Плач Ераміі 3:1-66 |
1. Я чалавек, які зьведаў гора ад жазла Твайго гневу: |
2. Ён павёў мяне і ўвёў у цемру, а не ў сьвятло. |
3. Толькі супроць мяне Ён зьвяртае руку Сваю кожнага дня; |
4. выснажыў плоць маю і скуру маю, паламаў мае косьці; |
5. абгарадзіў мяне і абклаў горыччу і цяготаю; |
6. пасадзіў мяне ў цёмнае месца, як даўно памерлых; |
7. акружыў мяне мурам, каб я ня выйшаў, уцяжыў аковы мае, |
8. і хоць я клічу і енчу, нячулы Ён да малітвы маёй; |
9. крушнямі загарадзіў мне дарогі, скрывіў сцежкі мае. |
10. Ён мне стаўся як бы мядзьведзь у засадзе, як бы леў у патайным месцы; |
11. скрывіў дарогі мае і разарваў мяне, у нівеч абярнуў мяне; |
12. напяў лук Свой і паставіў мяне як бы цэлем пад стрэлы; |
13. паслаў у ныркі мае стрэлы з калчана Свайго. |
14. Я зрабіўся пасьмешышчам усяму народу майму, штодзённаю скрушлівай песняй яго. |
15. Ён насыціў мяне горыччу, напаіў мяне палыном; |
16. скрышыў камянямі зубы мае, пасыпаў мяне попелам. |
17. І адышоў спакой ад душы маёй; я забыўся пра шчасныя дні, |
18. і сказаў я: загінула сіла мая і надзея мая на Госпада. |
19. Падумай пра цярпеньні мае, пра гароту маю, пра жоўць і палын. |
20. Цвёрда памятае гэта душа мая і ападае ўва мне. |
21. Вось, што я адказваю сэрцу майму і таму спадзяюся: |
22. зь міласьці Госпада мы ня зьніклі, бо ня вычарпаўся Яго мілажаль: |
23. ён абнаўляецца кожнае раніцы; вялікая вернасьць Твая! |
24. Гасподзь частка мая, кажа душа мая, спадзявацьмуся ж на Яго. |
25. Добры Гасподзь з тымі, што на Яго спадзяюцца, з душою, якая шукае Яго. |
26. Добра таму, хто цярпліва чакае ратунку ад Госпада. |
27. Добра чалавеку, калі ён нясе ярмо ў маладосьці сваёй; |
28. сядзіць адасоблена і маўчыць, бо Ён ярмо наклаў на яго; |
29. кладзе вусны свае у пыл, думаючы: "магчыма, яшчэ ёсьць надзея"; |
30. падстаўляе шчаку сваю таму, хто яго б’е, здавальняецца ганьбаваньнем, |
31. бо не навек пакідае Гасподзь. |
32. Але паслаў гора, і ўмілажаліцца зь вялікай даброці Сваёй. |
33. Бо Ён не па волі сэрца Свайго карае і засмучае сыноў чалавечых. |
34. Але калі топчуць нагамі сваімі ўсіх вязьняў зямлі, |
35. калі несправядліва судзяць чалавека перад абліччам Усявышняга, |
36. калі чалавека ўціскаюць у дзеях ягоных: хіба ня бачыць Гасподзь? |
37. Хто гэта кажа: "І тое бывае, чаму Гасподзь не загадаў быць"? |
38. Ці не ад вуснаў Усявышняга адбываецца бедства і посьпех? |
39. Навошта наракае чалавек жывы? кожны хай наракае на грахі свае. |
40. Выпрабуем і дасьледуем шляхі свае, і зьвернемся да Госпада. |
41. Узьнясём сэрца наша і рукі да Бога, сутнага на нябёсах: |
42. мы адпалі і ўпарціліся; Ты ня зьлітаваўся: |
43. Ты пакрыў Сябе гневам і перасьледаваў нас, забіваў, не шкадуючы; |
44. Ты засланіў сябе хмарай, каб не даходзіла наша малітва; |
