Выхад 27:1-21 |
1. І зрабі ахвярнік з дрэва сітым даўжынёю ў пяць локцяў і шырынёю ў пяць локцяў, так каб ён быў чатырохкутны, і вышынёю ў тры локці. |
2. І зрабі рогі на чатырох вуглах яго, так каб рогі выходзілі зь яго; і абкладзі яго медзьдзю. |
3. Зрабі да яго горшчык, каб ссыпаць у яго попел, і лапаткі і чары, і відэльцы і вугольніцы; усе прылады зрабі зь медзі. |
4. Зрабі да яго крату, каб была як сетка, зь медзі, і зрабі на сетцы, на чатырох вуглах яе, чатыры колцы медныя; |
5. і пакладзі яе на край ахвярніка ўнізе, так каб сетка была да палавіны ахвярніка. |
6. І зрабі жэрдкі да ахвярніка, жэрдкі з дрэва сітым, і абкладзі іх медзьдзю; |
7. і ўкладвай жэрдкі яго ў колцы, так каб жэрдкі былі абапал ахвярніка, калі несьці яго. |
8. зрабі яго пустым усярэдзіне, дашчаны: як паказана табе на гары, так няхай зробяць. |
9. Зрабі двор скініі: з паўднёвага боку на поўдзень заслоны для двара павінны быць з суканага вісону, даўжынёю ў сто локцяў з аднаго боку; |
10. слупоў для іх дваццаць, і падножжаў для іх дваццаць медных; гачыкі ў слупоў і повязі на іх з срэбра. |
11. Таксама і ўдоўж на паўночным баку — заслоны ў сто локцяў даўжынёю; слупоў для іх дваццаць, і падножжаў для іх дваццаць медных, гачыкі ў слупоў і повязі на іх з срэбра. |
12. А ў шырыню двара з заходняга боку — заслоны ў пяцьдзясят локцяў; слупоў для іх дзесяць, і падножжаў да іх дзесяць. |
13. І ў шырыню двара зь відавога боку на ўсход — у пяцьдзясят локцяў; |
14. Да аднаго боку — заслоны ў пятнаццаць локцяў, слупоў для іх тры, і падножжаў да іх тры. |
15. і да другога боку — заслоны ў пятнаццаць, слупоў для іх тры, і падножжаў для іх тры. |
16. А для брамы двара заслона ў дваццаць локцяў з блакітнай і пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону ўзорыстага вырабу; слупоў для яго чатыры, і падножжаў да іх чатыры. |
17. Усе слупы вакол двара павінны быць злучаны повязямі з срэбра; гачыкі ў іх з срэбра, і падножжы да іх зь медзі. |
18. Даўжыня двара сто локцяў, а шырыня па ўсёй працягласьці пяцьдзясят, вышыня пяць локцяў; заслоны з суканага вісону, а падножжы ў слупоў зь медзі. |
19. Усе прылады скініі дзеля ўсякага ўжытку ў ёй, і ўсе калы яе, усе калы двара — зь медзі. |
20. І загадай сынам Ізраілевым, каб яны прыносілі табе алей чысты, чаўлены з масьлінаў, дзеля асьвячэньня, каб гарэла сьвяцільня ўвесь час; |
21. у скініі сходу за заслонай, якая перад каўчэгам адкрыцьця, будзе запальваць яго Аарон і сыны ягоныя, ад вечара да раніцы, перад абліччам Гасподнім. Гэта статут вечны пакаленьням іхнім ад сыноў Ізраілевых. |
Выхад 28:1-43 |
1. І вазьмі да сябе Аарона, брата твайго, і сыноў ягоных зь ім з асяродзьдзя сыноў Ізраілевых, каб ён быў сьвятаром Мне, Аарона і Надава, Авіуда, Элеазара і Ітамара, сыноў Ааронавых. |
2. І зрабі сьвяшчэнную вопратку Аарону, брату твайму, дзеля славы і аздобнасьці. |
3. І скажы ўсім, хто мудры сэрцам, каго Я напоўніў духам мудрасьці, каб яны зрабілі Аарону вопратку дзеля пасьвячэньня яго, каб ён быў сьвятаром Мне. |
4. Вось вопратка, якую яны павінны справіць: нагруднік, эфод , верхняя рыза, хітон сьцяжны, кідар і пояс. Няхай справяць сьвяшчэннае адзеньне Аарону, брату твайму, і сынам ягоным, каб ён быў сьвятаром Мне. |
5. Хай яны возьмуць золата, блакітнай і пурпуровай і чырванёнай воўны і вісону, |
6. і зробяць эфод з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны, і з суканага вісону, адмысловага вырабу. |
7. У ім павінны быць на абодвух канцах яго два нарамнікі дзеля павязваньня, каб ён быў павязаны. |
8. І пояс эфода, які паверх яго, павінен быць аднолькавага зь ім вырабу, з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону. |
