Выхад 31:1-18 |
1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: |
2. глядзі, Я прызначаю менавіта Вэсэлііла, сына Урыевага, сына Оравага, з племя Юдавага; |
3. і Я напоўніў яго Духам Божым, мудрасьцю, розумам, ведамі і ўсялякім умельствам |
4. рабіць з золата, срэбра і медзі, |
5. рэзаць камяні, каб устаноўліваць іх, і рэзаць дрэва дзеля ўсякай патрэбы; |
6. і вось, я даю яму памочнікам Агаліява, сына Ахісамахавага, з племя Данавага, і ў сэрца кожнаму мудраму ўкладу мудрасьць, каб яны зрабілі ўсё, што Я загадаў табе: |
7. скінію сходу і каўчэг адкрыцьця і века на яго, і ўсе прылады скініі, |
8. і стол і прылады яго, і сьвяцільню з чыстага золата і ўсе прылады яго, і ахвярнік дымленьня, |
9. і ахвярнік цэласпаленьня і ўсе прылады яго, і ўмывальнік і падножжа яго, |
10. і вопратку службовую і вопратку сьвяшчэнную Аарону сьвятару і вопратку сынам ягоным для набажэнства, |
11. і алей памазаньня і дымленьне пахучае для сьвятыні: усё так, як Я загадаў табе, яны зробяць. |
12. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: |
13. скажы сынам Ізраілевым так: суботы Мае шануйце, бо гэта азнака паміж Мною і вамі ў роды вашыя, каб вы ведалі, што Я Гасподзь, Які асьвячае вас; |
14. і шануйце суботу, бо яна сьвятая для вас: хто апаганіць яе, той хай будзе аддадзены сьмерці; хто будзе ў суботу рабіць працу, тая душа павінна быць зьнішчана з асяродзьдзя народу свайго; |
15. шэсьць дзён хай робіць працу, а ў сёмы субота спакою, прысьвечаная Госпаду: кожны, хто робіць працу ў дзень суботні, хай будзе аддадзены сьмерці; |
16. і хай шануюць сыны Ізраілевыя суботу, сьвяткуючы суботу ў роды свае, як наказ вечны; |
17. гэта — азнака паміж Мною і сынамі Ізраілевымі навечна, бо за шэсьць дзён стварыў Гасподзь неба і зямлю, а ў дзень сёмы спачыў і ўпакоіўся. |
18. І калі перастаў гаварыць з Майсеем на гары Сінаі, даў яму дзьве скрыжалі адкрыцьця, скрыжалі каменныя, на якіх напісана было пальцам Божым. |
Выхад 32:1-35 |
1. Калі народ убачыў, што Майсей доўга ня сыходзіць з гары, дык сабраўся да Аарона і сказаў яму: устань і зрабі нам бога, які ішоў бы перад намі; бо з гэтым чалавекам, з Майсеем, які вывеў нас зь зямлі Егіпецкай, ня ведаем, што зрабілася. |
2. І сказаў ім Аарон: здымеце залатыя завушніцы, якія ў вушах у вашых жонак, вашых сыноў і вашых дочак, і прынясеце мне. |
3. І ўвесь народ зьняў залатыя завушніцы з вушэй сваіх і прынесьлі Аарону. |
4. Ён узяў іх з рук іхніх, і зрабіў зь іх літае цяля, і абрабіў яго разцом. І сказалі яны: вось бог твой, Ізраіле, які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай! |
5. Убачыўшы гэта, Аарон паставіў перад ім ахвярнік, і абвясьціў Аарон, кажучы: заўтра сьвята Госпаду. |
6. На другі дзень яны ўсталі рана і прынесьлі цэласпаленьні і прывялі ахвяры мірныя: і сеў народ есьці і піць, а пасьля ўстаў бавіцца. |
7. І сказаў Гасподзь Майсею: пасьпяшайся сысьці, бо разбэсьціўся народ твой, які ты вывеў зь зямлі Егіпецкай; |
8. хутка ўхіліліся яны ад шляху, які Я наказаў ім: зрабілі сабе літае цяля і пакланіліся яму, і прынесьлі яму ахвяры і сказалі: вось бог твой, Ізраіле, які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай! |
