Плач Ераміі 1:1-22 |
1. Які асамотнены горад, людны калісьці! ён нібы аўдавеў; вялікі паміж народамі, уладца краін адрабляе даніну. |
2. Горка плача ён уначы, і сьлёзы яго па шчоках бягуць. Ня мае суцешніка сярод тых, што любілі яго; усе сябры яму здрадзілі, яму сталіся ворагамі. |
3. Юда ў выгнаньні, у цярпеньнях і ў цяжкай няволі, пасяліўся сярод язычнікаў, і не знаходзіць спакою сабе; усе, хто яго перасьледаваў, дагналі яго ў цясьнінах. |
4. Шляхі да Сіёна ў жалобе, не пасьпяшае ніхто на сьвята; усе апусьцелі брамы; сьвятары яго енчаць, дзяўчаты ягоныя ў смутку, горка й самому яму. |
5. Ворагі апанавалі яго, непрыяцелі шчасьцяцца ў дабрадзенстве, бо наслаў на яго Гасподзь бядоту за многія беззаконьні ягоныя; дзеці яго пайшлі ў палон паперадзе ворага. |
6. І адабрана ў дачкі Сіёна ўся яе велічнасьць; князі яе, як алені, што не знаходзяць пашы; і бясьсіла ідуць яны перад паганятым. |
7. Успамінае Ерусалім у дні бедства свайго і пакутаў сваіх, пра ўсе скарбы свае, што былі ў яго за былымі днямі, тым часам народ яго гіне ад рук ворага, і ніхто яму не пасабляе; супастаты глядзяць на яго і сьмяюцца зь яго суботаў. |
8. Цяжка зграшыў Ерусалім, і за тое зрабіўся агідны; кожны, хто славіў яго, глядзіць на яго з пагардай, галізну ягоную ўбачыўшы; ён і сам уздыхае і адварочваецца. |
9. На прыполе ў яго была нечысьць, але ён ня думаў пра будучыню, і заняпаў так ганебна, і няма яму суцешніка. "Паглядзі, Госпадзе, на гароту маю, бо вораг узвысіўся!" |
10. Вораг руку працягнуў на ўсе скарбы ягоныя; ён бачыць, як уваходзяць язычнікі ў сьвятыню ягоную, пра якую Ты наказаў, каб яны ня ўступалі ў сходню Тваю. |
11. Увесь народ ягоны ўздыхае, шукаючы хлеба, за ежу багацьці свае аддае, каб душу ўмацаваць. "Паглядзі, Госпадзе, і падзівіся, які я пагарджаны!" |
12. Хай ня будзе гэтага з вамі, вы, што дарогай праходзіце! зірнеце і падзівецеся, ці ёсць хвароба, як хвароба мая, што спасьцігла мяне, што наслаў на мяне Гасподзь у дзень палкага гневу Свайго? |
13. Згары Ён паслаў агонь у косткі мае, і ён авалодаў імі; раскінуў сеткі на ногі мае, абярнуў мяне, і зьбедніў мяне, каб я таміўся дзень кожны. |
14. Ярмо пахібнасьцяў маіх зьвязана ў руцэ Ягонай; яны сплецены і падняліся на шыю маю; Ён паслабіў сілу маю. Гасподзь аддаў мяне ў рукі, зь якіх не магу я вырвацца. |
15. Усіх дужых маіх Гасподзь скінуў сярод мяне, склікаў супроць мяне сход, каб вынішчыць хлопцаў маіх; як у таўчэльні стаптаў Гасподзь дзеву, дачку Юдавую. |
16. Па гэтым плачу я; вока маё, вока маё вылівае воды, бо далёка ад мяне мой суцешнік, які ажывіў бы душу маю; дзеці мае спустошаны, бо перамог вораг. |
17. Сіён працягвае рукі свае, а суцешніка яму няма, Гасподзь даў загад пра Якава ворагам ягоным; Ерусалім сярод іх амярзоціўся. |
18. Гасподзь праведны, бо не ўпакораны быў я слову Ягонаму. Паслухайце, усе народы, і зірнеце на немач маю: дзевы мае і хлопцы мае ў няволю пайшлі. |
19. Клічу сяброў маіх, але яны ашукалі мяне; сьвятары мае і старцы мае канаюць у горадзе, шукаючы ежы сабе, каб душу сваю падмацаваць. |
20. Паглядзі, Госпадзе, бо мне цесна, хвалюецца ўва мне нутроба, сэрца маё перавярнулася ўва мне за тое, што я ўпарта Табе супрацівіўся; меч звонку зьбязьдзетніў мяне, а дома — як сьмерць. |
