A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Лютага 3

Выхад 17:1-16
1. І рушыла ўсё супольства сыноў Ізраілевых з пустыні Сін у дарогу сваю, паводле загаду Гасподняга, і разьмясьцілася табарам у Рэфідыме; і ня было вады піць людзям.
2. І дакаралі людзі Майсея, і казалі: дайце нам вады піць. І сказаў ім Майсей: што вы дакараеце мяне? што спакушаеце Госпада?
3. І прагнуў там люд вады, і наракаў люд на Майсея, кажучы: навошта ты вывеў нас зь Егіпта, замарыў смагаю нас і дзяцей нашых і статкі нашыя?
4. Майсей заенчыў да Госпада і сказаў: што мне рабіць з народам гэтым? яшчэ крыху, і паб'юць мяне камянямі.
5. І сказаў Гасподзь Майсею: прайдзі перад людзьмі, і вазьмі з сабою некаторых старэйшынаў Ізраільскіх, і посах твой, якім ты ўдарыў па вадзе, вазьмі ў руку тваю, і ідзі;
6. вось, Я стану перад табою там на скале ў Харыве, і ты ўдарыш у скалу, і пойдзе зь яе вада, і будзе піць народ. І зрабіў так Майсей на вачах у старэйшынаў Ізраільскіх.
7. І даў мясьціне той назву: Маса і Мэрыва , з прычыны дакараньня сыноў Ізраілевых, і таму, што яны спакушалі Госпада, кажучы: ці ёсьць Гасподзь сярод нас, ці няма?
8. І прыйшлі Амалікіцяне і ваявалі зь Ізраільцянамі ў Рэфідыме.
9. Майсей сказаў Ісусу: выберы нам мужоў і ідзі біцца з Амалікіцянамі: заўтра я стану на вяршыні пагорка, і жазло Божае будзе ў руцэ маёй.
10. І зрабіў Ісус, як сказаў яму Майсей, іпайшоў біцца з Амалікіцянамі; а Майсей і Аарон і Ор узышлі на верх пагорка.
11. І калі Майсей падымаў рукі свае, адольваў Ізраіль, а калі апускаў рукі свае, адольваў Амалік;
12. але рукі Майсеевыя ацяжэлі, і тады ўзялі камень і падклалі пад яго, і ён сеў на ім, а Аарон і Ор падтрымлівалі рукі ягоныя, адзін з аднаго, а другі з другога боку. І былі рукі яго паднятыя аж да захаду сонца.
13. І скінуў Ісус Амаліка і народ ягоны лязом мяча.
14. І сказаў Гасподзь Майсею: напішы гэта на памяць у кнігу і давядзі Ісусу, што Я цалкам згладжу памяць пра Амалікіцянаў з паднябеснай.
15. І зладзіў Майсей ахвярнік і даў яму назву: Ягова Нісі ,
16. бо, сказаў ён, рука на троне Госпада: бітва ў Госпада супроць Амаліка з роду ў род.

Выхад 18:1-27
1. І пачуў Ётор, сьвятар Мадыямскі, цесьць Майсееў, пра ўсё, што зрабіў Бог Майсею і Ізраілю, народу Свайму, калі вывеў Гасподзь Ізраіля зь Егіпта,
2. і ўзяў Ётор, цесьць Майсееў, Сэпфору, жонку Майсеевую, якая перад тым была вернутая,
3. і двух сыноў яе, аднаму зь якіх імя Гірсам, бо казаў Майсей : я прыхадзень у зямлі чужой;
4. а другому імя Эліезэр, бо Бог бацькі майго быў за памочніка і выбавіў мяне ад меча фараонавага.
5. І прыйшоў Ётор, цесьць Майсееў, з сынамі ягонымі і жонкаю ягонаю да Майсея ў пустыню, дзе ён стаў табарам каля гары Божай,
6. і даў знак Майсею: я цесьць твой Ётор, іду да цябе, і жонка твая, і два сыны яе зь ёю.
7. Майсей выйшаў насустрач цесьцю свайму, і пакланіўся, і цалаваў яго, і пасьля ўзаемнага прывітаньня яны ўвайшлі ў намёт.
8. І расказаў Майсей цесьцю свайму пра ўсё, што зрабіў Гасподзь з фараонам і зь Егіпцянамі за Ізраіля, і пра ўсе цяжкасьці, якія спаткаліся ім на дарозе, і як уратаваў іх Гасподзь.
9. Ётор радаваўся за ўсе дабрачынствы, якія Гасподзь учыніў Ізраілю, калі выратаваў яго з рукі Егіпцянаў,
10. і сказаў Ётор: дабраславёны Гасподзь, Які выратаваў вас з рукі Егіпцянаў і з рукі фараонавай, Які выратаваў народ гэты з-пад улады Егіпцянаў,
11. сёньня даведаўся я, што Гасподзь вялікі большы за ўсіх багоў, у тым самым, чым яны ўзносіліся над Ізраільцянамі.
12. І прынёс Ётор, цесьць Майсееў, цэласпаленьне і ахвяры Богу; і прыйшоў Аарон і ўсе старэйшыны Ізраілевыя есьці хлеб зь цесьцем Майсеевым перад Богам.
13. На другі дзень сеў Майсей судзіць людзей, і стаялі людзі перад Майсеем з раніцы да вечара.
14. І бачыў цесьць Майсееў усё, што ён робіць зь людзьмі, і сказаў: што гэта такое робіш ты зь людам? навошта ты сядзіш адзін, а ўсе людзі стаяць перад табою з раніцы да вечара?
15. І сказаў Майсей цесьцю свайму: народ прыходзіць да мяне прасіць суду ў Бога:
16. калі здараецца ў іх якая справа, яны прыходзяць да мяне, і я суджу між тым і другім і абвяшчаю статуты Божыя і законы Ягоныя.
17. Але цесьць Майсееў сказаў яму: нядобра ты гэта робіш:
18. ты змучыш і сябе і народ гэты, які з табою, бо надта цяжкая табе гэтая справа: ты адзін ня можаш выпраўляць яе;
19. дык вось, паслухай слоў маіх: я дам табе раду, і будзе Бог з табою: будзь ты народу пасярэднікам перад Богам і прадстаўляй Богу дзеі;
20. вучы іх пастановам і законам, паказвай ім дарогу, па якой яны павінны ісьці, і справы, якія яны павінны рабіць;
21. а ты нагледзь з усяго народу людзей здольных, якія баяцца Бога, людзей праўдзівых, якія ненавідзяць карысьлівасьць, і пастаў над ім тысячнікамі, сотнікамі, пяцідзясяцкімі;
22. хай яны судзяць народ у любы час і пра ўсякую важную справу даносяць табе, а ўсе малыя справы судзяць самыя: і будзе табе лягчэй, і яны панясуць з табою цяжар :
23. калі ты зробіш гэта, і Бог скажа табе, дык ты можаш устояць, і ўвесь народ гэты будзе адыходзіць у сваю мясьціну зь мірам.
24. І паслухаўся Майсей цесьцевых слоў і зрабіў усё, што той казаў:
25. і выбраў Майсей з усяго Ізраіля здольных людзей і паставіў іх начальнікамі народу, тысячнікамі, сотнікамі, пяцідзясяцкімі і дзясяцкімі,
26. і судзілі яны народ у любы час; пра справы важныя даносілі Майсею, а ўсе малыя справы судзілі самыя.
27. і адпусьціў Майсей цесьця свайго, і ён пайшоў у зямлю сваю.

