Левіт 9:1-24 |
1. На восьмы дзень паклікаў Майсей Аарона і сыноў ягоных і старэйшынаў Ізраілевых |
2. і сказаў Аарону: вазьмі сабе з валоў цяля ў ахвяру за грэх і барана на цэласпаленьне, абодвух без пахібы, і пастаў перад аблічча Гасподняе; |
3. і сынам Ізраілевым скажы: вазьмеце казла ў ахвяру за грэх, і цяля, і ягня, адналетак, без пахібы, на цэласпаленьне, |
4. і вала і барана ў ахвяру мірную, каб учыніць ахвяраваньне перад абліччам Гасподнім, і прынашэньне хлебнае, зьмяшанае з алеем, бо сёньня Гасподзь явіцца вам. |
5. І прынесьлі тое, што загадаў Майсей, да скініі сходу, і прыйшло ўсё супольства і стала перад абліччам Гасподнім. |
6. І сказаў Майсей: вось, што загадаў Гасподзь зрабіць, і зьявіцца вам слава Гасподняя. |
7. І сказаў Майсей Аарону: падыдзі да ахвярніка і ўчыні ахвяру тваю за грэх і цэласпаленьне тваё, і ачысьці сябе і народ, і зрабі прынашэньне ад народу, і ачысьці ім, як загадаў Гасподзь. |
8. І падышоў Аарон да ахвярніка і закалоў цяля, якое за яго, у ахвяру за грэх: |
9. сыны Аарона паднесьлі яму кроў, і ён памачыў палец свой у крыві і паклаў на рогі ахвярніка, а рэшту крыві выліў да падножжа ахвярніка; |
10. а здор і ныркі і сальнік на печані ад ахвяры за грэх спаліў на ахвярніку, як загадаў Гасподзь Майсею; |
11. а мяса і скуру спаліў на агні па-за табарам. |
12. І закалоў цэласпаленьне, і сыны Аарона паднесьлі яму кроў; ён пакрапіў ёю на ахвярнік з усіх бакоў; |
13. і прынесьлі яму цэласпаленьне ў кавалках і галаву, і ён спаліў на ахвярніку, |
14. а вантробы і ногі абмыў і спаліў з цэласпаленьнем на ахвярніку. |
15. І прынёс прынашэньне ад народу: і ўзяў ад народу казла за грэх, і закалоў яго, і прынёс яго ў ахвяру за грэх, як і першага. |
16. і прынёс цэласпаленьне і ўчыніў яго паводле статуту. |
17. І прынёс прынашэньне хлебнае і напоўніў ім рукі свае, і спаліў на ахвярніку звыш ранішняга цэласпаленьня. |
18. І закалоў вала і барана, якія ад народу, у ахвяру мірную; і сыны Аарона паднесьлі яму кроў, і ён пакрапіў ёю на ахвярнік з усіх бакоў; |
19. паднесьлі і тлушч з вала, і з барана курдзюк, і здор, што на вантробах, і ныркі і сальнік на печані, |
20. і паклалі: тлушч на грудзіну, і ён спаліў тлушч на ахвярніку; |
21. а грудзіну і правы плячук прынёс Аарон, трасучы перад абліччам Гасподнім, як загадаў Майсей. |
22. І падняў Аарон рукі свае, павярнуўшыся да людзей, і дабраславіў іх, і сышоў, учыніўшы ахвяру за грэх, цэласпаленьне і ахвяру мірную. |
23. І ўвайшлі Майсей і Аарон у скінію сходу, і выйшлі, і дабраславілі народ. І зьявілася слава Гасподняя ўсяму народу: |
24. і выйшаў агонь ад Госпада і спаліў на ахвярніку цэласпаленьня і тлушч; і бачыў увесь народ і ўсклікнуў з радасьці, і ўпаў на аблічча сваё. |
Левіт 10:1-20 |
1. Надаў і Авіуд, сыны Ааронавыя, узялі кожны сваю кадзільніцу і паклалі ў іх агню, і паклалі ў яго дымленьняў, і прынесьлі перад Госпада агонь чужы, якога Ён не загадваў ім; |
2. і выйшаў агонь ад Госпада і спаліў іх, і памерлі яны перад абліччам Гасподнім. |