9. І сказаў Гасподзь Майсею: Я бачыў народ гэты, і вось, народ ён — цьвёрдахрыбетны; |
10. дык вось, пакінь Мяне, хай запалымнее гнеў Мой на іх, і зьнішчу іх і выведу шматлікі народ ад цябе. |
11. Але Майсей пачаў прасіць Госпада, Бога свайго, і сказаў: хай не ўспалымняецца, Госпадзе, гнеў Твой на народ Твой, які Ты вывеў зь зямлі Егіпецкай сілаю вялікаю і рукою моцнаю, |
12. каб Егіпцяне не казалі: на пагібель Ён вывеў іх, каб забіць іх у горах і вынішчыць іх з улоньня зямлі; адхілі палымяны гнеў Твой і адмяні зьнішчэньне народу Твайго; |
13. успомні Абрагама, Ісаака і Ізраіля, рабоў Тваіх, якім Ты прысягаў Сабою, кажучы: памнажаючы памножу семя ваша, як зоркі нябесныя, і ўсю зямлю гэтую, пра якую Я сказаў, дам семені вашаму, і будуць валодаць ёю вечна. |
14. І адмяніў Гасподзь ліха, пра якое сказаў, што навядзе яго на народ Свой. |
15. І павярнуўся і сышоў Майсей з гары; у руцэ ў яго былі дзьве скрыжалі адкрыцьця, на якіх напісана было з абодвух бакоў: і на тым і на другім баку напісана было; |
16. скрыжалі былі дзея Божая, і пісьмёны, накрэсьленыя на скрыжалях, былі пісьмёны Божыя. |
17. І пачуў Ісус голас народу, які шумеў, і сказаў Майсею: ваяўнічы крык у табары. |
18. Але Майсей сказаў: гэта ня крык тых, што перамагаюць, і ня лямант тых, якіх пабіваюць; я чую голас тых, што сьпяваюць. |
19. Калі ж ён наблізіўся да табара і ўбачыў цяля і скокі, тады ён запаліўся гневам і кінуў з рук сваіх скрыжалі і разьбіў іх пад гарою; |
20. і ўзяў цяля, якое яны зрабілі, і спаліў яго ў агні, і сьцёр на пыл, і рассыпаў па вадзе, і даў яе піць сынам Ізраілевым. |
21. І сказаў Майсей Аарону: што зрабіў табе народ гэты, што ты ўвёў яго ў грэх вялікі? |
22. Але Аарон сказаў: хай не загараецца гнеў гаспадара майго; ты ведаеш гэты народ, што ён буяны. |
23. Яны сказалі мне: зрабі нам бога, які ішоў бы перад намі; бо з Майсеем, з гэтым чалавекам, які вывеў нас зь зямлі Егіпецкай, ня ведаем, што сталася. |
24. І я сказаў ім, у каго ёсьць золата, здымеце зь сябе. І аддалі мне; я кінуў яго ў агонь, і выйшла гэтае цяля. |
25. Майсей убачыў, што гэта народ неакілзаны, бо Аарон дапусьціў яго да неакілзанасьці, да пасарамленьня перад ворагамі ягонымі. |
26. І стаў Майсей у браме табара і сказаў: хто Гасподні, да мяне! І сабраліся да яго ўсе сыны Лявія. |
27. І ён сказаў ім: так кажа Гасподзь, Бог Ізраілеў: пакладзеце кожны свой меч на сьцягно сваё, прайдзеце па табары ад брамы да брамы і назад, і забівайце кожны брата свайго, кожны сябра свайго, кожны блізкага свайго. |
28. І зрабілі сыны Лявііныя паводле слова Майсея; і загінула ў той дзень з народу каля трох тысяч чалавек. |
29. І Майсей сказаў: сёньня прысьвяцеце рукі вашыя Госпаду, кожны ў сыне сваім і браце сваім, хай пашле Ён сёньня вам дабраславеньне. |
30. На другі дзень сказаў Майсей народу: вы зрабілі вялікі грэх; дык вось, я падымуся да Госпада, ці не загладжу грэху вашага. |
31. І вярнуўся Майсей да Госпада і сказаў: о, народ гэты зрабіў вялікі грэх, зрабіў сабе бога; |
