A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Лютага 14

Выхад 39:1-43
1. А з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны зрабілі яны службовую вопратку, дзеля слугаваньня ў сьвятыні; зрабілі таксама сьвяшчэнную вопратку Аарону, як загадаў Гасподзь Майсею.
2. І зрабіў эфод з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону;
3. і распляскалі яны золата ў лісты і выцягнулі ніткі, каб выткаць іх паміж блакітнымі, пурпуровымі, чырванёнымі і вісонавымі ніткамі, умелаю працаю.
4. І зрабілі ў яго нарамнікі злучальныя; на абодвух канцах сваіх ён быў зьвязаны.
5. І пояс эфода, які паверсе яго, аднолькавага зь ім вырабу, зроблены быў з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны, як загадаў Гасподзь Майсею.
6. І зрабілі камяні аніксавыя, уставіўшы іх у залатыя гнёзды і выразаўшы на іх імёны сыноў Ізраілевых, як выразаюць на пячатцы;
7. і паклаў ён іх на нарамнікі эфода, у памяць сыноў Ізраілевых, як загадаў Гасподзь Майсею.
8. І зрабіў нагруднік умелаю працаю, такою самаю працаю, як эфод з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону;
9. ён быў чатырохкутны; яны зрабілі падвойны нагруднік у пядзю даўжыні і ў пядзю шырыні, падвойны ён быў;
10. і ўставілі ў яго ў чатыры рады камяні; побач: рубін, тапаз, смарагд,— гэта першы рад;
11. у другім радзе: карбункул, сапфір і адамант;
12. у трэцім радзе: карунд, агат і амэтыст;
13. у чацьвёртым радзе: хрызаліт, анікс і ясьпіс; і ўстаўлены яны ў залатыя гнёзды.
14. Камянёў было па ліку імёнаў сыноў Ізраілевых; дванаццаць было іх, па ліку імёнаў іхніх, і на кожным зь іх выразана было,як на пячатцы, па адным імю, для дванаццаці плямёнаў.
15. Да нагрудніка зрабілі тоўстыя ланцужкі вітага вырабу з чыстага золата;
16. і зрабілі два залатыя гнязды і два залатыя колцы і прымацавалі колцы да двух канцоў нагрудніка,
17. і ўклалі абодва пляцёныя ланцужкі з золата ў два колцы па канцах нагрудніка,
18. а два канцы двух ланцужкоў прымацавалі да двух гнёздаў і прымацавалі іх да нарамнікаў эфода з правага боку яго;
19. яшчэ зрабілі два колцы залатыя і прымацавалі іх да двух іншых канцоў нагрудніка, на тым баку, які трымаецца каля эфода ўсярэдзіне.
20. I яшчэ зрабiлi два колцы залатыя i прымацавалi iх да двух нарамнiкаў эфода спадыспаду, з правага боку яго, каля злучэньня яго над поясам эфода;
21. і прымацавалі нагруднік колцамі яго да колцаў эфода шнурком з блакітнай воўны, каб ён быў над поясам эфода, і каб не адставаў нагруднік ад эфода, як загадаў Гасподзь Майсею.
22. І зрабіў верхнюю шату да эфода тканую, усю з блакітнай воўны,
23. і ў верхняй шаце прарэху, як у панцыры, і вакол яе абшыўку, каб ня дралася;
24. па прыполе верхняй шаты зрабілі яны яблыкі з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны;
25. і зрабілі бомкі з чыстага золата і павесілі бомкі паміж яблыкамі па прыполе верхняй шаты вакол:
26. бомку і яблык, бомку і яблык, па прыполе верхняй шаты вакол дзеля служэньня, як загадаў Гасподзь Майсею.
27. і зрабілі Аарону і сынам ягоным хітоны зь вісону, тканыя,
28. і кідар зь вісону, і павязкі на галаву зь вісону, і сподняе ільняное адзеньне з суканага вісону,
29. і пояс з суканага вісону і з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны, узорыстага вырабу, як загадаў Гасподзь Майсею.