9. І вазьмі два камені аніксу і выраж на іх імёны сыноў Ізраілевых: |
10. шэсьць імёнаў іхніх на адным камені і шэсьць імёнаў астатніх на другім камені, у парадку іх нараджэньня; |
11. разьбяр па камені, які выразае пячаткі, хай выража на двух камянях імёны сыноў Ізраілевых; і ўстаў іх у залатыя гнёзды |
12. і пакладзі два камені гэтыя на нарамнікі эфода;гэта камяні на памяць сынам Ізраілевым; і будзе Аарон насіць імёны іх перад Госпадам на абодвух плячах сваіх дзеля памяці. |
13. І зрабі гнёзды з золата; |
14. і два ланцужкі з чыстага золата, вітымі зрабі іх вырабам плеценым; і прымацуй вітыя ланцужкі да гнёздаў.. |
15. Зрабі нагруднік судны адмысловага вырабу; зрабі яго такім самым вырабам, як эфод: з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону зрабі яго; |
16. ён павінен быць чатырохкутны, падвойны, на пядзю ў даўжыню і на пядзю ў шырыню: |
17. і ўстаў у яго апраўленыя камяні ў чатыры рады; побач рубін, тапаз, смарагд — гэта адзін рад; |
18. другі рад: карбункул, сапфір і адамант: |
19. трэці рад: карунд, агат і аметыст; |
20. чацьвёрты рад: хрызаліт, анікс і ясьпіс; у залатыя гнёзды павінны быць устаўлены яны. |
21. Гэтых камянёў павінна быць дванаццаць, па колькасьці, паводле імёнаў іх; на кожным, як на пячатцы, павінна быць выразана па адным імю зь ліку дванаццаці плямёнаў. |
22. Да нагрудніка зрабі ланцужкі вітыя плеценага вырабу з чыстага золата; |
23. і зрабі да нагрудніка два колцы з золата і прымацуй два колцы да двух канцоў нагрудніка; |
24. і ўкладзі два пляцёныя ланцужкі з золата ў абодва колцы на канцах нагрудніка, |
25. а два канцы двух ланцужкоў прымацуй да двух гнёздаў і прымацуй да нарамніка эфода зь відавога боку яго; |
26. яшчэ зрабі два колцы залатыя і прымацуй іх да двух другіх канцоў нагрудніка на тым баку, які ляжыць да эфода ўсярэдзіну; |
27. таксама зрабі два колцы залатыя і прымацуй іх да двух нарамнікаў эфода зьнізу, зь відавога боку яго, каля злучэньня яго, над поясам эфода; |
28. і прымацоўваць нагруднік колцамі яго да колцаў эфода шнурком з блакітнай воўны, каб ён быў над поясам эфода, і каб не спадаў нагруднік з эфода. |
29. І будзе насіць Аарон імёны сыноў Ізраілевых на нагрудніку судным каля сэрца свайго, калі будзе ўваходзіць у сьвятыню, дзеля заўсёднай памяці перад Госпадам. |
30. На нагруднік судны пакладзі урым і тумім, і яны будуць каля сэрца Ааронавага, калі будзе ён уваходзіць перад аблічча Гасподняе; і будзе Аарон заўсёды насіць суд сыноў Ізраілевых каля сэрца свайго перад абліччам Гасподнім. |
31. І зрабі верхнюю рызу да эфода ўсю блакітную; |
32. пасярэдзіне яе павінна быць прарэха для галавы; па краі прарэхі вакол павінна быць абшыўка тканая, як у адтуліне ў панцыры, каб ня дралася; |
33. на прыполе яе зрабі яблыкі зь нітак блакітнага, яхантавага, пурпуровага і чырванёнага колеру, вакол па прыполе яе; чашачкі залатыя пасярод іх наўкола: |
34. залатая чашачка і яблык, залатая чашачка і яблык, па прыполе верхняй рызы наўкола; |
35. яна будзе на Аароне ў набажэнстве, каб чуцен быў ад яго гук, калі ён будзе ўваходзіць у сьвятыню перад аблічча Гасподняе і калі будзе выходзіць, каб яму не памерці. |
36. І зрабі паліраваную дошчачку з чыстага золата, і выраж на ёй, як выразаюць на пячатцы: "Сьвятасьць Госпаду", |
37. і прымацуй яе шнурком блакітнага колеру да кідара, так каб яна была зь відавога боку кідара; |
38. і будзе яна на лобе Ааронавым, і панясе на сабе Аарон недахопы прынашэньняў, пасьвячаных сынамі Ізраілевымі, і ўсіх дарункаў, што імі прыносяцца; і будзе яна ўвесь час на лобе ў яго, дзеля ўпадабаньня Гасподняга да іх. |
39. І зрабі зхітон зь вісону і кідар зь вісону і зрабі пояс узорыстага вырабу; |
