A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Лістапада 20

Езекііль 31:1-18
1. У адзінаццатым годзе, у трэцім месяцы, у першы дзень месяца было мне слова Гасподняе:
2. сыне чалавечы! скажы фараону, цару Егіпецкаму, і народу ягонаму: з кім ты раўняеш сябе ў велічы тваёй?
3. Вось, Асур быў кедр на Ліване з прыгожымі галінамі і цяністаю лістотаю і высокі ростам: вяршаліна ягоная была сярод тоўстых сукоў.
4. Воды гадавалі яго, бездань падымала яго, рэкі яе абмывалі гадавальнік ягоны, і яна пратокі свае пасылала да ўсіх дрэў польных.
5. Таму вышыня яго перавысіла ўсе дрэвы польныя, і сукоў на ім было многа, і галіны яго памножыліся, і сукі яго рабіліся доўгімі ад мноства вады, калі ён разрастаўся.
6. На суках яго вілі гнёзды ўсякія птушкі нябесныя, пад галінамі яго выводзілі дзяцей ўсякія зьвяры польныя, і пад ценем яго жылі ўсякія шматлікія народы.
7. Ён красаваўся вышынёю свайго росту, даўжынёю галін сваіх, бо корань яго быў каля вялікіх водаў.
8. Кедры ў садзе Божым ня засьцілі яго; кіпарысы не раўняліся з сукамі ягонымі, і каштаны ня былі велічынёю з галіны ягоныя, ніводнае дрэва ў садзе Божым не раўнялася зь ім прыгажосьцю сваёю.
9. Я ўпрыгожыў яго мноствам галін яго, так што ўсе дрэвы Эдэмскія ў садзе Божым зайздросьцілі яму.
10. Таму так сказаў Гасподзь Бог: за тое, што ты высокі зрабіўся ростам і вяршаліну сваю выставіў сярод тоўстых сукоў, і сэрца ягонае заганарылася веліччу яго,
11. за тое Я аддаў яго ў рукі валадару народаў; ён зрабіў зь ім, як трэба: за пахібнасьць яго Я адкінуў яго.
12. І сьсеклі яго чужаземцы, самыя лютыя з народаў, і скінулі яго на горы: і на ўсе даліны ўпалі галіны яго; і сукі яго паламаліся на ўсіх лагчынах зямлі, і з-пад ценю яго сышлі ўсе народы зямлі і пакінулі яго.
13. На руінах яго пасяліліся ўсякія птушкі нябесныя, і ў суках былі ўсякія польныя зьвяры.
14. Гэта на тое, каб ніякія дрэвы каля водаў ня пышаліся высокім ростам сваім і не падымалі вяршалін сваіх спасярод тоўстых сукоў, і каб не ляпіліся да іх праз вышыню іх дрэвы, якія пэюць ваду, бо ўсе яны будуць аддадзены сьмерці, у апраметную краіну разам з сынамі чалавечымі, што сышлі ў магілу.
15. Так кажа Гасподзь Бог у той дзень, калі ён сышоў у магілу, Я ўчыніў бедаваньне па ім, загаварыў дзеля яго бездань і спыніў рэкі яе, і затрымаў вялікія воды і запамрочыў па ім Ліван, і ўсе дрэвы польныя былі ў маркоце па ім.
16. Шумам падзеньня яго Я прывёў у трымценьне народы, калі зьвёў яго ў апраметную, да тых, што адышлі ў магілу, і ўзрадаваліся ў апраметнай краіне ўсе дрэвы Эдэма, адметныя і самыя лепшыя ў Ліване, якія ўсе пэюць ваду;
17. бо і яны зь ім адышлі ў апраметную да пабітых мечам, і супольнікі ягоныя, што жылі пад ягоным ценем, сярод народаў.
18. Дык вось, зь якім дрэвам Эдэмскім раўняўся ты ў славе і велічы? Але цяпер нароўні з дрэвамі Эдэмскімі ты будзеш зьведзены ў апраметную, будзеш ляжаць сярод неабрэзаных, з пабітымі мечам. Гэта фараон і ўсё мноства народу яго, кажа Гасподзь Бог.

