A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Марш 10

Лічбы 17:1-13
1. І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:
2. скажы сынам Ізраілевым і вазьмі ў іх посах ад кожнага роду, ад усіх правадыроў іхніх па плямёнах, дванаццаць посахаў, і імя кожнага напішы на посаху ягоным;
3. імя Аарона напішы на посаху Лявііным, бо адзін посах ад правадыра племені іхняга;
4. і пакладзі іх у скініі сходу, перад каўчэгам адкрыцьця, дзе зьяўляюся Я вам;
5. і каго Я выберу, посах таго зацьвіце; і так Я суйму нараканьне сыноў Ізраілевых, якім яны наракаюць на вас.
6. І сказаў Майсей сынам Ізраілевым, і далі яму ўсе правадыры іхнія, ад кожнага правадыра посах паводле плямёнаў іхніх дванаццаць посахаў, і посах Ааронаў быў сярод посахаў іхніх.
7. І паклаў Майсей посахі перад абліччам Госпада ў скініі сходу.
8. На другі дзень увайшоў Майсей у скінію сходу, і вось, посах Ааронаў, ад дома Лявіінага, зацьвіў, пусьціў парасткі, даў цьвет і ўрадзіў міндаліны.
9. І вынес Майсей усе посахі ад аблічча Гасподняга да ўсіх сыноў Ізраілевых; і ўгледзелі яны гэта і ўзялі кожны свой посах.
10. І сказаў Гасподзь Майсею: пакладзі зноў посах Ааронаў перад каўчэгам адкрыцьця на захаваньне, як азнаку непакорлівым, каб перасталі наракаць на Мяне, і каб яны не памерлі.
11. Майсей зрабіў гэта: як загадаў яму Гасподзь, так ён і зрабіў.
12. І сказалі сыны Ізраілевыя Майсею: вось, мы паміраем, гінем, усе гінем!
13. кожны, хто набліжаецца да скініі Гасподняй, памірае: ці не давядзецца ўсім нам памерці?

Лічбы 18:1-32
1. І сказаў Гасподзь Аарону: ты і сыны твае і дом бацькі твайго з табою панесяце на сабе грэх за нядбальства ў сьвятыні; і ты і сыны твае з табою панесяце на сабе грэх за няўпраўнасьць у сьвятарстве вашым.
2. Гэтак сама і братоў тваіх, племя Лявіінага, род бацькі твайго, вазьмі сабе: няхай яны будуць пры табе і служаць табе, а ты і сыны твае з табою будзеце пры скініі адкрыцьця;
3. няхай яны правяць службу табе і службу ва ўсёй скініі; толькі каб не падыходзілі да рэчаў сьвятыні і да ахвярніка, каб не памерці і ім і вам.
4. Няхай яны будуць пры табе і правяць службу ў скініі сходу, усю працу ў скініі; а староньні не павінен набліжацца да вас.
5. Так чынеце службу ў сьвяцілішчы і каля ахвярніка, каб ня было больш гневу на сыноў Ізраілевых;
6. бо братоў вашых, лявітаў, Я ўзяў з сыноў Ізраілевых і даў іх вам, у дарунак Госпаду, дзеля ўчыненьня службы пры скініі сходу;
7. і ты і сыны твае з табою захоўвайце сьвятарства вашае ва ўсім, што належыць ахвярніку, і што ўсярэдзіне за заслонаю, і служэце; Я даю вам у дарунак службу сьвятарства, а староньні, які возьмецца, аддадзены будзе сьмерці.
8. І сказаў Гасподзь Аарону: вось, Я даручаю табе сачыць за паднашэньнямі Мне; з усяго, што асьвячаецца сынамі Ізраілевымі, Я дам табе і сынам тваім, дзеля сьвятарства вашага, статутам вечным;
9. вось, што належыць табе са сьвятыняў вялікіх, з таго, што паліцца: любое прынашэньне іхняе хлебнае, і ўсякая ахвяра іхняя за грэх, і кожная іхняя ахвяра за віну, што яны прынясуць Мне; гэта вялікая сьвятыня табе і сынам тваім.
10. На самым сьвятым месцы ежце гэта; усе мужчынскага полу могуць есьці; гэта сьвятыняю і будзе табе.
11. І вось, што табе з паднесеных дароў іхніх: усе паднашэньні сыноў Ізраілевых Я даў табе і сынам тваім і дочкам тваім з табою, статутам вечным; усякі чысты ў доме тваім можа есьці гэта.
12. Усё найлепшае з алею і ўсё найлепшае зь вінаграду і хлеба, пачаткі іх, якія яны даюць Госпаду, Я аддаў табе;
13. усе першыя ўтворы зямлі іхняй, першыя яны прынясуць Госпаду, хай будуць твае; кожны чысты ў доме тваім можа есьці гэта.
14. Усё заклятае ў зямлі Ізраілевай хай будзе тваё.
15. Усё, што размыкае сцёгны ў кожнай плоці, якую прыносяць Госпаду, зь людзей і з быдла, хай будзе тваё; толькі першынец зь людзей павінен быць выкуплены, і першароднае з быдла нячыстага павінна быць выкуплена;
16. а выкуп за іх: пачынаючы з аднаго месяца, паводле ацэнкі тваёй, бяры выкуп пяць сікляў срэбра, па сіклі сьвяшчэнным, які ў дваццаць гераў;
17. а за першароднае з валоў і за першароднае з авечак і за першароднае з коз не бяры выкупу: яны сьвятыня; крывёю іх акрапляй ахвярнік і тлушч зь іх палі ў ахвяру, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду;
18. а мяса іх табе належыць, гэтаксама як і грудзіна паднашэньня — правая лапатка табе належыць.
19. Усе ахвярныя сьвятыні, якія падносяць сыны Ізраілевыя Госпаду, аддаю табе і сынам тваім і дочкам тваім з табою, статутам вечным; гэта запавет солі вечны перад Госпадам, дадзены табе і нашчадкам тваім з табою.
20. І сказаў Гасподзь Аарону: у зямлі іхняй ня будзеш мець надзелу і долі ня будзе з табою сярод іх; Я доля твая і надзел твой сярод сыноў Ізраілевых;
21. а сынам Лявіі, вось, Я даў у надзел дзесяціну з усяго, што ў Ізраіля, за службу іхнюю, за тое, што яны правяць службы ў скініі сходу;
22. і сыны Ізраілевыя не павінны больш падыходзіць да скініі сходу, каб не панесьці грэху і не памерці:
23. няхай лявіты правяць службы ў скініі сходу і нясуць на сабе грэх іхні. Гэта статут вечны ў роды вашыя; а сярод сыноў Ізраілевых яны не атрымаюць долі;
24. а як што дзесяціну сыноў Ізраілевых, якую яны прыносяць у паднашэньне Госпаду, Я аддаю лявітам у надзел, таму і сказаў Я ім: сярод сыноў Ізраілевых не атрымаюць яны долі.
25. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
26. абвясьці лявітам і скажы ім: калі брацьмеце ў сыноў Ізраілевых дзесяціну, якую Я даў вам у долю, дык падносьце зь яе паднашэньне Госпаду, дзесяціну зь дзесяціны,—
27. і ўскладзена будзе на вас гэта паднашэньне, як хлеб з гумна і як узятае з чавільні;
28. так і вы будзеце падносіць паднашэньне Госпаду з усіх дзесяцін вашых, якія брацьмеце ў сыноў Ізраілевых, і будзеце даваць зь іх паднашэньне Гасподняе Аарону сьвятару;
29. з усяго, што даруецца вам, падносьце паднашэньне Госпаду, з усяго найлепшага, што асьвячаецца.
30. І скажы ім: калі вы прынесяце з гэтага найлепшае, дык гэта ўскладзена будзе на лявітаў, як тое, што атрымліваецца з гумна і што атрымліваецца з чавільні;
31. вы можаце есьці гэта ў любым месцы, вы і сем'і вашыя, бо гэта вам плата за працу вашую ў скініі сходу;
32. і не панесяце за гэта грэху, калі прынесяце найлепшае з гэтага; і таго, што пасьвячаецца сынамі Ізраілевымі, не апаганьце, і не памраце.