21. Пачулі, што я енчу, а суцешніка мне няма; пачулі ўсе ворагі мае пра гароту маю і парадаваліся, што Ты зрабіў гэта: о, калі б Ты загадаў, каб настаў дзень, Табою прадказаны, і каб яны мне ўпадобніліся! |
22. Хай стане перад аблічча Тваё ўся іхняя злосьць; і ўчыні зь імі гэтаксама, як Ты са мною ўчыніў за грахі мае, бо цяжкія стагноты мае, і сэрца маё зьнемагае. |
Плач Ераміі 2:1-22 |
1. І як спахмурніў Гасподзь у гневе Сваім дачку Сіёна! скінуў зь нябёсаў на зямлю красу Ізраіля і не ўзгадаў пра падножжа ног Сваіх у дзень гневу Свайго. |
2. Загубіў Гасподзь усе селішчы Якава, не ўмілажаліўся, разбурыў у лютасьці Сваёй умацаваньні дачкі Юдавай, скінуў на зямлю, адкінуў царства і князёў ягоных, як нечысьць; |
3. У запале гневу зламаў моц Ізраіля, адвёў правіцу Сваю ад непрыяцеля і загарэўся ў Якаве, як зьнішчальны агонь, што пажыраў усё навакол; |
4. напяў лук Свой, як непрыяцель, накіраваў правіцу Сваю, як вораг, і забіў усё, вачам вабнае; на палатку дачкі Сіёна выліў лютасьць Сваю, як агонь. |
5. Гасподзь зрабіўся — як непрыяцель, зьнішчыў Ізраіля, спустошыў усе харомы ягоныя, разбурыў умацаваньні яго, і памножыў дачцэ Юдавай смутак і плач. |
6. І адабраў агароджу Сваю, як у садзе; разбурыў сьвятыню Сваю, прымусіў Гасподзь забыць на Сіёне сьвяты й суботы; і ў абурэньні гневу Свайго адкінуў цара і сьвятара, |
7. Адкінуў Гасподзь ахвярнік Свой, адвёў сэрца Сваё ад сьвятыні Сваёй, аддаў у рукі ворагаў сьцены храмаў яго; у доме Гасподнім шумелі, як у сьвята. |
8. Гасподзь пастанавіў разбурыць мур дачкі Сіёна, шнур працягнуў, ня ўхіліў рукі Сваёй ад спусташэньня; зьнішчыў вонкавыя ўмацаваньні, і сьцены разам разбураны. |
9. Брамы яе аселі ў зямлю; Ён разбурыў і скрышыў завалы яе; цар яе і князі яе ў язычнікаў; ня стала закону, і прарокам яе няма ўяваў ад Госпада. |
10. Маўкліва сядзяць на зямлі старцы дачкі Сіёнавай, пасыпалі попелам сваю галаву, вярэтаю аперазаліся; панурылі голаў сваю да зямлі дзевы Ерусалімскія. |
11. Выплакала я мае вочы, і хвалюецца ўва мне нутроба мая, выліваецца на зямлю жоўць мая ад пагібелі дачкі народу майго, калі дзеці і немаўляты з голаду мруць на вуліцах горада. |
12. Сваім мацеркам кажуць яны: "дзе хлеб і віно?" паміраючы, падобна параненым на вуліцах гарадскіх, выліваючы душы свае ва ўлоньне сваіх мацярок. |
13. Што скажу я табе, з чым параўнаю цябе, дачка Ерусаліма? да чаго прыпадобню цябе, каб суцешыць цябе, дзева, дачка Сіёна? бо рана твая вялікая, як мора, хто можа цябе ацаліць? |
14. Прарокі твае вяшчалі табе пустое, ілжывае і беззаконьня твайго не выкрывалі, каб папярэдзіць твой лёс, і звеставалі табе ілжыва, што прывяло цябе да выгнаньня. |
15. Рукамі пляскаюць над табою праходжыя, сьвішчуць і круцяць галавой з дачкі Ерусаліма, кажучы: "ці той гэта горад, што называўся дасканаласьцю хараства, радасьцю ўсёй зямлі?" |
16. Разьзявілі на цябе пашчу сваю твае ворагі, сьвішчуць, скрыгочуць зубамі, кажучы: "праглынулі мы яго, толькі гэтага дня і чакалі мы, дачакаліся, убачылі!" |
17. Зьдзейсьніў Гасподзь, што прадвызначыў, спраўдзіў слова Сваё, сказанае калісьці, спустошыў бязь літасьці і даў ворагу парадавацца над табою, узьнёс моц тваіх супастатаў. |
