Біблія на працягу аднаго года Марш 23
Другі Закон 7:1-26 |
1. Калі ўвядзе цябе Гасподзь, Бог твой, у зямлю, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю, і прагоніць ад аблічча твайго шматлікія народы, Хэтэяў, Гергесэяў, Амарэяў, Хананэяў, Фэрэзэяў, Эвэяў і Эвусэяў, сем народаў, якія большыя лікам і мацнейшыя за цябе, |
2. і перадасьць іх табе Гасподзь, Бог твой, і паб'еш іх, тады аддай іх праклёну, ня ўступай зь імі ў спрымірэнства і не шкадуй іх; |
3. і ня ўступай зь імі ў сваяцтва: дачкі тваёй не аддавай за сына ягонага, і дачкі ягонай не бяры за сына твайго; |
4. бо яны адвернуць сыноў тваіх ад Мяне, каб служыць іншым багам, і тады запаліцца на вас гнеў Госпада, і Ён хутка вынішчыць цябе. |
5. А зрабеце зь імі так: ахвярнікі іхнія разбурце, слупы іхнія паламайце і гаі іхнія высечыце і балванаў іхніх спалеце агнём; |
6. бо ты народ сьвяты ў Госпада, Бога твайго: цябе выбраў Гасподзь, Бог твой, каб ты быў уласным ягоным народам з усіх народаў, якія на зямлі. |
7. Не на тое, каб вы былі большыя лікам за ўсе народы, прыняў вас Гасподзь і выбраў вас,— бо вы меншыя лікам за ўсе народы,— |
8. а таму, што любіць вас Гасподзь, і на тое, каб захаваць клятву, якою Ён прысягаў бацькам вашым, вывеў вас Гасподзь рукою моцнаю і вызваліў цябе з дома рабства, з рукі фараона, цара Егіпецкага. |
9. Дык вось, ведай, што Гасподзь, Бог твой, ёсьць Бог верны, Які захоўвае запавет і літасьць да тых, хто любіць Яго і шануе наказы Ягоныя да тысячы родаў, |
10. і аддасьць ненавісьнікам Ягоным у асобе іхняй, зьнішчаючы іх; Ён не замарудзіць, ненавісьніку Ягонаму самому асабіста аддасьць. |
11. Дык вось, шануй запаведзі й пастановы і законы, якія сёньня табе наказваю выконваць. |
12. І калі вы будзеце слухацца законаў гэтых і захоўваць і выконваць іх, дык Гасподзь, Бог твой, будзе захоўваць запавет і літасьць да цябе, як Ён прысягаўся бацькам тваім, |
13. і палюбіць цябе, і дабраславіць цябе, і памножыць цябе, і дабраславіць плод улоньня твайго і плод зямлі тваёй, і хлеб твой і віно тваё і алей твой, народжанае ад буйнога быдла твайго, і ад статку авечак тваіх, на той зямлі, якую запрысягнуў бацькам тваім даць табе; |
14. дабраславёны ты будзеш больш за ўсе народы; ня будзе ні бясплоднага ні бясплоднай, ні ў цябе, ні ў быдле тваім; |
15. і адвядзе ад цябе Гасподзь усякую немач, і ніякіх лютых хваробаў Егіпецкіх, якія ты ведаеш, не навядзе на цябе, а навядзе іх на ўсіх ненавіснікаў тваіх; |
16. і зьнішчыш усе народы, якія Гасподзь, Бог твой, дае табе: хай не пашкадуе іх вока тваё, і ня служы багам іхнім, бо гэта сетка на цябе. |
17. Калі скажаш у сэрцы тваім: "народы гэтыя большыя лікам за мяне; як я магу выгнаць іх?" |
18. ня бойся іх, згадай тое, што зрабіў Гасподзь, Бог твой, з фараонам і ўсім Егіптам, |
19. тыя вялікія выпрабаваньні, якія бачылі вочы твае, азнакі, цуды і руку моцную і мышцу высокую, зь якімі вывеў цябе Гасподзь, Бог твой, тое самае зробіць Гасподзь, Бог твой, з усімі народамі, якіх ты баішся; |