30. І зрабілі паліраваную дошчачку, дыядэму сьвятыні, з чыстага золата, і накрэсьлілі на ёй пісьмёны, як выразаюць на пячатцы: "Сьвятыня Гасподняя";
31. і прымацавалі да яе шнурок з блакітнай воўны, каб прывязаць яе да кідара зьверху, як загадаў Гасподзь Майсею.
32. Так закончана была ўся работа для скініі сходу, і зрабілі сыны Ізраілевыя ўсё: як загадаў Гасподзь Майсею, так і зрабілі.
33. і прынесьлі да Майсея скінію, покрыва і ўсе прылады яе, гачкі яе, брусы яе, жэрдкі яе, слупы яе і падножжы яе,
34. покрыва са скураў барановых чырвоных і покрыва са скураў сініх і заслону, каб захінаць,
35. каўчэг адкрыцьця і жэрдкі яго і века,
36. стол з усімі прыладамі яго і хлябы ахвяравальныя,
37. сьвяцільні з чыстага золата, лампады яго, лампады пастаўленыя на ім і ўсе прылады яго, і алей, каб асьвятляць,
38. залаты ахвярнік і алей памазаньня, і пахошчы, каб дыміць, і заслону на ўваход у скінію,
39. ахвярнік медны і медную рашотку да яго, жэрдкі яго і ўсе прылады яго, умывальнік і падножжа яго,
40. заслоны двара, слупы і падножжы, заслону да брамы двара, вяроўкі і калы і ўсе рэчы, якія належаць да слугаваньня ў скініі сходу,
41. вопратку службовую на служэньне ў сьвятыні, сьвяшчэнную вопратку Аарону сьвятару і вопратку сынам ягоным на сьвятадзейства.
42. Як загадаў Гасподзь Майсею, так і зрабілі сыны Ізраілевыя ўсю гэтую працу.
43. І ўбачыў Майсей усю працу, і вось, яны зрабілі яе: як загадаў Гасподзь, так і зрабілі. І дабраславіў іх Майсей.

Выхад 40:1-38
1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
2. у першы месяц, у першы дзень месяца пастаў скінію сходу,
3. і пастаў у ёй каўчэг адкрыцьця, і захіні каўчэг заслонаю;
4. і ўнясі стол і пастаў на ім усе рэчы яго, і ўнясі сьвяцільню і пастаў на ёй лампады яе;
5. і пастаў залаты ахвярнік, каб дыміць перад каўчэгам адкрыцьця, і павесь заслону на ўваходзе ў скінію;
6. і пастаў ахвярнік цэласпаленьня перад уваходам у скінію сходу;
7. і пастаў умывальнік паміж скініяй сходу і ахвярнікам і налі ў яго вады;
8. і пастаў двор вакол і павесь заслону ў браме двара.
9. І вазьмі алею памазаньня, і памаж скінію і ўсё, што ў ёй, і асьвяці яе і ўсе прылады яе, і будзе сьвята;
10. памаж ахвярнік цэласпаленьня і ўсе прылады яго і асьвяці ахвярнік, і будзе ахвярнік сьвятыня вялікая;
11. і памаж умывальнік і падножжа яго і асьвяці яго.
12. І прывядзі Аарона і сыноў ягоных да ўваходу ў скінію сходу і абмый іх вадою;
13. і апрані Аарона ў сьвяшчэннае адзеньне, і памаж яго, і асьвяці яго, каб ён быў сьвятаром Мне.
14. І сыноў ягоных прывядзі, і апрані іх у хітоны,
15. і памаж іх, як памазаў ты бацьку іхняга, каб яны былі сьвятарамі Мне, і памазаньне іх прысьвеціць іх у вечнае сьвятарства ў роды іхнія.
16. І зрабіў Майсей усё: як загадаў яму Гасподзь, так і зрабіў.
