A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Лістапада 27

Езекііль 45:1-25
1. Калі будзеце па жэрабі дзяліць зямлю на дзялянкі, тады аддзялеце сьвяшчэнны пляц Госпаду ў дваццаць пяць тысяч трысьцін даўжыні і дзесяць тысяч шырыні; хай будзе сьвятое месца ва ўсёй поўніцы сваёй, навакол.
2. Ад яго да сьвяцілішча адыдзе чатырохкутнік па пяцьсот трысьцін вакол, і вакол яго пляц у пяцьдзясят локцяў.
3. З гэтай меры адмер дваццаць пяць тысяч трысьцін у даўжыню і дзесяць тысяч у шырыню, дзе будзе сьвяцілішча, Сьвятое Сьвятых.
4. Гэта сьвяшчэнная частка зямлі належыць будзе сьвятарам, службітам сьвяцілішча, якія прыступаюць да служэньня Госпаду: гэта будзе ім месцам для дамоў і сьвятыняю для сьвяцілішча.
5. Дваццаць пяць тысяч трысьцін даўжыні і дзесяць тысяч шырыні будуць належаць Лявітам, службітам храма, як іх валоданьне для пражытку іхняга.
6. І на валоданьне гораду дайце пяць тысяч шырыні і дваццаць пяць тысяч даўжыні, насупраць сьвяшчэннага месца, выдзеленага Госпаду; гэта належыць павінна ўсяму дому Гасподняму.
7. І князю дайце долю па той і другі бок, як каля сьвяшчэннага месца, выдзеленага Госпаду, так і каля гарадскога валоданьня, на захад з заходняга боку і на ўсход з усходняга боку, даўжынёю нароўні з адным з гэтых надзелаў ад заходняй мяжы да ўсходняй.
8. Гэта ягоная зямля, яго валоданьне ў Ізраілі, каб князі Мае наперад ня ўціскалі народу Майго, і каб далі зямлю дому Ізра-ілеваму паводле плямёнаў яго.
9. Так кажа Гасподзь Бог: годзе вам, князі Ізраілевыя! адкладзеце крыўды і ўціскі і чынеце справядлівасьць і праўду, перастаньце выцясьняць народ Мой з валоданьняў ягоных, кажа Гасподзь Бог.
10. Хай будуць у вас правільныя вагі і правільная эфа і правільны бат.
11. Эфа і бат павінны быць аднолькавай меры, так каб бат умяшчаў у сябе дзясятую частку хомэра і эфа дзясятую частку хомэра; мера іх павінна вызначацца па хомэры.
12. У сіклі дваццаць гераў; а дваццаць сікляў, дваццаць пяць сікляў і пятнаццаць сікляў складаць будуць у вас міну.
13. Вось даніна, якую вы павінны даваць князю: шостую частку эфы ад хомэра пшаніцы і шостую частку эфы ад хомэра ячменю;
14. пастанова пра алей: ад кора алею дзясятую частку бата: дзесяць батаў складаюць хомэр, бо ў хомэры дзесяць батаў;
15. адну авечку ад статку ў дзьвесьце авечак з тлустай пашы Ізраіля: усё гэта дзеля хлебнага прынашэньня і падзякавальнай ахвяры, на ачышчэньне іх, кажа Гасподзь Бог.
16. Увесь народ зямлі абавязваецца рабіць гэтае прынашэньне князю ў Ізраіле.
17. А ў абавязках князя будуць ляжаць цэласпаленьне і хлебнае прынашэньне, і выліваньне на сьвяты і на маладзіка і ў суботы, падчас усіх урачыстасьцяў дома Ізраілевага; ён павінен будзе прыносіць ахвяру за грэх і хлебнае прынашэньне, і цэласпаленьне і ахвяру падзякавальную, на ачышчэньне дому Ізраілевага.
18. Так кажа Гасподзь Бог: у першым месяцы, у першы дзень месяца вазьмі са статку валоў цялушку без заганы і ачысьці сьвяцілішча.
19. Сьвятар няхай возьме крыві ад гэтай ахвяры за грахі і пакропіць ёю на вяроўкі храма і на чатыры куты пляцоўкі каля ахвярніка, і на вяроўкі брамы ўнутранага двара.
20. Тое самае зрабі і ў сёмы дзень месяца за тых, што грэшаць наўмысна і з прастадушнасьці, і так ачышчайце храм.
21. У першым месяцы, у чатырнаццаты дзень месяца павінна быць у вас Пасха, сьвята сямідзённае, калі павінны быць праснакі.
22. У гэты дзень князь за сябе і за ўвесь народ зямлі прынясе цяля ў ахвяру за грэх.
23. У гэтыя сем дзён сьвята ён павінен прыносіць на цэласпаленьне Госпаду кожны дзень па сем цялят і па сем бараноў без заганы і ў ахвяру за грэх кожны дзень па казлу з казінага статку.
24. Хлебнага прынашэньня ён павінен прыносіць па эфе на цяля і па эфе на барана, і па гіне алею на эфу.
25. У сёмым месяцы, у пятнаццаты дзень месяца, у сьвята, на працягу сямі дзён ён павінен прыносіць тое самае: такую самую ахвяру за грэх, такое самае цэласпаленьне, і столькі сама хлебнага прынашэньня і столькі сама алею.