3. І сказаў Гасподзь Аарону: вось, пра што казаў Гасподзь, калі сказаў: у тых, што набліжаюцца да Мяне, асьвячуся і перад усім народам праслаўлюся. Аарон маўчаў. |
4. І паклікаў Майсей Місаіла і Элцафана, сыноў Ізііла, дзядзькі Ааронавага, і сказаў ім: ідзеце, вынесьце братоў вашых са сьвяцілішча за табар. |
5. І пайшлі і вынесьлі іх у хітонах іхніх за табар, як сказаў Майсей. |
6. А Аарону і Элеазару і Ітамару, сынам ягоным, Майсей сказаў: галоваў вашых не агаляйце і вопраткі вашай не разьдзірайце, каб вам не памерці і не навесьці гневу на ўсё супольства; але браты вашыя, увесь дом Ізраілеў, могуць плакаць па спаленых, якіх спаліў Гасподзь, |
7. і зь дзьвярэй скініі сходу ня выходзьце, каб не памерці вам, бо на вас алей памазаньня Гасподняга. І зрабілі паводле слова Майсея. |
8. І сказаў Гасподзь Аарону, кажучы: |
9. віна і моцных напояў ня пі і сыны твае з табою, калі ўваходзіце ў скінію сходу, каб не памерці; гэта вечная пастанова ў роды вашыя, |
10. каб вы маглі адрозьніваць сьвяшчэннае ад несьвяшчэннага і нячыстае ад чыстага, |
11. і вучыць сыноў Ізраілевых усім статутам, якія выказаў ім Гасподзь праз Майсея. |
12. І сказаў Гасподзь Аарону і Элеазару і Ітамару, астатнім сынам ягоным: вазьмеце прынашэньне хлебнае, якое засталося ад ахвяраў Гасподніх, і ежце яго прэснае каля ахвярніка, бо гэта вялікая сьвятыня: |
13. і ежце яго на сьвятым месцы, бо гэта дзялянка твая і дзялянка сыноў тваіх з ахвяраў Гасподніх: так мне загадана; |
14. і грудзіну трасеньня і лапатку паднашэньня ежце на чыстым месцы, дзе і сыны твае і дочкі твае з табою, бо гэта дадзена ў дзялянку табе і ў дзялянку сынам тваім зь мірных ахвяраў сыноў Ізраілевых; |
15. лапатку паднашэньня і грудзіну трасеньня павінны яны прыносіць з ахвярамі тлушчу, трасучы перад абліччам Гасподнім, і хай будзе гэта вечнай дзялянкай табе і сынам тваім з табою, як загадаў Гасподзь. |
16. І казла ахвяры за грэх шукаў Майсей, і вось, ён спалены. І ўгневаўся на Элеазара і Ітамара, астатніх сыноў Ааронавых, і сказаў: |
17. чаму вы ня елі ахвяры за грэх на сьвятым месцы? бо яна сьвятыня вялікая, і яна дадзена вам, каб здымаць грахі з супольства, і ачышчаць іх перад Госпадам: |
18. вось, кроў яе ня ўнесена ў сьвяцілішча, і вы павінны былі есьці яе на сьвятым месцы, як загадана мне. |
19. Аарон сказаў Майсею: вось, сёньня прынесьлі яны ахвяру сваю за грэх і цэласпаленьне сваё перад Госпадам, і гэта сталася са мною; калі я сёньня зьем ахвяру за грэх, ці будзе гэта заўгодна Госпаду? |
20. І пачуў Майсей і ўхваліў. |
Псалмы 24:1-7 |
1. Псальма Давідава. Да Цябе, Госпадзе, узношу душу маю. |
2. Божа мой! на цябе спадзяюся, хай ня будзе мне сорамна, хай не апануюць мяне мае ворагі. |
3. Хай ня будзе сораму ўсім, хто на Цябе спадзяецца: хай будзе тым брыдка, хто бяз прычыны беззаконьне ўчыняе. |
4. Пакажы мне, Госпадзе, дарогі Твае, наставі мяне на сьцежкі Твае. |
5. Накіруй мяне на праўду Тваю, і навучы мяне, бо Ты Бог ратунку майго; на Цябе спадзяюся кожны дзень. |
