Езекііль 13:1-23 |
1. І было мне слова Гасподняе: |
2. сыне чалавечы! вымаві прароцтва на прарокаў Ізраілевых, якія прарочаць, і скажы прарокам ад свайго сэрца: слухайце слова Гасподняе! |
3. Так кажа Гасподзь Бог: гора неразумным прарокам, якія водзяцца сваім духам, і нічога ня бачылі! |
4. Прарокі твае, Ізраіле, як лісы ў руінах. |
5. У праломіны вы не ўваходзіце і не агароджваеце сьцяною дому Ізраілевага, каб цьвёрда стаяць у бітве ў дзень Госпада. |
6. Яны бачаць пустое і наперад узьвяшчаюць ілжу, кажучы: "Гасподзь сказаў"; а Гасподзь не пасылаў іх; і абнадзейваюць, што слова спраўдзіцца. |
7. Ці ня пустую ўяву бачылі вы? І ці ня ілжывае прадвесьце вымаўляеце, кажучы: "Гасподзь сказаў", а Я не казаў? |
8. Таму так кажа Гасподзь Бог: як што вы гаворыце пустое і бачыце ва ўявах ілжу, за гэта вось Я — на вас, кажа Гасподзь Бог. |
9. І будзе рука Мая супроць гэтых прарокаў, якія бачаць пустое і наперад абвяшчаюць ілжу; на радзе народу Майго яны ня будуць і ў сьпіс дому Ізраілевага ня ўпішуцца, і ў зямлю Ізраілевую ня ўвойдуць; і ўведаеце, што Я — Гасподзь Бог. |
10. За тое, што яны ўводзяць народ Мой у зман, кажучы: "мір", тым часам як міру няма; і калі ён будуе сьцяну, яны пэцкаюць яе брудам, |
11. скажы тым, якія пэцкаюць сьцяну брудам, што яна ўпадзе. Пачнецца зьліва, і вы, каменныя градзіны, упадзяце, і бурлівы вецер парве яе. |
12. І вось, абваліцца сьцяна; тады ці ня скажуць вам: "дзе тая абмазка, якою вы абмазвалі?" |
13. Таму так кажа Гасподзь Бог: Я пушчу бурлівы вецер у гневе Маім, і пачнецца зьліва ў лютасьці Маёй, і камяні граду ў абурэньні Маім, на вынішчэньне. |
14. І разбуру сьцяну, якую вы пэцкалі брудам, абвалю яе на зямлю, і адкрыецца аснова яе, і ўпадзе, і вы разам зь ёю загінеце; і ўведаеце, што Я — Гасподзь. |
15. І вычарпаю лютасьць Маю на сьцяне і на тых, што пэцкаюць яе брудам, і скажу вам: няма сьцяны, і няма тых, што пэцкаюць яе |
16. прарокаў Ізраілевых, якія прарочылі Ерусаліму і абвяшчалі яму ўявы міру, тым часам як міру няма, кажа Гасподзь Бог. |
17. А ты, сыне чалавечы, павярні аблічча тваё да дочак народу твайго, якія прарочаць ад уласнага сэрца свайго, і прамові на іх прароцтва, |
18. і скажы: так кажа Гасподзь Бог: гора тым, якія шыюць чарадзейныя мяшэчкі пад пахі і робяць пакрывалы на галаву ўсякага росту, каб лавіць душы! Няўжо, ловячы душы народу Майго, вы ўратуеце вашыя душы? |
19. І няславіце Мяне перад народам Маім за прыгаршчы ячменю і за кавалкі хлеба, усьмерчваючы душы, якія не павінны памерці, і пакідаючы жыцьцё душам, якія не павінны жыць, ашукваючы народ, які слухае ману. |
20. Таму так кажа Гасподзь Бог: вось, Я на вашыя чарадзейныя мяшэчкі, якімі вы там ловіце душы, каб яны прыляталі, і вырву іх з-пад мышцаў вашых і пушчу на свабоду душы, якія вы ловіце, каб прыляталі да вас. |
21. І разьдзяру пакрывалы вашыя і выбаўлю народ Мой ад рук вашых і ня будуць ужо ў руках вашых здабычаю, і ўведаеце, што Я — Гасподзь. |
22. За тое, што вы хлусьнёю засмучаеце сэрца праведніка, якое Я не захацеў засмучаць, і падтрымліваеце рукі беззаконьніка, каб ён ня збочыў з заганнага шляху свайго і не захаваў жыцьця свайго, |
23. за гэта ўжо ня будзеце мець пустых уяваў і наперад ня будзеце варажыць: і Я выбаўлю народ Мой ад рук вашых, і ўведаеце, што Я — Гасподзь. |
Езекііль 14:1-23 |
1. І прыйшлі да мяне некалькі чалавек з старэйшынаў Ізраілевых і селі перад абліччам Маім. |
2. І было мне слова Гасподняе; |
