Навум 1:1-15 |
1. Прароцтва пра Нінэвію; кніга ўяваў Навума Элкасэяніна. |
2. Гасподзь ёсьць Бог руплівец і помсьнік; помсьнік Гасподзь і страшны ў гневе: помсьнік Гасподзь ворагам Сваім, і ня зьлітуецца з супраціўцаў Сваіх. |
3. Гасподзь шматцярплівы і вялікі магутнасьцю і не пакідае без пакараньня; у віхуры і ў буры шэсьце Госпада, воблака — пыл ад ног Ягоных. |
4. Загадае Ён мору — і яно высыхае, і ўсе рэкі перасыхаюць; вяне Васан і Карміл, і блякне квет на Ліване. |
5. Горы трасуцца перад Ім, і пагоркі растаюць, і зямля хістаецца перад абліччам Ягоным, і сусьвет і ўсе, што жывуць на ёй. |
6. Перад абурэньнем Яго хто ўстоіць? І хто сьцерпіць полымя гневу Яго? Гнеў Яго разьліваецца як агонь; скалы распадаюцца перад Ім. |
7. Добры Гасподзь, — прыстанак у дзень скрухі — і ведае тых, што на Яго спадзяюцца, |
8. але ўсепатопным павадкам разбурыць дашчэнту Нінэвію, і ворагаў Яго спасьцігне морак. |
9. Што намышляеце вы супроць Госпада? Ён учыніць зьнішчэньне, і бедства ўжо не паўторыцца. |
10. бо пераплеценыя паміж сабою, як цярноўнік і ўпітыя, як пэяніцы, яны пажэртыя будуць начыста, як сухая салома. |
11. Зь цябе павёўся той, хто намысьліў ліхое супроць Госпада, хто склаў змову бязбожную. |
12. Так кажа Гасподзь: хоць яны бясьпечныя і шматлікія, але яны будуць пасечаны і зьнікнуць; а цябе, хоць Я абцяжарваў, больш абцяжарваць ня буду. |
13. І сёньня Я скрышу ярмо ягонае, якое ляжыць на табе, і путы твае парву. |
14. А пра цябе, Асур, Гасподзь вызначыў: ня будзе болей насеньня з тваім імем; з дома бога твайго зьнішчу балваноў і куміраў, падрыхтую табе ў ім магілу, бо ты будзеш у пагардзе. |
15. Вось, на горах — ступакі дабравесьніка, які абвяшчае мір: сьвяткуй, Юдэя, сьвяты твае, выконвай твае абяцаньні, бо ня будзе болей праходзіць па табе бязбожнік: ён зусім зьнішчаны. |
Навум 2:1-13 |
1. Падымаецца на цябе разбуральнік: ахоўвай цьвярдыні, ахоўвай дарогу, умацуй сьцёгны, зьбірай сілу. |
2. Бо адновіць Гасподзь веліч Якава, як веліч Ізраіля, бо спустошылі іх спусташальнікі і вінаградныя галіны іх вынішчылі. |
3. Шчыт герояў ягоных прыгожы; воіны яго ў адзеньні барвовым; агнём блішчаць калясьніцы ў дзень падрыхтоўкі да бою, і лес дзідаў хвалюецца. |
4. Па вуліцах нясуцца калясьніцы, грымяць на плошчах; бляск ад іх, як ад агню; бліскаюць, як маланкі. |
5. Ён выклікае адважных сваіх, але яны спатыкаюцца на хаду сваім; сьпяшаюцца на муры горада, але аблога наладжана ўжо. |
6. Рачная брама адчыняецца, а палац разбураецца. |
7. Вырашана: яна будзе аголена і зьведзена ў палон, і рабыні яе будуць стагнаць, як галубы, бэючы сябе ў грудзі. |
8. Нінэвія з часу свайго існаваньня была як сажалка, запоўненая вадою, а яны бягуць. "Стойце, стойце!" Але ніхто не азіраецца. |
9. Рабуйце срэбра, рабуйце золата! няма канца запасам усякага каштоўнага начыньня. |
10. Разрабавана, спустошана і спляжана яна, — і растае сэрца, калені трасуцца; ва ўсіх сьцёгнах моцны боль, і твары ва ўсіх пацямнелі. |
