A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Лістапада 6

Езекііль 3:1-27
1. І сказаў мне: "сыне чалавечы! зьеж, што перад табою, зьеж гэты сувой, і ідзі, гавары дому Ізраілеваму".
2. Тады я разамкнуў вусны свае, і Ён даў мне зьесьці гэты сувой;
3. і сказаў мне: "сыне чалавечы! накармі чэрава тваё і напоўні нутробу тваю гэтым сувоем, які Я даю табе"; і я зьеў, і было ў роце маім соладка, як мёд.
4. І Ён сказаў мне: "сыне чалавечы! устань і ідзі да дому Ізраілевага і кажы ім Маімі словамі;
5. бо не да народу са словамі неразборлівымі і зь незразумелаю моваю ты пасылаешся, а да дому Ізраілевага,
6. не да народаў многіх зь неразборлівым словам і зь незразумелаю моваю, слоў якое ты не разумеў бы; ды калі б Я паслаў цябе і да іх, дык яны паслухаліся б цябе;
7. а дом Ізраілеў не захоча слухаць цябе, бо яны ня хочуць слухаць Мяне, бо ўвесь дом Ізраілеў цьвердалобы і жорсткі сэрцам.
8. Вось, Я зрабіў і твой твар моцным супроць іхніх твараў і твой лоб моцным супроць іхняга лоба.
9. Як алмаз, які мацнейшы за камень, зрабіў я лоб твой; ня бойся іх і не палохайся перад абліччам іх, бо яны мяцежны дом".
10. І сказаў мне: "сыне чалавечы! усе словы Мае, якія буду казаць табе, прымі сэрцам тваім і выслухай вушамі тваімі;
11. устань і ідзі да пераселеных, да сыноў народу твайго, і гавары да іх, і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог! будуць яны слухаць, альбо ня будуць".
12. І падняў мяне Дух; і я чуў за сабою вялікі грамовы голас: "дабраславёная слава Госпада ад месца свайго!"
13. і таксама шум крылаў жывёлаў, прылеглых адно да аднаго, і стук колаў каля іх і гук моцнага грому.
14. І Дух падняў мяне і ўзяў мяне. І ішоў я ў засмучэньні, з растрывожаным духам; і рука Гасподняя была моцная на мне.
15. І прыйшоў я да пераселеных у Тэль-Авіў, якія жывуць каля ракі Хавар, і спыніўся там, дзе яны жылі, і правёў сярод іх сем дзён у зьдзіўленьні.
16. А як прайшлі сем дзён, было мне слова Гасподняе:
17. "сыне чалавечы! Я паставіў цябе вартаўніком дому Ізраілевага, і ты будзеш слухаць слова з вуснаў Маіх і будзеш наводзіць іх на розум да Мяне.
18. Калі Я скажу беззаконцу: "сьмерцю памрэш!", а ты ня будзеш яго наводзіць на розум і казаць, каб асьцерагчы беззаконца ад беззаконнага шляху ягонага, каб ён быў жывы, дык беззаконец той памрэ ў беззаконьні сваім, і Я спаганю кроў ягоную з рук тваіх.
19. Але калі ты не наводзіў на розум беззаконца, а ён не адвярнуўся ад беззаконьня свайго і ад беззаконнага шляху свайго, дык ён памрэ ў беззаконьні сваім, а ты ўратаваў душу тваю.
20. І калі праведнік адступіцца ад справядлівасьці сваёй і ўчыніць крыўду, калі Я пакладу перад ім спатыкненьне, і ён памрэ, дык калі ты не наводзіў яго на розум, ён памрэ за грэх свой, і не згадаюцца яму справядлівыя ўчынкі ягоныя, якія рабіў ён; і Я зышчу кроў яго з рук тваіх.
21. Калі ж ты будзеш настаўляць на розум праведніка, каб праведнік не зграшыў, і ён ня згрэшыць; дык і ён жывы будзе, бо быў наведзены на розум, і ты ўратаваў душу тваю".
22. І была там на мне рука Госпада, і Ён сказаў мне: устань і выйдзі ў поле, і Я буду гаварыць там з табою.
23. І ўстаў я і выйшаў у поле; і вось, там стаяла слава Гасподняя, як слава, якую бачыў я над ракою Хавар; і ўпаў я на аблічча сваё.
24. І ўвайшоў у мяне Дух, і паставіў мяне на ногі мае, і Ён гаварыў са мною і сказаў мне: ідзі, і замкніся ў доме тваім.
25. І ты, сыне чалавечы, — вось, ускладуць на цябе аковы, і зьвяжуць цябе імі, і ня будзеш хадзіць сярод іх.
26. І язык твой Я прыляплю да гартані тваёй, і ты анямееш і ня будзеш выкрывальнікам іх, бо яны мяцежны дом.
27. А калі Я буду гаварыць з табою, тады разамкну вусны твае, і ты будзеш казаць ім: "так кажа Гасподзь Бог!" хто хоча слухаць, — слухай; а хто ня хоча слухаць, — ня слухай: бо яны мяцежны дом.

