Захарыя 10:1-12 |
1. Прасеце ў Госпада дажджу ў час добрай патрэбы; Гасподзь блісьне маланкаю і дасьць вам шчодры дождж, кожнаму колас на полі. |
2. Бо ідалы гавораць пустое, і вяшчуны бачаць ілжывае і расказваюць сны ілжывыя; яны суцяшаюць пусткаю; таму яны бадзяюцца як авечкі, церпяць гароту, бо няма пастыра. |
3. На пастыраў запаліўся гнеў Мой, і казлоў Я пакараю; бо наведае Гасподзь Саваоф статак Свой, і дом Юдаў, і паставіць іх, як славутага каня Свайго на змаганьне. |
4. Зь яго будзе кутні камень, зь яго — цьвік, зь яго — лук для змаганьня, зь яго пойдуць усе кіроўцы народаў. |
5. І яны будуць, як героі, што топчуць ворагаў на вайне, як гразь на вуліцы, і змагацца, бо Гасподзь зь імі, і паганьбяць вершнікаў на конях. |
6. І ўмацую дом Юдаў і ўратую дом Язэпаў, і вярну іх, бо Я ўмілажаліўся зь іх, і яны будуць, як бы Я не пакідаў іх: бо Я — Гасподзь Бог іхні, і пачую іх. |
7. Як герой будзе Яфрэм; узьвесяліцца сэрца іхняе, як ад віна; і ўбачаць гэта сыны іхнія і парадуюцца; у захапленьні будзе сэрца іхняе ў Госпадзе. |
8. Я дам ім знак і зьбяру іх, бо Я адкупіў іх; яны будуць гэтакія ж шматлікія, як раней; |
9. і расьсялю іх паміж народаў, і ў далёкіх краінах яны будуць успамінаць пра Мяне і жыцьмуць зь дзецьмі сваімі, і вернуцца; |
10. і вярну іх зь зямлі Егіпецкай і з Асірыі зьбяру іх, і прывяду іх у зямлю Галаадскую і на Ліван, і ня хопіць месца ім. |
11. І пройдзе бедства па моры і разаб’е хвалі марскія, і высахнуць усе глыбіні ракі, і ўпакорыцца ганарыстасьць Асура, і жазло адымецца ў Егіпта. |
12. Умацую іх у Госпадзе, і яны хадзіцьмуць у імя Яго, кажа Гасподзь. |
Захарыя 11:1-17 |
1. Адчыняй, Ліване, брамы твае, і хай зжарэ агонь кедры твае. |
2. Галасі, кіпарысе; бо ўпаў кедр, бо і велічныя спустошаны; галасеце, дубы Васанскія, бо паваліўся непраходны лес. |
3. Чуцен голас галашэньня пастухоў, бо спустошана прывольле іхняе; чуцен рык медных ільвоў, бо спустошана краса Ярдана. |
4. Так кажа Гасподзь Бог мой: пасьві авечак, асуджаных на закол, |
5. якіх пакупцы забіваюць беспакарана, а прадаўцы кажуць: "дабраславёны Гасподзь; я разбагацеў!" і пастухі іхнія не шкадуюць пра іх. |
6. Бо Я ня буду болей літаваць жыхароў зямлі гэтай, кажа Гасподзь; і вось, Я прадам людзей, кожнага ў рукі блізкага яго і ў рукі цара яго, і яны біцьмуць зямлю, і Я ня выбаўлю з рук іхніх. |
7. І буду пасьвіць авечкі, асуджаныя на закол, авечкі ў ісьціне нябогія. І вазьму Сабе два жазлы, і назаву адзін — добрым упадабаньнем, другі — кайданамі, і зь імі буду пасьвіць авечкі. |
8. І зьнішчу трох з пастыраў у адзін месяц; і адвернецца душа Мая ад іх, калі й іхняя душа адварочваецца ад Мяне. |
9. Тады скажу: ня буду пасьвіць вас; якая памірае — хай памірае, і якая гіне — хай гіне, а якія застаюцца, хай ядуць плоць адна адной. |
10. І вазьму жазло Маё добрага ўпадабаньня і зламаю яго, каб зьнішчыць запавет, які заключыў Я з усімі народамі. |
11. І ён зьнішчаны будзе ў той дзень, і тады даведаюцца бедныя з авечак, якія чакаюць Мяне, што гэта — слова Госпада. |
