A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Лютага 13

Выхад 37:1-29
1. І зрабіў Вэсэлііл каўчэг з дрэва сітым: даўжыня яго два локці з палавінаю, шырыня яго паўтара локця і вышыня Яго паўтара локця;
2. і абклаў яго чыстым золатам зь сярэдзіны і звонку і зрабіў вакол яго залаты вянок;
3. і выліў для яго чатыры колцы залатыя, на чатырох ніжніх кутках яго: па два колцы з аднаго боку яго, і два колцы з другога боку яго.
4. І зрабіў жэрдкі з дрэва сітым і абклаў іх золатам;
5. і ўклаў жэрдкі ў колцы, па баках каўчэга, каб насіць каўчэг.
6. і зрабіў века з чыстага золата: даўжыня яго два локці з палавінаю, а шырыня паўтара локця.
7. і зрабіў двух херувімаў з золата: чаканнага вырабу зрабіў іх на абодвух канцах века,
8. аднаго херувіма з аднаго канца, а другога херувіма з другога канца: пукатымі зь века зрабіў херувімаў з абодвух канцоў яго;
9. і былі херувімы раскрыленыя ўгору і пакрывалі крыламі сваімі века, а тварамі сваімі былі павернутыя адзін да аднаго; херувімы былі тварамі да века.
10. І зрабіў стол з дрэва сітым даўжынёю ў два локці, шырынёю ў локаць і вышынёю ў паўтара локця,
11. і абклаў яго золатам чыстым, і зрабіў вакол яго залаты вянок;
12. і зрабіў вакол яго сьценкі ў далоню і зрабіў залаты вянок каля сьценак яго;
13. і выліў для яго чатыры колцы залатыя і ўмацаваў колцы на чатырох кутах, каля чатырох ножак яго:
14. пры сьценках былі колцы, каб укладваць жэрдкі і насіць стол;
15. і зрабіў жэрдкі з дрэва сітым і абклаў іх золатам, каб насіць стол.
16. Потым зрабіў посуд да стала: міскі, кадзільніцы, кубкі і чары, каб паліваць зь іх, з чыстага золата.
17. І зрабіў сьвяцільню з золата чыстага, чаканную зрабіў сьвяцільню; сьцябло яе, галіны яе, чарачкі яе, яблыкі яе і кветкі яе выходзілі зь яе;
18. шэсьць галін выходзіла з бакоў яе: тры галіны сьвяцільні з аднаго боку яе і тры галіны сьвяцільні з другога боку яе;
19. тры чарачкі былі накшталт міндальнай кветкі, яблык і кветкі на адной галінцы, і тры чарачкі накшталт міндальнай кветкі, яблык і кветкі на другой галінцы: так наўсіх шасьці галінках, што выходзяць зь сьвяцільні;
20. а на сьцябле сьвяцільні было чатыры чарачкі накшталт міндальнай кветкі зь яблыкамі і кветкамі;
21. у шасьці галінак, што выходзяць зь яе, яблык пад першымі дзьвюма галінкамі, і яблык пад другімі дзьвюма галінкамі, і яблык пад трэцімі дзьвюма галінкамі;
22. яблыкі і галінкі іх выходзілі зь яе; уся яна была чаканная, цэльная, з чыстага золата.
23. І зрабіў да яе сем лампад, і абцужкі да яе і латкі да яе, з чыстага золата;
24. з таланту чыстага золата зрабіў яе з усімі прыладамі яе.
25. І зрабіў ахвярнік дымленьня з дрэва сітым; даўжыня яго локаць, і шырыня яго локаць, чатырохкутны, вышыня яго два локці; зь яго выходзілі рогі яго;
26. і абклаў яго чыстым золатам, верх яго і бакі яго вакол і рогі яго, і зрабіў да яго залаты вянок вакол;
27. пад вянком яго на двух кутах яго зрабіў два колцы залатыя, абапал яго зрабіў іх, каб укладваць у іх жэрдкі і насіць яго;
28. жэрдкі зрабіў з дрэва сітым і абклаў іх золатам.
29. І зрабіў міра на сьвяшчэннае памазаньне і дымленьне пахучае, чыстае, ад умельства таго, хто складвае масьці.