Езекііль 32:1-32
1. У дванаццатым годзе, у дванаццатым месяцы, у першы дзень месяца, было мне слова Гасподняе:
2. сыне чалавечы! узьнясі плач па фараоне, цары Егіпецкім, і скажы яму: ты, як малады леў сярод народаў і як пачварына ў морах, кідаешся ў рэках тваіх і каламуціш нагамі тваімі воды, і топчаш патокі іх.
3. Так кажа Гасподзь Бог: Я закіну на цябе сетку Маю на сходзе многіх народаў, і яны выцягнуць цябе Маёю мярэжаю.
4. І выкіну цябе на зямлю, у чыстым полі кіну цябе, і будуць садзіцца на цябе ўсякія нябесныя птушкі і насычацца табою зьвяры ўсёй зямлі.
5. І раскідаю мяса тваё па горах, і даліны напоўню тваімі трупамі.
6. І зямлю плаваньня твайго напаю крывёю тваёю да самых гор: і калдобіны будуць напоўнены табою.
7. І калі ты патухнеш, зачыню нябёсы і зоркі на іх зацьмлю, сонца засланю хмараю, і месяц ня будзе сьвяціцца сьвятлом сваім.
8. Усе сьвяцілы, што сьвецяцца на нябёсах, запамрочу над табою і на зямлю тваю навяду цемру, кажа Гасподзь Бог.
9. Зьбянтэжу сэрца многіх народаў, калі агалашу пра падзеньне тваё паміж народаў па землях, якіх ты ня ведаў.
10. І зжахну табою многія народы, і цары іхнія скалануцца па табе ад страху, калі мечам Маім страсяну перад абліччам іхнім, і штохвіліны будуць трымцець кожны за душу сваю ў дзень падзеньня твайго.
11. Бо так кажа Гасподзь Бог: меч цара Вавілонскага прыйдзе на цябе.
12. Ад мечаў дужых загіне народ твой; усе яны — самыя лютыя з народаў, і зьнішчаць гонар Егіпта, і загіне ўсё мноства ягонае.
13. І вынішчу ўсё быдла яго каля вялікіх водаў, і наперад ня будзе каламуціць іх нага чалавечая, і капыты быдла ня будуць каламуціць іх.
14. Тады дам спакой водам іхнім, і зраблю, што рэкі іхнія пацякуць, як алей, кажа Гасподзь Бог.
15. Калі зраблю зямлю Егіпецкую пустыняю, і калі пазбудзецца зямля ўсяго, што напаўняе яе; калі пабэю ўсіх, хто жыве на ёй, тады ўведаюць, што Я — Гасподзь.
16. Вось сьлёзная песьня, якую будуць сьпяваць; дочкі народаў будуць сьпяваць яе; па Егіпце і па ўсім мностве яго будуць сьпяваць яе, кажа Гасподзь Бог.
17. У дванаццатым годзе, у пятнаццаты дзень таго самага месяца, было мне слова Гасподняе:
18. сыне чалавечы! аплач народ Егіпецкі, і скінь яго, яго і дочак славутых народаў у апраметную, з тымі, што адыходзяць у магілу.
19. Каго ты пераўзыходзіш? сыдзі, і ляжы зь неабрэзанымі.
20. Тыя ўпадуць сярод забітых мечам, і ён аддадзены мечу; цягнеце яго і ўсё мноства яго.
21. Сярод апраметнай будуць гаварыць пра яго і пра спрымірэнцаў ягоных першыя з герояў; яны загінулі і ляжаць там сярод неабрэзаных, пабітыя мечам.
22. Там Асур і ўсё полчышча ягонае, вакол яго труны іхнія, усе пабітыя, зваяваныя мечам.
23. Труны яго пастаўлены ў самай глыбіні апраметнай, і полчышча яго вакол грабніцы ягонай, усе пабітыя, што загінулі ад меча, тыя, якія пашыралі жудасьць на зямлі жывых.
24. Там Элам з усім мноствам сваім вакол магільніцы ягонай, усе яны — пабітыя, што загінулі ад меча, якія неабрэзанымі сышлі ў апраметную, якія распаўсюдзілі сабою жах на землі жывых і нясуць ганьбу сваю з тымі, што адышлі ў магілу.
25. Сярод пабітых далі ложак яму з усім мноствам ягоным; вакол яго — труны іхнія, усе неабрэзаныя, пабітыя мечам: і як ён пашыраў жах на зямлі жывых, дык і нясуць на сабе ганьбу нароўні з тымі, што адышлі ў магілу і пакладзены сярод пабітых.
26. Там Мэшэх і Тувал з усім мноствам сваім; вакол яго — труны іхнія, усе неабрэзаныя, пабітыя мечам, бо яны разносілі жах па зямлі жывых.
27. Ці не павінны і яны ляжаць зь мёртвымі неабрэзанымі героямі, якія з вайсковай зброяй сваёю сышлі ў апраметную і мечы свае паклалі сабе пад галовы, і засталася пахібнасьць іхняя на касьцях іхніх, бо яны, як дужыя, былі жудасьцю на зямлі жывых.
28. І ты будзеш зламаны сярод неабрэзаных і ляжаць з пабітымі мечам.
29. Там — Эдом і цары яго і ўсе князі яго, якія пры ўсёй сваёй адвазе пакладзены сярод пабітых мечам; яны ляжаць зь неабрэзанымі, што сышлі ў магілу.
30. Там уладары поўначы, усе яны і ўсе Сіданяне, якія сышлі туды з пабітымі, бо былі пасаромленыя ў магутнасьці сваёй, што наводзіла жах, — і ляжаць яны зь неабрэзанымі, пабітымі мечам, і нясуць ганьбу сваю з тымі, што адышлі ў магілу.
31. Убачыць іх фараон і суцешыцца ўсім мноствам сваім, пабітым мечам, фараон і ўсё войска ягонае, кажа Гасподзь Бог.
32. Бо Я пашыру страх Мой на зямлі жывых, і пакладзены будзе фараон і ўсё мноства ягонае сярод неабрэзаных з пабітымі мечам, кажа Гасподзь Бог.

