Ярэмія 1:1-19 |
1. Слова Ераміі, сына Хэлкіінага, са сьвятароў у Анатоце, у зямлі Веньямінавай, |
2. якому было слова Гасподняе ў дні Ісаі, сына Амонавага, цара Юдэйскага, у трынаццаты год цараваньня яго, |
3. і таксама ў дні Ёакіма, сына Ёсіінага, цара Юдэйскага, да канца адзінаццатага года Сэдэкіі, сына Ёсіінага, цара Юдэйскага, да перасяленьня Ерусаліма ў пятым месяцы. |
4. І было мне слова Гасподняе: |
5. раней чым Я ўтварыў цябе ў чэраве, Я ўведаў цябе, і раней чым ты выйшаў з нутробы, Я асьвяціў цябе: прарокам народам паставіў цябе. |
6. А я сказаў: о Госпадзе Божа! я ня ўмею гаварыць, бо я яшчэ малады. |
7. Але Гасподзь сказаў мне: не кажы "я малады"; бо да ўсіх, да каго Я пашлю цябе, пойдзеш, і ўсё, што загадаю табе, скажаш. |
8. Ня бойся іх; бо Я з табою, каб выбаўляць цябе, сказаў Гасподзь. |
9. І працягнуў Гасподзь руку Сваю і дакрануўся да вуснаў маіх; і сказаў мне Гасподзь: вось, Я ўклаў словы Мае ў вусны твае. |
10. Глядзі, Я паставіў цябе ў гэты дзень над народамі і царствамі, каб выкараняць і спусташаць, губіць і разбураць, ствараць і садзіць. |
11. І было слова Гасподняе мне: што бачыш ты, Ерамія? Я сказаў: бачу посах з міндальнага дрэва. |
12. Гасподзь сказаў мне: ты правільна бачыш; бо Я чуваю над словам Маім, каб яно хутка спраўдзілася. |
13. І было слова Гасподняе мне другі раз: што бачыш ты? Я сказаў: бачу паддзіманы ветрам кацёл кіпеню, і аблічча яго з боку поўначы. |
14. І сказаў мне Гасподзь: з поўначы адкрыецца бедства на ўсіх насельнікаў гэтай зямлі. |
15. Бо вось, Я паклічу ўсе плямёны царстваў паўночных, кажа Гасподзь, і прыйдуць яны, і паставяць — кожны — трон свой каля ўваходу ў браму Ерусаліма, і вакол усіх сьцен яго, і ва ўсіх гарадах Юдэйскіх. |
16. І выкажу над імі прысуды Мае за ўсе беззаконнасьці іхнія, за тое, што яны пакінулі Мяне, і курылі фіміям чужаземным багам і пакланяліся дзеям рук сваіх. |
17. І ты аперажы сьцёгны свае, і ўстань і скажы ім усё, што Я накажу табе; не маладушнічай перад імі, каб Я не забіў цябе на вачах у іх. |
18. І вось, Я паставіў цябе сёньня ўмацаваным горадам і жалезным слупам і меднаю сьцяною на ўсёй гэтай зямлі, супроць цароў і Юды, супроць князёў яго, супроць сьвятароў яго і супроць народу зямлі гэтай. |
19. Яны будуць ваяваць супроць цябе, але не перамогуць цябе; бо Я з табою, кажа Гасподзь, каб выбаўляць цябе. |
Ярэмія 2:1-37 |
1. І было слова Гасподняе мне: |
2. ідзі і абвясьці ў вушы дачцэ Ерусаліма: так кажа Гасподзь; Я ўспамінаю дружнасьць маладосьці тваёй, пра каханьне тваё, калі ты была нявеста, калі пайшла сьледам за Мною ў пустыню, у зямлю незасеяную. |
3. Ізраіль быў сьвятыняю Госпада, пачаткам пладоў Ягоных: усе, што паядалі яго, асуджаліся, бедства спасьцігла іх, кажа Гасподзь. |
4. Паслухайце слова Гасподняе, доме Якаўлеў і ўсе роды дому Ізраілевага! |
5. Так кажа Гасподзь: якую няпраўду знайшлі ўва Мне бацькі вашыя, што адышлі ад Мяне і пайшлі за марнасьцю, і змарнелі; |
6. і не сказалі: дзе Гасподзь, Які вывеў нас зь зямлі Егіпецкай, вёў нас па пустыні, па зямлі пустой і неабжытай, па зямлі сухой, па зямлі ценю сьмяротнага, па якой ніхто не хадзіў і дзе ня жыў чалавек? |
7. І Я ўвёў вас у зямлю плодную, каб вы карміліся пладамі яе і дабром яе; і вы ўвайшлі і апаганілі зямлю Маю, і набытак Мой зрабілі мярзотаю. |
