Левіт 14:1-56 |
1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: |
2. вось закон пра пракажонага, калі трэба яго ачысьціць: прывядуць яго да сьвятара |
3. а сьвятар выйдзе вонкі з табара, і калі сьвятар убачыць, што пракажоны выздаравеў ад хваробы праказы, |
4. дык сьвятар загадае ўзяць дзеля цалёнага дзьвюх птушак жывых чыстых, кедровага дрэва, чырванёную нітку і ісопу, |
5. і загадае сьвятар закалоць адну птушку над гліняным посудам, над жывою вадою; |
6. а сам ён возьме жывую птушку, кедровае дрэва, чырванёную нітку і ісоп і абмочыць іх і жывую птушку ў крыві птушкі заколатай над жывою вадою, |
7. і пакропіць на таго, каго ачышчаюць ад праказы, сем разоў, і абвесьціць яго чыстым, і выпусьціць жывую птушку ў поле; |
8. той, каго ачышчаюць, абмые вопратку сваю, абстрыжэ ўсе валасы свае, абмыецца вадою і будзе чысты; потым увойдзе ў табар і прабудзе сем дзён па-за намётам сваім; |
9. на сёмы дзень паголіць усе валасы свае, галаву сваю, бараду сваю, бровы над вачамі сваімі, усе валасы свае паголіць, і абмые вопратку сваю, і абмые цела сваё вадою, і будзе чысты; |
10. на восьмы дзень возьме ён двух бараноў без пахібы, і адну авечку гадавалую без пахібы, і тры дзясятых эфы пшанічнай мукі, змяшанай з алеем, дзеля прынашэньня хлебнага, і адзін лог алею; |
11. сьвятар ачышчальнік паставіць чалавека, якога ачышчае, зь імі перад Госпадам каля ўваходу ў скінію сходу; |
12. і возьме сьвятар аднаго барана і прынясе ў ахвяру за віну, і лог алею, і прынясе гэта, трасучы перад Госпадам; |
13. і заколе барана на тым месцы, дзе колюць ахвяру за грэх і цэласпаленьне, на месцы сьвятым, бо гэта ахвяра за віну, як і ахвяра за грэх, належыць сьвятару: гэта вялікая сьвятыня; |
14. і возьме сьвятар крыві з ахвяры за віну, і пакладзе сьвятар на край правага вуха таго, каго ачышчае, і на вялікі палец правай рукі ягонай і на вялікі палец правай нагі ягонай; |
15. і возьме сьвятар з логу алею і палье на левую сваю далоню; |
16. і ўмочыць сьвятар правы палец свой у алей, які на левай далоні ягонай, і пакропіць алеем з пальца свайго сем разоў перад абліччам Госпада; |
17. а рэшту алею, які на далоні ягонай, пакладзе сьвятар на край правага вуха таго, каго ачышчае, на вялікі палец правай рукі ягонай і на вялікі палец правай нагі ягонай, на кроў ахвяры за віну; |
18. а рэшту алею, які на далоні ў сьвятара, пакладзе ён на галаву таго, каго ачышчае, і ачысьціць яго сьвятар перад абліччам Госпада; |
19. і ачысьціць сьвятар ахвяру за грэх і ачысьціць чалавека ад нечысьці ягонай; пасьля таго заколе ахвяру цэласпаленьня; |
20. і пакладзе сьвятар цэласпаленьне і прынашэньне хлебнае на ахвярнік; і ачысьціць яго сьвятар, і ён будзе чысты. |
21. Калі ж ён бедны і ня мае дастатку, дык няхай возьме аднаго барана ў ахвяру за віну дзеля трасеньня, каб ачысьціць сябе, і адну дзесяцярыну эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, у прынашэньне хлебнае, і лог алею, |
