Агей 1:1-14 |
1. На другім годзе цара Дарыя, на шостым месяцы, у першы дзень месяца было слова Гасподняе праз Агея прарока Зарававэлю, сыну Салафіілеваму, упраўцу Юдэі, і Ісусу, сыну Ясэдэкаваму, вялікаму іярэю. |
2. Так сказаў Гасподзь Саваоф: народ гэты кажа: "ня прыйшоў яшчэ час — будаваць дом Гасподні". |
3. І было слова Гасподняе праз Агея прарока: |
4. а вам самім час — жыць у дамах вашых упрыгожаных, тым часам як Дом гэты ў запусьценьні? |
5. Таму сёньня так кажа Гасподзь Саваоф: павярнеце сэрца ваша на дарогі вашыя. |
6. Вы сееце многа, а зьбіраеце мала: ясьце, але ўнядосыць; п'яце, але не напіваецеся; апранаецеся, але не саграваецеся; заробнік платы зарабляе ў дзіравы кашалёк. |
7. Так кажа Гасподзь Саваоф: павярнеце сэрца ваша на дарогі вашыя. |
8. Узыдзеце на гару і насеце дрэвы і будуйце храм: і Я буду дабраволіць яму і праслаўлюся, кажа Гасподзь. |
9. Чакаеце шмат, а выходзіць мала, і што прынесяце дамоў, тое Я разьвею. За што кажа Гасподзь Саваоф: за Мой дом, які ў запусьценьні, тым часам як вы бяжыце — кожны да свайго дома. |
10. Якраз таму неба і зачынілася і не дае вам расы, і зямля не дае сваіх утвораў. |
11. І я паклікаў суш на зямлю, на горы, на хлеб, на вінаградны сок, на алей і на ўсё, што родзіць зямля, і на чалавека і на быдла і на ўсякую ручную працу. |
12. І паслухаліся Зарававэль, сын Салафіілеў, і Ісус, сын Ясэдэкаў, і ўвесь астатні люд голасу Госпада Бога свайго і слоў Агея прарока, як пасланага Госпадам Богам іхнім, і люд убаяўся Госпада. |
13. Тады Агей, весьнік Гасподні, пасланы ад Госпада, сказаў люду: "Я з вамі! кажа Гасподзь". |
14. І абудзіў Гасподзь дух Зарававэля, сына Салавіілевага, упраўцы Юдэі, і дух Ісуса, сына Ясэдэкавага, вялікага іярэя, і дух усёй рэшты людзей — і яны прыйшлі і пачалі рабіць працу ў доме Госпада Саваофа, Бога свайго, |
Агей 2:1-23 |
1. На сёмым месяцы, у дваццаць першы дзень месяца, было слова Гасподняе праз Агея прарока: |
2. скажы цяпер Зарававэлю, сыну Салафіілеваму, упраўцу Юдэі, і Ісусу, сыну Ясэдэкаваму, вялікаму іярэю, і рэшце народу: |
3. хто застаўся паміж вамі, які бачыў гэты Дом у ранейшай ягонай славе, і якім вы бачыце яго цяпер? Ці ня ёсьць ён у вашых вачах як бы нічым? |
4. Але падбадзёрся сёньня, Зарававэль, кажа Гасподзь, падбадзёрся, Ісусе, сыне Ясэдэкаў, вялікі іярэй! падбадзёрся, увесь народзе зямлі, кажа Гасподзь, і рабеце працу, бо Я з вамі, кажа Гасподзь Саваоф. |
5. Запавет Мой, які Я заключыў з вамі пасьля выхаду вашага зь Егіпта, і дух Мой жыве сярод вас: ня бойцеся! |
6. Бо так кажа Гасподзь Саваоф: яшчэ раз,— і гэта будзе неўзабаве,— Я патрасу неба і зямлю, мора і сушу, |
7. і патрасу ўсе народы — і прыйдзе Жаданы ўсім народам, і напоўню Дом гэты славаю, кажа Гасподзь Саваоф. |
8. Маё срэбра і Маё золата, кажа Гасподзь Саваоф. |
9. Слава гэтага апошняга храма будзе большая, чым ранейшага, кажа Гасподзь Саваоф; і на месцы гэтым Я дам мір, кажа Гасподзь Саваоф. |
10. На дваццаць чацьвёрты дзень дзявятага месяца, на другім годзе Дарыя, было слова Гасподняе праз Агея прарока: |
11. так кажа Гасподзь Саваоф: спытайся ў сьвятароў пра закон і скажы: |
12. калі хто нёс сьвяшчэннае мяса ў крысе вопраткі сваёй і крысом сваім дакрануўся да хлеба, альбо да чаго-небудзь гатаванага, альбо да алею, альбо якой-небудзь ежы,— ці зробіцца гэта сьвяшчэнным? І адказвалі сьвятары і сказалі: не. |
