Захарыя 4:1-13 |
1. І вярнуўся той анёл, які гаварыў са мною, і разбудзіў мяне, як будзяць чалавека са сну ягонага. |
2. І сказаў ён мне: што ты бачыш? І адказваў я: бачу, вось сьвяцільня ўся з золата і чашачка пад алей наверсе яе, і сем лампад, на ёй, і па сем трубачак у лампадах, якія наверсе яе; |
3. і дзьве масьліны на ёй, адна з правага боку чашачкі, другая зь левага боку яе. |
4. І адказваў я і сказаў анёлу, які гаварыў са Мною: што гэта, спадару мой? |
5. І анёл, які гаварыў са мною, адказваў і сказаў мне: ты ня ведаеш, што гэта? І сказаў я: ня ведаю, спадару мой. |
6. Тады адказваў ён і сказаў мне так: гэта слова Госпада Зарававэлю, у якім сказана: ня войскам і ня сілаю, а Духам Маім кажа Гасподзь Саваоф. |
7. Хто ты, вялікая гара перад Зарававэлем? ты — раўніна, і вынесе ён кутні камень пры шумных ускліканьнях: "мілата, мілата на ім!" |
8. І было мне слова Гасподняе: |
9. рукі Зарававэля паклалі аснову Дому гэтаму; ягоныя рукі і закончаць яго, і даведаешся, што Гасподзь Саваоф паслаў Мяне да вас. |
10. Бо хто можа лічыць дзень гэты малаважным, калі радасна глядзяць на будаўнічы адвес у руках Зарававэлевых тыя сем,— гэта вочы Госпада, якія абдымаюць позіркам усю зямлю? |
11. Тады адказваў я і сказаў яму: што азначаюць тыя дзьве масьліны з правага боку сьвяцільні і зь левага боку яе? |
12. Другі раз загаварыў я і сказаў яму: што азначаюць дзьве масьлічныя галіны, якія празь дзьве залатыя трубачкі выліваюць зь сябе золата? |
13. І сказаў ён мне: ты ня ведаеш, што гэта? Я адказваў: ня ведаю, спадару мой. |
Захарыя 5:1-11 |
1. І зноў узьвёў я вочы мае і ўгледзеў: вось ляціць скрутак. |
2. І сказаў ён мне: што ты бачыш? Я адказваў, бачу, ляціць скрутак; даўжыня яго дваццаць локцяў, а шырыня яго дзесяць локцяў. |
3. Ён сказаў мне: гэта праклён, які ідзе на твар усёй зямлі; бо кожны, хто крадзе, будзе зьнішчаны, як напісана на адным баку, і кожны, хто прысягае ілжыва, зьнішчаны будзе, як напісана на другім баку. |
4. Я навёў яго, кажа Гасподзь Саваоф, і ён увойдзе ў дом злодзея і ў дом кляцьбіта Маім імем ілжыва і застанецца ў доме ў яго, і зьнішчыць яго і дрэвы ягоныя і камяні ягоныя. |
5. І выйшаў анёл, які гаварыў са мною, і сказаў мне: узьвядзі яшчэ вочы твае і падзівіся, што гэта выходзіць? |
6. Калі ж я сказаў: што гэта? Ён адказваў: гэта выходзіць эфа, і сказаў: гэта — вобраз іх па ўсёй зямлі. |
7. І вось, кавалак сьвінца падняўся, і там сядзела адна жанчына пасярэдзіне эфы. |
8. І сказаў ён: гэтая жанчына — сама бязбожнасьць, і кінуў яе ўсярэдзіну эфы, а на адтуліну яе кінуў сьвінцовы кавалак |
9. І ўзьвёў я вочы мае і ўгледзеў: вось, зьявіліся дзьве жанчыны, і вецер быў у крылах у іх, і крылы ў іх — як крылы ў бусла; паднялі яны эфу і панесьлі яе паміж зямлёю і небам. |
10. І сказаў я анёлу, які гаварыў са мною: куды нясуць яны гэтую эфу? |
11. Тады сказаў ён мне: каб зладзіць ёй дом у зямлі Сэнаар, і калі будзе ўсё падрыхтавана, дык яна паставіцца там на сваёй аснове. |
Захарыя 6:1-15 |
1. І зноў узьвёў я вочы мае, і бачу: вось, чатыры калясьніцы выходзяць зь цясьніны паміж дзьвюма горамі; і горы тыя былі — горы медныя. |
2. У першай калясьніцы коні рыжыя, а ў другой калясьніцы коні вараныя; |
3. у трэцяй калясьніцы коні белыя, а ў чацьвёртай калясьніцы коні пярэстыя, дужыя. |
4. І пачаўшы прамову, я сказаў анёлу, які гаварыў са мною: што гэта, спадару мой? |
5. І адказваў анёл і сказаў мне: гэта выходзяць чатыры духі нябесныя, якія стаяць перад Госпадам усёй зямлі. |
6. Вараныя коні выходзяць там да краіны паўночнай; і белыя ідуць за імі, а пярэстыя ідуць да краіны паўднёвай. |
7. І дужыя выйшлі і памкнуліся ісці, каб прайсьці зямлю; і ён сказаў: ідзеце, прайдзеце зямлю,— і яны прайшлі зямлю. |
8. Тады паклікаў ён мяне і сказаў мне так: глядзі, тыя, што выйшлі ў краіну паўночную, супакоілі дух Мой на зямлі паўночнай. |
9. І было слова Гасподняе да мяне: |