12. І скажу ім: калі заўгодна вам, дык дайце Мне плату Маю; калі ж не,— не давайце; і яны наважаць як плату Мне трыццаць срэбранікаў. |
13. І сказаў мне Гасподзь: кінь іх у царкоўнае сховішча,— высокая цана, у Якую яны ацанілі Мяне! І ўзяў Я трыццаць срэбранікаў і кінуў іх у дом Гасподні ганчару. |
14. І пераламаў Я другое жазло Маё — "кайданы", каб разарваць братнасьць паміж Юдам і Ізраілем. |
15. І Гасподзь сказаў мне: яшчэ вазьмі сабе спаруду аднаго з дурных пастухоў. |
16. Бо вось, Я пастаўлю на гэтай зямлі пастуха, які не парупіўся пра тых, што гінулі, тых, што згубіліся, ня будзе шукаць і хворых ня будзе лекаваць, здаровых ня будзе карміць, а мяса тлустых будзе есьці і капыты іхнія адарве. |
17. Гора нездаляшчаму пастуху, які пакідае статак! меч на руку яго і на правае вока яго! рука яго зусім высахне, і правае вока яго зусім зацьміцца. |
Захарыя 12:1-14 |
1. Прарочае слова Госпада пра Ізраіля. Гасподзь, Які распрасьцёр неба, уцьвердзіў зямлю і ўтварыў дух чалавека ўсярэдзіне яго, кажа: |
2. вось, Я зраблю Ерусалім чараю захапленьня ўсім навакольным народам, а таксама для Юды ў час аблогі Ерусаліма. |
3. І будзе ў той дзень, зраблю Ерусалім цяжкім каменем усім плямёнам; усе, якія падымацьмуць яго, надарвуцца, а зьбяруцца супроць яго ўсе народы зямлі. |
4. У той дзень, кажа Гасподзь, Я паб'ю кожнага каня шаленствам і верхаўца яго — вар'яцтвам, а на дом Юдаў разамкну вочы Мае; а кожнага каня ў народаў пакараю сьлепатою. |
5. І скажуць князі Юдавыя ў сэрцах сваіх: сіла мая — жыхары Ерусалімскія ў Госпадзе Саваофе, Богу іхнім. |
6. У той дзень Я зраблю князёў Юдавых — як жароўню з агнём паміж дровамі і як запаленую сьвяцільню сярод снапоў, і яны зьнішчаць усе навакольныя народы справа і зьлева, і зноў заселены будзе Ерусалім на сваім месцы, у Ерусаліме. |
7. І ўратуе Гасподзь спачатку намёты Юды, каб веліч дому Давідавага і веліч жыхароў Ерусаліма ня ўзносілася над Юдам. |
8. У той дзень абараняць будзе Гасподзь жыхароў Ерусаліма, і самы слабы сярод іх у той дзень будзе як Давід, а дом Давіда будзе як Бог, як анёл Гасподні перад імі. |
9. І будзе ў той дзень, Я зьнішчу ўсе народы, якія нападацьмуць на Ерусалім. |
10. А на дом Давіда і на жыхароў Ерусаліма вылью дух мілаты і замілаваньня, і яны паглядзяць на Яго, Якога пранізалі, і будуць галасіць па Ім, як галосяць па адзінародным сыне, і смуткаваць, як смуткуюць па першынцы. |
11. У той дзень падымецца вялікі плач у Ерусаліме, як плач Гададрымона ў даліне Манідонскай. |
12. І галасіцьме зямля, кожнае племя асобна: племя дому Давідавага асобна, і жанчыны іхнія асобна; племя дома Натанавага асобна, і жанчыны іхнія асобна; |
13. племя дому Лявіінага асобна, і жанчыны іхнія асобна; племя Сымонавае асобна, і жанчыны іхнія асобна. |
14. Усе астатнія плямёны — кожнае племя асобна, і жанчыны іхнія асобна. |
Псалмы 148:1-4 |
1. Алілуя. Хвалеце Госпада зь нябёсаў, хвалеце Яго ў вышынях. |
2. Хвалеце Яго, усе анёлы Ягоныя, хвалеце Яго, усе войскі Ягоныя. |
3. Хвалеце Яго, сонца і месяц, хавалеце Яго, усе зоркі сьвету. |
4. Хвалеце Яго, нябёсы нябёсаў і воды, якія вышэй за неба. |