3. сыне чалавечы! Гэтыя людзі дапусьцілі ідалаў сваіх у сэрца сваё і паставілі спакусу бязбожнасьці сваёй перад абліччам сваім: ці магу Я адказваць ім? |
4. Таму гавары зь імі і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог, калі хто з дому Ізраілевага дапусьціць ідалаў сваіх у сэрца сваё і паставіць спакусу бязбожнасьці сваёй перад абліччам сваім і прыйдзе да прарока, — дык Я, Гасподзь, ці магу, пры мностве ідалаў ягоных, даць яму адказ? |
5. Няхай дом Ізраілеў уразумее ў сэрцы сваім, што ўсе яны праз сваіх ідалаў зрабіліся чужымі Мне. |
6. Таму скажы дому Ізраілеваму: так кажа Гасподзь Бог: навярнецеся і адвярнецеся ад ідалаў вашых, і ад усіх мярзотаў вашых адвярнеце аблічча ваша. |
7. Бо калі хто з дому Ізраілевага і з прыхадняў, якія жывуць у Ізраіля, адпадзе ад Мяне і дапусьціць ідалаў сваіх у сэрца сваё, і паставіць спакусу бязбожнасьці сваёй перад абліччам сваім і прыйдзе да прарока папытацца ў Мяне празь яго, — дык Я, Гасподзь, ці дам яму адказ ад Сябе? |
8. Я павярну аблічча Маё супроць таго чалавека і скрышу яго ў азнаку і прыклад і вынішчу яго з народу Майго, і ўведаеце, што Я — Гасподзь. |
9. А калі прарок дапусьціць змусьціць сябе і скажа слова так, як бы Я, Гасподзь, навучыў гэтага прарока, дык Я працягну на яго руку Маю і зьнішчу яго з народу Майго, Ізраіля. |
10. І панясуць віну беззаконьня свайго. Якая віна таго, хто пытаецца, такая будзе віна і прарока, |
11. каб наперад дом Ізраілеў ня ўхіляўся ад Мяне і каб больш не апаганьвалі сябе ўсякімі беззаконьнямі сваімі, а каб былі Маім народам, і Я быў іх Богам, кажа Гасподзь Бог. |
12. І было мне слова Гасподняе: |
13. сыне чалавечы! калі б якая зямля зграшыла перад Мною, вераломна адступіўшыся ад Мяне, і Я працягнуў на яе руку Маю і зьнішчыў у ёй хлебную апору і паслаў на яе голад і пачаў губіць на ёй людзей і быдла, |
14. і калі б знайшліся ў ёй гэтыя тры мужы: Ной, Данііл і Ёў, — дык яны праведнасьцю сваёю выратавалі б толькі свае душы, кажа Гасподзь Бог. |
15. Альбо, калі б Я паслаў на гэтую зямлю лютых зьвяроў, якія асірацілі б яе, і яна ад тых зьвяроў зрабілася б пустою і непраходнаю, |
16. дык гэтыя тры мужы сярод яе, — жыву Я, кажа Гасподзь Бог, — ня выратавалі б ні сыноў, ні дочак, а яны, толькі яны ўратаваліся б, зямля ж зрабілася б пустыняю. |
17. Альбо, калі б я навёў на тую зямлю меч і сказаў: "меч, прайдзі па зямлі!" і пачаў зьнішчаць на ёй людзей і быдла, |
18. дык гэтыя тры мужы сярод яе, — жыву Я, кажа Гасподзь, — ня выратавалі б ні сыноў, ні дочак, а яны толькі ўратаваліся б. |
19. Альбо, калі б Я паслаў на тую зямлю згубную пошасьць і выліў на яе лютасьць Маю ў праліваньні крыві, каб зьнішчыць на ёй людзей і быдла, |
20. дык Ной, Данііл і Ёў сярод яе, — жыву Я, кажа Гасподзь Бог, — не ўратавалі б ні сыноў, ні дочак; праведнасьцю сваёй яны ўратавалі б толькі свае душы. |
21. Бо так кажа Гасподзь Бог: калі і чатыры кары Мае — меч і голад, і лютых зьвяроў і згубную пошасьць — пашлю на Ерусалім, каб зьнішчыць у ім людзей і быдла, |
22. і тады застанецца ў ім рэшта, сыны і дочкі, якія будуць выведзены адтуль; вось, яны выйдуць да вас, і вы ўбачыце паводзіны іх і дзеі іхнія і суцешыцеся ў тым бедстве, якое Я навёў на Ерусалім, ва ўсім, што Я навёў на яго. |
23. Яны суцешаць вас, калі вы ўбачыце паводзіны іх і дзеі іхнія; і ўведаеце, што Я ня марна зрабіў усё тое, што зрабіў у ім, кажа Гасподзь Бог. |
Псалмы 121:6-9 |
6. Прасеце спакою Ерусаліму: хай жывуць у дабрадзенстве тыя, хто любіць цябе! |
7. Хай будзе спакой у мурах тваіх, дабрадзенства — у харомах тваіх! |
8. Дзеля братоў маіх і блізкіх маіх кажу я: "Мір табе!" |
9. Дзеля дома Госпада, Бога нашага, зычу табе дабра. |
Прытчы 28:19-19 |
19. Хто ўрабляе зямлю сваю, той будзе есьці хлеб; а хто пераймае гультаёў, таго накорміць галеча. |
Евреите 7:1-28 |
1. Бо Мелхісэдэк, цар Саліма, сьвятар Бога Усявышняга, — той, які сустрэў Абрагама і дабраславіў яго, калі гэты вяртаўся пасьля паражэньня цароў, |
2. якому і дзесяціну выдзеліў Абрагам з усяго, — па-першае, згодна са значэньнем імя — цар праўды, а потым і цар Саліма, што азначае — цар сьвету, |
3. бяз бацькі, бяз маці, без радаводу, ня маючы ні пачатку дзён, ні канца жыцьця, прыпадобнены да Сына Божага, застаецца сьвятаром назаўсёды. |
4. Бачыце, які вялікі той, каму і Абрагам-патрыярх даў дзесяціну з найлепшых здабыткаў сваіх. |
5. Тыя з сыноў Левііных, што прымаюць сьвятарства, маюць запаведзь — браць па законе дзесяціну з народу, гэта значыць, са сваіх братоў, хоць і гэтыя паходзяць са сьцёгнаў Абрагамавых. |
6. Але гэты, які не паходзіць з роду іхняга, узяў дзесяціну з Абрагама і дабараславіў таго, хто меў абяцаньні. |
7. Бяз усякага супраціву меншага дабраслаўляе большы. |
8. І тут дзесяціны бяруць людзі сьмяротныя, а там той, хто мае пра сябе сьведчаньне, што ён жыве. |
9. І, можна сказаць, сам Левій, які бярэ дзесяціну, у асобе Абрагама даў дзесяціну: |
10. бо ён быў яшчэ ў сьцёгнах у бацькі, калі Мелхісэдэк спаткаў яго. |
11. І вось, калі б дасканаласьць дасягалася празь лявіцкае сьвятарства, — бо зь ім спалучаны закон народу, — дык якая яшчэ была б патрэба зьяўляцца іншаму сьвятару па чыне Мелхісэдэка, а не па чыне Абрагамавым звацца? |
12. Бо зь пераменаю сьвятарства павінен перамяніцца і закон, |
13. бо Той, пра Якога гаворыцца гэта, належаў да іншага роду, зь якога ніхто ня служыў каля ахвярніка; |
14. бо вядома, што Гасподзь наш зазьзяў з роду Юдавага, пра які Майсей нічога не сказаў адносна сьвятарства. |
15. І гэта яшчэ ясьней відаць з таго, калі ў падабенстве Мелхісэдэкавым паўстае сьвятар іншы, |
16. які стаўся такім не паводле закону запаведзі цялеснай, а з моцы жыцьця няспыннага. |
17. Бо засьведчана: "Ты сьвятар навекі па чыне Мелхісэдэка". |
18. А скасаваньне ранейшай запаведзі бывае з прычыны яе нямоцнасьці і непатрэбнасьці, |
19. бо закон нічога не давёў да дасканаласьці; але ўводзіцца лепшая надзея, празь якую мы набліжаемся да Бога. |
20. А як гэта было не бяз прысягі,— |
21. бо тыя былі сьвятарамі бяз прысягі, а Гэты з прысягаю, бо пра яго сказана: "прысягаўся Гасподзь і не раскаецца: Ты сьвятар навекі па чыне Мелхісэдэка", |
22. дык і лепшага запавету заручнікам стаўся Ісус. |
23. Прытым тых сьвятароў было многа, бо сьмерць не дапускала быць аднаму; |
24. а Гэты, як што жыве вечна, мае і сьвятарства непрамінушчае, |
25. таму і можа заўсёды ратаваць тых, якія прыходзяць празь Яго да Бога, Які заўсёды жывы, каб хадайнічаць за іх. |
26. Такі і павінен быць у нас Першасьвятар: сьвяты, несаўдзельны злу, беззаганны, далёкі ад грэшнікаў і ўзьнесены вышэй за нябёсы, |
27. Які ня мае патрэбы, як тыя першасьвятары, штодня прыносіць ахвяры сьпярша за свае грахі, а потым за грахі народу; бо Ён гэта зрабіў аднаго разу, ахвяраваўшы Самім Сабою. |
28. Бо закон устаноўлівае першасьвятарамі людзей немачных; а слова прысяжнае, пасьля закону, паставіла Сына, навек дасканалага. |