Псалмы 129:1-4
1. Песьня ўзыходжаньня. З глыбіні клічу Цябе, Госпадзе.
2. Госпадзе! пачуй голас мой. Хай будуць вушы Твае ўважлівыя да голасу маленьняў маіх.
3. Калі Ты, Госпадзе, будзеш заўважаць беззаконьні, — Госпадзе! хто ўстоіць?
4. Але ў Цябе дараваньне, хай багавеюць прад Табою.

Прытчы 28:28-28
28. Калі ўзвышаюцца бязбожныя, людзі хаваюцца; а калі яны падаюць, множацца праведнікі.

Яков 1:1-27
1. Якаў, раб Бога і Госпада Ісуса Хрыста, дванаццаці родам, якія ў расьсеяньні, — радавацца!
2. Зь вялікай радасьцю прымайце, браты мае, калі ўпадаеце ў розныя выпрабаваньні,
3. ведаючы, што выпрабаваньне вашай веры робіцца цярплівасьцю,
4. а цярплівасьць павінна мець дасканалае дзеяньне, каб вы былі дасканалыя ва ўсёй паўнаце, бязь ніякай пахібы.
5. Калі ж каму-небудзь з вас не хапае мудрасьці, хай просіць у Бога, Які дае ўсім проста і без дакораў, — і дасца яму.
6. Але няхай просіць зь вераю, і зусім не сумняваецца, бо хто сумняваецца, падобны да марское хвалі, якую гоніць і распырсквае вецер;
7. Хай не спадзяецца такі чалавек атрымаць што-небудзь ад Госпада.
8. Чалавек двудушны — ня цьвёрды на ўсіх шляхах сваіх.
9. Хай славіцца пакорлівы брат у высокасьці сваёй,
10. а багаты ў пакоры сваёй, бо ён мінецца, бы краска ў траве:
11. узыходзіць сонца, настае сьпёка, і высушвае траву, краска яе ападае, прападае хараство яе; так вяне і багаты ў шляхах сваіх.
12. Дабрашчасны чалавек, які вытрывае выпрабаваньне, бо пасьля выпрабаваньня ён атрымае вянок жыцьця, які паабяцаў Гасподзь тым, хто любіць Яго.
13. У выпрабаваньні ніхто хай ня кажа: "Бог мяне спакушае"; Бог бо не спакушаецца злом і сам не спакушае нікога,
14. а кожны спакушаецца, калі ваблены і наджаны сваім пажаданьнем;
15. а пажаданьне, зачаўшы, родзіць грэх, а ўчынены грэх родзіць сьмерць.
16. Не ашуквайце сябе, браты мае любасныя:
17. Усякае даньне добрае і ўсякі дар дасканалы зыходзіць згары, ад Айца сьвятла, у Якога няма перамены, ані ценю пераменнасьці.
18. Захацеўшы, спарадзіў Ён нас словам ісьціны, каб сталіся мы нейкім пачаткам Ягоных твораў.
19. Дык вось, браты мае любасныя, кожны чалавек няхай будзе борзды ў слуханьні, марудлівы ў словах, марудлівы ў гневе;
20. бо гнеў чалавечы ня творыць праўды Божай.
21. Таму, адклаўшы ўсялякую нячыстасьць і лішнюю злосьць, у пакоры прымеце пасеянае ў вас слова, якое можа ўратаваць вашы душы.
22. Будзьце ж выканаўцы слова, а не слухачы толькі, што ашукваюць самі сябе.
23. Бо хто слухае слова і ня выконвае, той падобны да чалавека, які разглядвае прыродныя рысы аблічча свайго ў люстры:
24. ён паглядзеў на сябе, адышоўся — і адразу забыўся, які ён ёсьць.
25. А хто пранікне ў закон дасканалы, закон свабоды, і застанецца ў ім, той, ня будучы слухачом забыўлівым, а выканаўцам дзеі, дабрашчасны будзе ў сваім дзеяньні.
26. Калі ж хто з вас думае, што ён пабожны, і не таймуе свайго языка, а ашуквае сваё сэрца, у таго пустая пабожнасьць.
27. Чыстая і беспахібная пабожнасьць перад Богам і Айцом ёсьць тое, каб дагледзець сірот і ўдоваў у іхніх скрухах і захоўваць сябе неапаганенага сьветам.