22. і дзьве галубкі і два маладыя галубы, што дастане рука ягоная, аднуптушку ў ахвяру за грэх, а другую на цэласпаленьне; |
23. і прынясе іх на восьмы дзень ачышчэньня свайго сьвятару да ўваходу ў скінію сходу, перад аблічча Госпада; |
24. сьвятар возьме барана ахвяры за віну і лог алею, і прынясе гэта сьвятар, трасучы перад Госпадам; |
25. і заколе барана ў ахвяру за віну, і возьме сьвятар крыві ахвяры за віну, і пакладзе на край правага вуха таго, каго ачышчае, і на вялікі палец правай рукі ягонай і на вялікі палец правай нагі ягонай; |
26. і налье сьвятар алею на левую сваю далонь, |
27. і алеем, які на левай далоні ягонай, пакропіць сьвятар правым пальцам сваім сем разоў перад абліччам Гасподнім; |
28. і пакладзе сьвятар алею, які на далоні ягонай, на край правага вуха таго, каго ачышчае, на вялікі палец правай рукі ягонай і на вялікі палец правай нагі ягонай, на месца крыві з ахвяры за віну; |
29. а рэшту алею, які на далоні ў сьвятара, пакладзе ён на галаву таго, каго ачышчае, каб ачысьціць яго перад абліччам Госпада; |
30. і прынясе адну галубку, альбо аднаго маладога голуба, што дастане рука, |
31. з таго, што дастане рука ягоная, адну птушку ў ахвяру за грэх, а другую на цэласпаленьне, разам з прынашэньнем хлебным; і ачысьціць сьвятар чалавека перад абліччам Госпада. |
32. Вось закон пра пракажонага, які ў час ачышчэньня свайго ня мае дастатку. |
33. І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы: |
34. калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаанскую, якую Я даю вам у валоданьне, і Я навяду струплю праказы на дамы ў зямлі валоданьня вашага, |
35. тады той, чый дом, павінен пайсці і сказаць сьвятару: у мяне на доме паявілася як бы струпля. |
36. Святар загадае апаражніць дом, перш чым сьвятар увойдзе аглядаць струплю, каб не зьнячысьцілася ўсё, што ў доме; пасьля гэтага прыйдзе сьвятар аглядаць дом. |
37. Калі ён, агледзеўшы струплю, убачыць, што струпля на сьценах дома складаецца зь зеленаватых альбо чырванаватых ямін, якія будуць заглыбленыя ў сьцяне, |
38. дык сьвятар выйдзе з дома да дзьвярэй дома і замкне дом на сем дзён. |
39. На сёмы дзень зноў прыйдзе сьвятар, і калі ўбачыць, што струпля пашырылася па сьценах дома, |
40. дык сьвятар загадае выламаць камяні, на якіх струпля, і выкінуць іх за горадам на месца нячыстае; |
41. а дом усярэдзіне няхай увесь выскабляць, і абмазку, якую саскобляць, высыплюць за горадам на месца нячыстае; |
42. і возьмуць іншыя камяні і ўставяць замест тых камянёў, і возьмуць іншую абмазку і абмажуць дом. |
43. Калі струпля зноў аб'явіцца і будзе цьвісці на доме пасьля таго, як выламалі камяні і выскаблілі дом і абмазалі, |
44. дык сьвятар прыйдзе і агледзіць, і калі струпля на доме пашырылася, дык гэта ўедлівая праказа на доме, нячысты ён; |
45. трэба зламаць гэты дом, і камяні яго і дрэва яго і ўсю абмазку дома і вынесьці за горад на месца нячыстае; |
46. хто ўваходзіць у дом увесь той час, калі ён замкнуты, той нячысты да вечара; |