11. Дзе цяпер логвішча ільвоў і тая паша для ільвянят, па якой хадзіў леў, ільвіца і львяня, і ніхто не палохаў іх, |
12. леў, які хапае для насычэньня шчанюкоў сваіх і душыць для ільвіц сваіх, і напаўняе здабычаю пячоры свае і логвішчы свае — схопленым? |
13. Вось Я — на цябе! кажа Гасподзь Саваоф. І спалю ў дыме калясьніцы твае, і меч зжарэ ільвянят тваіх, і зьнішчу зь зямлі здабычу тваю, і ня будзе болей чуцен голас паслоў тваіх. |
Навум 3:1-19 |
1. Гора гораду крыві! увесь ён поўны падману і забойства; ня спыняецца ў ім рабунак. |
2. Чутно, як ляскае біч і стукаюць, круцяцца колы, іржэ конь і грукоча на скаку калясьніца. |
3. Імчыцца коньніца, бліскае меч і блішчаць дзіды; забітых мноства і груды трупаў: няма канца трупам, спатыкаюцца аб трупы іх. |
4. Гэта — за многія блудадзействы распусьніцы прыемнай зьнешнасьці, спрактыкаванай у чарадзействе, якая блудадзействамі сваімі прадае народы і чарадзействамі сваімі — плямёны. |
5. Вось Я — на цябе! кажа Гасподзь Саваоф. І падыму на аблічча тваё краі вопраткі тваёй, і пакажу народам галізну тваю і царствам сарамату тваю. |
6. І закідаю цябе мярзотамі, зраблю цябе пагарджанаю і выстаўлю цябе на паглум. |
7. І будзе тое, што ўсякі, убачыўшы цябе, пабяжыць ад цябе і скажа: "спустошана Нінэвія! Хто пашкадуе яе? дзе знайду я суцешнікаў табе?" |
8. Хіба ты лепшы за Но-Амона, які ляжыць паміж рэкамі, акружаны вадою, валам якога было мора, і мора служыла сьцяною яму? |
9. Эфіопія і Егіпет зь безьлічным мноствам іншых служылі яму падмацаваньнем; Копты і Лівійцы прыходзілі на дапамогу табе. |
10. Але і ён пераселены, пайшоў у палон; нават немаўляты яго перабітыя на скрыжаваньнях усіх вуліц, а на знакамітых яго кідалі жэрабя, і усе вяльможы яго скаваны ланцугамі. |
11. Так і ты — спэянееш і зьнікнеш; так і ты будзеш шукаць абароны ад няпрыяцеля. |
12. Усе ўмацаваньні твае падобныя на смакоўніцу са сьпелымі пладамі: калі страсянуць іх, дык яны ўпадуць проста ў рот таму, хто хоча есьці. |
13. Вось, і народ твой — як жанчыны ў цябе: ворагам тваім разнасьцежацца брамы зямлі тваёй, агонь зжарэ замкі твае. |
14. Начэрпай вады на час аблогі; мацуй крэпасьці твае; ідзі ў бруд, тапчы гліну, папраў печ для абпалу цэглы. |
15. Там зжарэ цябе агонь, пасячэ цябе меч, паесьць цябе, як вусень, хоць бы ты і памножыўся, як вусень, памножыўся, як саранча. |
16. Купцоў у цябе стала больш, чым зорак на небе; але гэтая саранча расьсеецца і паляціць. |
17. Князі твае — як саранча, і ваеначальнікі твае — як раі мошак, якія ў час холаду гняздуюцца ў шчылінах сьцен, і калі ўстане сонца, дык разьлятаюцца, — і не пазнаеш месца, дзе яны былі. |
18. Сьпяць пастары твае, цар Асірыйскі, пакояцца вяльможы твае; народ твой расьсеяўся па горах, і няма каму сабраць яго. |
19. Няма лекаваньня ране тваёй, хваравітая пошасьць твая. Усе, хто пачуў вестку пра цябе, будуць пляскаць у далоні за цябе, бо на каго не пашыралася бесьперастанку злосьць твая? |
