A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Снежні 17

Аўдзей 1:1-21
1. Уява Аўдзею. Так кажа Гасподзь Бог пра Эдома: вестку пачулі мы ад Госпада, і пасол пасланы абвясьціць народам: "уставайце, і пойдзем супраць яго вайною!"
2. Вось, Я зрабіў цябе малым сярод народаў, і ты ў вялікай пагардзе.
3. Ганарыстасьць сэрца твайго падманула цябе; ты жывеш у расколінах скал на ўзвышаным месцы і кажаш у сэрцы тваім: "хто скіне мяне на зямлю?"
4. Але хоць бы ты, як арол, падняўся высока і сярод зорак зладзіў гняздо тваё, дык і адтуль Я скіну цябе, кажа Гасподзь.
5. Ці ня злодзеі прыходзілі да цябе, ці не начныя рабаўнікі, што ты так абабраны? Але яны ўкралі б столькі, колькі ім трэба. Калі б да цябе залезьлі абіральнікі вінаграду, дык і яны ці ж бы не пакінулі некалькіх ягадзін?
6. Як абабрана ўсё ў Ісава і абшуканы ўсе патайнікі ягоныя!
7. Да мяжы выведуць цябе ўсе супольнікі твае, ашукаюць цябе, адолеюць цябе тыя, што жывуць з табою ў міры, удараць цябе тыя, што хлеб твой ядуць. Няма ў ім сэнсу!
8. Ці ня ў той дзень гэта будзе, кажа Гасподзь, калі Я вынішчу мудрых у Эдоме і разумных на гары Ісава?
9. Працятыя будуць страхам адважнікі твае, Фэман, каб усе на гары Ісава вынішчаны былі забойствам.
10. За ўціск брата твайго, Якава, пакрые цябе сорам, і ты зьнішчаны будзеш назаўсёды.
11. У той дзень, калі ты стаяў насупраць, у той дзень, калі чужынцы вялі войска ягонае ў палон і іншапляменцы ўвайшлі ў браму ягоную і кінулі жэрабя на Ерусалім, ты быў як адзін зь іх.
12. Ня варта было б табе глядзець на дзень брата твайго, на дзень адчужэньня яго; ня варта было б радавацца за сыноў Юды ў дзень іхняй пагібелі і разьзяўляць рот у дзень бедства.
13. Ня трэба было табе ўваходзіць у браму народу Майго ў дзень няшчасьця яго і нават глядзець на злашчасьце яго ў дзень пагібелі ягонай, ні дакранацца да маёмасьці ягонай у дзень бедства ягонага.
14. Ні стаяць на ростанях, каб забіваць тых, што ўцякалі ад яго, ні выдаваць ацалелых ад яго ў дзень бедства.
15. Бо блізкі дзень Гасподні на ўсе народы: як ты рабіў, так будзе зроблена і з табою; аддача твая абернецца на галаву тваю.
16. Бо як вы пілі на сьвятой гары Маёй, так усе народы заўсёды піцьмуць, будуць піць, праглынуць і будуць — як бы іх ня было.
17. А на гары Сіёне будзе збавеньне, і будзе яна сьвятыняю; і дом Якава атрымае ва ўладаньне спадчыну сваю.
18. І дом Якава будзе агнём і дом Язэпа — полымем, а дом Ісава — саломаю: запаляць яго і зьнішчаць яго, і нікога не застанецца з дому Ісава, бо Гасподзь сказаў гэта.
19. І завалодаюць тыя, што на поўдзень, гарою Ісава, а якія ў даліне — Філістымлянамі; і завалодаюць полем Яфрэма і полем Самарыі, а Веньямін завалодае Галаадам.
20. І пераселеныя з войска сыноў Ізраілевых завалодаюць зямлёю Хананэйскаю да Сарэпты, а пераселеныя зь Ерусаліма, якія ў Сэфарадзе, атрымаюць у валоданьне гарады паўднёвыя.
21. І прыйдуць ратавальнікі на гару Сіён, каб судзіць гару Ісава, — і будзе царства Госпада.

