A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Лютага 29

Левіт 25:1-55
1. І сказаў Гасподзь Майсею на гары Сінай, кажучы:
2. абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі прыйдзеце ў зямлю, якую Я даю вам, тады зямля павінна пакоіцца ў суботу Гасподнюю;
3. шэсьць гадоў засявай поле тваё і шэсьць гадоў абразай вінаграднік твой і зьбірай утворы іх,
4. а ў сёмы год хай будзе субота спакою зямлі, субота Гасподняя: поля твайго не засявай і вінаградніка твайго не абразай;
5. што самое вырасьце пасьля жніва твайго, ня зжынай, і гронак зь неабрэзаных лозаў тваіх ня здымай: хай гэта будзе год спакою зямлі;
6. і будзе гэта праз усю суботу зямлі ўсім вам ежаю, табе, і рабу твайму, і рабыні тваёй, і найміту твайму, і пасяленцу твайму, і таму, хто пасяліўся ў цябе;
7. і быдлу твайму і зьвярам, якія на зямлі тваёй, хай будуць усе ўтворы яе ежаю.
8. І налічы сабе сем суботніх гадоў, сем разоў па сем гадоў, каб было ў цябе ў сямі суботніх гадах сорак дзевяць гадоў;
9. і затрубі ў трубу ў сёмы месяц, у дзясяты дзень месяца, у дзень ачышчэньня затрубеце ў трубу па ўсёй зямлі вашай;
10. і асьвяцеце пяцідзясяты год і абвясьцеце свабоду на зямлі ўсім жыхарам яе: хай будзе гэта ў вас юбілей; і вярнецеся кожны ў валоданьне сваё, і кожны вярніся ў свой род.
11. Пяцідзясяты год хай будзе ў вас юбілей: ня сейце і ня жнеце, што самое вырасьце на зямлі, і ня зьбірайце ягад зь неабрэзаных лозаў яе,
12. бо гэта юбілей: сьвяшчэнны хай будзе ён вам; з поля ежце ўтворы яе.
13. У юбілейны год вярнецеся кожны ў валоданьне сваё.
14. Калі будзеш прадаваць што блізкаму твайму, альбо будзеш купляць што ў блізкага твайго, ня крыўдзіце адзін аднаго;
15. паводле разьліку гадоў пасьля юбілею ты павінен купляць у блізкага твайго, і паводле разьліку гадоў прыбытку ён павінен прадаваць табе;
16. калі многа застаецца гадоў, памнож цану; а калі мала гадоў застаецца, паменшы цану, бо пэўную колькасьць гадоў жніва ён прадае табе.
17. Ня крыўдзіце адзін аднаго; бойся Бога твайго, бо Я Гасподзь, Бог ваш.
18. Выконвайце пастановы Мае, і шануйце законы Мае і выконвайце іх, і будзеце жыць спакойна на зямлі;
19. і будзе зямля даваць плод свой, і будзеце есьці ўдосыць і будзеце жыць спакойна на ёй.
20. Калі скажаце, што ж нам есьці ў сёмы год, калі мы ня будзем ні сеяць, ні зьбіраць утвораў нашых?
21. Я пашлю дабраславеньне Маё на вас у шосты год, і ён прынясе ўтворы на тры гады;
22. і будзеце сеяць у восьмы год, але есьці будзеце ўтворы старыя да дзявятага года: пакуль не пасьпеюць утворы яго, будзеце есьці старое.
23. Зямлю нельга прадаваць назаўсёды, бо Мая зямля: вы прыхадні і пасяленцы ў Мяне;
24. па ўсёй зямлі валоданьня вашага дазваляйце выкупляць землі.
25. Калі брат твой зьбяднее і прадасьць з валоданьня свайго, дык прыйдзе блізкі ягоны родзіч і выкупіць прададзенае братам ягоным;
26. а калі ня будзе каму за яго выкупіць, а сам ён будзе мець дастатак і знойдзе, колькі трэба на выкуп,
27. дык няхай ён разьлічыць гады продажу свайго і верне рэшту таму, каму ён прадаў, і ўступіць зноў у валоданьне сваё;
28. а калі ня знойдзе рука ягоная, колькі трэба вярнуць яму, дык прададзенае ім застанецца ў руках пакупца да юбілейнага года, а ў юбілейны год адыдзе яно, і ён зноў уступіць у валоданьне сваё.