Выхад 38:1-31
1. І зрабіў ахвярнік цэласпаленьня з дрэва сітым даўжынёю ў пяць локцяў і шырынёю ў пяць локцяў, чатырохкутны, вышынёю ў тры локці,
2. і зрабіў рогі на чатырох кутах яго, так што зь яго выходзілі рогі, і абклаў яго медзьдзю.
3. І зрабіў усе прылады ахвярніка: гаршкі; лапаты, чары, вілкі і вугольнікі; усе прылады яго зрабіў зь медзі.
4. І зрабіў для ахвярніка рашотку, як сетку, зь медзі, па краі яго ўнізе да палавіны яго;
5. і зрабіў чатыры колцы на чатырох кутах меднай рашоткі для ўкладваньня жэрдак,
6. і зрабіў жэрдкі з дрэва сітым, і абклаў іх меддзю,
7. і ўклаў жэрдкі ў колцы па баках ахвярніка, каб насіць яго на іх; пусты ўсярэдзіне з дошак зрабіў яго.
8. І зрабіў умывальнік зь медзі і падножжа яго зь медзі з далікатнымі выявамім, якія ўпрыгожвалі ўваход у скінію сходу.
9. І зрабіў двор: з паўднёвага боку, на поўдзень, заслоны з суканага вісону даўжынёю ў сто локцяў;
10. слупоў для іх дваццаць і падножжаў да іх дваццаць медных; гачкі ў слупоў і повязі іх з срэбра.
11. І па паўночным баку — заслоны ў сто локцяў; слупоў для іх дваццаць і падножжаў да іх дваццаць медных; гачкі ў слупоў і повязі з срэбра.
12. І з заходняга боку — заслоны ў пяцьдзясят локцяў, слупоў для іх дзесяць і падножжаў да іх дзесяць, гачкі ў слупах і повязі іх з срэбра.
13. і зь відавога боку на ўсход — заслоны ў пяцьдзясят локцяў.
14. Для аднаго боку брамы двара — заслоны ў пятнаццаць локцяў, слупоў для іх тры і падножжаў да іх тры;
15. і для другога боку — заслоны ў пятнаццаць локцяў, слупоў для іх тры і падножжаў да іх тры.
16. Усе заслоны ва ўсе бакі двара з суканага вісону,
17. а падножжы ў слупоў зь медзі; гачкі ў слупах і повязі іх з срэбра; а вярхі ў іх абкладзены срэбрам, і ўсе слупы двара злучаны повязямі срэбнымі.
18. А заслона для брамы двара ўзорыстага вырабу з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону, даўжынёю ў дваццаць локцяў, вышынёю ў пяць локцяў, па ўсёй працягласьці, падобна на заслону двара;
19. і слупоў для яго чатыры і падножжаў да яго чатыры медныя; гачкі ў іх срэбныя, а вярхі іх абкладзены срэбрам, і повязі іх срэбныя.
20. Усе калы вакол скініі і двара медныя.
21. Вось падлік таго, што скарыстага для скініі адкрыцьця, зробленае паводле загаду Майсея, лявітамі пад наглядам Ітамара, сына Ааронавага, сьвятара.
22. А рабіў усё, што загадаў Гасподзь Майсею, Вэсэлііл, сын Урыі, сын Ора, з племя Юдавага,
23. І зь ім Агаліяў, сын Ахісамахаў, з племя Данавага, разьбяр і ўмелы ткач і вышывальшчык па блакітнай, пурпуровай, чырванёнай і вісонавай тканіне.
24. Усяго золата, ужытага ў працу на ўсе прылады сьвятыні, золата, прынесенага ў дар, было дваццаць дзевяць талантаў і сямсот трыццаць сікляў, сікляў сьвяшчэнных;
25. а срэбра ад падлічаных асобаў супольства сто талантаў і тысяча сямсот семдзесят пяць сікляў, сікляў сьвяшчэнных;
26. з шасьцісот трох тысяч пяцісот пяцідзесяці чалавек, з кожнага, хто быў падлічаны, ад дваццаці гадоў і вышэй, па паўсікля з чалавека, лічачы на сікль сьвяшчэнны.
27. Сто талантаў срэбра ўжыта на ліцьцё падножжаў сьвятыні і падножжаў у заслоны; сто падножжаў са ста талантаў, па таланце на падножжа;
28. а з тысячы сямісот сямідзесяці пяці сікляў зрабіў ён гачкі ў слупах і пакрыў вярхі іх і зрабіў повязі для іх.
29. А медзі, прынесенай у дар, было семдзесят талантаў і дзьве тысячы чатырыста сікляў;
30. зь яе зрабіў ён падножжы да слупоў каля ўваходу ў скінію сьведчаньня, і ахвярнік медны, і рашотку медную для яго, і ўвесь посуд ахвярніка,
31. і падножжы да слупоў усяго двара, і падножжы да слупоў брамы двара, і ўсе калы скініі і ўсе калы вакол двара.

Псалмы 21:10-16
10. Але Ты вывеў мяне з улоньня матчынага; уклаў у мяне надзею каля грудзей маці маёй.
11. Табе я даручаны ад нараджэньня; ад улоньня маці маёй Ты — мой Бог.
12. Не адыходзь ад мяне, бо блізіцца скруха, а памочніка няма.
13. Многа цялят абступілі мяне, тлустыя Васанскія акружылі мяне;
14. разьзявілі пашчу сваю на мяне, як леў, які прагне здабычы і рыкае.
15. Я разьліўся, нібы вада; усе косткі мае рассыпаліся; сэрца маё, быццам воск, зрабілася, растала ў нутрыне маёй.
16. Моц мая высахла, як чарапок; язык мой прыліп да гартані маёй, і Ты зьвёў мяне ў пыл сьмяротны.

