A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Марш 13

Лічбы 23:1-30
1. І сказаў Валаам Валаку: пастаў мне тут сем ахвярнікаў і падрыхтуй мне сем цялят і сем бараноў.
2. Валак зрабіў так, як казаў Валаам, і ўзьнесьлі Валак і Валаам па цяляці і па барану на кожным ахвярніку.
3. І сказаў Валаам Валаку: пастой каля цэласпаленьня твайго, а я пайду; можа, Гасподзь выйдзе мне насустрач, і што Ён адкрые мне, я абвяшчу табе.
4. І сустрэўся Бог з Валаамам, і сказаў яму Валаам : сем ахвярнікаў паставіў я і ўзьнёс па цяляці і па барану на кожным ахвярніку.
5. І ўклаў Гасподзь слова ў вусны Валаамавыя і сказаў: вярніся да Валака і так кажы.
6. І вярнуўся да яго, і вось, ён стаіць каля цэласпаленьня свайго, ён і ўсе князі Маавіцкія.
7. І прамовіў прыпавесьць сваю і сказаў: зь Месапатаміі прывёў мяне Валак, цар Маава, ад гор усходніх: прыйдзі, пракляні мне Якава, прыйдзі, выкажы зло на Ізраіля!
8. Як пракляну я? Бог не праклінае яго. Як выкажу зло? Гасподзь не выказвае зла.
9. Зь вяршыні скал бачу яго і з пагоркаў гляджу на яго: вось, народ жыве асобна і сярод народаў ня лічыцца.
10. Хто палічыць пясок Якава і велічыню чацьвёртай часткі Ізраіля? Хай памрэ душа мая сьмерцю праведнікаў, і хай будзе скон мой, як і іхні!
11. І сказаў Валак Валааму: што ты са мною робіш? я ўзяў цябе, каб праклясьці ворагаў маіх, а ты, вось, дабраслаўляеш?
12. І адказваў ён і сказаў: ці не павінен я дакладна сказаць тое, што ўкладвае Гасподзь у вусны мае?
13. І сказаў яму Валак: ідзі са мною на другое месца, зь якога ты ўбачыш яго, але толькі частку яго ўбачыш, а ўсяго яго ня ўбачыш, і пракляні мне яго адтуль.
14. І ўзяў яго на месца вартаўнікоў, на вяршыню гары Фасгі, і паставіў сем ахвярнікаў, і ўзьнёс па цяляці і па барану на кожным ахвярніку.
15. І сказаў Валаку: пастой тут каля цэласпаленьня твайго, а я пайду туды насустрач.
16. І сустрэўся Гасподзь з Валаамам, і ўклаў слова ў вусны ягоныя, і сказаў: вярніся да Валака і так кажы.
17. І прыйшоў да яго, і вось, ён стаіць каля цэласпаленьня свайго, і зь ім князі Маавіцкія. І сказаў яму Валак: што сказаў Гасподзь?
18. Ён прамовіў прытчу сваю і сказаў: устань, Валак, і паслухай, уважай мне, сыне Сэпфораў.
19. Бог не чалавек, каб няпраўду казаць, і ня сын чалавечы, каб Яму шкадаваць. Ці скажа Ён і ня зробіць? будзе казаць і ня выканае?
20. Вось, дабраслаўляць пачаў я, бо Ён дабраславіў, і я не магу зьмяніць гэтага.
21. Ня відаць бяды ў Якаве, і ня прыкметна няшчасьця ў Ізраіле; Гасподзь, Бог ягоны, зь ім, і трубны царскі гук у яго;
22. Бог вывеў іх зь Егіпта, імклівасьць адзінарога ў яго;
23. няма чарадзейства ў Якаве і няма варажнечы ў Ізраілі. Сваім часам скажуць пра Якава і пра Ізраіля: вось, што творыць Бог!
24. Вось народ, як ільвіца ўстае, і як леў падымаецца; ня ляжа, пакуль ня зьесьць здабычы і пакуль не нап'ецца крыві забітых.
25. І сказаў Валак Валааму: ні клясьці не кляні яго, ні дабраслаўляць не дабраслаўляй яго.
26. І адказваў Валаам і сказаў Валаку: ці не казаў я табе, што я буду рабіць усё тое, што скажа мне Гасподзь?
27. І сказаў Валак Валааму: ідзі, я вазьму цябе на другое месца; можа, заўгодна будзе Богу, і адтуль праклянеш мне яго.
28. І ўзяў Валак Валаама на верх Фегора, абернутага да пустыні.
29. І сказаў Валаам Валаку: пастаў мне тут сем ахвярнікаў і падрыхтуй мне тут сем цялят і сем бараноў.
30. І зрабіў Валак, як сказаў Валаам, і ўзьнёс па цяляці і барану на кожным ахвярніку.

