A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Снежні 21

Міхей 6:1-16
1. Слухайце, што кажа Гасподзь; устань, судзіся перад гарамі, і пагоркі няхай чуюць голас твой!
2. Слухайце, горы, суд Гасподні, і вы, цьвёрдыя асновы зямлі, бо ў Госпада — суд з народам Сваім, і зь Ізраілем Ён спаборні-чае.
3. Народзе мой! што зрабіў Я табе і чым абцяжарваў цябе? адказвай Мне.
4. Я вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай і выкупіў цябе з дома рабства і паслаў перад табою Майсея, Арона і Марыям.
5. Народзе Мой! успомні, што намышляў Валак, цар Маавіцкі, і што адказваў яму Валаам, сын Вэораў і што рабілася ад Сітыма да Галгалаў, каб спазнаць табе праведня дзеі Гасподнія.
6. "З чым стаць мне перад Госпадам, пакланіцца перад Богам Нябесным? Ці стаць перад Ім з цэласпаленьнямі, зь цялятамі-аднагодкамі?
7. Але ці можна дагадзіць Госпаду тысячамі бараноў альбо безьлічнымі патокамі алею? Ці ж бо дам Яму першынца майго за злачынства маё і плод чэрава майго — за грэх душы маёй?"
8. О, чалавеча! сказана табе, што — дабро, і чаго патрабуе ад цябе Гасподзь: дзейнічаць справядліва, любіць справы міласэрнасьці і пакорнамудра хадзіць перад Богам тваім.
9. Голас Госпада кліча да горада, і мудрасьць нямее перад імем Тваім: слухайце жазло і Таго, хто паставіў яго.
10. Ці не знаходзяцца і цяпер у доме ў бязбожнага скарбы бязбожнасьці і паменшаная мера, агідная?
11. Ці магу я быць чысты з вагамі няправільнымі і з падманнымі гірамі ў торбе?
12. Так і гэтак багацеі яго поўныя няпраўды, і жыхары яго кажуць ману, і язык іхні ёсьць падман у вуснах іхніх,
13. дык і Я нявылечна ўражу цябе спусташэньнем за грахі твае.
14. Ты будзеш есьці — і ня будзеш сыты; пустата будзе ўсярэдзіне ў цябе; будзеш ашчаджаць, але не ашчадзіш, а што ашчадзіш, тое аддам мечу.
15. Будзеш сеяць, а жаць ня будзеш; будзеш чавіць алівы — і ня будзеш умашчвацца алеем; начавіш вінаграднага соку, а віна піць ня будзеш.
16. Захаваліся ў вас звычаі Аўрамія і ўсе справы дому Ахававага, і вы робіце паводле парадаў іхніх; і аддам Я цябе спусташэньню і жыхароў тваіх — пасьмяяньню, і вы панесяце нагану народу Майго.

Міхей 7:1-20
1. Гора мне! бо са мною цяпер — як пасьля збору летніх пладоў, як пасьля збору вінаграду: ніводнай ягадзіны на ежу, ні сьпелага плоду, якога жадае душа мая.
2. Ня стала міласэрных на зямлі, няма праўдзівых сярод людзей; усе куюць змусты, каб праліваць кроў; кожны ставіць на брата свайго сетку.
3. Рукі іхнія павернуты на тое, каб умець рабіць ліха; начальнік патрабуе дарункаў, і судзьдзя судзіць за хабар, а вяльможы выказваюць благія хаценьні душы сваёй і перакручваюць справу.
4. Лепшы зь іх — як цёрн і справядлівы — горшы за калючы плот. Дзень узьвяшчальнікаў Тваіх, адведзіны Твае настаюць; сёньня спасьцігне іх бянтэжа.
5. Ня верце сябру, не пакладайцеся на прыяцеля; ад той, што ляжыць на ўлоньні тваім, ахоўвае дзьверы вуснаў тваіх.
6. Бо сын ганьбуе бацьку, дачка паўстае супроць маці, нявестка — супроць сьвякрові сваёй; ворагі чалавека — хатнія ягоныя.
7. А я буду глядзець на Госпада, спадзявацца на Бога выратаваньня майго: Бог мой пачуе мяне.
8. Ня радуйся дзеля мяне, непрыяцелька мая! хоць я ўпаў, але ўстану; хоць я ў змроку, але Гасподзь сьвятло мне.
9. Гнеў Гасподні я буду несьці, бо зграшыў перад Ім, пакуль Ён ня вырашыць справы маёй і ня ўчыніць суд над мною; тады Ён вывядзе мяне на сьвятло, і я ўбачу праўду Ягоную.
10. І ўгледзіць гэта непрыяцелька мая, і сорам пакрые яе, якая казала мне: "дзе Гасподзь Бог твой?" Нагледзяцца на яе вочы мае, як яна будзе таптаная быццам бруд на вуліцах.
11. У дзень збудаваньня сьценаў тваіх — у гэты дзень аддаліцца вызначэньне.
12. У той дзень прыйдуць да цябе з Асірыі і гарадоў Егіпецкіх, і ад Егіпта да ракі Еўфрата, і ад мора да мора, і ад гары да гары.
13. А зямля тая будзе пустыняю за віну жыхароў яе, за плады дзеяў іхніх.
14. Пасьві народ Твой жазлом Тваім, авечак спадчыны Тваёй, якія жывуць самотна ў лесе сярод Карміла; хай пасьвяцца яны на Васане і Галаадзе, як у дні старадаўнія!
15. Як у дні зыходу твайго зь зямлі Егіпецкай, яўлю яму дзівосныя дзеі.
16. Убачаць гэта народы і пасаромеюцца пры ўсёй магутнасьці сваёй: пакладуць руку на вусны, вушы іх зробяцца глухімі;
17. будуць лізаць пыл, як зьмяя, як чэрві зямныя выпаўзуць яны з умацаваньняў сваіх; збаяцца Госпада Бога нашага, і збаяцца Цябе.
18. Хто Бог, як Ты, Які выбачаеш беззаконьне і не залічваеш злачынствы астатку спадчыны Тваёй? ня вечна гневаецца Ён, бо любіць літаваць.
19. Ён зноў умілажаліцца з нас, загладзіць беззаконьні нашыя. Ты ўкінеш у багну марскую ўсе грахі нашыя.
20. Ты явіш вернасьць Якаву, літасьць Абрагаму, якую з клятваю абяцаў бацькам нашым ад дзён першых.