Псалмы 31:6-11
6. За тое памоліцца Табе кожны праведнік у час адпаведны, і тады разьліва вялікай вады не дастане яго.
7. Ты — маё покрыва; Ты асланяеш мяне ад скрухі, атачаеш мяне радасьцямі збавеньня.
8. "Увяду цябе ў розум, настаўлю цябе на шлях, па якім табе йсьці; буду табой кіраваць, вока Маё над табою".
9. "Ня будзьце, як конь, як мул бязглузды, чые храпы цугляць трэба кілзамі і аброцьцю, каб яны Табе ўпакорваліся.
10. Шмат смуткаў бязбожнаму; а таго, хто на Госпада мае надзею, атачае міласьць.
11. Весялецеся ў Госпадзе, цешцеся, праведныя; сьпявайце радасна ўсе, у каго шчырае сэрца.

Прытчы 11:19-21
19. Праведнасьць вядзе да жыцьця, а хто імкнецца да ліхога, імкнецца да сьмерці сваёй.
20. Агіда Госпаду — падступныя сэр­цам; а падабаецца Яму, хто ў бес­пахібнасьці ходзіць.
21. Можна паручыцца, што грэшнік не застанецца без пакараньня; а насеньне праведных уратуецца.

Марко 11:20-33
20. Раніцай, праходзячы міма, убачылі, што смакоўніца засохла да кораня.
21. І, прыгадаўшы, Пётр кажа Яму: Равьві! паглядзі, смакоўніца, якую Ты пракляў, усохла.
22. Ісус, адказваючы, кажа ім:
23. майце веру Божую. Бо праўду кажу вам: калі хто скажа гары гэтай: ёпадыміся і кінься ў мораё, і не засумняваецца ў сэрцы сваім, а паверыць, што збудзецца паводле словаў ягоных, - будзе яму, што ні скажа.
24. Таму кажу вам: усё, чаго ні будзеце прасіць у малітве, верце, што атрымаеце, - і будзе вам.
25. І калі стаіце на малітве, даруйце, калі што маеце на каго, каб і Айцец ваш нябесны дараваў вам грахі вашыя;
26. калі ж не даруеце, дык і Айцец ваш нябесны не даруе вам грахоў вашых.
27. Прыйшлі зноў у Ерусалім. І калі Ён хадзіў у храме, падышлі да Яго першасьвятары і старэйшыны
28. і казалі Яму: якою ўладаю Ты гэта робіш? і хто Табе даў уладу рабіць гэта?
29. Ісус сказаў ім у адказ: папытаюся і Я ў вас адно, адказвайце Мне, тады і Я скажу вам, якою ўладаю гэта раблю:
30. хрышчэньне Янава зь нябёсаў было, ці ад людзей? адказвайце Мне.
31. Яны ж разважалі паміж сабою: калі скажам "зь нябёсаў" - дык Ён скажа: "чаму ж вы не паверылі яму?"
32. а сказаць: "ад людзей", - баяліся народу; бо ўсе лічылі, што Ян сапраўды быў прарок.
33. І сказалі ў адказ Ісусу: ня ведаем. Тады Ісус сказаў ім у адказ: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю.