Aмаc 1:1-15 |
1. Словы Амоса, аднаго пастуха Тэкойскага, якія ён чуў ва ўяве пра Ізраіля ў дні Азіі, цара Юдэйскага і ў дні Ераваама, сына Ёасавага, цара Ізраільскага, за два гады перад землятрусам. |
2. І сказаў ён: Гасподзь загрыміць зь Сіёна і дасьць голас Свой зь Ерусаліма, — і заплачуць халупы пастухоў, і высахне вяршыня Карміла. |
3. Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Дамаска і за чатыры не пашкадую яго, бо яны малацілі Галаад жалезнымі цапамі. |
4. І пашлю агонь на дом Азаіла,- і зжарэ ён харомы Вэнадада. |
5. І скрышу замкі Дамаска і зьнішчу жыхароў даліны Авэн і таго, хто трымае жазло — з дому Эдэнавага, і пойдзе народ Арамейскі ў палон у Кір, кажа Гасподзь. |
6. Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Газы і за чатыры не пашкадую яе, бо яны вывелі ўсіх у палон, каб аддаць іх Эдому. |
7. І пашлю агонь у сьцены Газы, — і зжарэ харомы яе. |
8. І зьнішчу жыхароў Азота і таго, які трымае жазло ў Аскалоне, і павярну руку Маю на Экрон, — і загіне рэшта Філістымлянаў, кажа Гасподзь Бог. |
9. Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Тыра і за чатыры не пашкадую яго, бо яны аддалі ўсіх палонных Эдому і не згадалі пра братэрскае спрымірэньне. |
10. Пашлю агонь у сьцены Тыра, — і зжарэ харомы яго. |
11. Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Эдома і за чатыры не пашкадую яго, бо ён перасьледаваў брата свайго мечам, прыдушыў пачуцьці роднасьці, лютаваў пастаянна ў гневе сваім і заўсёды захоўваў лютасьць сваю. |
12. І пашлю агонь на Тэман,- і зжарэ харомы Васора. |
13. Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы сыноў Амонавых і за чатыры не пашкадую іх, бо яны расьціналі цяжарных у Галаадзе, каб пашырыць межы свае. |
14. І запалю агонь у сьценах Равы, — і зжарэ харомы яе сярод крыку ў дзень бітвы, зь віхураю ў дзень буры. |
15. І пойдзе цар іхні ў палон, ён і князі ягоныя разам зь ім, кажа Гасподзь. |
Aмаc 2:1-16 |
1. Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Маава і за чатыры не пашкадую яго, бо ён перапаліў косткі цара Эдомскага на вапну. |
2. І пашлю агонь на Маава,- і зжарэ харомы Карыота, і загіне Мааў сярод разгрому з шумам пад гук трубы. |
3. Зьнішчу судзьдзю з асяродзьдзя яго і ўсьмерчу ўсіх князёў яго разам зь ім, кажа Гасподзь. |
4. Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Юды і за чатыры не пашкадую яго, бо адкінулі закон Гасподні і пастановаў Яго не захавалі, і ідалы іхнія, сьледам за якімі хадзілі бацькі іхнія, зьвярнулі іх з дарогі. |
5. І пашлю агонь на Юду,- і зжарэ харомы Ерусаліма. |
6. Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Ізраіля і за чатыры не пашкадую яго, бо прадаюць праўдзівага за срэбра і беднага — за пару сандаляў. |
7. Прагнуць, каб пыл зямны быў на галаве ў бедных, і шлях паслухмяных скрыўляюць; нават бацька і сын ходзяць да адной жанчыны, каб няславіць сьвятое імя Маё. |
8. На вопратцы, узятай пад заклад, ляжаць каля кожнага ахвярніка, і віно, спаганянае з абвінавачаных, пэюць у доме багоў сваіх. |