Езекііль 4:1-17
1. І ты, сыне чалавечы, вазьмі сабе цагліну і пакладзі яе перад сабою, і накрэсьлі на ёй горад Ерусалім;
2. і наладзь аблогу супроць яго і зрабі ўмацаваньне супроць яго, і насып вал вакол яго і разьмясьці табар супроць яго, і расстаў вакол супроць яго сьценабітныя машыны;
3. і вазьмі сабе жалезную дошку і пастаў яе, як бы жалезную сьцяну паміж табою і горадам, і зьвярні на яго аблічча тваё, і ён будзе ў аблозе, і ты аблягай яго. Гэта будзе азнака дому Ізраілеваму.
4. А ты кладзіся на левы бок твой і паглядзі на яго беззаконьне, на правіны дому Ізраілевага: па ліку дзён, колькі будзеш ляжаць на ім, ты будзеш несьці беззаконьне іхняе.
5. І Я вызначыў табе гады беззаконьня іхняга лікам дзён: трыста дзевяноста дзён ты будзеш несьці беззаконьне дому Ізраілевага.
6. І калі выканаеш гэта, дык другі раз кладзіся ўжо на правы бок, і сорак дзён нясі на сабе беззаконьне дому Юдавага, дзень за год, дзень за год Я вызначыў табе.
7. І зьвярні аблічча тваё і аголеную правую руку тваю на аблогу Ерусаліма, і прароч супроць яго.
8. Вось, я наклаў на цябе аковы, і ты не павернешся з аднаго боку на другі, пакуль ня выцерпіш дзён аблогі тваёй.
9. Вазьмі сабе пшаніцы і ячменю, і бабоў і сачыўкі, і проса і вікі, і ўсып іх у адну пасудзіну, і зрабі сабе зь іх хлябы, па ліку дзён, якія ты будзеш ляжаць на баку тваім; трыста дзевяноста дзён ты будзеш есьці іх.
10. І ежу тваю, якою будзеш карміцца, еж вагою, па дваццаць сікляў на дзень; ад часу да часу еж гэта.
11. І ваду пі мераю, па шасьціне гіна пі, ад часу да часу пі так.
12. І еж, як ячныя ляпёшкі, і пячы іх на вачах у іх на чалавечым кале.
13. І сказаў Гасподзь: так сыны Ізраілевыя будуць есьці нячысты хлеб свой сярод тых народаў, да якіх Я выганю іх.
14. Тады сказаў я: о, Госпадзе Божа! душа мая ніколі не апаганьвалася, і мярцьвяціны і зьверам разадранага я ня еў ад маладосьці маёй да сёньня; і ніякае нячыстае мяса не ўваходзіла ў вусны мае.
15. І сказаў Ён мне: вось, Я дазваляю табе, замест чалавечага калу, каровін памёт, і на ім гатуй хлеб твой.
16. І сказаў мне: сыне чалавечы! вось, Я струшчу ў Ерусаліме хлебную апору, і будуць есьці хлеб вагою і ў смутку і ваду будуць піць мераю і ў паныласьці;
17. бо ў іх будзе нястача хлеба і вады; і яны з жахам будуць глядзець адно на аднаго і змарнеюць у грахоўнасьці сваёй.

