A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Лістапада 30

Данііл 3:1-30
1. Цар Навухаданосар зрабіў залатога ідала, у вышыню шэсьцьдзясят локцяў, у шырыню шэсьць локцяў, паставіў яго ў даліне Дэіра, у Вавілонскім краі,
2. і паслаў цар Навухаданосар сабраць сатрапаў, намесьнікаў, ваяводаў, вышэйшых судоўцаў, скарбоўцаў, законазнаўцаў, судаўпраўцаў, і ўсіх акруговых валадароў, каб яны прыйшлі на ўрачыстае пасьвячэньне ідала, якога паставіў цар Навухаданосар.
3. І сабраліся сатрапы, намесьнікі, ваеначальнікі, вышэйшыя судоўцы, скарбоўцы, законазнаўцы, судаўпраўцы і ўсе акруговыя валадары на пасьвячэньне ідала, якога паставіў цар Навухаданосар, і сталі перад ідалам, якога паставіў Навухаданосар.
4. Тады спавесьнік голасна ўсклікнуў: "абвяшчаецца вам, народы, плямёны і роды:
5. у той час, як пачуеце гук трубы, жалейкі, цытры, цаўніцы, гусьляў і псалтыра, і ўсякай іншай музыкі, упадзеце і пакланецеся залатому ідалу, якога паставіў цар Навухаданосар,
6. а хто не ўпадзе і не паклоніцца, адразу ўкінуты будзе ў распаленую вогненную печ".
7. Пасьля таго, як усе народы пачулі голас трубы, жалейкі, цытры, цаўніцы, гусьляў і ўсякага роду музыкі, пападалі ўсе народы, плямёны і роды і пакланіліся залатому ідалу, якога паставіў цар Навухаданосар.
8. У гэты самы час падступіліся некаторыя Халдэі і данесьлі на Юдэяў.
9. Яны сказалі цару Навухаданосару: "цару, вавек жыві!
10. Ты, цару, выдаў загад, каб кожны чалавек, які пачуе голас трубы, жалейкі, цытры, цаўніцы, гусьляў і псалтыра і ўсякага роду музыкі, упаў і пакланіўся залатому ідалу;
11. а хто не ўпадзе і не паклоніцца, той будзе ўкінуты ў распаленую вогненную печ".
12. Ёсьць мужы Юдэйскія, якіх ты паставіў над справамі Вавілонскага краю, Сэдрах, Місах і Аўдэнага; гэтыя мужы не паслухаліся твайго загаду, цару, багам тваім ня служаць і залатому ідалу, якога ты паставіў, не пакланяюцца".
13. Тады Навухаданосар у гневе і лютасьці загадаў прывесьці Сэдраха, Місаха і Аўдэнага; і прывялі гэтых мужоў да цара.
14. Навухаданосар сказаў ім: "ці з намыслам вы, Сэдрах, Місах і Аўдэнага, багам маім ня служыце і залатому ідалу, якога я паставіў, не пакланяецеся?
15. Ад сёньня, калі вы гатовыя, як толькі пачуеце голас трубы, жалейкі, цытры, цаўніцы, гусьляў, псалтыра і ўсякага роду музыкі, упадзеце і пакланецеся ідалу, якога я зрабіў; а як не паклоніцеся, дык у той самы час будзеце ўкінуты ў печ распаленую, вогненнную печ, і тады хто той Бог, Які ўратуе вас ад маёй рукі?"
16. І адказвалі Сэдрах, Місах і Аўдэнага і сказалі цару Навухаданосару: "няма нам патрэбы адказваць табе на гэта.
17. Бог наш, Якому мы служым, мае сілу ўратаваць нас ад распаленай вогненнай печы, і ад тваёй рукі, цару, выбавіць.
18. Калі ж і ня будзе таго, дык хай будзе вядома табе, цару, што мы багам тваім служыць ня будзем і залатому ідалу, якога ты паставіў, не паклонімся".
19. Тады Навухаданосар напоўніўся лютасьцю, і выгляд ягонага твару зьмяніўся перад Сэдрахам, Місахам і Аўдэнагам, і ён загадаў напаліць печ у сем разоў мацней, чым як трэба было напаліць яе,
20. і самым дужым мужам з войска свайго загадаў зьвязаць Сэдраха, Місаха і Аўдэнага і ўкінуць іх у распаленую вогненную печ.
21. Тады мужы гэтыя былі зьвязаны ў сваім споднім і верхнім адзеньні, у галаўных павязках і ў іншым убраньні і ўкінуты ў распаленую вогненную печ.
22. І як загад цара быў строгі, і печ напалена была вельмі моцна, дык вогненнае полымя забіла тых людзей, якія ўкідалі Сэдраха, Місаха і Аўдэнага.
23. А гэтыя тры мужы — Сэдрах, Місах і Аўдэнага — упалі ў распаленую вогненную печ зьвязаныя.
24. Навухаданосар цар вельмі зьдзівіўся і пасьпешна ўстаў і сказаў сваім вяльможам: "ці ня трох зьвязаных мужоў укінулі мы ў агонь?" Яны ў адказ сказалі цару: "сапраўды так, цару!"
25. На гэта ён сказаў: "вось, я бачу чатырох мужоў нязьвязаных, якія ходзяць сярод агню, і шкоды ім няма; а чацьвёртага выглядам падобнага да сына Божага".
26. Тады Навухаданосар падышоў да вусьця распаленай вогненнай печы, і сказаў: "Сэдрах, Місах і Аўдэнага, рабы Бога Усявышняга! выйдзіце і падыдзеце!" Тады Сэдрах, Місах і Аўдэнага выйшлі зь сярэдзіны агню.
27. І сабраўшыся, сатрапы, намесьнікі і царовыя радцы ўгледзелі, што над целамі гэтых мужоў агонь ня меў сілы, і валасы на галаве не абпалены, і вопратка іх не зьмянілася, і нават паху агню ня было ад іх.
28. Тады Навухаданосар сказаў: "дабраславёны Бог Сэдраха, Місаха і Аўдэнага, Які паслаў Свайго анёла і ўратаваў Сваіх рабоў, якія спадзяваліся на Яго і не паслухаліся царскага загаду і аддалі свае целы ў агонь, абы ня служыць і не пакланяцца іншаму богу, акрамя Бога свайго!
29. І ад мяне даецца загад, каб з кожнага народу, племя і роду, хто скажа агуднае на Бога Сэдраха, Місаха і Аўдэнага, быў пасечаны на кавалкі, а дом яго ператвораны ў руіны, бо няма іншага Бога, Які мог бы так ратаваць".
30. Тады ж цар узвысіў Сэдраха, Місаха і Аўдэнага ў Вавілонскім краі.

Данііл 4:1-34
1. Я, Навухаданосар, быў спакойны ў сваім доме і дабрашчасьціўся ў харомах маіх.
2. Але бачыў я он, які напалохаў мяне, і роздум на ложку маім і ўявы маёй галавы зьбянтэжылі мяне.
3. І дадзены быў мною загад прывесьці да мяне Вавілонскіх мудрацоў, каб яны разгадалі мне сутнасьць сну.
4. Тады прыйшлі чарадзеі, заклінальнікі, Халдэі і вяшчуны; я расказаў ім сон, але яны не маглі мне разгадаць сутнасьць яго.
5. Нарэшце ўвайшоў да мяне Данііл, якому імя было Валтасар — як імя майго бога і ў якім дух Сьвятога Бога; якому я расказаў сон.
6. "Валтасар, начальнік мудрацоў! я ведаю, што ў табе дух Сьвятога Бога, і ніякая таямніца ня цяжкая табе; растлумач мне ўявы майго сну, які бачыў я, і разгадай сутнасьць яго.
7. А ўявы маёй галавы на маім ложку былі такія: бачыў я — вось пасярод зямлі дрэва, досыць высокае.
8. Вялікае было гэтае дрэва і моцнае, і вышыня яго сягала да неба, і яно відно было да краёў усёй зямлі.
9. Лісьце яго цудоўнае, і пладоў на ім мноства, і ежы на ім на ўсіх; пад ім знаходзіла цень палявая зьвярына, і ў гольлі яго гнезадаваліся птушкі нябесныя, і ад яго кармілася ўсякая плоць.
10. І бачыў я ва ўявах маёй галавы на маім ложку, вось, сышоў зь нябёсаў Чувальны і Сьвяты.
11. Усклікнуўшы голасна, Ён сказаў: "сьсячэце гэта дрэва, абсячэце гольле яго, абтрасеце лісьце зь яго і раскідайце плады яго; няхай сыйдуць зьвяры з-пад яго і птушкі з гольля яго;
12. але галоўны корань яго пакіньце ў зямлі, і няхай ён у кайданах жалезных і медных сярод польнай травы аброшваецца нябеснаю расою, і з жывёламі няхай будзе частка яго ў траве зямной.
13. Сэрца чалавечае адымецца ў яго і дасца яму сэрца зьвярынае, і сем часінаў пройдуць над ім.
