A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Лістапада 5

Езекііль 1:1-28
1. І было: на трыццатым годзе, на чацьвёртым месяцы, на пяты дзень месяца, калі я быў сярод перасяленцаў над ракой Хавар, разамкнуліся нябёсы — і я пабачыў уявы Божыя.
2. У пяты дзень месяца (гэта быў пяты год палону цара Ёакіма),
3. было слова Гасподняе Езэкіілю, сыну Вузія, сьвятара, у зямлі Халдэйскай, над ракою Хавар; і была там на ім рука Гасподняя.
4. І я бачыў: і вось буйны вецер ішоў з поўначы, вялікая хмара і палымяны агонь, і зьзяньне вакол яго,
5. а зь сярэдзіны яго як бы сьвятло полымя зь сярэдзіны агню; і зь сярэдзіны яго відаць было як бы падабенства чатырох жывёлін, — і такі быў выгляд у іх: аблічча ў іх было, як у чалавека;
6. і ў кожнага чатыры твары, і ў кожнага зь іх чатыры крылы;
7. а ногі ў іх простыя, і ступакі ног іхніх як ступак нагі ў цяляці, і зьзялі, як бліскучая медзь (і крылы ў іх лёгкія).
8. І рукі чалавечыя былі пад крыламі ў іх, па чатырох баках іх;
9. і твары ў іх і крылы ў іх — ва ўсіх чатырох; крылы ў іх прылягалі адно да аднаго; у час шэсьця свайго яны не азіраліся, а ішлі кожны перад сабою.
10. Падабенства абліччаў іхніх — аблічча чалавека і аблічча ільва з правага боку ва ўсіх чатырох; а зь левага боку — аблічча цяляці ва ўсіх чатырох і аблічча арла ва ўсіх чатырох.
11. І абліччы іх і крылы іх зьверху былі разьдзеленыя, але ў кожнага два крылы прылягалі адно да аднаго, а два пакрывалі целы іхнія.
12. І ішлі яны, кожнае ў свой бок перад сабою; куды дух хацеў ісьці, туды і ішлі; падчас шэсьця свайго не азіраліся.
13. І выгляд у гэтых жывёлін быў як выгляд распаленага вугольля, як выгляд лампадаў; агонь хадзіў паміж жывёламі, і зьзяньне ад агню і маланка выходзілі з агню.
14. І жывёліны шпарка рухаліся туды-сюды, як бліскае маланка.
15. І я глядзеў на жывёлін, — і вось, на зямлі каля гэтых жывёлін па адным коле перад чатырма іхнімі лапамі.
16. Выгляд колаў і будова іхняя — як выгляд тапаза, і падабенства ва ўсіх чатырох — адно; і з выгляду іх і з будовы іх здавалася, быццам кола было ў коле.
17. Калі яны ішлі, ішлі на чатыры свае бакі; падчас шэсьця не азіраліся.
18. А абады на іх — высокія і страшныя былі яны; абады на ўсіх чатырох вакол былі поўныя вачэй.
19. І калі ішлі жывёлы, ішлі і колы поруч іх; а калі жывёлы падымаліся ад зямлі, тады падымаліся і колы.
20. Куды дух хацеў ісьці, туды ішлі і яны; куды б ні пайшоў дух, і колы падымаліся нароўні зь імі, бо дух жывёлін быў у колах.
21. Калі ішлі тыя, ішлі і яны; і калі тыя стаялі, стаялі і яны; і калі тыя падымаліся ад зямлі, тады нароўні зь імі падымаліся і колы, бо дух жывёлін быў у колах.
22. Над галовамі ў жывёлін было падабенства скляпеньня, як выгляд дзівоснага крышталю, расхінутага зьверху над галовамі ў іх.
23. А пад скляпеньнем прасьціраліся крылы іхнія проста адно да аднаго, і ў кожнага было два крылы, якія пакрывалі іх, у кожнага два крылы пакрывалі целы іхнія.
24. І калі яны ішлі, я чуў шум крылаў іх, як бы шум многіх водаў, як бы голас Усемагутнага, моцны шум, як бы шум у вайсковым стане; калі яны спыняліся, — апускалі крылы свае.
25. І голас быў са скляпеньня, якое над галовамі ў іх; калі яны спыняліся, тады апускалі свае крылы.
26. А над скляпеньнем, якое над галовамі ў іх, было падабенства трона з выгляду як бы з каменя сапфіра; а над падабенствам прастола як бы падабенства чалавека зьверху на ім.
27. І бачыў я як бы палаючы метал, як бы выгляд агню ўсярэдзіне яго вакол; ад выгляду сьцёгнаў яго і вышэй і ад выгляду сьцёгнаў яго і ніжэй я бачыў як бы нейкі агонь, і зьзяньне было вакол яго.
28. У якім выглядзе бывае вясёлка на аблоках падчас дажджу, такі выгляд мела гэтае зьзяньне вакол.