18. Сэрца іх лямантуе да Госпада: сьцяна дачкі Сіёна! лі ручаём сьлёзы дзень і ноч, не давай сабе супакоіцца, не давай спачыну зрэнкам вачэй тваіх. |
19. Уставай, кліч сярод ночы, на пачатку кожнае варты; вылівай, як ваду, сэрца тваё прад Госпадам; да Яго цягні рукі твае за душу тваіх дзетак, што канаюць з голаду на рагах усіх вуліц. |
20. "Паглядзі, Госпадзе, і падзівіся: каму так зрабіў, каб елі жанчыны свой плод, немаўлятак, выкармленых імі? каб забівалі ў Гасподнім сьвяцілішчы сьвятара і прарока? |
21. Дзеці і старцы ляжаць на зямлі ў пыле; дзевы мае і хлопцы загінулі ад меча; у дзень гневу Твайго ты іх біў, заколваў бязь літасьці". |
22. Ты склікаў адусюль, як на сьвята, жахі мае, і ў дзень гневу Гасподняга не ўратаваўся ніхто, не ацалеў аніхто; тых, каго выкарміла і ўзгадавала я, вораг мой вынішчыў. |
Псалмы 118:137-144 |
137. Справядлівы Ты, Госпадзе, і суды Твае справядлівыя. |
138. Сьведчаньні Твае, якія Ты запавядаў, — праўда і дасканалая ісьціна. |
139. Руплівасьць мая зьядае мяне, бо мае ворагі забылі словы Твае. |
140. Слова Тваё вельмі чыстае, і раб Твой палюбіў яго. |
141. Малы я і пагарджаны; але наказаў Тваіх не забываю. |
142. Праўда Твая — праўда вечная, а закон Твой — ісьціна. |
143. Скруха і гора мяне агарнулі; запаведзі Твае — суцяшэньне маё. |
144. Праўда адкрыцьцяў Тваіх — вечная: дай мне розуму, і буду жыць. |
Прытчы 28:9-10 |
9. Хто ўхіляе вуха сваё, каб ня слухаць закону, у таго і малітва — мярзота. |
10. Хто зводзіць праведных на дарогу зла, сам упадзе ў сваю яму; а беззаганныя спадкуюць дабро. |
Тит 3:1-15 |
1. Нагадвай ім скарацца і ўпакорвацца начальству і ўладам, быць гатовымі на ўсякія добрыя дзеі, |
2. нікога ня бэсьціць, быць не сварлівымі, а ціхмянымі, і паказваць поўную лагоду да ўсіх людзей. |
3. Бо і мы былі колісь немысьлі, неслухі, заблуды, былі рабы юру і розных асалодаў, жылі ў злосьці і зайздрасьці, былі гнюсныя, ненавідзелі адно аднаго. |
4. Калі ж зьявілася мілата і чалавекалюбства Збаўцы нашага, Бога, |
5. Ён выбавіў нас не за дзеі праведнасьці, якія б мы ўчынілі, а з Свайго мілажалю, праз купель адраджэньня і абнаўленьня Сьвятым Духам, |
6. Якога выліў на нас шчодра празь Ісуса Хрыста, Збаўцу нашага, |
7. каб, апраўдаўшыся Ягонай мілатою, мы згодна са спадзяваньнем зрабіліся спадкаемцамі жыцьця вечнага. |
8. Слова гэта слушнае; і я жадаю, каб ты пацьвярджаў яго, каб тыя, што ўверавалі ў Бога, стараліся быць дбайнымі ў добрых учынках: гэта добра і карысна людзям. |
9. А дурных перагаворстваў і радаслоўных звадаў, і спрэчак і калатні вакол закону пазьбягай, бо яны бескарысныя і марныя. |
10. Ад ератыка, пасьля першага і другога настаўленьня на розум, цурайся, |
11. ведаючы, што ён разбэсьціўся і грэшыць, і асуджаны сам сабою. |
12. Калі прышлю да цябе Артэму або Тыхіка, пасьпяшайся прыйсьці да мяне ў Нікаполь; бо я пастанавіў там зазімаваць. |
13. Зіну-законьніка і Апалоса паклапаціся выправіць так, каб у іх ні ў чым ня было нястачы. |
14. Хай і нашыя вучацца практыкавацца ў добрых учынках, у задавольваньні неабходных патрэбаў, каб ня былі бясплодныя. |
15. Вітаюць цябе ўсе, хто са мною. Вітай тых, хто любіць нас у веры. Мілата з усімі вамі. Амін. |