29. Калі хто прадасьць жылы дом у горадзе, абнесенным мурам, дык выкупіць яго можна, пакуль пройдзе год ад продажу яго: за год выкупіць яго можна;
30. а калі ня будзе ён выкуплены, пакуль пройдзе год, дык дом, які ў горадзе, што мае мур, застанецца назаўсёды ў пакупца яго ў роды ягоныя і ў юбілей не адыдзе ад яго.
31. А дамы ў селішчах, вакол якіх няма мура, трэба лічыць нароўні з палеткамі зямлі: выкупляць іх можна, і ў юбілей яны адыходзяць.
32. А гарады лявітаў, дамы ў гарадах валоданьня іхняга, лявітам заўсёды можна выкупляць;
33. а хто зь лявітаў ня выкупіць, дык прададзены дом у горадзе валоданьня іхняга ў юбілей адыдзе, бо дамы ў гарадах лявіцкіх складаюць іхняе валоданьне сярод сыноў Ізраілевых:
34. і палёў вакол гарадоў іхніх прадаваць нельга, бо гэта вечнае валоданьне іхняе.
35. Калі брат твой зьбяднее і занепадзе ў цябе, дык падтрымай яго, хай ён прыхадзень, хай пасяленец, каб ён жыў з табою;
36. не бяры зь яго ліхвы і прыбытку і бойся Бога твайго; каб жыў брат твой з табою;
37. срэбра твайго не аддавай яму ў ліхву і хлеба твайго не аддавай яму дзеля прыбытку.
38. Я Гасподзь, Бог ваш, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай, каб даць вам зямлю Ханаанскую, каб быць вашым Богам.
39. Калі зьбяднее ў цябе брат твой і прададзены будзе табе, дык ня ўскладвай на яго працы рабскай:
40. ён павінен быць у цябе як найміт, як пасяленец; да юбілейнага года няхай працуе ў цябе;
41. а тады няхай адыдзе ён ад цябе, сам і дзеці ягоныя зь ім, і вернецца ў род свой і ўступіць зноў у валоданьне бацькоў сваіх,—
42. бо яны — Мае рабы, якіх Я вывеў зь зямлі Егіпецкай: нельга прадаваць іх, як прадаюць рабоў;
43. не пануй над ім жорстка і бойся Бога твайго.
44. А каб раб твой і рабыня твая былі ў цябе, дык купляйце сабе раба і рабыню ў народаў, якія вакол вас;
45. таксама і зь дзяцей пасяленцаў, што асяліліся ў вас, можаце купляць, і з роду іхняга, які ў вас, які ў іх нарадзіўся ў зямлі вашай, і яны могуць быць вашай уласнасьцю;
46. можаце перадаваць іх у спадчыну і сынам вашым пасьля сябе, як маёмасьць; вечна валодайце імі, як рабамі. А над братамі вашымі, сынамі Ізраілевымі, адзін над адным, не пануйце жорстка.
47. Калі прыхадзень альбо пасяленец твой будзе мець дастатак, а брат твой перад ім зьбяднее і прадасца прыхадню, які асяліўся ў цябе, альбо каму-небудзь з роду прыхадня,
48. дык пасьля продажу можна выкупіць яго: хто-небудзь з братоў ягоных павінен выкупіць яго,
49. альбо дзядзька ягоны, альбо сын дзядзькі ягонага павінен выкупіць яго, альбо хто-небудзь з сваяцтва ягонага, з роду ягонага, павінен выкупіць яго; альбо калі будзе мець дастатак, сам выкупіцца.
50. І ён павінен разьлічыцца з пакупцом ягоным, пачынаючы з таго года, калі ён прадаў сябе, да года юбілейнага, і срэбра, за якое ён прадаў сябе, трэба аддаць яму па колькасьці гадоў; як часовы найміт ён павінен быць у яго:
51. І калі яшчэ шмат застаецца гадоў, дык па меры іх ён павінен аддаць на выкуп за сябе срэбра, за якое ён куплены;
52. а калі мала застаецца гадоў да юбілейнага года, дык ён павінен палічыць і па меры гадоў аддаць за сябе выкуп.
53. Ён павінен быць у яго, як найміт, ва ўсе гады; ён не павінен панаваць над ім жорстка ў вачах тваіх.
54. А калі ён ня выкупіцца такім чынам, дык у юбілейны год адыдзе сам і дзеці ягоныя зь ім,
55. бо сыны Ізраілевыя Мае рабы; яны Мае рабы, якіх Я вывеў зь зямлі Егіпецкай. Я Гасподзь, Бог ваш.

Псалмы 27:6-9
6. Дабраславёны Гасподзь, бо Ён пачуў голас маленьняў маіх.