Езекііль 2:1-10
1. Такая была ўява падабенства славы Гасподняй. Убачыўшы гэта, я ўпаў на аблічча сваё і чуў голас Таго, Які гаварыў, і Ён сказаў мне: "сыне чалавечы! стань на свае ногі, і Я буду гаварыць з табою".
2. І калі Ён гаварыў мне, увайшоў у мяне Дух і паставіў мяне на ногі мае, і я чуў Таго, Які гаварыў мне.
3. І Ён сказаў мне: "сыне чалавечы! Я пасылаю цябе да сыноў Ізраілевых, да людзей непакорлівых, якія ўзбунтаваліся супроць Мяне; яны і бацькі іхнія здраднікі перад Мною да гэтага самага дня.
4. І гэтыя сыны з агрубелым абліччам і з жорсткім сэрцам, — да іх Я пасылаю цябе, і ты скажаш ім: так кажа Гасподзь Бог!
5. Ці будуць яны слухаць, альбо ня будуць, бо яны мяцежны дом; але няхай ведаюць, што быў прарок сярод іх.
6. А ты, сыне чалавечы, ня бойся іх і ня бойся словаў іхніх, калі яны ваўчкамі і цернямі будуць табе, і ты будзеш жыць у скарпіёнаў, — ня бойся словаў іхніх і не палохайся аблічча іхняга, бо яны мяцежны дом;
7. і кажы ім словы Мае, будуць яны слухаць альбо ня будуць, бо яны ўпартыя.
8. А ты, сыне чалавечы, слухай, што Я буду казаць табе: ня будзь упарты, як гэты мяцежны дом; разьзяві рот свой і зьеж, што Я дам табе".
9. І ўбачыў я, і вось рука працягнута да мяне, і вось у ёй -кніжны сувой.
10. І Ён разгарнуў яго перад мною, і вось, сувой сьпісаны быў усярэдзіне і звонку, і напісана на ім: "плач, і стогн, і гора".

Псалмы 118:153-160
153. Паглядзі на нягоды мае, і вызваль мяне; бо я не забываю закона Твайго.
154. Заступіся за справу маю, і абарані мяне; словам Тваім ажыві мяне.
155. Далёка ад бязбожных выратаваньне, бо яны пастановаў Тваіх ня шукаюць.
156. Многа шчадротаў Тваіх, Госпадзе; судом Тваім ажыві мяне.
157. Многа ў мяне ганіцеляў і ворагаў; але ад сьведчаньняў Тваіх не адступлюся.
158. Бачу адступнікаў, і брыджуся імі; бо яны не шануюць слова Твайго.
159. Падзівіся, як я люблю наказы Твае; міласьцю Тваёю, Госпадзе, ажыві мяне.
160. Аснова слова Твайго сапраўдная, і вечны ўсякі суд праўды Тваёй.

Прытчы 28:12-12
12. Калі трыумфуюць праведнікі, вялікая слава; але калі ўзвышаюцца бяз­божныя, людзі хаваюцца.

Евреите 1:1-14
1. Бог, Які шмат разоў і ўсякімі спосабамі гаварыў зьвеку да бацькоў нашых праз прарокаў,
2. у апошнія дні гэтыя гаварыў нам праз Сына, Якога паставіў спадкаемцам усяго, празь Якога і вякі стварыў.
3. Гэты, будучы водбліскам славы Ягонай і вобразам істоты Ягонай і трымаючы ўсё словам сілы Сваёй, зьдзейсьніўшы Сабою ачышчэньне грахоў нашых, сеў праваруч велічы на вышыні,
4. будучы настолькі дасканалейшым за анёлаў, наколькі слаўнейшае перад імі ўспадкаваў Імя.
5. Бо калі і каму з анёлаў сказаў Бог: "Ты Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе"? І яшчэ: "Я буду Яму Айцом, і Ён будзе Мне Сынам"?
6. Таксама, калі ўводзіць Першароднага ў сусьвет, кажа: "Няхай паклоняцца Яму ўсе анёлы Божыя".
7. Пра анёлаў сказана: "Ты творыш анёламі Сваімі духаў і слугамі Сваімі палымяны вагонь".
8. А пра Сына: "трон Твой, Божа, у век веку; жазло валадараньня Твайго — жазло праўды.
9. Ты палюбіў праўду і зьненавідзеў беззаконьне; таму памазаў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасьці больш за саўдзельнікаў Тваіх";
10. І: "у пачатку Ты, Госпадзе, заснаваў зямлю, і нябёсы — дзеля рук Тваіх;
11. яны загінуць, а Ты застанешся; і ўсе састарацца, нібы рыза,
12. і як вопратку згорнеш іх, і зьменяцца; але Ты той самы і гады Твае ня скончацца".
13. Каму калі з анёлаў сказаў Бог: "сядзі праваруч Мяне пакуль пакладу Тваіх ворагаў падножжам нагам Тваім"?
14. Ці ж ня ўсе яны службовыя духі, пасыланыя на служэньне тым, якія маюць успадкаваць збавеньне?