13. Потым сказаў Агей: а калі дакранецца да ўсяго гэтага хто-небудзь апаганены ад дакрананьня да мерцьвяка, ці зробіцца гэта нячыстым? І адказвалі сьвятары і сказалі: будзе нячыстае. |
14. Тады адказваў Агей і сказаў: такі гэты народ, такое племя перад Мною, кажа Гасподзь, і такія ўсе дзеі рук іхніх! І што яны прыносяць там, усё нячыстае. |
15. Цяпер павярнеце сэрца ваша на час ад гэтага дня і назад, калі яшчэ ня быў пакладзены камень на камень у храме Гасподнім. |
16. Прыходзілі, бывала, да капіцы, якая можа прыносіць дваццаць мераў, і аказвалася толькі дзесяць; прыходзілі да чавільні, каб начэрпаць пяцьдзясят мераў з чавільні, а аказвалася толькі дваццаць. |
17. Караў Я вас іржою і блякласьцю хлеба і градам усю працу рук вашых глуміў; але вы не зьвярталіся да Мяне, кажа Гасподзь. |
18. Адвярнеце ж сэрца ваша на час ад гэтага дня і назад, ад дваццаць чацьвёртага дня дзявятага месяца, ад таго дня, калі закладзены быў храм Гасподні; адвярнеце сэрца ваша: |
19. ці ёсьць яшчэ ў засеках насеньне? Дагэтуль ні вінаградная лаза, ні смакоўніца, ні гранатавае дрэва, ні масьліна не давалі плоду; а з гэтага дня я дабраслаўляю іх. |
20. І было слова Гасподняе да Агея другі раз у дваццаць чацьвёрты дзень месяца, і сказана: |
21. скажы Зарававэлю, упраўцу Юдэі: патрасу Я неба і зямлю; |
22. і скіну троны царстваў і вынішчу сілу царстваў язычніцкіх, перакулю калясьніцы і тых, што сядзяць на іх, і скінутыя будуць коні і верхаўцы іхнія, кожны мечам другога. |
23. У той дзень, кажа Гасподзь Саваоф, Я вазьму цябе, Зарававэль, сыне Салафіілеў, раб Мой, кажа Гасподзь, і буду трымаць цябе як пячатку, бо Я выбраў цябе, кажа Гасподзь Саваоф. |
Псалмы 146:7-8 |
7. Сьпявайце па чарзе славаслоўе Госпаду; грайце Богу нашаму на арфе. |
8. Ён засьцілае неба хмарамі, рыхтуе зямлі дождж, росьціць на горах траву; |
Прытчы 30:20-20 |
20. Такі шлях і ў жонкі-пералюбніцы; паела і выцерла рот свой, і кажа: "я нічога благога не зрабіла". |
Откровение 15:1-8 |
1. І ўбачыў я іншую азнаку на небе, вялікую і дзівосную — сем анёлаў, якія мелі сем апошніх пошасьцяў, якімі завяршаўся гнеў Божы. |
2. І бачыў я нібыта шкляное мора, зьмяшанае з вагнём; і тыя, што перамаглі зьвера і вобраз ягоны, і кляймо ягонае і лічбу імя ягонага, стаяць на гэтым шкляным моры, трымаючы гусьлі Божыя, |
3. і сьпяваюць песьню Майсея, раба Божага, і песьню Ягняці, кажучы: вялікія і дзівосныя дзеі Твае, Госпадзе, Божа Ўсемагутны! праведныя і праўдзівыя шляхі Твае, Цару сьвятых! |
4. Хто не ўбаіцца Цябе, Госпадзе, і не праславіць імя Твайго? Бо Ты адзін сьвяты. Усе народы прыйдуць і схіляцца прад Табою, бо адкрыліся суды Твае. |
5. І пасьля гэтага я глянуў, і вось, адчыніўся храм скініі сьведчаньня ў небе, |
6. і выйшлі з храма сем анёлаў, і мелі яны сем пошасьцяў, адзетыя ў чыстыя і сьветлыя ільняныя шаты і аперазаныя па грудзях залатымі паясамі. |
7. І адна з чатырох жывых істотаў дала сямі анёлам сем залатых чараў, напоўненых гневам Бога, Які жыве ва векі вечныя. |
8. І напоўніўся храм дымам ад славы Божае і ад сілы Ягонай, і ніхто ня мог увайсьці ў храм, пакуль не закончыліся сем пошасьцяў сямі анёлаў. |