7. Гасподзь — цьвярдыня мая і мой шчыт; на яго спадзявалася сэрца маё; і я праслаўлю Яго песьняй маёю.
8. Гасподзь — сіла народу Свайго і ратавальная абарона памазанца Свайго.
9. Ратуй Твой народ, і дабраславі Тваю спадчыну; і гадуй іх і ўзвышай іх вечна!

Прытчы 10:19-21
19. Пры шматслоўі ня ўнікнуць грэху, а хто стрымлівае вусны свае — разумны.
20. Чыстае срэбра — язык праведнага, а сэрца бязбожных — нікчэма.
21. Вусны праведнага пасьвяць многіх, а неразумныя мруць ад нястачы глузду.

Марко 6:30-56
30. І сабраліся апосталы да Ісуса і расказалі Яму ўсё, і што зрабілі, і чаму навучылі.
31. Ён сказаў ім: ідзеце вы адныя ў пустэльнае месца і адпачнеце крыху. Бо шмат прыходзіла і адыходзіла, так што і есьці ім ня было калі.
32. І выправіліся ў пустэльнае месца на лодцы адныя.
33. Люд убачыў, як яны выпраўляліся, і многія пазналі іх; і беглі туды пешыя з усіх гарадоў і апярэдзілі іх, і сабраліся да Яго.
34. Ісус, выйшаўшы, угледзеў мноства людзей і пашкадаваў іх, бо яны былі як авечкі без пастуха; і пачаў іх вучыць многа.
35. І як што часу мінула шмат, вучні Ягоныя, прыступіўшы да Яго, кажуць: месца тут пустэльнае, а час ужо позьні;
36. адпусьці іх, каб яны пайшлі ў навакольныя вёскі і селішчы і купілі сабе хлеба; бо ім няма чаго есьці.
37. Ён сказаў ім у адказ: вы дайце ім есьці. І сказалі Яму: хіба што нам пайсьці купіць хлеба дынараў на дзьвесьце і даць ім есьці?
38. Але Ён папытаўся ў іх: колькі ў вас хлябоў? Ідзеце, паглядзеце. Яны, даведаўшыся, сказалі: пяць хлябоў і дзьве рыбіны.
39. Тады загадаў ім пасадзіць усіх гуртамі на зялёнай траве.
40. І паселі радамі па сто і па пяцьдзясят.
41. Ён узяў пяць хлябоў і дзьве рыбіны, узьвёў вочы да неба, дабраславіў і разламаў хлябы і даў вучням Сваім, каб яны раздалі ім; і дзьве рыбіны падзяліў на ўсіх.
42. І елі ўсе і наеліся;
43. і набралі кавалкаў хлеба і рэшты ад рыбін дванаццаць поўных кашоў;
44. а было тых, што елі хлябы, каля пяці тысяч мужчын.
45. І адразу ж прымусіў вучняў Сваіх увайсьці ў лодку і выправіцца наперад на той бок да Віфсаіды, пакуль Ён адпусьціць людзей.
46. І адпусьціўшы іх, пайшоў на гару памаліцца.
47. Увечары лодка была пасярод мора, а Ён адзін на зямлі.
48. І ўбачыў іх у бядзе ў плаваньні, бо вецер ім быў супраціўны; а каля чацьвёртай варты ночы падышоў да іх, ідучы па моры, і хацеў прайсьці міма іх.
49. Яны, убачыўшы Яго, што ідзе па моры, падумалі, што гэта прывід, і закрычалі.
50. Бо ўсе бачылі Яго і перапалохаліся. І адразу загаварыў зь імі і сказаў ім: узбадзёрцеся; гэта Я, ня бойцеся.
51. І ўвайшоў да іх у лодку; і вецер аціх. І яны вельмі-вельмі зьдзіўляліся ў сабе і дзіву даваліся.
52. Бо не дайшлі розумам да цуду з хлябамі, таму што сэрца ў іх было скамянелае.
53. І пераправіўшыся, прыбылі ў зямлю Генісарэцкую і прысталі да берагу.
54. Калі выйшлі яны з лодкі, адразу жыхары, пазнаўшы Яго,
55. абеглі ўсё навакольле тое і пачалі на ложках прыносіць хворых туды, дзе, як чуваць было, Ён быў.
56. І куды ні прыходзіў Ён, ці то ў селішчы, ці то ў гарады, ці то ў вёскі, клалі хворых на плошчах і прасілі Яго, каб ім дакрануцца хоць да краю адзеньня Ягонага; і каторыя дакраналіся да Яго, ацаляліся.