20. і чмялёў нашле Гасподзь, Бог твой, на іх, пакуль не загінуць тыя, што засталіся і пахаваліся ад аблічча твайго; |
21. ня бойся іх, бо Гасподзь, Бог твой, сярод цябе, Бог вялікі й страшны. |
22. І будзе Гасподзь, Бог твой, праганяць перад табою народы гэтыя спакваля; ня можаш ты вынішчыць іх хутка, каб не памножыліся супроць цябе польныя зьвяры; |
23. але аддасьць іх табе Гасподзь, Бог твой, і прывядзе іх у вялікае бянтэжаньне, аж пакуль яны не загінуць; |
24. і аддасьць цароў іхніх у рукі твае зьнішчыш іхняе імя з-пад нябёсаў: ня ўстоіць ніхто супроць цябе, пакуль ня выкарчуеш іх. |
25. Балванаў багоў іхніх папалеце агнём; не пажадай узяць сабе срэбра альбо золата, якое на іх, каб гэта ня сталася табе сеткаю, бо гэта агіда Госпаду, Богу твайму; |
26. і ня ўнось шкараднай брыдоты ў дом твой, каб не падупасьці праклёну, як яна; адварочвайся ад гэтага і гідзіся гэтага, бо гэта праклятае. |
Другі Закон 8:1-20 |
1. Усе запаведзі, якія я наказваю вам сёньня, старайцеся выконваць, каб вы былі жывыя і множыліся, і пайшлі й завалодалі зямлёю, даць якую запрысягнуўся Гасподзь бацькам вашым. |
2. І памятай увесь шлях, якім вёў цябе Гасподзь, Бог твой, па пустыні, вось ужо сорак гадоў, каб упакорыць цябе, каб выпрабаваць цябе і даведацца, што ў сэрцы тваім, ці будзеш шанаваць запаведзі Ягоныя, а ці не; |
3. Ён упакорваў цябе, таміў цябе голадам і карміў цябе маннаю, якое ня ведаў ты і ня ведалі бацькі твае, каб паказаць табе, што не адным хлебам жыве чалавек, а ўсякім словам, якое сыходзіць з вуснаў Госпада, жыве чалавек; |
4. вопратка твая ня зношвалася на табе, і нага твая ня пухла, вось ужо сорак гадоў. |
5. І ведай у сэрцы тваім, што Гасподзь, Бог твой, вучыць цябе, як чалавек вучыць сына свайго. |
6. Дык вось шануй запаведзі Госпада, Бога твайго, хадзі шляхамі Ягонымі й баючыся Яго. |
7. Бо Гасподзь, Бог твой, вядзе цябе ў зямлю добрую, у зямлю, дзе патокі водаў, крыніцы і азёры выходзяць з далінаў і гор |
8. у зямлю, дзе пшаніца, ячмень, вінаградныя лозы, смакоўніцы і гранатавыя дрэвы, дзе аліўныя дрэвы і мёд, |
9. у зямлю, у якой бязьбедна есьцімеш хлеб твой і ні ў чым ня мецьмеш нястачы, у зямлю, у якой камяні — жалеза, і з гор якой будзеш высякаць медзь. |
10. І калі будзеш есьці і наядацца, тады дабраслаўляй Госпада, Бога твайго, за добрую зямлю, якую Ён даў табе. |
11. Пільнуйся, каб не забыў ты Госпада, Бога твайго, не шануючы запаведзяў Ягоных і пастановаў Ягоных, якія сёньня наказваю табе. |
12. Калі будзеш есьці і наядацца, і пабудуеш добрыя дамы і будзеш жыць, |
13. і калі будзе ў цябе буйнога быдла багата, і будзе многа срэбра і золата, і ўсяго ў цябе будзе многа,— |
14. дык глядзі, каб не напышылася сэрца тваё і не забыў ты Госпада, Бога твайго, які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай, з дома рабства; |
15. Які правёў цябе па пустыні вялікай і страшнай, дзе гады, васіліскі, скарпіёны і мясьціны сухія, на якіх няма вады; Які скрынічыў табе вады са скалы гранітнай, |
