Захарыя 13:1-9 |
1. У той дзень адчыніцца крыніца дому Давідаваму і жыхарам Ерусаліма для адмываньня грэху і нечыстаты. |
2. І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь Саваоф, Я зьнішчу імёны ідалаў з гэтай зямлі, і яны ня будуць больш упамінацца, гэтаксама і лжэпрарокаў і нячыстага духа зь зямлі выдалю. |
3. Тады, калі хто будзе прадказваць, дык бацька ягоны і маці яго, якія нарадзілі яго, скажуць яму: табе ня трэба жыць, бо ты ілжу кажаш у імя Госпада; і паб'е яго бацька ягоны і маці ягоная, якія нарадзілі яго, калі ён будзе прадказваць. |
4. І будзе ў той дзень, пасаромеюцца такія прадказальнікі, кожны відзежу свайго, калі будуць прадказваць, і ня будуць надзяваць на сябе валасяніцы, каб ашукваць. |
5. І кожны скажа: Я не прарок, я земляроб, бо нехта зрабіў мяне рабом з маленства майго. |
6. Яму скажуць: чаго ж на руках у цябе шнары? і ён адкажа: таму, што мяне білі ў доме тых, што любяць мяне. |
7. О, меч! падыміся на пастыра Майго і на блізкага Майго, кажа Гасподзь Саваоф: пакарай пастыра, і расьсеюцца авечкі! І Я абярну руку Маю на малых. |
8. І будзе на ўсёй зямлі, кажа Гасподзь: дзьве часткі на ёй будуць зьнішчаны, вымруць, а трэцяя застанецца на ёй. |
9. І ўвяду гэтую трэцюю частку ў агонь, і растаплю іх, як топяць срэбра, і ачышчу іх, як ачышчаюць золата: яны будуць заклікаць імя Маё, і Я пачую іх і скажу: гэта Мой народ, і яны скажуць: Гасподзь — Бог мой! |
Захарыя 14:1-21 |
1. І вось настае дзень Гасподні, калі падзеляць сярод цябе нарабаванае ў цябе. |
2. І зьбяру ўсе народы на вайну супроць Ерусаліма, і ўзяты будзе горад, і разрабаваны будуць дамы, і зьняслаўлены будуць жанчыны, і палавіна горада пойдзе ў палон; а астатні народ ня будзе зьнішчаны з горада: |
3. Тады выступіць Гасподзь і паўстане супроць гэтых народаў, як паўстаў у дзень бітвы. |
4. І стануць ногі Ягоныя ў той дзень на гары Елеонскай, якая перад абліччам Ерусаліма на ўсход; і раздвоіцца гара Елеонская ад усходу да захаду даволі вялікаю далінаю, і палавіна гары адыдзе на поўнач, а палавіна яе — на поўдзень. |
5. І вы пабяжыце ў даліну гор Маіх; бо даліна гор будзе прасьцірацца да Асіла; і вы пабяжыце, як беглі ад землятрусу ў дні Азіі, цара Юдэйскага; і прыйдзе Гасподзь Бог мой і ўсе сьвятыя зь Ім. |
6. І будзе ў той дзень: ня стане сьвятла, сьвяцілы аддаляцца. |
7. Дзень гэты будзе адзіны, вядомы толькі Госпаду: ні дзень, ні ноч; толькі аб вечаровым часе зьявіцца сьвятло. |
8. І будзе ў той дзень, жывыя воды пацякуць зь Ерусаліма, палавіна іх да мора ўсходняга і палавіна іх да мора заходняга: летам і ўзіму так будзе. |
9. І Гасподзь будзе Царом над усёю зямлёю; у той дзень будзе Гасподзь адзіны, і імя Яго — адзінае. |
10. Уся гэта зямля будзе, як раўніна, ад Гаваона да Рэмона, на поўдзень ад Ерусаліма, які высока стаяцьме на сваім месцы і населіцца ад брамаў Веньямінавых да месца першай брамы, да кутняй брамы, і ад вежы Аканэіла да царскіх чавільняў. |
11. І будуць жыць у ім, і праклёну ня будзе больш, а будзе стаяць Ерусалім у бясьпецы. |
12. І вось якое будзе паганьбеньне, якім пакарае Гасподзь усе народы, якія ваявалі супроць Ерусаліма: у каго зачаўрае цела ягонае, калі ён яшчэ стаіць на сваіх нагах, і вочы ў яго растануць у ямінах сваіх, і язык яго высахне ў роце ў яго. |
13. І будзе ў той дзень: адбудзецца паміж імі вялікая бянтэга ад Госпада, так што адзін схопіць руку другога, і падымецца рука яго на руку блізкага яго. |
14. Але і сам Юда будзе ваяваць супроць Ерусаліма, і сабрана будзе багацьце ўсіх навакольных народаў: золата, срэбра і вопратка ў вялікім мностве. |
15. Будзе такое самае паражэньне і коней і мулаў, і вярблюдаў і аслоў, і ўсякага быдла, якое будзе ў табарах іхніх. |
16. Потым усе астатнія з усіх народаў, якія прыходзілі супроць Ерусаліма, будуць прыходзіць год у год на пакланеньне Цару, Госпаду Саваофу, і на сьвяткаваньне сьвята кучак. |