Псалмы 144:10-16
10. Хай славяць Цябе, Госпадзе, усе дзеі Твае, і хай дабраслаўляюць Цябе сьвятыя Твае;
11. хай прапаведуюць славу царства Твайго і распавядаюць пра магутнасьць Тваю,
12. каб перадаць сынам чалавечым пра моц Тваю і пра слаўную веліч царства Твайго.
13. Царства Тваё — царства ўсіх вякоў, і валадарства Тваё — ва ўсе роды.
14. Гасподзь падтрымлівае ўсіх, хто падае, і падымае ўсіх, хто ўпаў.
15. Вочы ўсіх спадзяюцца на Цябе, і Ты даеш ім ежу сваім часам;
16. адкрываеш руку Тваю і корміш усіх жывых па добрай волі.

Прытчы 30:15-15
15. У ненаеднасьці дзьве дачкі: "давай, давай"! Вось тры ненаяды, і ча­тыры, якія ня скажуць: "даволі!"

Откровение 11:1-19
1. І дадзена мне трысьціна, падобная да жазла, і сказана: устань, абмерай храм Божы і ахвярнік, і тых, што пакланяюцца ў ім;
2. а зьнешні двор храма выключы і не абмярай яго, бо ён дадзены язычнікам: яны будуць таптаць сьвяты горад сорак два месяцы.
3. І дам двум сьведкам Маім, і яны будуць прарочыць тысячу дзьвесьце шасьцьдзясят дзён, апранутыя ў вярэту.
4. Гэта — дзьве масьліны і два сьветачы, што стаяць прад Богам зямлі.
5. І калі хто захоча іх скрыўдзіць, дык вагонь выйдзе з вуснаў іхніх і зжарэ ворагаў іхніх; калі хто захоча іх скрыўдзіць, той мусіць быць забіты.
6. Яны маюць уладу зачыніць неба, каб ня падаў дождж на зямлю ў дні прарочаньня іхняга, і маюць уладу над водамі — ператварыць іх у кроў і пабіваць зямлю рознымі пошасьцямі, калі толькі захочуць.
7. І калі закончаць яны сьведчаньне сваё, зьвер, які выходзіць зь бездані, павядзе бітву зь імі, і пераможа іх, і заб’е іх,
8. і трупы іхнія пакіне на вуліцы вялікага горада, які духоўна называецца Садома і Егіпет, дзе і Гасподзь наш укрыжаваны.
9. І многія з народаў і каленаў, і родаў і плямёнаў будуць глядзець на трупы іхнія тры дні з палавінаю і не дазволяць пакласьці трупы іхнія ў магілы.
10. І насельнікі зямныя будуць радавацца з гэтага і весяліцца, і пашлюць дарункі адно аднаму, бо два прарокі гэтыя мучылі насельнікаў зямлі.
11. Але праз тры дні з палавінаю ўвайшоў у іх дух жыцьця ад Бога, і яны абодва ўсталі на ногі свае; і вялікі страх агарнуў тых, што глядзелі на іх.
12. І пачулі яны зь неба гучны голас, які казаў ім: узыдзеце сюды. І яны ўзышлі на неба на хмары, і глядзелі на іх ворагі іхнія.
13. І ў тую самую хвіліну стаўся вялікі землятрус, і дзясятая частка горада зруйнавалася, і загінула пры землятрусе сем тысяч імёнаў чалавечых; а астатнія былі апанаваныя жудасьцю і ўзьнесьлі славу Богу Нябеснаму.
14. Другое гора прайшло; вось, ідзе неўзабаве трэцяе гора.
15. І сёмы анёл затрубіў, і залуналі на небе гучныя галасы, якія казалі: царства сьвету зрабілася Царствам Госпада нашага і будзе валадарыць ва векі вечныя.
16. І дваццаць чатыры старцы, што сядзелі перад Госпадам на тронах сваіх, упалі ніцма і пакланіліся Богу,
17. кажучы: дзякуем Табе, Госпадзе Божа Ўсеўладны, Які ёсьць і быў і прыйдзеш, што Ты прыняў сілу Тваю вялікую і заваладарыў.
18. І разьюшыліся язычнікі; і прыйшоў гнеў твой і час судзіць мёртвых і даць адплату рабам Тваім, прарокам і сьвятым і тым, што баяцца імя Твайго, малым і вялікім, і пагубіць тых, што губілі зямлю.
19. І расчыніўся храм Божы на небе, і зьявіўся каўчэг запавету Ягонага ў храме Ягоным; і ўчыніліся маланкі і галасы, і грымоты і землятрусы і вялікі град.