A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Лістапада 8

Езекііль 7:1-27
1. І было мне слова Гасподняе:
2. І ты, сын чалавечы, скажы: так кажа Гасподзь Бог: зямлі Ізраілевай канец, — канец прыйшоў на чатыры краі зямлі.
3. Вось — канец табе; і пашлю на цябе гнеў Мой, і буду судзіць цябе паводле шляхоў тваіх, і ўскладу на цябе ўсе гідоты твае.
4. І не ўмілажаліцца зь цябе вока Маё, і не памілую, і аддам табе паводле шляхоў тваіх, і гідоты твае з табою будуць, і ўведаеце, што Я — Гасподзь.
5. Так кажа Гасподзь Бог: бяда адзіная, вось, ідзе бяда.
6. Канец прыйшоў, прыйшоў канец, стаў на цябе; вось дайшла,
7. дайшла ліхата да цябе, жыхар зямлі! прыходзіць час, набліжаецца дзень смуты, а не вясёлых гуканьняў у горах.
8. Вось, неўзабаве вылью на цябе лютасьць Маю і зьдзейсьню над табою гнеў Мой, і буду судзіць цябе паводле ўчынкаў тваіх і ўскладу на цябе ўсе гідоты твае.
9. І не ўмілажаліцца зь цябе вока Маё, і не памілую. Паводле ўчынкаў тваіх дам табе, і гідоты твае з табою будуць; і ўведаеце, што Я — Гасподзь каральнік.
10. Вось дзень! вось прыйшла, настала ліхата! жазло вырасла, ганарлівасьць разраслася.
11. Паўстае сіла на жазло няверства; нічога не застанецца ад іх, і ад багацьця іхняга і ад шуму іхняга, і ад пышнаты іхняй.
12. Прыйшоў час, настаў дзень; хто купіў, ня радуйся, і хто прадаў, ня плач, бо гнеў — над усім мноствам іх.
13. Бо, хто прадаў, ня вернецца да прададзенага, хоць бы і засталіся яны жывыя; бо прарочая ўява пра ўсё мноства іх не адменіцца, і ніхто сваім беззаконьнем не ўмацуе свайго жыцьця.
14. Затрубяць у трубу, і ўсё рыхтуецца, але ніхто ня йдзе на вайну; бо гнеў Мой над усім мноствам іх.
15. Па-за домам меч, а ў доме — пошасьць і голад. Хто ў полі, той памрэ ад меча; а хто ў горадзе, таго зжаруць голад і згубная пошасьць.
16. А ацалелыя зь іх уцякуць і будуць на горах, як галубы далін; усе яны будуць стагнаць, кожны за сваё беззаконьне.
17. Ва ўсіх рукі апусьцяцца, і ва ўсіх калені задрыжаць, як вада.
18. Тады яны апярэжуцца вярэтаю, і ахопіць іх трымценьне: і ва ўсіх на тварах будзе сорам, і ва ўсіх на галовах плешына.
19. Срэбра сваё яны выкінуць на вуліцы, і золата ў іх будзе ў пагардзе. Срэбра іхняе і золата іхняе ня мецьме сілы выратаваць іх у дзень лютасьці Госпада. Яны не насыцяць імі душаў сваіх і не напоўняць нутробаў сваіх, бо яно было прычынаю беззаконьня іхняга.
20. І ў чырвоных уборах сваіх яны ператваралі яго ў гонар і рабілі зь яго выявы гнюсных сваіх ідалаў; затое і зраблю яго нячыстым для іх.
21. і аддам яго ў рукі чужым на здабычу і беззаконцам землі на рабаваньне, і яны апаганяць яго.
22. І адвярну ад іх аблічча Маё, і апаганяць запаветнае Маё; і прыйдуць туды рабаўнікі і апаганяць яго.
23. Зрабі ланцуг, бо зямля гэтая напоўнена крывавымі зладзействамі, і горад поўны гвалту.
24. Я прывяду найзлосьнейшых з народаў, і завалодаюць дамамі іхнімі. І пакладу канец пагардлівасьці моцных, і будуць апаганены сьвятыні іхнія.
25. Ідзе пагібель: будуць шукаць міру, і ня знойдуць.
26. Бяда пойдзе за бядою і вестка за весткаю; і будуць прасіць у прарока ўявы, і ня будзе вучэньня ў сьвятара і рады ў старцаў.
27. Цар будзе бедаваць, і князь апранецца ў жудасьць, і ў народу зямлі будуць дрыжаць рукі. Учыню зь імі паводле ўчынкаў іхніх, паводле судоў іхніх буду судзіць іх; і ўведаюць, што Я -Гасподзь.