47. і хто сьпіць у доме тым, той павінен вымыць вопратку сваю; і хто есьць у доме тым, той павінен вымыць вопратку сваю. |
48. А калі сьвятар прыйдзе і ўбачыць, што струпля на доме не пашырылася пасьля таго, як абмазалі дом, дык сьвятар абвесьціць дом чыстым, бо струпля прайшла. |
49. І каб ачысьціць дом, возьме ён дзьвюх птушак, кедровага дрэва, чырванёную нітку і ісопу, |
50. і заколе адну птушку над гліняным посудам, над жывою вадою; |
51. і возьме кедровае дрэва і ісоп, і чырванёную нітку і жывую птушку, і абмочыць іх у крыві птушкі заколатай і ў жывой вадзе, і пакропіць дом сем разоў; |
52. і ачысьціць дом крывёю птушкі і жывою вадою, і жывою птушкаю і кедровым дрэвам і ісопам і чырванёнаю ніткаю; |
53. і пусьціць жывую птушку за горадам у поле і ачысьціць дом, і будзе чысты. |
54. Вось закон пра ўсякую струплю праказы і пра пархатасьць, |
55. і пра праказу на вопратцы і на доме, і пра пухліну, і пра лішаі, і пра плямы,— |
56. каб указаць, калі гэта нячыстае і калі чыстае: вось закон пра праказу. |
Псалмы 25:1-5 |
1. Псальма Давідава. Рассудзі мяне, Госпадзе, бо хадзіў я ў беспахібнасьці маёй, і, у надзеі на Госпада не пахіснуся. |
2. Выпрабуй мяне, Госпадзе, растапі мне вантробы і сэрца маё, |
3. бо міласьць Твая перад маімі вачыма, і ў праўдзе Тваёй я хадзіў, |
4. не сядзеў я зь людзьмі аблуднымі і з падступнымі не пайду; |
5. я зьненавідзеў зборню зламысьнікаў, і зь бязбожнікамі ня сяду; |
Прытчы 10:6-7 |
6. Дабраславеньні — на галаву праведнага, а вусны бязбожным затуліць насільле. |
7. Памяць пра праведнага дабраславёная будзе, а імя бязбожных спаганьбіцца. |
Марко 3:20-35 |
20. Прыходзяць у дом; і зноў зьбіраецца люд, так што яны не маглі нават хлеба паесьці. |
21. І пачуўшы, блізкія Ягоныя пайшлі забраць Яго, бо казалі, што Ён не ў сабе. |
22. А кніжнікі, якія прыйшлі зь Ерусаліма, казалі, што Ён мае ў Сабе Вэльзэвула і што выганяе дэманаў сілаю дэманскага князя. |
23. І паклікаўшы іх, казаў ім прытчамі: як можа сатана выганяць сатану? |
24. Калі царства разьдзеліцца самое ў сабе, ня можа ўстояць царства тое; |
25. і калі дом разьдзеліцца сам у сабе, ня можа ўстояць дом той; |
26. і калі сатана паўстаў на самога сябе і разьдзяліўся, ня можа ўстояць, а настаў канец ягоны. |
27. Ніхто, увайшоўшы ў дом дужага, ня можа зрабаваць рэчаў ягоных, калі сьпярша ня зьвяжа дужага, - і тады зрабуе дом ягоны. |
28. Праўду кажу вам: дараваныя будуць сынам чалавечым усе грахі і блюзьнерствы, якімі б ні блюзьнерылі; |
29. але хто будзе блюзьнерыць на Духа Сьвятога, таму ня будзе дараваньня вавекі, а падлягае ён вечнай асудзе. |
30. Гэта сказаў Ён, бо казалі: у Ім нячысты дух. |
31. І прыйшлі Маці і браты Ягоныя і, стоячы звонку, паслалі да Яго паклікаць Яго. |
32. Каля Яго сядзеў люд. І сказалі Яму: вось, Маці Твая і браты Твае і сёстры Твае, вонкі, пытаюцца Цябе. |
33. І адказаў ім: хто Маці Мая і браты Мае? |
34. І азірнуўшы тых, што сядзелі вакол Яго, кажа: вось маці Мая і браты Мае; |
35. бо, хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра і маці. |