Езекііль 46:1-24
1. Так кажа Гасподзь Бог: брама ўнутранага двара, якая выходзіць на ўсход, павінна быць замкнутая шэсьць дзён, а ў суботні дзень яна павінна быць адчыненая і ў дзень маладзіка павінна быць адчыненая.
2. Князь пойдзе празь зьнешні бабінец брамы і стане каля вяроўкі гэтае брамы; і сьвятары ўчыняць ягонае цэласпаленьне і ягоную падзякавальную ахвяру; і ён каля парога брамы паклоніцца Госпаду і выйдзе, а брама застанецца незамкнутая да вечара.
3. І народ зямлі будзе пакланяцца перад Госпадам пры ўваходзе ў браму, у суботы і ў дні маладзіка.
4. Цэласпаленьне, якое князь прынясе Госпаду ў суботні дзень, павінна быць з шасьці ягнят без заганы і з барана без заганы;
5. хлебнага прынашэньня эфа на барана, а на ягнят хлебнага прынашэньня, колькі рука ягоная падасьць, а алею гін на эфу.
6. У дзень маладзіка будуць прыносіцца ім са статку валоў цяля без заганы, таксама шэсьць ягнят і баран без заганы.
7. Хлебнага прынашэньня ён прынясе эфу на цяля і эфу на барана, а на ягнят, колькі рука ягоная падасьць, і алею гін на эфу.
8. І калі будзе прыходзіць князь, дык павінен уваходзіць праз бабінец брамы і тою ж дарогаю выходзіць.
9. А калі народ зямлі будзе прыходзіць перад аблічча Госпада на сьвяты, дык той, хто ўвойдзе праз паўночную браму на пакланеньне, павінен выходзіць паўднёваю брамаю, а хто ўвайшоў праз паўднёвую браму, павінен выходзіць паўночнаю брамаю; ён не павінен выходзіць праз тую самую браму, праз якую ўвайшоў, а павінен выходзіць у процілеглую.
10. І князь павінен быць сярод іх; калі яны ўваходзяць, уваходзіць і ён; і калі яны выходзяць, выходзіць і ён.
11. І на сьвяты і ва ўрачыстыя дні хлебнага прынашэньня ад яго павінна быць па эфе на цяля і па эфе на барана, і на ягнят, колькі падасьць рука ягоная, і алею па гіну на эфу.
12. А калі князь, у меру дбаньня свайго, захоча прынесьці цэласпаленьне альбо падзякавальную ахвяру Госпаду, дык павінен адчыніць яму ўсходнюю браму, і ён учыніць сваё цэласпаленьне і сваю падзякавальную ахвяру гэтак сама, як учыніў у суботні дзень, і пасьля гэтага ён выйдзе, і пасьля выхаду яго брама зачыніцца.
13. Кожны дзень прынось Госпаду на цэласпаленьне гадавалае ягня без заганы; кожнае раніцы прынось яго.
14. А хлебнага прынашэньня дадавай да яго кожнае раніцы шостую частку эфы і алею трэцюю частку гіна, каб распусьціць муку; такая вечная пастанова пра хлебнае прынашэньне Госпаду, назаўсёды.
15. Хай прыносяць на цэласпаленьне ягня і хлебнае прынашэньне і алей кожнае раніцы пастаянна.
16. Так кажа Гасподзь Бог: калі князь дае каму з сыноў сваіх дарунак, дык гэта павінна пайсьці ў спадчыну і ягоным сынам; гэта валоданьне іх павінна быць спадчынным.
17. Калі ж ён дасьць са спадчыны сваёй каму-небудзь з рабоў свой дарунак, дык гэта будзе належаць яму толькі да году вызваленьня, і тады вернецца да князя. Толькі да сыноў ягоных павінна пераходзіць спадчына ягоная.
18. Але князь ня можа браць са спадчыннай дзялянкі народу, выцясьняючы іх з валоданьняў іхніх; са свайго толькі валоданьня ён можа выдзяляць дзецям сваім, каб ніхто з народу Майго ня быў гнаны са свайго валоданьня.
19. І прывёў ён мяне тым ходам, які з боку брамы, да сьвяшчэнных пакояў для сьвятароў, што на поўнач, і вось там адно месца на краі на захад.
20. І сказаў мне; гэта месца, дзе сьвятары павінны гатаваць ахвяру за злачынства і ахвяру за грэх, дзе павінны пячы хлебнае прынашэньне, ня выносячы яго на зьнешні двор, для асьвячэньня народу.
21. І вывеў мяне на зьнешні двор і правёў мяне па чатырох рагах двара, і вось у кожным куце двара яшчэ двор.
22. Ва ўсіх чатырох кутах двара былі пакрытыя двары ў сорак локцяў даўжыні і трыццаць шырыні, адной меры ва ўсіх чатырох кутах.
23. І вакол усіх чатырох — сьцены, а каля сьцен зроблены агмені вакол.
24. І сказаў мне: вось кухні, у якіх службіты храма гатуюць ахвяры народныя.