Езекііль 8:1-18
1. І было на шостым годзе, на шостым месяцы, у пяты дзень месяца, сядзеў я ў доме маім, і старэйшыны Юдэйскія сядзелі перад абліччам маім, і сышла на мяне там рука Госпада Бога.
2. І ўбачыў я: і вось падабенства, як бы вогненнае, і ад сьцёгнаў яго і ніжэй — агонь, і ад сьцёгнаў яго і вышэй — як бы зьзяньне, як бы сьвятло полымя.
3. І працягнуў Ён як бы руку і ўзяў мяне за валасы галавы маёй, і падняў мяне Дух паміж зямлёю і небам і прынёс мяне ва ўявах Божых у Ерусалім да ўваходу ўнутранае брамы, павернутай на поўнач, дзе пастаўлены быў ідал рупнасьці, які абуджае рупнасьць.
4. І вось там была слава Бога Ізраілевага, падобная на тую, якую я бачыў на полі.
5. І сказаў мне: сыне чалавечы! падымі вочы твае на поўнач, і я падняў вочы мае на поўнач, і вось, з паўночнага боку каля брамы ахвярніка — той ідал рупнасьці пры ўваходзе.
6. І сказаў Ён мне: сыне чалавечы! ці бачыш ты, што яны робяць? вялікія гідоты, якія робіць дом Ізраілеў тут, каб Я адышоў ад сьвятыні Маёй? Але павярніся, і ты ўбачыш яшчэ большыя гідоты.
7. І прывёў мяне да ўваходу ў двор, і я зірнуў, і вось у сьцяне — адтуліна.
8. І сказаў мне: сыне чалавечы! пракапай сьцяну; і я пракапаў сьцяну і вось нейкія дзьверы.
9. І сказаў мне: увайдзі і паглядзі на агідныя гнюсоты, якія яны робяць тут.
10. І я ўвайшоў, і бачу, і вось усялякія выявы паўзуноў і нячыстых жывёл і ўсялякія ідалы дома Ізраілевага, напісаныя на сьценах навакол.
11. І семдзесят мужоў са старэйшынаў дома Ізраілевага стаяць перад імі і Езанія, сын Сафанаў, сярод іх; і ў кожнага ў руцэ — сваё кадзіла, і густое воблака пахошчаў узносіцца ўгору.
12. І сказаў мне: бачыш, сыне чалавечы, што робяць старэй-шыны дому Ізраілевага ў цемры, кожны ў сваім расьпісаным пакоі? бо кажуць: "ня бачыць нас Гасподзь, пакінуў Гасподзь зямлю гэтую".
13. І сказаў мне: абярніся, і ўбачыш яшчэ большыя гідоты, якія яны робяць.
14. І прывёў мяне да ўваходу ў браму дома Гасподняга, якая на поўнач, і вось, там сядзяць жанчыны і плачуць па Тамузе,
15. і сказаў мне: бачыш, сыне чалавечы? абярніся, і ўбачыш яшчэ большыя гідоты.
16. І ўвёў мяне ва ўнутраны двор дома Гасподняга, і вось, каля брамы храма Гасподняга, паміж бабінцам і ахвярнікам, каля трыццаці пяці мужоў стаяць сьпінамі сваімі да Гасподняга храма, а тварамі сваімі да ўсходу, і кланяюцца на ўсход сонцу.
17. І сказаў мне: бачыш, сыне чалавечы? ці мала дому Юдаваму, каб рабіць такія гідоты, якія яны робяць тут? але яны яшчэ зямлю напоўнілі крыўдаю, і тым болей гневаюць Мяне, і вось, яны галінкі падносяць да насоў сваіх.
18. Затое і Я пачну дзейнічаць люта; не пашкадуе вока Маё, і не памілую; і хай хоць бы крычалі ў вушы Мае моцным голасам, — не пачую іх.