14. Загадам Чувальнага гэта пастаноўлена, і паводле прыгавору Сьвятога назначана, каб ведалі жывыя, што Усявышні валадарыць над царствам чалавечым і дае яго, каму хоча, і становіць над ім нізкага зь людзей".
15. Такі сон бачыў я, цар Навухаданосар; а ты, Валтасару, скажы разгадку яго, бо ніхто з мудрацоў у маім царстве ня мог растлумачыць яго сэнсу, а ты можаш, бо ў табе дух сьвятога Бога.
16. Тады Данііл, якому імя Валтасар, каля гадзіны быў у зьдзіўленьні, і думкі яго бянтэжылі яго. Цар загаварыў і сказаў: "Валтасару! хай не бянтэжыць цябе гэты сон і разгадка яго". Валтасар адказваў і сказаў: "гаспадару мой! каб жа на тваіх ненавісьнікаў гэты сон, і на ворагаў тваіх разгадка яго!
17. Дрэва, якое ты бачыў, якое было вялікае і моцнае, вышынёю сваёю сягала да нябёсаў і відно было на ўсю зямлю,
18. а лісьце было цудоўнае, і мноства пладоў і ежа на ўсіх, а пад ім жыла зьвярына польная і ў гольлі гнездаваліся птушкі нябесныя,
19. гэта — ты, цару, які ўзьвялічаны і магутны, і веліч твая вырасла і сягнула да нябёсаў і ўлада твая — да краёў зямлі.
20. А што цар бачыў Чувальнага і Сьвятога, Які сыходзіў зь нябёсаў і Які сказаў: сьсячэце дрэва і зьнішчыце яго, толькі галоўны корань яго пакіньце ў зямлі, і няхай ён у кайданах жалезных і медных сярод польнай травы арашаецца расою нябеснаю, і з польнай зьвярыною няхай будзе частка яго, пакуль ня пройдуць над ім сем часінаў,—
21. дык вось сутнасьць гэтага, цару, і вось вызначэньне Усявышняга, якое спасьцігне гаспадара майго, цара:
22. цябе адлучаць ад людзей, і пражываньне тваё будзе з польнай зьвярыною; травою карміцьмуць цябе, як вала, расою нябеснаю ты будзеш аброшаны, і сем часінаў пройдзе над табою, пакуль уведаеш, што Усявышні валадарыць над царствам чалавечым і дае яго, каму хоча.
23. А што загадана было пакінуць галоўны корань дрэва, гэта азначае, што царства тваё застанецца пры табе, калі ты спазнаеш над сабою ўладу нябесную.
24. Таму, цару, хай будзе даспадобы табе парада мая: акупі грахі твае праўдаю і твае правіны мілажалем да бедных; вось, чым можа падоўжыцца мір твой".
25. Усё гэта збылося ў цара Навухаданосара.
26. Як прайшло дванаццаць месяцаў, пахаджаючы па царскіх харомах у Вавілоне,
27. цар сказаў: "ці ня гэта велічны Вавілон, які пабудаваў я домам царства моцай маёй магутнасьці і на славу маёй велічы!"
28. Яшчэ гэтыя словы былі на вуснах у цара, калі быў зь неба голас: "табе кажуць, цару Навухаданосар: царства адышло ад цябе!
29. І адлучаць цябе ад людзей, і будзе пражываньне тваё з польнай зьвярыною; травою карміцьмуць цябе, як вала, і сем часінаў пройдуць над табою, аж пакуль ня ўведаеш, што Усявышні валадарыць над царствам чалавечым і дае яго, каму хоча!"
30. Адразу ж і спраўдзілася гэта слова над Навухаданосарам, і адлучаны быў ён ад людзей, еў траву, як вол, і аброшвалася цела ягонае расою нябеснаю, так што валасы ў яго вырасьлі як у льва, і пазногці яго — як у птушкі.
31. А як скончыліся тыя дні, я, Навухаданосар, узьвёў вочы мае да неба, і мой розум вярнуўся да мяне; і дабраславіў я Усявышняга, пахваліў і праславіў Вечнаіснага, валадарства Якога — валадарства вечнае і царства Якога — у роды і роды.
32. І ўсе жывыя на зямлі ня значаць нічога; па волі Сваёй Ён чыніць як у нябесным войску, так і сярод жывых на зямлі, і няма нікога, хто мог бы ўсупрацівіцца Ягонай руцэ і сказаць Яму: што Ты зрабіў?