10. вазьмі ў тых, што прыйшлі з палону, у Хэлдая, у Товія і ў Едая, і ідзі ў той самы дзень, пайдзі ў дом Ісаі, сына Сафаніевага, куды яны прыйшлі з Вавілона, |
11. вазьмі ў іх срэбра і золата і зрабі вянкі, і ўскладзі на галаву Ісусу, сыну Ясэдэкаваму, іярэю вялікаму, |
12. і скажы яму: так кажа Гасподзь Саваоф: вось Муж,— імя яму Парастак, Ён вырасьце са свайго кораня і створыць храм Гасподні. |
13. Ён створыць храм Гасподні і прыме славу, і сядзе і будзе ўладарыць на прастоле сваім; будзе і сьвятаром на прастоле сваім, і рада міру будзе паміж тым і другім. |
14. А вянкі тыя будуць Хэлему і Товію, Едаю і Хэну, сыну Сафаніеваму, на памяць у храме Гасподнім. |
15. І здалёку прыйдуць і прымуць удзел у пабудове храма Гаспаодняга, і вы ўведаеце, што Гасподзь Саваоф паслаў мяне да вас, і гэта будзе, калі вы дбайна будзеце слухацца голасу Госпада Бога вашага. |
Псалмы 147:1-6 |
1. Алілуя. Хвалі, Ерусаліме, Госпада; хвалі, Сіёне, Бога твайго, |
2. бо Ён мацуе завалы ў брамах тваіх, дабраслаўляе сыноў тваіх сярод неба; |
3. сьцьвярджае ў межах тваіх спакой; тлушчам пшаніцы корміць цябе, |
4. пасылае слова Сваё на зямлю; хутка цячэ слова Ягонае, |
5. дае сьнег, як хвалю; сыпле іней, як попел; |
6. кідае град Свой кавалкамі; перад марозам Ягоным хто выстаіць? |
Прытчы 30:24-28 |
24. Вось чатыры малыя на зямлі; але яны мудрэйшыя за мудрых: |
25. мурашкі — народ нядужы, але летам назапашваюць ежу сваю: |
26. горныя мышы — народ слабы, але ставяць дамы свае на скале; |
27. у саранчы няма цара, але выступае яна згуртавана; |
28. павук лапамі чапляецца, але бывае ў царскіх харомах. |
Откровение 17:1-18 |
1. І прыйшоў адзін зь сямі анёлаў, што мелі сем чараў, і, гаворачы са мною, сказаў мне: падыдзі, я пакажу табе суд над вялікаю блудадзейкаю, што сядзіць на водах многіх; |
2. зь ёю блудадзеялі цары зямныя, і віном яе блудадзейства ўпіваліся насельнікі зямлі. |
3. І павёў мяне ў духу ў пустыню; і ўгледзеў я жанчыну, якая сядзела на зьверы барвовым, поўным назоваў богазьняважлівых, зь сямю галовамі і дзесяцьцю рагамі. |
4. І жанчына адзетая была ў парфіру і ў пурпуру, аздобленая золатам, каштоўнымі камянямі і жэмчугам, і трымала залатую чару ў руцэ сваёй, напоўненую мярзотамі і поскудзьдзю блудадзейства яе; |
5. і на лобе ў яе напісана імя: таямніца, Вавілон вялікі, маці блудадзеек і мярзотаў зямных. |
6. Бачыў я, што жанчына апоена была крывёю сьвятых і крывёю сьведкаў Ісусавых, і, бачачы яе, дзіву даваўся вялікаму. |
7. І сказаў мне анёл: чаго ты дзівуеш? Я адкрыю табе таямніцу жанчыны гэтай і зьвера, што носіць яе, што мае сем галоў і дзесяць рагоў. |
8. Зьвер, якога ты бачыў, быў, і няма яго, і выйдзе зь бездані і пойдзе ў пагібель; і зьдзівяцца тыя насельнікі зямлі, імёны якіх ня ўпісаны ў кнігу жыцьця ад пачатку сьвету, убачыўшы, што зьвер быў, і няма яго, і зьявіцца. |
9. Тут розум, які мае мудрасьць. Сем галоў — гэта сем гор, на якіх сядзіць жанчына, |
10. і сем цароў, зь якіх пяць загінулі, адзін ёсьць, а другі яшчэ ня прыйшоў, і калі прыйдзе, нядоўга яму быць. |
11. І зьвер, які быў і якога няма, ёсьць восьмы, і зь ліку сямі, і пойдзе ў пагібель. |
12. І дзесяць рагоў, якія ты бачыў, — гэта дзесяць цароў, якія яшчэ не атрымалі царства, але прымуць уладу са зьверам, як цары, на адну гадзіну. |
13. Яны маюць адны думкі і перададуць сілу і ўладу сваю зьверу; |
14. яны будуць весьці змаганьне зь Ягнём, і Ягня пераможа іх, бо Ён ёсьць Гасподзь тых, што пануюць, і Цар цароў, і тыя, хто зь Ім, — гэта пакліканыя і выбраныя і верныя. |
15. І кажа мне: воды, якія ты бачыў, дзе сядзіць блудадзейка, гэта людзі і народы, і плямёны і роды. |
16. І дзесяць рагоў, якія ты бачыў на зьвяры, яны зьненавідзяць блудадзейку, і спустошаць яе, і аголяць, і плоць яе зьядуць, і спаляць яе ў вагні; |
17. таму што Бог паклаў ім на сэрца выканаць волю Ягоную, выканаць адну волю, і аддаць царства іхняе зьверу, пакуль ня збудуцца словы Божыя. |
18. А жанчына, якую ты бачыў, ёсьць вялікі горад, што валадарыць над зямнымі царамі. |