45. сьмецьцем і мярзотаю Ты зрабіў нас сярод народаў. |
46. Разьзявілі на нас пашчу сваю ўсе ворагі нашы. |
47. Жудасьць і яма, спусташэньне і разбурэньне — доля наша. |
48. Патокі водаў вылівае вока маё па пагібелі дачкі народу майго. |
49. Вока маё выліваецца і не перасыхае, бо палёгкі няма, |
50. пакуль ня ўгледзіць і ня ўбачыць Гасподзь зь нябёсаў. |
51. Вока маё засмучае душу маю дзеля ўсіх дочак майго горада. |
52. Па-ўсякаму сіліліся вылавіць мяне, як птушку, ворагі мае, бязь ніякай прычыны; |
53. укінулі жыцьцё маё ў яму і закідалі мяне камянямі. |
54. Воды падняліся да галавы маёй; я сказаў: "загінуў я". |
55. Я заклікаў імя Тваё, Госпадзе, зь ямы глыбокай. |
56. Ты чуў голас мой; не затулі Тваё вуха ад уздыханьня майго, ад енку майго! |
57. Ты набліжаўся, калі я клікаў Цябе, і казаў: ня бойся! |
58. Ты абараняў, Госпадзе, дзеі душы маёй; акупляў жыцьцё маё. |
59. Ты бачыш, Госпадзе, крыўду маю; рассудзі справу маю. |
60. Ты бачыш усю помсьлівасьць іхнюю, усе намыслы іхнія супраць мяне; |
61. Ты чуеш, Госпадзе, лаянку іхнюю, усе намыслы іхнія супраць мяне, |
62. словы тых, што паўстаюць на мяне, і іхнія хітраваньні супроць мяне дзень у дзень. |
63. Паглядзі, ці сядзяць яны, а ці ўстаюць, я для іх — песьня. |
64. Аддай ім, Госпадзе, паводле дзеяў рук іхніх; |
65. пашлі ім памрочышча сэрца і пракляцьце Тваё на іх; |
66. перасьледуй іх, Госпадзе, гневам тваім, і вынішчы іх з паднябеснай. |
Плач Ераміі 4:1-22 |
1. Як паблякла золата, як зьмянілася золата высакароднае! камяні сьвяцілішча рассыпаны па ўсіх ростанях. |
2. Сыны Сіёна каштоўныя, роўныя шчыраму золату, цяпер як чарэп’е глінянае цэняцца, як вырабы рук ганчара! |
3. І шакалы падсоўваюць смочкі і кормяць сваіх дзяцей, а дачка народу майго цяпер жорсткая, як у пустыні страўсы: |
4. язык немаўлят да гартані ад смагі ліпне; дзеці благаюць хлеба, і не падае ім ніхто. |
5. Тыя, што елі салодкае, млеюць на вуліцах; а тыя, каго спавівалі ў пурпуры, на сьметніках сьпяць. |
6. Правіны дачкі народе майго большыя за грэх Садомы: тая зьнішчана вокаімгненна, бяз дотыку рук чалавечых. |
7. Яе князі былі чысьцейшыя за сьнег, бялейшыя за малако; целам былі прыгажэйшыя за карал, выгляд іх быў, як шафір; |
8. а цяпер цямней за ўсё чорнае твар у іх; не пазнаюць іх на вуліцы; скура ў іх да касьцей іх прыліпла, уся перасохла, як дрэва. |
9. Тыя, каго забіваюць мечам, шчасьлівейшыя за забіваных голадам, ападаюць у сіле з голаду, бо ім пладоў нестае палявых. |
10. Пяшчотныя колісь жанчыны дзетак сваіх гатавалі, каб пракарміцца імі ў часе пагібелі дачкі народу свайго. |
11. Спраўдзіў Гасподзь Свой гнеў, выліў лютасьць гневу Свайго і запаліў на Сіёне агонь, які зжэр асновы яго. |
12. Ня верылі цары зямныя і ўсе жывыя ў сусьвеце, каб вораг і непрыяцель увайшоў у браму Ерусаліма. |