Псалмы 119:1-7
1. Песьня ўзыходжаньня. Да Госпада зьвярнуўся я ў скрусе маёй, і Ён пачуў мяне.
2. Госпадзе! ратуй душу маю ад вуснаў манлівых, ад языка падступнага!
3. Што дасьць табе і што дадасьць табе язык падступны?
4. Вострыя стрэлы моцнага, з жарам ад ядлоўцу.
5. Гора мне, што я застаюся ў Мосаха, жыву пад намётамі Кідарскімі.
6. Доўга жыла душа мая зь ненавісьнікамі міру.
7. Я міралюбны; але як толькі скажу пра мір, яны — ідуць ваяваць.

Прытчы 28:15-15
15. Як рыклівы леў і галодны мядзь­ведзь, так бязбожны валадар над бедным народам.

Евреите 4:1-16
1. А таму будзем асьцерагацца, каб, калі яшчэ застаецца абяцаньне ўвайсьці ў спачын Ягоны, ня сталася, што нехта з вас ужо спазьніўся.
2. Бо і нам яно абвешчана, як і тым; але не дало ім карысьці слова чутае, не спалучанае зь вераю тых, якія чулі.
3. А ўваходзім у спачын мы, якія ўверавалі, як Ён і сказаў: "Я прысягнуў у гневе Маім, што яны ня ўвойдуць у спачын Мой", хоць дзеі Ягоныя былі зьдзейсьнены яшчэ на пачатку сьвету.
4. Бо дзесьці сказана пра сёмы дзень так: "і спачыў Бог у дзень сёмы ад усіх дзеяў Сваіх".
5. І яшчэ тут: "ня ўвойдуць у спачын Мой".
6. І вось, як некаторым застаецца ўвайсьці ў яго, а тыя, каму раней абвешчана, не ўвайшлі ў яго за непакорлівасьць,
7. дык яшчэ вызначае пэўны дзень, "сёньня", кажучы праз Давіда, пасьля такога доўгага часу, як вышэй сказана: "сёньня, як пачуеце голас Ягоны, не зжарсьцьвеце сэрцаў вашых".
8. Бо калі б Ісус сын Нава даў ім спачын, дык ня было б сказана пасьля таго пра іншы дзень.
9. Таму народу Божаму яшчэ застаецца субоцтва.
10. Бо, хто ўвайшоў у спачын Ягоны, той і сам спачыў ад дзеяў сваіх, як і Бог ад Сваіх.
11. Дык вось, пастараймася ўвайсьці ў спачын той, каб хто на той самы прыклад не падупаў непакорлівасьці.
12. Бо слова Божае жывое і дзейснае і вастрэйшае за любы меч двусечны: яно пранікае да разьдзяленьня душы і духа, суглобаў і мозгу, і судзіць помыслы і намеры сардэчныя.
13. І няма стварэньня, схаванага ад Яго, а ўсё аголена і адкрыта прад вачыма Ягонымі: Яму дамо адказ.
14. І вось, маючы Першасьвятара вялікага, Які прайшоў нябёсы, Ісуса Сына Божага, будзем цьвёрда трымацца веравызнаньня нашага.
15. Бо мы маем не такога Першасьвятара, Які ня мог бы спагадаць нам у немачах нашых, а Такога, Які, як і мы, дасьведчаны ва ўсім, акрамя грэху.
16. Таму прыступайма з адвагаю да трона мілаты, каб атрымаць міласьць і здабыць мілату на своечасовую дапамогу.