Псалмы 142:7-12
7. Хутчэй пачуй мяне, Госпадзе: дух мой зьнемагае; не хавай аблічча Твайго ад мяне, каб я не спадобіўся тым, што ў магілу ідуць.
8. Дай мне рана пачуць ласку Тваю, бо я на Цябе спадзяюся. Пакажы мне, Госпадзе, дарогу, па якой мне ісьці, бо да Цябе я ўзношу душу маю.
9. Вызвалі мяне, Госпадзе, ад ворагаў маіх; да Цябе прыбягаю.
10. Навучы мяне выконваць волю Тваю, бо Ты — Бог мой; Дух Твой добры вядзе мяне ў зямлю праўды.
11. Дзеля імя Твайго, Госпадзе, ажыві мяне; дзеля праўды Тваёй выведзі зь нягоды душу маю
12. і зь літасьці Тваёй зьлічы ворагаў маіх, і загубі ўсіх, што ўціскаюць душу маю, бо я — Твой раб.

Прытчы 30:5-5
5. Кожнае слова ў Бога чыстае; Ён — шчыт тым, хто на яго спадзяецца.

Откровение 7:1-17
1. І пасьля гэтага бачыў я чатырох анёлаў, якія стаялі на чатырох кутах зямлі і трымалі чатыры вятры зямлі, каб ня веяў вецер ні на зямлю, ні на мора, ні на якое дрэва.
2. І бачыў я іншага анёла, што ўзыходзіў з усходу сонца і меў пячатку Бога жывога. І ўсклікнуў ён гучным голасам да чатырох анёлаў, якім дадзена шкодзіць зямлі і мору, кажучы:
3. не рабеце шкоды ні зямлі, ні мору, ні дрэвам, пакуль не накладзём пячаткі на ілбы рабам Бога нашага.
4. І я чуў лік запячатаных: запячатаных было сто сорак чатыры тысячы з усіх каленаў сыноў Ізраілевых.
5. З калена Юды запячатана дванаццаць тысяч; з калена Рувімавага запячатана дванаццаць тысяч; з калена Гадавага запячатана дванаццаць тысяч;
6. з калена Асіравага запячатана дванаццаць тысяч; з калена Нэфталімавага запячатана дванаццаць тысяч; з калена Манасіінага запячатана дванаццаць тысяч;
7. з калена Сымонавага запячатана дванаццаць тысяч; з калена Левія запячатана дванаццаць тысяч; з калена Ісахаравага запячатана дванаццаць тысяч;
8. з калена Завулонавага запячатана дванаццаць тысяч; з калена Язэпавага запячатана дванаццаць тысяч; з калена Веньямінавага запячатана дванаццаць тысяч.
9. Пасьля гэтага зірнуў я, і вось, вялікае мноства людзей, якога ніхто ня мог палічыць, з усіх плямёнаў і каленаў, і народаў і родаў стаяла перад тронам і перад Ягнём у белым адзеньні і з пальмавымі галінкамі ў руках сваіх.
10. І ўсклікалі гучным голасам, кажучы: збавеньне Богу нашаму, Які сядзіць на троне, і Ягняці!
11. І ўсе анёлы стаялі вакол трона і старцаў і чатырох жывых істотаў, і ўпалі ніцма перад тронам, і пакланіліся Богу,
12. кажучы: амін! дабраславеньне і слава, і мудрасьць і падзяка, і гонар і сіла і моц Богу нашаму на векі вечныя! Амін.
13. І, пачаўшы прамову, адзін старац спытаўся ў мяне: гэтыя апранутыя ў белую адзежу, хто, і адкуль прыйшлі?
14. Я сказаў яму: ты ведаеш, уладару. І ён сказаў мне: гэта тыя, якія прыйшлі ад вялікае скрухі; яны абмылі вопратку сваю і адбялілі вопратку сваю Крывёю Ягняці.
15. За гэта яны цяпер перад тронам Бога і служаць Яму дзень і ноч у храме Ягоным, і Той, Хто сядзіць на троне, будзе жыць у іх.
16. Яны ня будуць ужо ні голаду ні смагі цярпець, і ня будзе паліць іх сонца, і ніякая сьпёка;
17. бо Ягня, Якое пасярод трона, будзе пасьвіць іх і вадзіць іх на жывыя крыніцы водаў, і вытра Бог кожную сьлязіну з вачэй іхніх!