8. Сьвятары не казалі: дзе Гасподзь? і настаўнікі закону ня ведалі Мяне, і пастыры адпаліся ад Мяне, і прарокі прарочылі ў імя Ваала і хадзілі сьледам за тымі, якія не дапамагаюць. |
9. Таму Я яшчэ буду судзіцца з вамі, кажа Гасподзь, і з сынамі сыноў вашых буду судзіцца. |
10. Бо ідзеце на выспы Хітымскія і паглядзеце, і пашлеце ў Кедар і разьведайце старанна і разгледзьце, ці было там што падобнае да гэтага? |
11. ці памяняў які-небудзь народ багоў сваіх, хоць яны і не багі? а Мой народ памяняў славу сваю на тое, што не дапамагае. |
12. Падзівуйцеся з гэтага, нябёсы, і здрыганецеся і жахнецеся, кажа Гасподзь. |
13. Бо два ліхі ўчыніў народ Мой: Мяне, крыніцу вады жывой, пакінулі і высеклі сабе вадаёмы разьбітыя, якія ня могуць трымаць вады. |
14. Хіба Ізраіль раб? альбо ён дамачадзец? чаму ён зрабіўся здабычаю? |
15. Зарыкалі на яго маладыя ільвы, падалі голас свой і зрабілі зямлю яго пустэльняю; гарады яго спалены, без жыхароў. |
16. І сыны Мэмфіса і Тафны аб'елі цемя тваё. |
17. Ці ня ўчыніў ты сабе гэтага тым, што занядбаў Госпада Бога твайго ў той час, калі Ён вёў цябе па дарозе? |
18. І сёньня навошта табе дарога ў Егіпет, каб піць ваду зь Ніла? і навошта табе дарога ў Асірыю, каб піць ваду з ракі яе? |
19. Пакарае цябе бязбожнасьць твая, і адступніцтва тваё выкрые цябе: дык вось, спазнай і разваж, як блага і горка тое, што ты занядбаў Госпада Бога твайго, і страху Майго няма ў табе, кажа Гасподзь Бог Саваоф. |
20. Бо даўно я паламаў ярмо тваё, парваў путы твае, і ты казаў: "ня буду служыць ідалам ", а тым часам на кожным высокім пагорку і пад кожным галінастым дрэвам ты блудадзейнічаў. |
21. Я пасадзіў цябе як высакародную лазу, — найчысьцейшае насеньне; як жа ты ператварылася ў Мяне ў дзікі парастак чужой лазы? |
22. Таму хоць бы ты ўмыўся мылам і шмат ужыў на сябе шчолаку, — бязбожнасьць твая пазначана перад Мною, кажа Гасподзь Бог. |
23. Як можаш ты сказаць: "я не апаганіў сябе, я не хадзіў па сьледзе Ваала? паглядзі на паводзіны свае ў даліне, уведай, што рабіла ты, увішная вярблюдзіца, якая ганяецца па шляхах тваіх? |
24. Дзікую асьліцу, якая прывыкла да пустыні, якая ў запале душы сваёй глытае паветра, хто можа стрымаць? Усе, хто шукае яе, ня стомяцца; у яе месяцы яны знойдуць яе. |
25. Не давай нагам тваім атоптваць абутак, і гартані тваёй — таміцца ад смагі. Але ты сказаў: не спадзявайся, не! бо люблю чужых і буду хадзіць па сьледзе іхнім. |
26. Як злодзей, калі зловяць яго, бывае пасаромлены, — так пасароміў сябе дом Ізраілеў: яны, цары іхнія, князі іхнія, і сьвятары іхнія, і прарокі іхнія, |
27. кажучы дрэву: "ты мой бацька", і каменю: "ты нарадзіў мяне"; бо яны абярнуліся да мяне сьпінаю, а ня тварам; а ў час бедства свайго будуць казаць: "устань і выратуй нас!" |
28. Дзе ж багі твае, якіх ты зрабіў сабе? — хай яны ўстануць, калі могуць выратаваць цябе ў час бедства твайго; бо колькі ў цябе гарадоў, столькі і багоў у цябе, Юда. |
29. Навошта вам спаборнічаць са Мною? — усе вы зграшылі супроць Мяне, кажа Гасподзь. |
30. Марна пабіваў Я дзяцей вашых: яны не прынялі настаўленьня на розум; прарокаў вашых пажыраў меч ваш, як зьнішчальны леў. |
31. О, родзе! уважце вы слову Гасподняму; ці быў Я пустэльняю дому Ізраілеваму? ці быў Я краінаю змроку? Навошта ж народ Мой кажа: мы самыя сабе гаспадары; мы ўжо ня прыйдзем да Цябе? |
