A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Лістапада 28

Езекііль 47:1-23
1. Потым прывёў ён мяне назад да дзьвярэй храма, і вось, з-пад парога храма цячэ вада на ўсход: бо храм стаяў на ўсход, і вада цякла з-пад правага боку храма, па паўднёвы бок ахвярніка.
2. І вывеў мяне паўночнаю брамаю, і вонкавай дарогай абвёў мяне да зьнешняе брамы, дарогаю, што на ўсход; і вось, вада цячэ па правы бок.
3. Калі той муж пайшоў на ўсход, дык у руцэ трымаў шнурок, і адмерыў тысячу локцяў, і павёў мяне па вадзе; вады было па костачкі.
4. І яшчэ адмерыў тысячу, і павёў мяне па вадзе; вады было па калені. І яшчэ адмерыў тысячу, і павёў мяне; вады было па паясьніцу.
5. І яшчэ адмерыў тысячу, і ўжо тут быў такі паток, празь які я ня мог ісьці, бо вада была так высока, што трэба было плысьці, а пераходзіць нельга было гэты паток.
6. І сказаў мне: бачыў, сыне чалавечы? і павёў мяне назад да берагу гэтага патоку.
7. І калі я прыйшоў назад, і вось, на берагах патока многа было дрэў па той і па другі бок.
8. І сказаў мне: гэтая вада цячэ ва ўсходні бок зямлі, сыдзе на раўніну і ўвойдзе ў мора: і воды яго зробяцца здаровымі.
9. І ўсякая жывая істота, якая поўзае там, дзе ўвойдуць два струмяні, будзе жывая; і рыбы будзе даволі многа, бо ўвойдзе туды гэтая вада, і воды ў моры зробяцца здаровымі, і куды ўвойдзе гэты паток, усё будзе жывое там.
10. І будуць стаяць каля яго рыбаловы ад Эн-Гадзі да Эглайма, будуць закідваць сеткі. Рыба будзе ў сваім выглядзе і, як у вялікім моры, рыбы будзе даволі многа.
11. Балоты яго і лужыны яго, якія ня зробяцца здаровымі, будуць пакінуты пад соль.
12. Каля патока па берагах яго з таго і другога боку будуць расьці ўсякія дрэвы, якія даюць ежу; лістота іх ня будзе вянуць, і плады на іх ня будуць прападаць; кожны месяц будуць сьпець новыя, бо вада ім цячэ са сьвяцілішча; плады іх будуць ужывацца ў ежу, а лісьце на лекаваньне.
13. Так кажа Гасподзь Бог: вось разьмеркаваньне, паводле якога вы павінны разьдзяліць зямлю ў спадчыну дванаццаці плямёнам Ізраілевым: Язэпу два надзелы.
14. І спадкуйце яе, як адзін, так і другі; бо Я, падняўшы руку Маю, прысягнуўся аддаць яе бацькам вашым, дык і будзе зямля гэтая спадчынай вашай.
15. І вось перадзел зямлі: на паўночным канцы, пачынаючы ад вялікага мора, праз Хэтлон, па дарозе ў Цэдал,
16. Эмат, Бэрот, Сіўраім, што паміж Дамаскаю і Эмацкаю абласьцямі Гацар — Тыхон, які на мяжы Аўрана.
17. І будзе мяжа ад мора да Гацар — Энон, мяжа з Дамаскам, і далей на поўначы вобласьць Эмат; і вось паўночны край.
18. Рысу ўсходняга краю вядзеце паміж Аўранам і Дамаскам, паміж Галаадам і зямлёю Ізраільскаю, па Ярдане, ад паўночнага краю да ўсходняга мора: гэта ўсходні край.
19. А паўднёвы край з паўднёвага боку ад Тамары да водаў пры Кадысе, і па цячэньні патоку да вялікага мора; гэта паўднёвы край на поўдні.
20. А заходні надзел — вялікае мора, ад паўднёвай мяжы да месца насупраць Эмата; гэта заходні край.
21. І падзялеце сабе зямлю гэтую на надзелы паводле каленаў Ізраілевых.
22. І падзялеце яе па жэрабі ў спадчыну сабе і іншаземцам, якія жывуць у вас, якія нарадзілі ў вас дзяцей; і яны сярод сыноў Ізраілевых павінны лічыцца нароўні з прыроднымі жыхарамі, і яны з вамі ўвойдуць у долю сярод плямёнаў Ізраілевых.
23. У якім племі жыве іншаземец, у тым і дайце яму спадчыну ягоную, кажа Гасподзь Бог.