32. даруй ім грэх іхні; а калі не, дык сатры і мяне з кнігі Тваёй, у якую Ты ўпісаў. |
33. Гасподзь сказаў Майсею: таго, хто зграшыў перад Мною, сатру з кнігі Маёй; |
34. дык вось ідзі, вядзі народ гэты, куды Я сказаў табе; вось анёл Мой пойдзе перад табою, і ў дзень наведваньня Майго Я наведаю іх за грахі іхнія. |
35. І пакараў Гасподзь народ за зробленае цяля, якое зрабіў Аарон. |
Псалмы 20:1-8 |
1. Кіроўцу хору. Псальма Давідава. |
2. Госпадзе! сілаю Тваёю радуецца цар, і з Твайго ратаваньня цешыцца бясконца. |
3. Ты даў яму, чаго хацела сэрца ягонае, і просьбы вуснаў ягоных не адкінуў. |
4. Бо сустрэў Ты яго дабраславеньнямі даброці, на галаву яму ўсклаў вянок з чыстага золата. |
5. Ён прасіў у Цябе жыцьця; Ты даў яму даўгалецьце на векі вечныя. |
6. Вялікая слава ягоная ў ратаваньні Тваім; Ты ўсклаў на яго гонар і веліч. |
7. Ты ўсклаў на яго дабраславеньне навечна, разьвесяліў яго радасьцю аблічча Твайго, |
8. бо цар спадзяецца на Госпада, і з даброці Ўсявышняга не пахісьнецца. |
Прытчы 7:24-27 |
24. Дык вось, дзеці, паслухайце мяне і зразумейце словы вуснаў маіх. |
25. Хай ня збочвае сэрца тваё на шляхі яе, ня блукай сьцежкамі яе; |
26. бо многіх яна параніла, і шмат дужых забіла яна: |
27. дом яе — дарога ў апраметную, якая вядзе ў сярэдзіну жытлішча сьмерці. |
Матей 25:31-46 |
31. Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе сьвятыя анёлы зь Ім, тады сядзе на троне славы Сваёй, |
32. і зьбяруцца перад Ім усе народы; і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў; |
33. і паставіць авечак праваруч ад Сябе, а казлоў — леваруч. |
34. Тады скажа Цар тым, якія праваруч ад Яго: "Прыйдзеце, дабраславёныя Айца Майго, прымеце ў спадчыну Царства, угатаванае вам ад стварэньня сьвету: |
35. бо быў галодны Я, і вы далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы напаілі Мяне; быў падарожны, і вы прынялі Мяне; |
36. быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне. |
37. Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: "Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галоднага і накармілі? альбо сасьмяглага і напаілі? |
38. калі ж мы бачылі Цябе падарожнага і прынялі? альбо голага і адзелі? |
39. калі ж мы бачылі Цябе хворага, альбо ў цямніцы, і прыйшлі да цябе?". |
40. І Цар скажа ім у адказ: "праўду кажу вам: як што зрабілі вы гэта аднаму з братоў Маіх меншых, дык зрабілі Мне". |
41. Тады скажа і тым, якія леваруч ад Яго: "ідзеце ад Мяне, праклятыя, у вагонь вечны, угатаваны д’яблу і анёлам ягоным: |
42. бо быў галодны Я, вы не далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы не напаілі Мяне; |
43. быў падарожны, і не прынялі Мяне; быў голы, і не адзелі Мяне; хворы і ў цямніцы, і не адведалі Мяне". |
44. Тады і яны скажуць яму ў адказ: "Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галоднага, альбо сасьмяглага, альбо падарожнага, альбо голага, альбо хворага, альбо ў цямніцы, і не паслужылі Табе?" |
45. Тады скажа ім у адказ: "праўду кажу вам: як што вы не зрабілі гэтага аднаму з гэтых меншых, дык не зрабілі Мне". |
46. І пойдуць гэтыя на пакуты вечныя, а праведнікі ў жыцьцё вечнае. |