17. У першы месяц другога года, у першы дзень месяца пастаўлена скінія.
18. І паставіў Майсей скінію, паклаў падножжы яе, паставіў брусы яе, паклаў жэрдкі і паставіў слупы яе,
19. напяў покрыва над скініяю і паклаў века паверсе гэтага покрыва, як загадаў Гасподзь Майсею.
20. І ўзяў і паклаў адкрыцьцё ў каўчэг, і ўклаў жэрдкі ў колцы каўчэга, і паклаў века на каўчэг зьверху;
21. і ўнёс каўчэг у скінію, і павесіў заслону, і засланіў каўчэг адкрыцьця, як загадаў Гасподзь Майсею.
22. І паставіў стол у скініі сходу на паўночным баку скініі, паза заслонаю,
23. і расклаў на ім рад хлябоў перад Госпадам, як загадаў Гасподзь Майсею.
24. І паставіў сьвяцільню ў скініі сходу насупраць стала, на паўднёвым баку скініі,
25. і паставіў лампаду перад Госпадам, як загадаў Гасподзь Майсею.
26. І паставіў залаты ахвярнік у скініі сходу перад заслонаю
27. і задыміў на ім пахучае дымленьне, як загадаў Гасподзь Майсею.
28. І павесіў заслону пры ўваходзе ў скінію;
29. і ахвярнік цэласпаленьня паставіў каля ўваходу ў скінію сходу і прынёс на ім цэласпаленьні і ахвяру хлебную, як загадаў Гасподзь Майсею.
30. І паставіў умывальнік паміж скініяй сходу і ахвярнікам і наліў у яго вады для абмываньня,
31. і абмывалі зь яго Майсей і Аарон і сыны ягоныя рукі свае і ногі свае;
32. калі яны ўваходзілі ў скінію і падыходзілі да ахавярніка, тады і абмывалі, як загадаў Гасподзь Майсею.
33. І паставіў двор вакол скініі і ахвярніка і павесіў заслону ў браме двара. І так закончыў Майсей дзею.
34. І ўкрыла воблака скінію сходу, і слава Гасподняя напоўніла скінію.
35. І не мог Майсей увайсьці ў скінію сходу, бо засланяла яго воблака, і слава Гасподняя напаўняла скінію.
36. Калі падымалася воблака ад скініі, тады выпраўляліся ў дарогу сыны Ізраілевыя падчас усяго падарожжа свайго;
37. калі ж не падымалася воблака, дык і яны не выпараўляліся ў дарогу, пакуль яно не падымалася;
38. бо воблака Гасподняе стаяла над скініяй удзень, і агонь быў уначы ў ёй перад вачыма ўсяго дома Ізраілевага падчас усяго падарожжа іхняга.

Псалмы 21:17-22
17. Бо сабакі мяне атачылі, хэўра злыдняў мяне абступіла, прабілі рукі мае і ногі мае;
18. можна было палічыць усе косткі мае, а яны дзівяцца, робяць зь мяне відовішча,
19. дзеляць рызы мае між сабою; і за адзежу маю кідаюць жэрабя.
20. Але Ты, Госпадзе, не адыходзь ад мяне; сіла мая! пасьпяшайся мне на дапамогу;
21. душу маю аслані ад меча і ад сабак самотную маю;
22. уратуй мяне ад ільвінае пашчы і ад рагоў аднарогаў, пачуўшы, выратуй мяне.

Прытчы 8:22-31
22. Гасподзь меў мяне ад пачатку да­рогі Сваёй, раней дзеяў Сваіх, спрадвеку:
23. адвеку была я памазаная, ад па­чатку, ад правеку зямлі.
24. Я нарадзілася, калі ня было яшчэ бездані, калі яшчэ ня было крыніц, бага­тых вадою.
25. Я нарадзілася перш, чым былі па­стаўлены горы, раней за пагоркі,
26. калі яшчэ Ён не стварыў ні зямлі, ні палёў, ні пачатковых пылінак сусьвету.