Псалмы 17:29-37
29. Ты запальваеш сьветач мой, Госпадзе; Бог мой прасьвятляе цемру маю.
30. З табою я пабіваю войска, з Богам маім узыходжу на мур.
31. Бог! — Беззаганны шлях Ягоны, чыстае слова ў Госпада; Ён шчыт усім, хто на Яго спадзяецца.
32. Бо хто Бог, апрача Госпада, і хто абарона, апрача Бога нашага?
33. Бог апаясвае мяне сілаю і пракладае мне правільны шлях,
34. робіць ногі мае, як у аленя, і на вышынях маіх становіць мяне;
35. вучыць рукі мае змагацца, і мышцы мае ламаюць лук медны.
36. Ты даў мне шчыт ратунку Твайго, і правіца Твая падтрымлівае мяне, і міласьць Твая ўзьвялічвае мяне.
37. Ты пашыраеш крок мой пада мною, і ня хістаюцца ногі мае.

Прытчы 6:16-19
16. Вось гэтыя шэсьць ненавідзіць Гасподзь, нават сем, — агіда душы Яго:
17. вочы ганарыстыя, язык хлусьлівы і рукі, што праліваюць нявінную кроў,
18. сэрца, якое куе ліхія намыслы, ногі, якія шпарка бягуць да ліхадзейства,
19. ілжывы сьведка, які хлусіць, і той, хто сее разлад між братамі.

Матей 22:1-22
1. І ў адказ Ісус зноў прамовіў да іх у прытчах, кажучы:
2. падобнае Царства Нябеснае на чалавека-цара, які справіў вясельле сыну свайму
3. і паслаў рабоў сваіх клікаць запрошаных на вясельле; і не хацелі прыйсьці.
4. Зноў паслаў іншых рабоў, сказаўшы: скажэце запрошаным: "вось я прыгатаваў абед мой, цяляты мае і што ўкормлена, заколата, і ўсё гатова; прыходзьце на вясельле".
5. Але яны, ня даўшы ўвагі, пайшлі, хто на поле сваё, а хто да гандлю свайго.
6. Астатнія ж, схапіўшы рабоў ягоных, зьняважылі і забілі іх.
7. І пачуўшы, цар той угневаўся, і, паслаўшы войскі свае, вынішчыў забойцаў тых і горад іхні спаліў.
8. Тады кажа ён рабам сваім: вясельле гатова, а запрошаныя ня былі вартыя.
9. Дык вось, ідзеце на ростані і ўсіх, каго спаткаеце, клічце на вясельле.
10. І рабы тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі, і благіх і добрых; і напоўнілася вясельле бяседнікамі.
11. Цар, увайшоўшы паглядзець на бяседнікаў, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельныя строі,
12. і кажа яму: дружа! як ты ўвайшоў сюды не ў вясельных строях? А той маўчаў.
13. Тады сказаў цар слугам: зьвязаўшы яму рукі і ногі, вазьмеце яго і выкіньце ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгат зубоў;
14. бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.
15. Тады фарысэі пайшлі і дамаўляліся, як падлавіць Яго на слове.
16. І пасылаюць да Яго вучняў сваіх зь ірадыянамі, кажучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты справядлівы, і шляху Божаму праўдзіва вучыш, і не стараешся дагадзіць каму-небудзь, бо не глядзіш на абліччы;
17. дык вось скажы нам: як Табе здаецца? ці дазваляецца даваць падатак кесару, ці не?
18. Але Ісус, убачыўшы зламыснасьць іхнюю, сказаў: што спакушаеце Мяне, крывадушнікі?
19. пакажэце Мне манету, якою плаціцца падатак. Яны прынесьлі Яму дынар.
20. І кажа ім: чыя гэта выява і надпіс?
21. І кажуць Яму: кесаравы. Тады кажа ім: дык аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу.
22. Пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся і пакінуўшы Яго, пайшлі.