Езекііль 48:1-35
1. Вось імёны плямёнаў. На паўночным краі дарогі ад Хэтлона, якая вядзе ў Эмат, Гацар-Энон, ад паўночнай мяжы Дамаска па дарозе да Эмата: усё гэта ад усходу да мора адзін надзел Дану.
2. Каля мяжы Дана, ад усходняга краю да заходняга, гэта адзін надзел Асіру.
3. Каля мяжы Асіра, ад усходняга краю да заходняга, гэта адзін надзел Нэфталіму.
4. Каля мяжы Нэфталіма, ад усходняга краю да заходняга, гэта адзін надзел Манасіі.
5. Каля мяжы Манасіі, ад усходняга краю да заходняга, гэта адзін надзел Яфрэму.
6. Каля мяжы Яфрэма, ад усходняга краю да заходняга, гэта адзін надзел Рувіму.
7. Каля мяжы Рувіма, ад усходняга краю да заходняга, гэта адзін надзел Юду.
8. А каля мяжы Юды, ад усходняга краю да заходняга, сьвяшчэнная дзялянка, шырынёю ў дваццаць пяць тысяч трысьцін, а даўжынёю нароўні зь іншымі надзеламі, ад усходняга краю да заходняга; сярод яго будзе сьвяцілішча.
9. Дзялянка, якую вы прысьвеціце Госпаду, даўжынёю будзе ў дваццаць пяць тысяч, а шырынёю ў дзесяць тысяч трысьцін.
10. І гэтая сьвяшчэнная дзялянка павінна належаць сьвятарам, на поўнач дваццаць пяць тысяч і да мора ў шырыню дзесяць тысяч, і на ўсход у шырыню дзесяць тысяч, а на поўдзень у даўжыню дваццаць пяць тысяч трысьцін, і сярод яго будзе сьвяцілішча Гасподняе.
11. Гэта сьвяцілішча сьвятарам з сыноў Садока, якія стаялі на варце Маёй, якія падчас адступніцтва сыноў Ізраілевых не адступіліся ад Мяне, як адступіліся іншыя Лявіты.
12. Ім будзе належаць гэтая частка зямлі са сьвяшчэннай дзялянкі, сьвятыня са сьвятынь, каля мяжы Лявітаў.
13. І Лявіты атрымаюць таксама каля сьвятарскай мяжы дваццаць пяць тысяч у даўжыню і дзесяць тысяч трысьцін у шырыню; уся даўжыня дваццаць пяць тысяч, а шырыня дзесяць тысяч трысьцін.
14. І з гэтай часткі яны ня могуць ні прадаць, ні памяняць; і пачаткі зямлі ня могуць пераходзіць да іншых, бо гэта сьвятыня Гасподняя.
15. А астатнія пяць тысяч у шырыню з дваццацьцю пяцьцю тысячамі ў даўжыню назначаюцца гораду на агульны ўжытак, на засяленьне і на прадмесьці; горад будзе ўсярэдзіне.
16. І вось памеры яго: паўночны бок чатыры тысячы пяцьсот і паўднёвы бок чатыры тысячы пяцьсот, усходні бок чатыры тысячы пяцьсот і заходні бок чатыры тысячы пяцьсот трысьцін.
17. А прадмесьці горада на поўнач дзьвесьце пяцьдзясят, і на ўсход дзьвесьце пяцьдзясят, і на поўдзень дзьвесьце пяцьдзясят, і на захад дзьвесьце пяцьдзясят трысьцін.
18. А што застаецца з даўжыні супроць сьвяшчэннай дзялянкі — дзесяць тысяч на ўсход і дзесяць тысяч на захад насупраць сьвяшчэннай дзялянкі, творы з гэтай зямлі павінны быць для прадуктаў гарадскім работнікам.
19. Працаваць жа ў горадзе могуць работнікі з усіх каленаў Ізраілевых.
20. Уся аддзеленая дзялянка ў дваццаць пяць тысяч даўжыні і ў дваццаць пяць тысяч шырыні, чатырохкутная, выдзеліце пад сьвяшчэнны надзел, уключаючы валоданьні горада:
21. а астатняе князю. Як з боку сьвяшчэннай дзялянкі, так і з боку валоданьняў горада, насупраць дваццаці пяці тысяч трысьцін да ўсходняй мяжы дзялянкі, і на захад супраць дваццаці пяці тысяч каля заходняй мяжы суразьмерна з гэтымі надзеламі, надзел князю, так што сьвяшчэнная дзялянка і сьвяцілішча будзе ўсярэдзіне яго.
22. І тое, што ад валоданьняў Лявітаў і ад валоданьняў горада застаецца ў прамежку, належыць таксама князю; прамежак паміж граніцаю Юды і паміж граніцаю Веньяміна будзе належаць князю.
23. А астатняе ад плямёнаў, ад усходняга краю да заходняга — адзін надзел Веньяміну.
24. Каля мяжы Веньяміна, ад усходняга краю да заходняга — адзін надзел Сымону.
25. Каля мяжы Сымона, ад усходняга краю да заходняга — адзін надзел Ісахару.
26. Каля мяжы Ісахара, ад усходняга краю да заходняга — адзін надзел Завулону.
27. Каля мяжы Завулона, ад усходняга краю да заходняга — адзін надзел Гаду.
28. А каля мяжы Гада на паўднёвым баку ідзе паўднёвая мяжа ад Тамара да водаў міжрэчча каля Кадыса, уздоўж патоку да вялікага мора.
29. Вось зямля, якую вы па жэрабі падзялеце плямёнам Ізра-ілевым, і вось дзялянкі іх, кажа Гасподзь Бог.
30. І вось выхады горада: з паўночнага боку меры чатыры тысячы пяцьсот;
31. і брамы горада называюцца імёнамі плямёнаў Ізраілевых; на поўнач тры брамы: брама Рувімава адна, брама Юдава адна, брама Лявііна адна.
32. І з усходняга боку меры чатыры тысячы пяцьсот, і тры брамы: брама Язэпава адна, брама Веньямінава адна, брама Данава адна;
33. і з паўднёвага боку меры чатыры тысячы пяцьсот, і тры брамы: брама Сымонава адна, брама Ісахарава адна, брама Завулонава адна.
34. З марскога боку меры чатыры тысячы пяцьсот; брам тут таксама тры: брама Гадава адна, брама Асірава адна, брама Нэфталімава адна.
35. Усяго вакол васямнаццаць тысяч. А імя гораду з таго дня будзе: Гасподзь-там.