32. Ці ж забывае дзяўчына акрасы свае і нявеста — убор свой? а народ Мой забыў Мяне, — няма ліку дням. |
33. Як умела кіруеш ты дарогі твае, каб здабываць любоў! і дзеля гэтага нават са злачынствамі стасавала ты дарогі твае. |
34. Нават на полках вопраткі тваёй ёсьць кроў людзей бедных, невінаватых, якіх ты не засьпела пры ўзломе: і нягледзячы на ўсё гэта, |
35. кажаш: як бо я невінаватая, дык, мусіць, гнеў Яго адхінецца ад мяне. — Вось, Я буду судзіцца з табою за тое, што кажаш: "я не зграшыла". |
36. Навошта ты так многа бадзяешся, мяняючы дарогу тваю? Ты гэтаксама будзеш пасаромленая і Егіптам, як была пасаромлена Асірыяй; |
37. і ад яго ты выйдзеш, паклаўшы рукі на галаву, бо адхіліў Гасподзь надзеі твае, і ня мецьмеш зь імі посьпеху. |
Псалмы 115:1-4 |
1. Алілуя. Я вераваў і таму казаў: я моцна засмучаны. |
2. Я сказаў неабачліва: усякі чалавек — мана. |
3. Што аддам Госпаду за ўсе дабрачынствы Ягоныя мне? |
4. Чару ратунку прыму, і імя Гасподняе клікну. |
Прытчы 27:1-1 |
1. Не хваліся заўтрашнім днём; бо ня ведаеш, што той дзень народзіць. |
Піліпянаў 3:1-21 |
1. У астатнім, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам пра гэта самае мне ня цяжка, а вам карысна. |
2. Пільнуйцеся ад сабак, пільнуйцеся ад ліхіх дзеячаў, пільнуйцеся ад абразаньня; |
3. бо абразаньне — мы, калі служым Богу духам і хвалімся Хрыстом Ісусам, і не на плоць спадзяёмся; |
4. хоць я магу спадзявацца і на плоць. Калі хто іншы думае пакласьціся на плоць, дык тым болей я, |
5. абрэзаны на восьмы дзень, з роду Ізраілевага, калена Веньямінавага, Габрэй ад Габрэяў, паводле закону — фарысэй, |
6. а ў руплівасьці — ганіцель царквы Божай, па праўдзе закона — беззаганны. |
7. Але што мне было перавагаю, тое дзеля Хрыста я палічыў марнасьцю. |
8. Ды і ўсё лічу марнасьцю дзеля перавагі пазнаньня Хрыста Ісуса, Госпада майго: дзеля Яго я ад усяго адмовіўся, і ўсё лічу сьмецьцем, каб здабыць Хрыста, |
9. і знайсьці сябе ў Ім не з маёю праведнасьцю, якая ад закону, а з тою, якая празь веру ў Хрыста, з праведнасьцю ад Бога па веры; |
10. каб спазнаць Яго, і сілу уваскрэсеньня Ягонага, і мець удзел у пакутах Ягоных, прыпадобніцца да Яго ў сьмерці, |
11. каб дасягнуць уваскрэсеньня зь мёртвых. |
12. Ня тое, каб я ўжо дасягнуў мэты, альбо ўдасканаліўся; але прагну, а ці не дасягну і я, як дасягнуў мяне Хрыстос Ісус. |
13. Браты, я ня лічу, што я ужо дасягнуў; а толькі, забываючы тое, што ўжо за мною, і сягаючы наперад, |
14. імкнуся да мэты, да гонару вышэйшага пакліканьня Божага ў Хрысьце Ісусе. |
15. І вось, хто з нас дасканалы, так і мусіць думаць; калі ж вы пра што іначай думаеце, дык і гэта Бог вам прасьветліць. |
16. Тым часам, чаго б мы ні дасягнулі, так і павінны мысьліць і паводле таго правіла жыць. |
17. Пераймайце, браты, мяне і дзівецеся на тых, якія робяць згодна з прыкладам, які маеце ў нас. |
18. Бо многія, пра каго я часта казаў вам, а цяпер нават са сьлязьмі кажу, робяць, як ворагі крыжа Хрыстовага; |
19. іхні канец — пагібель, іхні бог — чэрава, і слава іхняя — у ганьбе: яны думаюць пра зямное. |
20. А нашае жыцьцё — на нябёсах, адкуль мы чакаем і Збаўцу, Госпада нашага Ісуса Хрыста, |
21. Які нашае паганьбёнае цела пераўтворыць так, што яно прыпадобніцца праслаўленаму Целу Ягонаму, станецца сілаю, якою Ён дзейнічае і ўпакорвае Сабе усё. |