13. Усё гэта — за грахі ілжэпрарокаў, за беззаконьні яго сьвятароў, што пралівалі кроў праведнікаў; |
14. бадзяліся, як сьляпыя па вуліцах, крывёй апаганьваліся, аж немагчыма было дакрануцца да вопраткі іхняй. |
15. "З дарогі! нячысты ідзе!" крычалі паперадзе іх; "сыдзеце ўбок, сыдзеце ўбок! не дакранайцеся!"; і саступалі ўбок; а людзі казалі: "іх болей ня будзе! |
16. Гасподзь іх між люду расьцярусіў; Ён іх больш не дагледзіць", бо яны сьвятароў не шануюць, бо не шкадуюць старцаў. |
17. Стаміліся нашыя вочы чакаць дапамогі марнае; з вежы дазорнай чакалі народу, які нас ня выратаваў. |
18. А яны цікавалі за крокамі нашымі, каб не маглі мы хадзіць па вуліцах нашых; зблізіўся наш канец, дні нашы споўніліся; настала наша пара. |
19. Ганіцелі нашы былі шыбчэйшыя за нябесных арлоў; ганяліся за намі па горах, ставілі пасткі на нас у пустыні. |
20. Дыханьне жыцьця нашага, памазанец Гасподні злоўлены ў яму іхнюю, той, пра якога казалі мы: пад яго шатамі жыцьмем сярод народаў. |
21. Радуйся і весяліся, дачка Эдома, жыхарка зямлі Уц! І да цябе дойдзе чара; уп’ешся й аголішся. |
22. Дачка Сіёна! скончыцца кара за беззаконьне тваё; Ён цябе болей ня гнацьме; а тваё беззаконьне, дачка Эдома, Ён адкрые і пакарае яго. |
Плач Ераміі 5:1-22 |
1. Успомні, Госпадзе, што над намі зьдзейсьнілася; паглядзі, падзівіся на паганьбеньне нашае: |
2. спадчына нашая перайшла да чужых, дамы нашыя — да іншапляменцаў; |
3. Мы асірацелі, бяз бацькі; маці нашыя — аўдавелі. |
4. Ваду сваю п’ем за срэбра, дровы нашыя нам за грошы даюць. |
5. Нас паганяюць у карак, мы працуем — і ня маем спачыну. |
6. Працягваем руку да Егіпцянаў, да Асірыянаў, каб наесьціся хлеба. |
7. Бацькі нашыя грэшнікі: іх больш няма, а мы кару нясем за беззаконьні іхнія. |
8. Рабы пануюць над намі, і няма каму выбавіць з-пад рукі іхняй. |
9. Свой хлеб здабываем з пагрозай жыцьцю ад меча. |
10. Счарнела, як печ, нашая скура ад пякучага голаду. |
11. Жанок на Сіёне няславяць, дзяўчат — у гарадах Юдэйскіх. |
12. Князі павешаны рукамі іхнімі, абліччы старцаў не ўшанаваны. |
13. Юнакоў бяруць да жорнаў, і падлеткі падаюць пад ношкамі дроў. |
14. Старцы не сядзяць больш каля варотаў; хлопцы не сьпяваюць. |
15. Аціхла радасьць сэрца нашага: карагоды нашыя ў енк абярнуліся. |
16. Упаў вянок з галавы нашай; гора нам, што мы зграшылі! |
17. Ад гэтага вось зьнемаглося нашае сэрца; ад гэтага нашыя вочы зацьміліся. |
18. Ад таго, што апусьцела гара Сіён, лісы ходзяць па ёй. |
19. Ты, Госпадзе, жывеш вечна; трон твой — род у род. |
20. Дзеля чаго зусім забываеш нас, пакідаеш на доўгі час? |
21. Навярні нас да Цябе, Госпадзе, і мы навернемся; абнаві дні нашыя, як спрадвеку было. |
22. Няўжо ты зусім адкінуў нас, прагневаўся на нас бязь меры? |
Псалмы 118:145-152 |