Псалмы 134:8-14
8. Ён пабіў першынцаў Егіпта, ад чалавека да быдла,
9. паслаў азнакі і цуды сярод цябе, Егіпце, на фараона і на ўсіх рабоў ягоных,
10. пабіў народы многія, і вынішчыў цароў моцных:
11. Сігона, цара Амарэйскага, і Ога, цара Васанскага, і ўсе царствы Ханаанскія;
12. і аддаў зямлю іхнюю ў спадчыну, у спадчыну Ізраілю, народу Свайму.
13. Госпадзе! імя Тваё навечна; Госпадзе! памяць пра Цябе з роду ў род.
14. Бо Гасподзь судзіцьме народ Свой, і з рабоў Сваіх умілажаліцца.

Прытчы 29:9-9
9. Разумны чалавек, калі судзіцца з чалавекам неразумным, ці злуецца, ці сьмяецца — ня мае спакою.

1 Петър 4:1-19
1. Дык вось, як Хрыстос пацярпеў за нас целам, дык і вы ўзбройцеся тою самаю думкаю; бо хто пакутуе целам, той перастае грашыць,
2. каб рэшту часу ў целе ўжо жыць не паводле людзкіх пахацінстваў, а паводле волі Божай.
3. Бо досыць, што вы ў мінулым часе жыцьця чынілі волю язычніцкую, аддаючыся нечысьці, пажадзе (мужаложству, скаталожству, непатрэбным помыслам), п’янству, лішніцы ў ежы і пітве і недарэчнаму ідаласлужэньню;
4. таму яны і зьдзіўляюцца, што вы ня маеце ўдзелу зь імі ў той самай распусьце, і бэсьцяць вас;
5. яны дадуць адказ Таму, Хто неўзабаве мае судзіць жывых і мёртвых.
6. Бо на тое і мёртвым было зьвеставана, каб яны па-людзку целам суд прыняўшы, жылі пабожна духам.
7. Зрэшты, блізкі ўсяму канец. Дык вось будзьце ў добрым розуме і чувайце ў малітвах.
8. А найболей за ўсё майце шчырую любоў адно да аднаго, бо любоў пакрывае мноства грахоў;
9. будзьце гасьцінныя адно да аднаго без нарокаў;
10. служэце адно аднаму, кожны тым дарам, які атрымаў, як добрыя дойліды разнастайнай мілаты Божай.
11. Калі гаворыць хто, гавары як словы Божыя; ці калі служыць хто, служы сілаю, якую дае Бог, каб ва ўсім ўслаўляўся Бог празь Ісуса Хрыста, Якому слава і ўлада навекі вечныя. Амін.
12. Любасныя! вогненнай спакусы, што пасылаецца на выпрабаваньне вам, ня цурайцеся, быццам прыгоды вам чужой,
13. але як што вы маеце долю ў Хрыстовых цярпеньнях, радуйцеся, ды і ў зьяўленьні славы Ягонай узрадуецеся і ўзьвесялецеся.
14. Калі клянуць вас за імя Хрыстовае, дык вы дабрашчасныя, бо Дух славы, Дух Божы спачывае на вас: тыя ганяць Яго, а вы ўслаўляйце.
15. Толькі б не пацярпеў хто з вас як забойца, альбо злодзей, альбо як ліхадзей, альбо як захопнік чужога;
16. а калі як Хрысьціянін, дык не саромейся, а ўслаўляй Бога за такую долю.
17. Бо пара пачынацца суду з дому Божага; а калі найперш з нас пачнецца, дык які канец тым, хто не скараецца Дабравесьцю Божаму?
18. І калі праведнік ледзьве ратуецца, дык бязбожнік і грэшны дзе апынецца?
19. Дык вось, пакутнікі па волі Божай няхай аддадуць Яму, як праўдзіваму Садзецелю, душы свае, робячы дабро.