Псалмы 144:17-21 |
17. Праведны Гасподзь на ўсіх дарогах Сваіх і добры ва ўсіх дзеях Сваіх. |
18. Блізкі Гасподзь да ўсіх, хто кліча Яго, да ўсіх, хто кліча Яго ў праўдзе. |
19. Жаданьне тых, што баяцца Яго, Ён выконвае, скаргі іхнія чуе, і ратуе іх. |
20. Асланяе Гасподзь усіх, хто любіць Яго, а ўсіх бязбожных зьнішчае. |
21. Вусны мае вымавяць хвалу Гасподнюю, і хай дабраслаўляе ўсякае цела сьвятое імя Ягонае вечна. |
Прытчы 30:16-16 |
16. Апраметная і нутроба бясплодная, зямля, якая не насычаецца вадою, і агонь, які ня кажа: "даволі!". |
Откровение 12:1-17 |
1. І зьявілася на небе вялікая азнака — жанчына, адзетая ў сонца; пад нагамі ў яе месяц, і на галаве ў яе вянок з дванаццаці зорак. |
2. Яна мела ва ўлоньні і крычала ад болю і родавых пакутаў. |
3. І другая азнака зьявілася на небе: вось, вялікі чырвоны цмок зь сямю галовамі і дзесяцьцю рагамі, і на галовах у яго сем дыядэм; |
4. хвост ягоны звалок зь неба траціну зорак і кінуў іх на зямлю. Цмок гэты стаў перад жанчынаю, якая мелася радзіць, каб, калі яна народзіць, зжэрці яе дзіця. |
5. І нарадзіла яна дзіця мужчынскага полу, якому належыць пасьвіць усе народы жазлом жалезным; і ўзята было дзіця да Бога і да трона Ягонага. |
6. А жанчына ўцякла ў пустыню, дзе прыгатавана было ёй месца ад Бога, каб кармілі яе там тысячу дзьвесьце шасьцьдзясят дзён. |
7. І адбылася на небе вайна: Міхаіл і анёлы ягоныя ваявалі супроць цмока, і цмок і анёлы ягоныя ваявалі супроць іх, |
8. але ня ўстоялі, і не знайшлося ўжо ім месца на небе. |
9. І скінуты быў вялікі цмок, старавечны зьмей, называны д’яблам і сатаною, змусьціцель усяго сьвету, скінуты на зямлю, і анёлы ягоныя скінуты зь ім. |
10. І пачуў я гучны голас, які гаварыў на небе: цяпер настала збавеньне і сіла і царства Бога нашага і ўлада Хрыста Ягонага, бо скінуты паклёпнік братоў нашых, які паклёпнічаў на іх перад Богам нашым дзень і ноч; |
11. яны перамаглі яго крывёю Ягняці і словам сьведчаньня свайго і не палюбілі душаў сваіх нават да сьмерці. |
12. Дык вось, весялецеся, нябёсы і насельнікі іх! Гора тым, што жывуць на зямлі і ў моры, бо да вас сышоў д’ябал у вялікай лютасьці, ведаючы, што ня многа яму застаецца часу! |
13. А калі цмок убачыў, што скінуты на зямлю, пачаў перасьледаваць жанчыну, якая нарадзіла дзіця мужчынскага полу. |
14. І дадзены былі жанчыне два крылы вялікага арла, каб яна ляцела ў пустыню ў месца сваё ад аблічча зьмея і там кармілася час, часы і паўчасу. |
15. І пусьціў зьмей з пашчы сваёй усьлед жанчыне ваду як раку, каб паглынуць яе ракою. |
16. Але зямля памагла жанчыне, і адкрыла зямля вусны свае і паглынула раку, якую пусьціў цмок з пашчы сваёй. |
17. І раз’яюшыўся цмок на жанчыну і пайшоў, каб уступіць у бойку з астатнімі ад насеньня яе, якія захоўваюць запаведзі Божыя і маюць сьведчаньне Ісуса Хрыста. |