6. Успомні шчадроты Твае, Госпадзе, і міласэрнасьць Тваю, бо спрадвеку яны. |
7. Грахоў маладосьці маёй і злачынстваў маіх не ўспамінай; з ласкі Тваёй успомні мяне Ты, Госпадзе, дзеля даброці Тваёй! |
Прытчы 9:13-18 |
13. Жанчына бяз розуму — крыклівая, дурніца — ні ў чым не абазнаная, |
14. сядае каля дзьвярэй дома свайго на крэсьле, на гарадскіх вышынях, |
15. каб клікаць тых, хто дарогаю ідзе, хто проста сваёю дарогай ідзе: |
16. "хто дурны, заварочвай сюды!", а неразумным кажа яна: |
17. "вада крадзеная салодкая, і ўтоены хлеб смачны". |
18. Але ня ведае ён, што мёртвыя там, у глыбіні апраметнай запрошаны ёю. |
Марко 1:23-45 |
23. У сынагозе іхняй быў чалавек, апанаваны духам нячыстым, і закрычаў: |
24. кінь, што Табе да нас, Ісусе Назаранін? Ты прыйшоў пагубіць нас! ведаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы. |
25. Але Ісус загразіў яму, кажучы: змоўкні і выйдзі зь яго. |
26. Тады дух нячысты, скалануўшы яго і закрычаўшы зычным голасам, выйшаў зь яго. |
27. І жахнуліся ўсе, і пыталіся адзін у аднаго: што гэта? што гэта за вучэньне новае, што Ён і духам нячыстым загадвае і яны слухаюцца Яго. |
28. І хутка разышлася пра Яго пагалоска па ўсіх землях вакол Галілеі. |
29. Выйшаўшы неўзабаве з сынагогі, прыйшлі ў дом Сымона і Андрэя зь Якавам і Янам. |
30. А Сымонава цешча ляжала ў гарачцы; і адразу кажуць Яму пра яе. |
31. Падышоўшы, Ён падняў яе, узяў яе за руку; і гарачка адразу пакінула яе, і яна пачала слугаваць ім. |
32. А як зьмяркалася, калі заходзіла сонца, прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанаваных дэманамі. |
33. І ўвесь горад сабраўся да дзьвярэй. |
34. І Ён ацаліў многіх, што цярпелі ад розных хваробаў; выгнаў шмат дэманаў і не дазваляў дэманам гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос. |
35. А нараніцу, устаўшы на досьвітку, выйшаў і пайшоў у пустэльнае месца, і там маліўся. |
36. Сымон і тыя, хто быў зь Ім, пайшлі за Ім; |
37. і, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: усе шукаюць Цябе. |
38. Ён кажа ім: хадзем у бліжэйшыя селішчы і гарады, каб Мне і там зьвеставаць, бо Я на тое і прыйшоў. |
39. І Ён зьвеставаў у сынагогах іхніх па ўсёй Галілеі, і выганяў дэманаў. |
40. Прыходзіць да Яго пракажоны і, просячы Яго на каленях, кажа Яму: калі хочаш, можаш мяне ачысьціць. |
41. Ісус, умілажаліўшыся зь яго, працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: хачу, ачысьціся. |
42. Пасьля гэтага слова праказа адразу сыйшла зь яго, і ён стаўся чыстым. |
43. І гнеўна выгаварыўшы яму, адразу прагнаў яго |
44. і сказаў яму: глядзі, нікому нічога не кажы; а ідзі, пакажыся сьвятару і ахвяруй за ачышчэньне тваё, што загадаў Майсей, на сьведчаньне ім. |
45. А ён, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і расказваць пра тое, што адбылося, так што Ісус ня мог ужо адкрыта ўвайсьці ў горад, а быў звонку, у мясьцінах пустэльных. І прыходзілі да Яго адусюль. |