Прытчы 8:12-21
12. Я, мудрасьць, жыву з розумам, і шукаю спазнаньня ў разважлівага.
13. Страх Гасподні — ненавідзець зло; гонар і пыху і ліхія шляхі і падступ­ныя вусны я ненавіджу.
14. У мяне рада і праўда: я розум, у мяне сіла.
15. Мною цары валадараць, і праўнікі ўзаконьваюць праўду.
16. Мною кіруюць уладыкі і вяль­можы, і ўсе судзьдзі праведныя.
17. Хто любіць мяне, тых я люблю, і хто шукае мяне, знойдуць мяне;
18. багацьце і слава са мною — скарб нятленны, і праўда;
19. плады мае лепшыя за золата, і зо­лата самага чыстага, і карысьці ад мяне болей, чым ад чыстага срэбра.
20. Я хаджу дарогаю праўды, сьцеж­камі правасудзьдзя,
21. каб даць тым, хто мяне любіць, спадчыну дабра, і скарбніцы іхнія я на­паўняю.

Матей 26:51-75
51. І вось, адзін з тых, што былі зь Ісусам, працягнуўшы руку, дастаў меч свой і, ударыўшы раба першасьвятаровага, адсек яму вуха.
52. Тады кажа яму Ісус: вярні меч твой у месца ягонае, бо ўсе, што возьмуць меч, ад меча і загінуць;
53. альбо думаеш, што Я не магу цяпер упрасіць Айца Майго, і Ён дасьць Мне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў?
54. як жа збудуцца Пісаньні, што так павінна быць?
55. У тую гадзіну сказаў Ісус народу: быццам на разбойніка выйшлі вы зь мечамі і каламі ўзяць Мяне; кожны дзень з вамі сядзеў Я, вучачы ў храме, і вы ня бралі Мяне.
56. А ўсё гэта было, каб збыліся пісаньні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.
57. А тыя, што ўзялі Ісуса, завялі Яго да Каяфы першасьвятара, куды сабраліся кніжнікі і старэйшыны.
58. А Пётр ішоў сьледам за Ім зводдаль, да двара першасьвятаровага і ўвайшоўшы ў сярэдзіну, сеў са слугамі, каб бачыць канец.
59. Першасьвятары і старэйшыны і ўвесь сынедрыён шукалі ілжывага сьведчаньня супроць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць;
60. і не знаходзілі; і хоць шмат ілжывых сьведкаў прыходзіла, не знайшлі. Але нарэшце прыйшлі два лжывыя сьведкі
61. і сказалі: Ён казаў: "магу разбурыць храм Божы і за тры дні збудаваць яго".
62. І ўстаўшы, першасьвятар сказаў Яму: чаму нічога не адказваеш, што яны супроць Цябе сьведчаць?
63. А Ісус маўчаў. І першасьвятар сказаў Яму: заклінаю Цябе Богам жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?
64. Кажа яму Ісус: ты сказаў; нават маўляю вам: ад сёньня ўгледзіце Сына Чалавечага, што сядзіць праваруч сілы і ідзе на аблоках нябесных.
65. Тады першасьвятар разадраў адзеньне сваё і сказаў: Ён блюзьнерыць. Навошта яшчэ нам сьведкі? Вось, вы чулі блюзьнерства Ягонае!
66. Як вам здаецца? А яны сказалі ў адказ: варты сьмерці.
67. Тады плявалі Яму ў твар і тузалі Яго; а іншыя білі па шчоках.
68. і казалі: скажы нам, Хрысьце, хто ўдарыў Цябе?
69. А Пётр сядзеў звонку на дварэ. І падышла да яго адна служанка і сказала: і ты быў зь Ісусам Галілеянінам.
70. Але ён адрокся перад усімі, сказаўшы: ня ведаю, што ты кажаш.
71. А калі ён выходзіў за браму, убачыла яго другая, і кажа тым, што былі там: і гэты быў зь Ісусам Назарэем.
72. І зноў адрокся ён, прысягнуўшы: я ня ведаю Гэтага Чалавека.
73. Крыху пазьней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пятру: сапраўды і ты зь іх, бо і гаворка твая выдае цябе.
74. Тады ён пачаў прысягаць і бажыцца: я ня ведаю Гэтага Чалавека. І тут жа засьпяваў певень.
75. І згадаў Пётр словы, сказаныя яму Ісусам: перш чым засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне. І выйшаўшы вонкі, плакаў горка.