Прытчы 30:32-33 |
32. Калі ты ў задавацтве тваім зрабіў глупства і падумаў ліхое, дык пакладзі руку на вусны; |
33. бо, як ад зьбіваньня малака робіцца масла, ад ўдару ў нос цячэ кроў, так і ад абуджэньня гневу ўзьнікае свара. |
Откровение 19:1-21 |
1. Пасьля гэтага я пачуў на небе гучны голас як бы вялікага мноства людзей, які гаварыў: алілуія! збавеньне і слава, і гонар і сіла Госпаду нашаму, |
2. бо праўдзівыя і справядлівыя суды Ягоныя! бо Ён асудзіў тую вялікую любадзейку, якая разбэсьціла зямлю любадзействам сваім, і зыскаў за кроў рабоў Сваіх ад рукі яе. |
3. І другі раз сказалі: алілуія! І дым ад яе паўставаў на векі вечныя! |
4. Тады дваццаць чатыры старцы і чатыры жывыя істоты ўпалі і пакланіліся Богу, Які на троне сядзіць, кажучы: амін, алілуія! |
5. І голас з трона зышоў, кажучы: хвалеце Бога нашага, усе рабы Ягоныя і хто баіцца Яго, малыя і вялікія! |
6. І чуў я нібы голас вялікага мноства людзей, нібы шум водаў многіх, нібы голас грымотаў моцных, якія казалі: алілуія! бо заваладарыў Гасподзь Бог Усеўладны. |
7. Парадуймася і ўсьцешмася і ўзьнясёмце Яму славу; бо настала вясельле Ягняці, і жонка Ягоная падрыхтавала сябе. |
8. І дадзена было ёй апрануцца ў вісон чысты і сьветлы; а вісон ёсьць праведнасьць сьвятых. |
9. І сказаў мне анёл: напішы: дабрашчасьнікі — пакліканыя на вясельную вячэру Ягняці. І сказаў мне: гэта — сапраўдныя словы Божыя. |
10. Я ўпаў да ног ягоных, каб пакланіцца яму: але ён сказаў мне: глядзі, не рабі гэтага; я саслужнік табе і братам тваім, якія маюць сьведчаньне Ісусава; Богу пакланіся, бо сьведчаньне Ісусава ёсьць дух прароцтва. |
11. І ўгледзеў я адчыненае неба, і вось конь белы, і верхавец ягоны называецца Верны і Праўдзівы, Які праведна судзіць і ваюе. |
12. Вочы ў Яго як полымя вогненнае, і на галаве ў Яго многа дыядэмаў; Ён меў імя напісанае, якога ніхто ня ведаў, акрамя Яго Самога; |
13. Ён быў апрануты ў адзеньне акрываўленае. Імя Яму: Слова Божае. |
14. І войскі нябесныя ішлі сьледам за Ім на конях белых, апранутыя ў вісон белы і чысты. |
15. А з вуснаў Ягоных выходзіць востры меч, каб ім пасякаць народы. Ён пас іх жазлом жалезным; Ён топча чавільню віна лютасьці і гневу Бога Ўсеўладнага. |
16. На адзеньні і на сьцягне ў Яго напісана імя: Цар цароў і Гасподзь тых, што валадарыць. |
17. І ўгледзеў я аднаго анёла, які стаяў на сонцы; і ён усклікнуў гучным голасам, кажучы ўсім птушкам, што лёталі пасярэдзіне неба: ляцеце, зьбірайцеся на вялікую вячэру Божую, |
18. каб пажэрці трупы цароў, трупы моцных, трупы тысячнікаў, трупы коней і верхаўцоў, трупы ўсіх вольнікаў і рабоў, і малых і вялікіх. |
19. І ўгледзеў я зьвера і цароў зямных і войскі іхнія, сабраныя, каб змагацца зь Верхаўцом і з войскам Ягоным. |
20. І схоплены быў зьвер і зь ім ілжэпрарок, што чыніў дзівосы перад ім, якімі ён зьвёў тых, што прынялі кляймо зьвера і пакланяліся ягонай выяве: абодва жыўцом укінуты ў возера вогненнае, што гарэла серкай, |
21. а астатнія забітыя мечам Верхаўцовым, што выходзіў з вуснаў Ягоных; і ўсе птушкі накарміліся іхнімі трупамі. |