40. зрабі і сынам Ааронавым хітоны, зрабі ім паясы, і павязкі на галаву зрабі ім дзеля славы і аздобнасьці, |
41. і апрані ў іх Аарона, брата твайго, і сыноў ягоных зь ім, і памаж іх, і напоўні рукі іхнія, і прысьвяці іх, і яны будуць сьвятарамі Мне. |
42. І зрабі ім сподняе ільняное, каб прыкрываць цялесную галізну ад паясьніцы да галеняў, |
43. і хай будзе яно на Аароне і на сынах ягоных, калі будуць яны ўваходзіць у скінію сходу, альбо прыступаць да ахвярніка, каб служыць у сьвятыні, каб ім не навесьці грэху і не памерці. Гэта статут вечны, яму і нашчадкам ягоным пасьля яго. |
Псалмы 19:1-6 |
1. Кіроўцу хору. Псальма Давідава. |
2. Хай пачуе цябе Гасподзь у дзень скрухі, хай абароніць цябе імя Бога Якаўлевага. |
3. Хай пашле табе дапамогу са Сьвятыні, і зь Сіёна хай падмацуе цябе. |
4. Хай успомніць усе прынашэньні ахвяраў твае і цэласпаленьне тваё хай зробіць тлустым. |
5. Няхай дасьць табе, што па сэрцы табе, і ўсе намеры твае няхай выканае. |
6. Мы парадуемся выратаваньню твайму, і ў імя Бога нашага падымем сьцяг. Няхай выканае Гасподзь усе просьбы твае. |
Прытчы 7:1-5 |
1. Сыне мой! памятай словы мае і запаведзі мае захавай у сабе. |
2. Захоўвай запаведзі мае, і жыві, і навуку маю, як зрэнкі вачэй тваіх. |
3. Навяжы іх на пальцы твае, напішы іх на скрыжалі сэрца твайго. |
4. Скажы мудрасьці: "ты сястра мая!" і розум назаві родным тваім, |
5. каб яны ахоўвалі цябе ад жонкі другога, ад чужой, што гладка гаворыць словы свае. |
Матей 24:29-51 |
29. І раптам, пасьля смутку дзён тых, сонца памеркне, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоркі спадуць зь неба, і сілы нябесныя пахіснуцца; |
30. і тады зьявіцца азнака Сына Чалавечага на небе; і тады заплачуць усе плямёны зямныя і ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісьці на аблоках нябесных зь сілаю і славаю вялікай; |
31. і пашле анёлаў Сваіх з трубою громагучнаю, і зьбяруць выбраных Ягоных ад чатырох вятроў, ад краю нябёсаў да краю іх. |
32. Ад смакоўніцы вазьмеце падабенства: калі гольле яе ўжо мякчэе і пускае лісьце, ведаеце, што блізка лета; |
33. так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка, пры дзьвярах. |
34. Праўду кажу вам: ня міне род гэты, як усё тое будзе; |
35. неба і зямля мінуцца, а словы Мае ня мінуць; |
36. а пра дзень той і гадзіну ніхто ня ведае, ні анёлы нябесныя, а толькі Айцец Мой адзін; |
37. але як было ў дні Ноя, так будзе і ў прыход Сына Чалавечага, |
38. бо як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг, |
39. і не разумелі, пакуль ня прыйшоў патоп і не забраў усіх, — так будзе і прыход Сына Чалавечага; |
40. тады будуць двое на полі: адзін возьмецца, а другі пакінецца; |
41. дзьве будуць малоць у жорнах: адна возьмецца, а другая пакінецца. |
42. Дык чувайце ж, бо ня ведаеце, у якую гадзіну Гасподзь ваш прыйдзе. |
43. Але гэта вы знаеце, што калі б ведаў гаспадар дома, у якую варту прыйдзе злодзей, дык чуваў бы і ня даў бы падкапаць дома свайго. |
44. Таму і вы будзьце гатовыя, бо ў якую гадзіну ня думаеце, Сын Чалавечы прыйдзе. |
45. Хто ж верны і разумны раб, якога гаспадар ягоны паставіў над слугамі сваімі, каб даваў ім ежу ў свой час? |
46. Дабрашчасны той раб, якога гаспадар ягоны, прыйшоўшы застане, што робіць так; |
47. праўду кажу вам, што над усім маёнткам сваім паставіць яго. |
48. А калі скажа ліхі раб той ў сэрцы сваім: "ня хутка прыйдзе гаспадар мой", |
49. і пачне біць субратоў сваіх, і есьці і піць з п’яніцамі, - |
50. дык прыйдзе гаспадар раба таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня ведае, |
51. і разатне яго напалам, і вызначыць яму аднолькавую долю з крывадушнікамі: там будзе плач і скрыгат зубоў. |