Лічбы 24:1-25
1. Валаам убачыў, што Госпаду заўгодна дабраслаўляць Ізраіля, і не пайшоў, як раней, чарадзейнічаць, а павярнуўся тварам сваім да пустыні.
2. І зірнуў Валаам і ўбачыў Ізраіля, які стаяў паводле родаў сваіх, і быў на ім Дух Божы.
3. І прамовіў ён прытчу і сказаў: гаворыць Валаам, сын Вэораў, гаворыць муж з адкрытым вокам,
4. гаворыць той, хто чуе словы Божыя, які бачыць уявы Усемагутнага; падае, але адкрытыя вочы ягоныя:
5. такія цудоўныя намёты твае, Якаў, селішчы твае, Ізраіле!
6. расьсьцілаюцца яны як даліны, як сады над ракою, як альясавыя дрэвы, пасаджаныя Госпадам, як кедры каля вады;
7. пальецца вада зь вёдраў ягоных, і насеньне ягонае будзе як вялікія воды, пераўзыдзе Агага цар яго і ўзвысіцца царства ягонае.
8. Бог вывеў яго зь Егіпта, імклівасьць адзінарога ў яго, пажырае народы, варожыя яму, дробіць косьці іхнія і стрэламі сваімі б'е.
9. Нахіліўся, і лёг, як леў і як ільвіца,— хто падыме яго? Хто дабраслаўляе цябе, той дабраславёны, і хто праклінае цябе, той пракляты!
10. І ўспалымніўся гнеў Валака на Вааама, і пляснуў ён рукамі сваімі, і сказаў Валак Валааму: я паклікаў цябе праклясьці ворагаў маіх, а ты дабраслаўляеш іх вось ужо трэці раз;
11. дык вось, бяжы ў сваё месца; я хацеў ушанаваць цябе, але вось, Гасподзь пазбаўляе цябе гонару.
12. І сказаў Валаам Валаку: ці не казаў я паслам тваім, якіх ты пасылаеш да мяне:
13. "хоць бы даваў мне Валак поўны свой дом срэбра і золата, не магу пераступіць загаду Гасподняга, каб зрабіць што-небудзь добрае альбо благое па сваёй волі: што скажа Гасподзь, тое і буду казаць"?
14. дык вось, я іду да народу свайго; ідзі, я абвяшчу табе, што зробіць народ гэты з народам тваім зь бегам часу.
15. І прамовіў прыпавесьць сваю і сказаў: гаворыць Валаам, сын Вэораў, гаворыць муж з адкрытым вокам,
16. гаворыць той, хто чуе словы Божыя, хто мае ўяву ад Усявышняга, хто бачыць уявы Усемагутнага, падае, але адкрытыя вочы ў яго.
17. Бачу Яго, але яшчэ ня сёньня; бачу Яго, але ня блізка. Узыходзіць зорка ад Якава і паўстае жазло ад Ізраіля, і б'е князёў Маава і валіць усіх сыноў Сітавых.
18. Эдом будзе пад валоданьнем, Сэір будзе пад валоданьнем ворагаў сваіх, а Ізраіль пакажа сілу.
19. Той, хто паходзіць ад Якава, авалодае і загубіць рэшткі горада.
20. І ўгледзеў ён Амаліка, і прамовіў прытчу сваю, і сказаў: першы з народаў Амалік, але канец ягоны — пагібель.
21. І ўгледзеў ён Кенэяў, і прамовіў ён прыпавесьць сваю, і сказаў: моцнае селішча тваё, і на скале ўладжана гняздо тваё;
22. але спустошаны будзе Каін, і неўзабаве Асур паняволіць цябе.
23. І прамовіў прыпавесьць сваю і сказаў: гора, хто ацалее, калі навядзе гэта Бог!
24. прыйдуць караблі ад Кітыма і ўрымсьцяць Асура і ўрымсьцяць Эвэра; але і ім пагібель!
25. І ўстаў Валаам і пайшоў назад у сваю мясьціну, а Валак таксама пайшоў сваёю дарогаю.