16. карміў цябе ў пустыні маннаю, якой ня ведалі бацькі твае, каб упакорыць цябе і выпрабаваць цябе, каб пазьней зрабіць табе дабро, |
17. і каб ты не сказаў у сэрцы тваім: "мая сіла і моц рукі маёй прыдбалі мне багацьце гэтае", |
18. але каб памятаў Госпада, Бога твайго, бо Ён дае табе сілу набываць багацьце, каб выканаць, як сёньня, запавет Свой, які Ён прысягаю зацьвердзіў бацькам тваім. |
19. Калі ж ты забудзеш Госпада, Бога твайго, і пойдзеш за багамі іншымі, і будзеш служыць ім і пакланяцца ім, дык сьведчу вам сёньня, што вы загінеце; |
20. як народы, якія Гасподзь вынішчае ад аблічча вашага, так загінеце і вы за тое, што не паслухаеце голасу Госпада, Бога вашага. |
Псалмы 36:5-11 |
5. Госпаду перадай дарогу тваю, і на яго спадзявайся, і Ён зробіць, |
6. і выведзе, як сьвятло, праўду тваю, і справядлівасьць тваю, як полудзень. |
7. Скарыся Госпаду і на Яго спадзявайся. Не зайздросьці таму, каму шчасьціць у дарозе ягонай, чалавеку хітрамыснаму. |
8. Перастань гневацца і пакінь запальчывасьць; ня імкніся рабіць благое, |
9. бо хто робіць благое, будзе зьнішчаны, а хто спадзяецца на Госпада, зямлю ўспадкуе. |
10. Яшчэ трохі, і злачынца ня стане; паглядзіш на месца ягонае, і няма яго. |
11. А пакорныя зямлю ўспадкуюць, і ўраскошуюцца спакоем вялікім. |
Прытчы 12:9-10 |
9. Лепей быць простым, але мець працу, чым быць ганарыстым, але ня мець хлеба. |
10. Праведны дбае і пра жыцьцё быдла свайго, а сэрца бязбожных жорсткае. |
Лука 1:39-56 |
39. І ўстаўшы, Марыя ў дні тыя, пасьпяшалася ў нагорную краіну, у горад Юдаў, |
40. і ўвайшла ў дом Захара, і прывітала Элізабэту. |
41. Калі Элізабэта пачула вітаньне Марыіна, варухнулася дзіцятка ў чэраве ў яе; і Элізабэта напоўнілася Духам Сьвятым, |
42. і ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Дабраславёная Ты сярод жанчын, і дабраславёны плод улоньня Твайго! |
43. І адкуль гэта мне, што прыйшла Маці Госпада майго да мяне? |
44. Бо калі голас вітаньня Твайго дайшоў да слыху майго, варухнулася дзіцятка радасна ў чэраве маім. |
45. і дабрашчасная Тая, Якая паверыла, бо збудзецца сказанае Ёй ад Госпада. |
46. І сказала Марыя: праслаўляе душа Мая Госпада, |
47. і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцы Маім, |
48. што дагледзеў Ён пакорлівасьць рабы Сваёй; бо ад сёньня будуць шчасьціць Мяне ўсе роды, |
49. бо ўчыніў Мне веліч Магутны і сьвятое імя Ягонае, |
50. і ласка Ягоная ў роды родаў да тых, што баяцца Яго; |
51. зьявіў сілу рукі Сваёй; расьсеяў тых, што заносяцца думкамі сэрца свайго; |
52. скінуў моцных з тронаў, і ўзвысіў пакорлівых; |
53. галодных напоўніў дабром, а багатых пусьціў ані з чым; |
54. прыгарнуў Ізраіля, слугу Свайго, памятаючы пра міласэрнасьць; |
55. як казаў бацькам нашым, Абрагаму і семені ягонаму давеку. |
56. А Марыя прабыла зь ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом Свой. |
|