9. А Я зьнішчыў перад абліччам іх Амарэя, вышыня якога была як вышыня кедра, і які быў моцны як дуб; Я зьнішчыў плод яго наверсе і карэньне яго ўнізе. |
10. А вас Я вывеў зь зямлі Егіпецкай і вадзіў вас у пустыні сорак гадоў, каб вы ўспадкавалі зямлю Амарэйскую. |
11. З сыноў вашых Я выбіраў у прарокі і з хлопцаў вашых — у назарэі; ці ж ня так гэта, сыны Ізраіля? кажа Гасподзь. |
12. А вы назарэяў паілі віном і прарокам загадвалі, кажучы: не прарочце. |
13. Вось, Я прыцісну вас, як цісьне калясьніца, накладзеная снапамі,- |
14. і ва ўвішнага ня станецца сілы бегчы, і моцны ня ўтрымае крэпасьці сваёй і адважны не ўратуе свайго жыцьця, |
15. ні стралец з лука ня ўстоіць, ні скараход не ўцячэ, ні кожны верхавец не ўратуе свайго жыцьця. |
16. І самы адважны з адважных уцячэ голы ў той дзень, кажа Гасподзь. |
Aмаc 3:1-15 |
1. Слухайце слова гэтае, якое Гасподзь прамовіў на вас, сыны Ізраіля,- на ўсё племя, якое вывеў Я зь зямлі Егіпецкай,- кажучы: |
2. толькі вас прызнаў Я з усіх плямёнаў зямлі, таму і спаганю з вас за ўсе беззаконьні вашыя. |
3. Ці пойдуць двое разам, не згаварыўшыся паміж сабою? |
4. Ці раве леў у лесе, калі няма перад ім здабычы? ці падае свой голас ільвяня з логвішча свайго, калі ён нічога не злавіў? |
5. Ці трапіць птушка ў пятлю на зямлі, калі сілы няма ёй? Ці падымецца зь зямлі пятля, калі нічога не трапіла ў яе? |
6. Ці трубіць у горадзе труба, — і каб народ не спалохаўся? Ці бывае ў горадзе бедства, якое не Гасподзь наслаў бы? |
7. Бо Гасподзь Бог нічога ня робіць, не адкрыўшы сваёй таямніцы рабам Сваім прарокам. |
8. Леў пачаў рыкаць, — хто не здрыганецца? Гасподзь Бог сказаў, хто ня будзе прарочыць? |
9. Абвясьцеце на дахах у Азоце і на дахах у зямлі Егіпецкай і скажэце: зьбярэцеся на горы Самарыі і паглядзеце на вялікае бясчынства ў ёй і на ўціскі сярод яе. |
10. Яны не ўмеюць чыніць справядліва, кажа Гасподзь: гвалтам і рабункам зьбіраюць скарбы ў харомы свае. |
11. Таму так кажа Гасподзь Бог: вось няпрыяцель, і прытым вакол усёй зямлі! ён скіне магутнасьць тваю, і абабраны будуць харомы твае. |
12. Так кажа Гасподзь: як часам пастух вырывае з пашчы ільвінай дзьве галені альбо частку вуха, так уратаваныя будуць сыны Ізраілевыя, якія сядзяць у Самарыі ў кутку пасьцелі і ў Дамаску на ложку. |
13. Слухайце і засьведчыце дому Якава, кажа Гасподзь Бог, Бог Саваоф. |
14. Бо ў той дзень, калі Я спаганю зь Ізраіля за злачынствы ягоныя, спаганю і за ахвярнікі ў Вэтылі, — адцятыя будуць рогі алтара і ўпадуць на зямлю. |
15. І пакараю дом зімовы разам з домам летнім, і зьнікнуць дамы з украсамі са слановай касьці, і ня стане многіх дамоў, кажа Гасподзь. |
Псалмы 140:1-4 |
1. Псальма Давідава. Госпадзе! да Цябе заклікаю; пасьпяшайся да мяне, уваж голасу маленьня майго, калі клічу Цябе. |
2. Хай пойдзе малітва мая, як фіміям, да аблічча Твайго, уздыманьне рук маіх — як ахвяра вячэрняя. |
3. Пакладзі, Госпадзе, ахову на вусны мае, і аслані дзьверы вуснаў маіх; |
4. ня дай нахіліцца сэрцу майму да словаў падступных, і на перапросіны дзеяў грахоўных і людзей, што беззаконьне ўчыняюць, і хай не скаштую я іхніх прысмакаў. |