Псалмы 118:161-168
161. Князі перасьледуюць мяне бязьвінна; але сэрца маё баіцца слова Твайго.
162. Радуюся я слову Твайму, як той, хто вялікі дастатак прыдбаў.
163. Ненавіджу ману і грэбую ёю; а закон Твой люблю.
164. Сямікроць на дзень праслаўляю Цябе за суды праўды Тваёй.
165. Вялікі мір у тых, што любяць закон Твой, і не спатыкаюцца яны.
166. Спадзяюся на выратаваньне Тваё, Госпадзе, і запаведзі Твае выконваю.
167. Душа мая песьціць сьведчаньні Твае, і я люблю іх моцна.
168. Шаную наказы Твае і адкрыцьці Твае; бо ўсе шляхі мае прад Табою.

Прытчы 28:13-13
13. Той, хто хавае свае злачынствы, ня будзе мець посьпеху; а хто прызнаецца і пакідае іх, той будзе памілаваны.

Евреите 2:1-18
1. Таму мы павінны быць асабліва ўважлівыя да чутага, каб не адпасьці,
2. бо, калі праз анёлаў абвешчанае слова было цьвёрдае, і ўсякі пярэступ і непаслухмянасьць мелі справядлівую адплату,
3. дык як мы ўнікнем, занядбаўшы такое вялікае выратаваньне, якое, спачатку абвешчанае Госпадам, было ў нас умацавана тымі, якія чуліад Яго,
4. што Бог і засьведчыў азнакамі і цудамі, і рознымі сіламі, і дарамі Духа Сьвятога па волі Ягонай?
5. Бо не анёлам Бог упакорыў будучы сьвет, пра які гаворым;
6. наадварот, нехта недзе засьведчыў, кажучы: "што ёсьць чалавек, што Ты памятаеш яго? альбо сын чалавечы, што Ты наведваеш яго?
7. Ня дужа Ты ўнізіў яго перад анёламі; славаю й гонарам увянчаў яго, і паставіў яго над дзеямі рук Тваіх;
8. усё пакарыў пад ногі ягоныя". Калі ж пакарыў яму ўсё, дык не пакінуў нічога непакорным яму. Цяпер жа яшчэ ня бачым, каб яму ўсё было ўпакорана;
9. але бачым, што за перанясеньне сьмерці ўвянчаны славаю і гонарам Ісус, Які крыху быў прыніжаны перад анёламі, каб Яму, па мілаце Божай, зьведаць сьмерць за ўсіх.
10. Бо належала, каб Той, дзеля Каго ўсё і праз Каго ўсё, многіх сыноў вядучы да славы, Пачынальніка выратаваньня іх зрабіў празь цярпеньні.
11. Бо, і Той, Хто асьвячае, і каго асьвячаюць, усе — ад Адзінага; таму ён не саромеецца называць іх братамі, кажучы:
12. "абвяшчу Тваё імя братам Маім, сярод царквы апяю Цябе".
13. І яшчэ: "Я буду спадзявацца на Яго". І яшчэ: "вось, Я і дзеці, якіх даў Мне Бог".
14. А як дзеці былі ўдзельнікамі цела і крыві, дык Ён таксама прыняў іх, каб сьмерцю пазбавіць сілы таго, хто меў уладу сьмерці, гэта значыцца — д’ябла,
15. і выратаваць тых, якія ад страху сьмерці праз усё жыцьцё былі ў рабстве.
16. Бо не ад анёлаў прыме Ён, а прыме семя Абрагамавае.
17. Таму Ён павінен быў ва ўсім прыпадобніцца да братоў, каб быць міласэрным і верным Першасьвятаром прад Богам на ўмілажальваньне за грахі народу.
18. Бо, як сам Ён перацярпеў, быў спакушаны, дык можа памагчы і тым, каго спакушаюць.