Псалмы 134:1-7
1. Алілуя. Хвалеце імя Гасподняе, хвалеце, рабы Гасподнія,
2. усе, хто стаіць у доме Гасподнім, у дварах Бога нашага.
3. Хвалеце Госпада, бо Гасподзь добры; сьпявайце імю Ягонаму, бо гэта соладка,
4. бо Гасподзь абраў сабе Якава, Ізраіля ўласнасьцю Сваёю.
5. Я ўведаў, што Гасподзь вялікі, і Гасподзь наш вышэйшы за ўсіх багоў.
6. Гасподзь творыць усё, што хоча, на нябёсах і на зямлі, на морах і ва ўсіх прадоньнях;
7. узводзіць хмары ад краю зямлі, творыць маланкі пры дажджы, выводзіць вецер са сховішчаў Сваіх.

Прытчы 29:8-8
8. Людзі разбэшчаныя бунтуюць го­рад, а мудрыя суцішаюць мяцеж.

1 Петър 3:1-22
1. Гэтак сама і вы, жанчыны, карэцеся сваім мужам, каб тыя зь іх, хто не скараецца слову, праз паводзіны жонак сваіх бяз слова здабываныя былі,
2. калі ўбачаць вашае чыстае, богабаязнае жыцьцё.
3. Хай будзе акрасаю вашай ня зьнешняе пляценьне валасоў, не залатыя ўборы альбо прыгажосьць у строях,
4. а чалавек шчырага сэрца ў нятленным харастве лагоднага і маўклівага духу, што каштоўна перад Богам.
5. Так калісьці і сьвятыя жанчыны, якія клалі надзею на Бога, аздаблялі сябе, скараючыся сваім мужам:
6. так Сарра скаралася Абрагаму, называючы яго спадаром; вы — дзеці ейныя, калі робіце дабро і не бянтэжыцеся ні ад якога страху.
7. Гэтак сама і вы, мужы, абыходзьцеся разумна з жонкамі, як з самым крохкім посудам, і рабеце ім гонар як супольным спадкаемніцам любадайнага жыцьця, каб ня было вам завады ў малітвах.
8. Нарэшце, будзьце ўсе аднамысныя, спагадлівыя, браталюбныя, міласэрныя, шкадоблівыя, пакорнамудрыя;
9. не плацеце злом за зло, альбо кленічам за кленіч; наадварот, дабраслоўце, ведаючы, што вы на тое пакліканы, каб успадчыньніць дабраславеньне.
10. Бо хто любіць жыцьцё і хоча бачыць добрыя дні, той трымай язык свой ад зла і вусны свае ад ліхіх нагавораў,
11. ухіляйся ад зла і рабі дабро, шукай міру ды імкніся да яго;
12. бо вочы Госпада — да праведных, і вушы Ягоныя — да малітвы іхняе, а аблічча Гасподняе супроць ліхадзеяў, (каб вынішчыць іх зь зямлі).
13. І хто ўчыніць вам ліха, калі вы будзеце рупіцца пра дабро?
14. Але калі і церпіце за праўду, дык вы дабрашчасныя; а страху іх ня бойцеся і не бянтэжцеся.
15. Госпада Бога сьвяцеце ў сэрцах вашых; будзьце заўсёды гатовыя кожнаму, хто ў вас папытае адказу за вашу надзею, адказаць лагодна і дабралюбна;
16. майце добрае сумленьне, каб гэтым, за што ліхасловяць вас як зладзеяў, былі пасаромлены ўсе, хто асуджае вашае добрае жыцьцё ў Хрысьце.
17. Бо, калі заўгодна волі Божай, лепш пацярпець за добрыя дзеі, чым за благія;
18. бо і Хрыстос, каб прывесьці нас да Бога, аднаго разу пацярпеў за грахі нашыя, праведны за няправедных, быўшы забіты ў целе, але ажылы духам,
19. якім Ён і духам, што ў цямніцы былі, сышоўшы, прапаведаваў;
20. яны калісьці непакорлівыя былі Божаму доўгацярпеньню, што іх чакала, у дні Ноя, у часы будаваньня каўчэга, у якім нямногія, гэта значыцца, восем душ, уратаваліся ад вады.
21. Так і нас сёньня падобнае гэтаму вобразу хрышчэньне, не цялеснай нечыстаты абмываньне, а абяцаньне Богу добрага сумленьня, ратуе ўваскрэсеньнем Ісуса Хрыста,
22. Які, узышоўшы на неба, сядзіць праваруч Бога, і Якому ўпакорыліся анёлы і ўлады і сілы.