145. Клічу ўсім сэрцам маім : пачуй мяне, Госпадзе; і захаваю Твае пастановы. |
146. Заклікаю Цябе; уратуй мяне, і буду захоўваць адкрыцьці Твае. |
147. Сустракаючы ранак, я заклікаю; на слова Тваё спадзяюся. |
148. Вочы мае сустракаюць ранішнюю варту, каб мне заглыбляцца ў слова Тваё. |
149. Пачуй голас мой зь міласьці Тваёй, Госпадзе; судом Тваім ажыві мяне. |
150. Наблізіліся тыя, што намышляюць хітрыну; далёка яны ад закона Твайго. |
151. Блізкі Ты, Госпадзе, і ўсе запаведзі Твае — ісьціна. |
152. Здаўна Я даведаўся пра сьведчаньні Твае, што Ты сьцьвердзіў іх навечна. |
Прытчы 28:11-11 |
11. Чалавек багаты — мудрэц у вачах сваіх, але разумны бядняк бачыць яго наскрозь. |
Филимон 1:1-24 |
1. Павал, вязень Ісуса Хрыста, і Цімафей брат, Філімону любаснаму і супрацоўніку нашаму, |
2. і Апфіі, (сястры) любаснай, і Архіпу, спадзьвіжніку нашаму, і дамовай тваёй царкве: |
3. мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. |
4. Дзякую Богу майму, заўсёды спамінаючы цябе ў малітвах маіх, |
5. чуючы пра тваю любоў і веру, якую маеш да Госпада Ісуса і да ўсіх сьвятых, |
6. каб дзеяньне веры тваёй было чыннае ў спазнаньні ўсякага ў вас дабра ў Хрысьце Ісусе. |
7. Бо мы маем вялікую радасьць і ўцеху ў любові тваёй, бо табою, браце, супакоены сэрцы сьвятых. |
8. Таму, маючы вялікую ў Хрысьце адвагу загадваць табе, што трэба, |
9. зь любові лепей прашу, ня хто які там, а я, Павал — старац, а цяпер вязень Ісуса Хрыста; |
10. прашу цябе за сына майго Анісіма, якога нарадзіў я ў кайданах маіх: |
11. ён быў калісьці нягодны табе, а цяпер годны табе і мне: я вяртаю яго; |
12. а ты прымі яго, як маё сэрца. |
13. Я хацеў пры сабе яго ўтрымаць, каб ён замест цябе паслужыў мне ў кайданах за зьвеставаньне; |
14. але без тваёй згоды нічога не хацеў зрабіць, каб добрая справа твая была ня мусовая, а з добрае волі. |
15. Бо, можа быць, ён на тое часова адлучыўся, каб ты прыняў яго назаўсёды, |
16. ужо ня як раба, а вышэйшага за раба, брата любаснага, асабліва мне, а тым болей табе, і па плоці і ў Госпадзе. |
17. І вось, калі маеш за супольніка мяне, дык прымі яго, як мяне. |
18. Калі ж ён чым пакрыўдзіў цябе, альбо вінаваты табе, лічы гэта на мне. |
19. Я, Павал, напісаў маёю рукою: я заплачу"; не кажу табе пра тое, што ты і самім сабою мне вінаваты. |
20. Так, браце, дай мне скарыстацца табою ў Госпадзе; супакой маё сэрца ў Госпадзе. |
21. Спадзяючыся на слухмянасьць тваю, а напісаў табе, ведаючы, што ты зробіш і болей, чым прашу. |
22. А разам падрыхтуй мне і памяшканьне; бо, спадзяюся, што па малітвах вашых я буду дараваны вам. |
23. Вітае цябе Эпафрас, вязень разам са мною дзеля Ісуса Хрыста, Марк, Арыстарх, Дымас, Лукаш, супрацоўнікі мае. |
24. Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым. Амін. |