Прытчы 29:25-25 |
25. Боязь перад людзьмі ставіць сетку; а хто спадзяецца на Госпада, будзе ў бясьпецы. |
Откровение 3:1-22 |
1. І анёлу Сардыскай царквы напішы: "Так кажа Той, Хто мае сем духаў Божых і сем зорак: ведаю твае дзеі; ты носіш імя, быццам жывы, але ты мёртвы. |
2. Чувай і ўмацоўвай астатняе блізкае да сьмерці; бо я не знаходжу, каб дзеі твае былі дасканалыя прад Богам Маім. |
3. Узгадай, што ты прыняў і чуў, і зьберагай і пакайся. Калі ж ня будзеш чуваць, дык Я найду на цябе, як злодзей, і ты ня ўведаеш, а каторай гадзіне найду на цябе. |
4. Але ў цябе ў Сардысе ёсьць некалькі чалавек, якія не апаганілі вопраткі сваёй і будуць хадзіць са Мною ў белым, бо яны годныя. |
5. Пераможца апранецца ў белае адзеньне; і ня выкрасьлю імя ягонага з кнігі жыцьця, і вызнаю імя ягонае прад Айцом Маім і прад анёламі Ягонымі. |
6. Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам". |
7. І анёлу Філядэльфійскай царквы напішы: "Так кажа Сьвяты, Праведны, Які мае ключ Давідаў, Які адмыкае — і ніхто не замкне, замыкае — і ніхто не адчыніць: |
8. ведаю твае дзеі; вось, я адамкнуў перад табою дзьверы, і ніхто ня можа зачыніць іх; ты няшмат маеш сілы, і захаваў слова Маё, і ня выракся імя Майго. |
9. Вось, Я зраблю, што з сатанінскае зборні, з тых, якія кажуць пра сябе, што яны Юдэі, але самі не такія, а хлусяць, — вось, Я зраблю тое, што яны прыйдуць і паклоняцца перад нагамі тваімі, і ўведаюць, што Я палюбіў цябе. |
10. І як ты захаваў слова цярплівасьці Маёй, дык і Я захаваю цябе ад гадзіны спакушэньня, якая прыйдзе на ўвесь сьвет, каб выпрабаваць жыхароў зямлі. |
11. Вось, я прыйду неўзабаве; трымай, што маеш, каб хто не ўхапіў вянка твайго. |
12. Пераможцу зраблю стаўпом у храме Бога Майго, і ён ужо ня выйдзе вонкі; і напішу на ім імя Бога Майго і імя горада Бога Майго, новага Ерусаліма, які сыходзіць зь неба ад Бога Майго, і імя Маё новае. |
13. Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам". |
14. І анёлу Лаадыкійскай царквы напішы: "Так кажа Амін, сьведка верны і сапраўдны, пачатак тварэньня Божага: |
15. ведаю твае дзеі; ты ні халодны, ні гарачы; о, калі б ты быў халодны альбо гарачы! |
16. Але як што ты цёплы, а не гарачы і не халодны, дык выкіну цябе з вуснаў Маіх. |
17. Бо ты кажаш: я багаты, разбагацеў і ні ў чым ня маю патрэбы; а ня ведаеш, што ты няшчасны і жалю варты, і ўбогі і сьляпы і голы. |
18. Раю табе купіць у Мяне золата, вагнём ачышчанае, каб табе разбагацець, і белую вопратку, каб апрануцца і каб ня відзён быў сорам галізны тваёй, і масьцю памаж вочы твае, каб бачыць. |
19. Каго Я люблю, тых выкрываю і караю. Дык вось будзь руплівы і пакайся. |
20. Вось, стаю каля дзьвярэй і стукаюся; калі хто пачуе голас Мой і адчыніць дзьверы, увайду да яго і буду вячэраць зь ім, і ён са Мною. |
21. Пераможцу дам сесьці са Мною на троне Маім, як і Я перамог і сеў з Айцом Маім на троне Ягоным. |
22. Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам. |