17. І будзе: калі якое зь плямёнаў зямных ня пойдзе ў Ерусалім на пакланеньне Цару, Госпаду Саваофу, дык ня будзе дажджу ў іх. |
18. І калі племя Егіпецкае не падымецца ў дарогу і ня прыйдзе сюды, дык і ў яго ня будзе дажджу і спасьцігне яго разгром, якім сьпляжыць Гасподзь народы, што ня прыходзяць сьвяткаваць сьвята кучак. |
19. Вось, што будзе за грэх Егіпта і за грэх усіх народаў, якія ня прыйдуць сьвяткаваць сьвята кучак! |
20. У той час нават на конскіх уборах будзе накрэсьлена : сьвятыня Госпаду, і катлы ў доме Гасподнім будуць, як ахвярныя чары перад алтаром. |
21. І ўсе катлы ў Ерусаліме і ў Юдэі будуць сьвятыняю Госпада Саваофа, і будуць прыходзіць усе, хто прыносіць ахвяру, і браць іх і гатаваць у іх, і ня будзе болей ніводнага Хананэя ў доме Госпада Саваофа ў той дзень. |
Псалмы 148:5-9 |
5. Хай хваляць імя Госпада, бо Ён сказаў — і сталася, Ён загадаў, і стварылася, |
6. паставіў іх на векі вечныя; даў наказ, які не праміне. |
7. Хвалеце Госпада зь зямлі, вялікія рыбы і ўсе прадоньні, |
8. вагонь і град, сьнег і туман, буйны вецер, які напаўняе слова Ягонае, |
9. горы і ўсе пагоркі, дрэвы плодныя і ўсе кедры, |
Прытчы 31:1-9 |
1. Слова Лемуіла цара. Настаўленьне, якое дала яму маці ягоная: |
2. што, сыне мой? Што, сыне ўлоньня майго? Што, сыне зарокаў маіх? |
3. Не аддавай жанчыне сілы тваёй, ні шляхоў тваіх пагубніцам цароў. |
4. Не царам, Лемуіле, не царам піць віно, і не князям — сікеру, |
5. каб, напіўшыся, яны не забылі закона і не перакруцілі суд усіх прыгнечаных. |
6. Дайце сікеру таму, хто гіне, і віно засмучанаму душою; |
7. хай ён вып’е і забудзе беднасьць сваю і не згадае больш пра сваю пакуту. |
8. Размыкай вусны свае за безгалосага і дзеля абароны ўсіх занядбаных. |
9. Размыкай вусны свае дзеля правасудзьдзя і дзеля беднага і гаротнага. |
Откровение 20:1-15 |
1. І ўгледзеў я анёла, што сыходзіў зь неба, які меў ключ да бездані і вялікі ланцуг у сваёй руцэ. |
2. Ён узяў цмока, зьмея адвечнага, які ёсьць д’ябал і сатана і скаваў яго на тысячу гадоў, |
3. і ўкінуў яго ў бездань, і ўвязьніў яго, і паклаў над ім пячатку, каб ня зводзіў ужо народы, пакуль ня мінецца тысяча гадоў; а пасьля гэтага ён павінен быць вызвалены на кароткі час. |
4. І ўгледзеў я троны і тых, што сядзелі на іх, якім дадзена было судзіць, і душы абезгалоўленых за сьведчаньне Ісуса і за слова Божае, якія не пакланіліся зьверу, ні вобразу ягонаму, і не прынялі кляйма на лоб свой і на руку сваю. Яны ажылі і валадарылі з Хрыстом тысячу гадоў; |
5. а рэшта памерлых не ажылі, пакуль ня мінецца тысяча гадоў. Гэта — першае ўваскрэсеньне. |
6. Дабрашчасны і сьвяты, хто мае ўдзел ва ўваскрэсеньні першым: над імі сьмерць другая ня мае ўлады, але яны будуць сьвятарамі Бога і Хрыста і будуць валадарыць зь Ім тысячу гадоў. |
7. А як мінецца тысяча гадоў, сатана будзе вызвалены зь цямніцы сваёй і выйдзе ўводзіць у змусту народы на чатырох кутах зямлі, Гога і Магога, і зьбіраць іх на бітву; лік іхні — як пясок марскі. |
8. І выйшлі на шырыню зямлі і аблажылі табар сьвятых і горад любасны. |
9. І ўпаў вагонь зь неба ад Бога і зжэр іх; |
10. а д’ябал, які зводзіў іх, укінуты ў возера вогненнае і сернае, дзе зьвер і ілжэпрарок, і будуць пакутаваць дзень і ноч ва векі вечныя. |
11. І ўгледзеў я вялікі белы трон і Таго, Хто сядзеў на ім, ад аблічча Якога ўцякала неба і зямля, і не знайшлося ім месца. |
12. І ўгледзеў я мёртвых, малых і вялікіх, якія стаялі перад Богам, і кнігі разгорнутыя былі; і іншая кніга разгорнутая, якая ёсьць кніга жыцьця; і суджаны былі мёртвыя, згодна з напісаным у кнігах, паводле ўчынкаў сваіх. |
13. Тады аддало мора мёртвых, што былі ў ім, і сьмерць і пекла аддалі мёртвых, якія былі ў іх; і суджаны быў кожны паводле ўчынкаў сваіх, |
14. і сьмерць і пекла ўкінуты ў возера вогненнае. Гэта — сьмерць другая. |
15. І хто ня быў запісаны ў кнізе жыцьця, той быў укінуты ў возера вогненнае. |