33. У той час вярнуўся да мяне мой розум, і я вярнуўся да славы царства свайго, і вярнуліся да мяне самавітасьць і ранейшы мой выгляд; і знайшлі мяне мае радцы і вяльможы мае, і я быў зноў пастаўлены на царства маё, і веліч мая яшчэ больш узвысілася.
34. Цяпер я, Навухаданосар, слаўлю, узношу і вялічаю Цара Нябеснага, у Якога ўсе дзеі ў ісьціне і шляхі праведныя, і Які Мае сілу ўпакорыць тых, якія ходзяць ганарыста".

Псалмы 135:1-9
1. Алілуя. Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо вечная ласка Яго.
2. Слаўце Бога багоў, бо вечная ласка Яго.
3. Слаўце Госпада ўладароў, бо вечная ласка Яго.
4. Таго, Які адзін творыць цуды вялікія, бо вечная ласка Яго;
5. Які мудра стварыў нябёсы, бо вечная ласка Яго;
6. уцьвердзіў зямлю на водах, бо вечная ласка Яго;
7. стварыў сьвяцілы вялікія, бо вечная ласка Яго;
8. сонца — на кіраваньне днём, бо вечная ласка Яго;
9. месяц і зоркі — на кіраваньне ноччу, бо вечная ласка Яго;

Прытчы 29:11-11
11. Неразумны ўвесь гнеў свой вылівае, а мудры стрымлівае яго.

2 Петър 1:1-21
1. Сымон Пётр, раб і апостал Ісуса Хрыста, тым, якія прынялі з намі аднолькава дарагую веру ў праўдзе Бога нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста:
2. мілата і мір вам хай памножыцца ў пазнаньні Бога і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.
3. Як ад Божае сілы Ягонай даравана нам усё патрэбнае для жыцьця і пабожнасьці, праз спазнаньне Таго, Хто паклікаў нас славаю і цнотаю,
4. якімі нам дараваны вялікія і каштоўныя абяцаньні, каб вы празь іх сталіся супольнікамі Божае Прыроды, адышоўшы ад псоты пажадлівасьцю, якая пануе ў сьвеце,
5. дык вы, прыкладаючы да гэтага ўсю дбайнасьць, пакажэце ў веры вашай цноту, у цноце разважлівасьць,
6. у разважлівасьці ўстрымлівасьць, ва ўстрымлівасьці цярплівасьць, у цярплівасьці пабожнасьць,
7. у пабожнасьці браталюбнасьць, у браталюбнасьці любасьць.
8. Калі гэта ў вас ёсьць і памнажаецца, дык вы не застаняцеся бяз удачы і плёну ў спазнаньні Госпада нашага Ісуса Хрыста;
9. а ў кім няма гэтага, той сьляпы, заплюшчыў вочы, забыўся пра ачышчэньне ад ранейшых грахоў сваіх.
10. А таму, браты, болей і болей дбайце пра тое, каб рабіць цьвёрдым вашае пакліканьне і выбраньне: так робячы, ніколі не спатыкнецеся,
11. бо так адчыніцца вам свабодны ўваход у вечнае Царства Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста.
12. Таму я ніколі не перастану нагадваць вам пра гэта, хоць вы тое і ведаеце і ўмацаваныя ў існай праўдзе.
13. А справядлівым лічу, пакуль я ў гэтай цялеснай храміне, падбадзёрваць вас напамінам,
14. ведаючы, што неўзабаве павінен буду пакінуць храміну маю, як і Гасподзь наш Ісус Хрыстос адкрыў мне.
15. Буду, аднак, старацца, каб вы і пасьля майго адыходу заўсёды згадвалі гэта ў памяці.
16. Бо мы абвясьцілі вам сілу і прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста, не за хітра сплеценымі байкамі йдучы, а быўшы навочнымі сьведкамі Ягонай велічы.
17. Бо Ён прыняў ад Бога Айца гонар і славу, калі ад гожай славы даляцеў да Яго такі голас: "Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў".
18. І гэты голас, які зь нябёсаў зышоў, мы чулі, калі былі зь Ім на сьвятой гары.
19. І пры тым мы маем самае пэўнае прарочае слова; і вы добра робіце, што зьвяртаецеся да яго, як да сьветача, які зьзяе ў цёмным месцы, пакуль не пачынае брацца на дзень і ня ўзыдзе ранішняя зорка ў сэрцах вашых,
20. ведаючы перш за ўсё тое, што ніякага прароцтва ў Пісаньні нельга тлумачыць паводле свайго разуменьня.
21. Бо ніколі прароцтва ня бывала агалошана з волі людзкой, а прамаўлялі яго сьвятыя Божыя людзі, натхнёныя Духам Сьвятым.