агні багам сваім.

Псалмы 36:18-22
18. Гасподзь ведае дні беззаганных і дастатак іхні застаецца навечна.
19. Ня будуць яны пасаромлены ў люты час, і ў дні голаду сытыя будуць;
20. а бязбожныя загінуць, і ворагі Гасподнія, як авечы лой, зьнікнуць, у дыме зьнікнуць.
21. Пазычае бязбожны — і не аддае, а праведны ўмілажальваецца і дае,
22. бо ўміласлаўленыя Ім — зямлю ўспадкуюць, а праклятыя Ім — будуць вынішчаны.

Прытчы 12:12-14
12. Бязбожны хоча злавіць яго ў сетку зла; а корань праведных цьвёрды.
13. Бязбожны ловіцца грахамі вуснаў сваіх; а праведны выйдзе зь бяды.
14. Ад плоду вуснаў сваіх чалавек на­сычаецца дабром, і плата чалавеку — па­водле дзеяў рук ягоных.

Лука 2:1-24
1. У тыя дні выйшаў ад кесара Аўгуста загад зрабіць перапіс па ўсёй зямлі.
2. Гэты перапіс быў першы ў праўленьне Квірынія Сірыяй.
3. І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад.
4. Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давідаў, называны Віфляемам, бо ён быў з дому і роду Давідавага,
5. запісацца з Марыяю, заручанаю яму жонкай, якая была цяжарная.
6. Калі ж былі яны там, настаў час радзіць Ёй;
7. і нарадзіла Сына Свайго першынца, і спавіла Яго, і паклала яго ў ясьлі, бо ня было ім месца ў гасьцініцы.
8. У той краіне былі на полі пастухі, якія трымалі начную варту каля статку свайго.
9. Раптам зьявіўся ім анёл Гасподні, і слава Гасподняя апраменіла іх; і спалохаліся страхам вялікім.
10. І сказаў ім анёл: ня бойцеся; я ўзьвяшчаю вам вялікую радасьць, якая будзе ўсім людзям:
11. бо сёньня нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збаўца, Які ёсьць Хрыстос Гасподзь;
12. і вось вам знак: вы знойдзеце Дзіця ў пялюшках, Яно ляжыць у ясьлях.
13. І раптоўна зьявілася з анёлам шматлікае войска нябеснае, славячы Бога і заклікаючы:
14. слава ў вышынях Богу, і на зямлі мір, і ў людзях добрая воля.
15. Калі анёлы адыйшлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: хадзем у Віфляем і паглядзім, што там сталася, пра што абвясьціў нам Гасподзь.
16. І пасьпяшаўшыся, прыйшлі, і знайшлі Марыю і Язэпа, і Дзіцятка, Якое ляжала ў ясьлях.
17. А ўбачыўшы, расказалі пра тое, што было абвешчана ім пра Дзіцятка Гэтае.
18. І ўсе, хто чуў, дзівавалі з таго, што расказвалі ім пастухі.
19. А Марыя прымала ўсе словы гэтыя, складаючы ў сэрцы Сваім.
20. І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё тое, што чулі і бачылі, як ім сказана было.
21. Як прайшло восем дзён, калі трэба было абрэзаць Дзіцятка, далі яму імя Ісус, названае анёлам раней зачацьця Ягонага ва ўлоньні.
22. А калі споўніліся дні ачышчэньня іхняга паводле закону Майсеевага, прынесьлі Яго ў Ерусалім, каб явіць Госпаду,
23. як прадпісана ў законе Гасподнім, каб усякае дзіцятка мужчынскага полу, якое размыкае ўлоньне, было прысьвечана Госпаду;
24. і каб прынесьлі ў ахвяру, паводле сказанага ў законе Гасподнім, дзьве галубкі альбо два птушаняты галубіныя.