27. Ён рыхтаваў нябёсы, я была там. Калі ён крэсьліў скляпеньне над паверх­няю бездані,
28. калі сталяваў наверсе аблокі, калі мацаваў крыніцы бездані,
29. калі даваў мору статут, каб воды не заступалі межаў яго, калі закладваў ас­новы зямлі:
30. тады я была пры Ім за майстра, і была кожны дзень радасьцю, весялосьцю была перад абліччам Ягоным заўсёды,
31. радуючыся на зямным коле Яго, і радасьць мая была з сынамі чалавечымі.

Матей 27:1-26
1. Калі ж настала раніца, зрабілі нараду ўсе першасьвятары і старэйшыны народу супраць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць:
2. і зьвязаўшы Яго, завялі і перадалі яго Понцію Пілату, намесьніку.
3. Тады Юда, які выдаў Яго, убачыўшы, што засудзілі Яго, і раскаяўшыся, аддаў трыццаць срэбранікаў першасьвятарам і старэйшынам,
4. кажучы: зграшыў я, прадаўшы кроў нявінную. Яны ж сказалі: што нам да таго? глядзі сам.
5. І кінуўшы срэбранікі ў храме, ён адышоў; і пайшоўшы, павесіўся.
6. Першасьвятары, узяўшы срэбранікі, сказалі: не дазваляецца класьці іх у храмавую скарбніцу, бо гэта цана крыві.
7. І зрабіўшы нараду, купілі на іх поле ганчара для пахаваньня чужынцаў;
8. таму і называецца поле тое "полем крыві" па сёньняшні дзень;
9. тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа: і ўзялі трыццаць срэбранікаў, цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраілевыя,
10. і далі іх за поле ганчара, як сказаў мне Гасподзь.
11. Ісус жа стаў перад намесьнікам. І спытаўся ў Яго намесьнік, кажучы: Ты Цар Юдэйскі? А Ісус сказаў яму: ты кажаш.
12. І калі вінавацілі Яго першасьвятары і старэйшыны, Ён нічога не адказваў.
13. Тады кажа Яму Пілат: ці ня чуеш, колькі сьведчаць супроць Цябе?
14. І не адказваў яму на ніводнае слова, так што намесьнік вельмі зьдзіўляўся.
15. А на сьвята намесьнік меў звычай выпускаць народу аднаго вязьня, якога б хацелі.
16. Быў тады ў іх вядомы вязень, званы Варава.
17. І вось, як сабраліся яны, сказаў ім Пілат: каго хочаце, каб я выпусьціў вам: Вараву ці Ісуса, Якога завуць Хрыстом?
18. Бо ведаў, што з зайздрасьці выдалі Яго.
19. Тым часам, як сядзеў ён на судовым месцы, жонка ягоная паслала яму сказаць: не рабі нічога Праведніку Таму, бо я сёньня ў сьне шмат адцярпела за Яго.
20. Але першасьвятары і старэйшыны падбухторылі люд прасіць Вараву, а Ісуса загубіць.
21. Тады намесьнік сказаў у адказ: каго хочаце з двух, каб я выпусьціў вам? Яны сказалі: Вараву.
22. Кажа ім Пілат: што ж мне зрабіць зь Ісусам, Якога завуць Хрыстом? Кажуць яму ўсе: хай будзе ўкрыжаваны!
23. А намесьнік сказаў: якое ж ліха ўчыніў Ён? Але яны яшчэ мацней крычалі: хай будзе ўкрыжаваны!
24. Пілат, бачачы, што нічога не дапамагае, а неспакой расьце, узяў вады і ўмыў рукі перад людзьмі, кажучы: невінаваты я ў крыві Праведніка Гэтага; глядзеце самі.
25. І, адказваючы, увесь люд сказаў: Кроў Ягоная на нас і на дзецях нашых.
26. Тады выпусьціў ім Вараву, а Ісуса, біўшы, аддаў на крыжаваньне.