Псалмы 32:18-22
18. Вось, вока Гасподняе над тымі, хто баіцца Яго, і хто спадзяецца на літасьць Ягоную,
19. што Ён душу іхнюю ўратуе ад сьмерці і ў час галодны накорміць іх.
20. Душа наша мае надзею на Госпада: Ён дапамога наша;
21. Ім радуецца сэрца наша, бо на сьвятое імя Ягонае мы спадзяваліся.
22. Хай будзе ласка Твая, Госпадзе, з намі, мы так на Цябе надзею ўскладаем.

Прытчы 11:27-27
27. Хто імкнецца да дабра, той шукае Божае ласкі; а хто шукае благога, да таго яно і прыходзіць.

Марко 13:1-20
1. І калі выходзіў Ён з храма, кажа Яму адзін вучань Ягоны: Настаўнік! паглядзі, якія камяні і якія будынкі!
2. Ісус сказаў яму ў адказ: бачыш гэтыя вялікія будынкі? усё гэта будзе разбурана, так што не застанецца тут каменя на камені.
3. І калі Ён сядзеў на гары Аліўнай насупраць храма, пыталіся ў Яго асобна Пётр і Якаў, і Ян і Андрэй:
4. скажы нам, калі гэта будзе, і якая прыкмета, калі ўсё гэта павінна стацца?
5. Адказваючы ім, Ісус пачаў гаварыць: глядзеце, каб хто вас ня ўвёў у зман;
6. бо многія прыйдуць пад імем Маім, і будуць казаць, што гэта Я, і многіх увядуць у зман.
7. А як пачуеце пра войны і пра ваенныя чуткі, не жахайцеся: бо павінна тое быць: але гэта яшчэ не канец.
8. Бо паўстане народ на народ, і царства на царства; і будуць землятрусы па месцах, і будуць галады і смуты. Гэта пачатак хвароб.
9. Але вы зважайце на сябе: бо вас будуць выдаваць у судзілішчы, і біць у сынагогах, і перад валадарамі і царамі паставяць вас за Мяне, на сьведчаньне перад імі.
10. І ўсім народам наперад павінна быць абвешчана Дабравесьце.
11. Калі ж павядуць выдаваць вас, ня турбуйцеся загадзя, што вам сказаць, і не абдумвайце; а што дадзена будзе вам у тую часіну, тое і кажэце, бо ня вы будзеце гаварыць, а Дух Сьвяты.
12. І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька дзяцей; і паўстануць дзеці на бацькоў і заб’юць іх.
13. І будзеце зьненавіджаныя ўсімі за імя Маё; а хто перацерпіць да канца, уратуецца.
14. А калі ўгледзіце брыдоту спусташэньня, пра якую сказана праз прарока Данііла, якая паўстане, дзе ня трэба, - хто чытае, хай разумее, - тады хто будзе ў Юдэі, хай уцякаюць у горы;
15. а хто на даху, той ня сыходзь у дом і не ўваходзь узяць што-небудзь з дому свайго;
16. і хто ў полі, не вяртайся назад узяць вопратку сваю.
17. Гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні.
18. Малецеся, каб ня сталіся ўцёкі вашыя зімою.
19. Бо ў тыя дні будзе такі смутак, якога ня было ад пачатку стварэньня, якое ўчыніў Бог, нават да сёньня, і ня будзе.
20. І калі б Гасподзь не скараціў тых дзён, дык не ўратавалася б ніякая плоць; але дзеля выбраных, якіх Ён выбраў, скароціць тыя дні.