A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Кастрычнік 7

Ісайя 65:1-25
1. Я адкрыўся ня тым, што пыталіся пра Мяне; Мяне знайшлі ня тыя, што штурхалі Мяне: "вось Я! вось Я!" казаў Я народу, які не называўся імем Маім.
2. Кожны дзень працягваў Я рукі Мае народу непакорліваму, што хадзіў шляхам нядобрым, паводле сваіх намыслаў,
3. народу, які пастаянна зьневажае Мяне ў твар, прыносіць ахвяры ў гаях і паліць фіміям на цэглах,
4. сядзіць у магілах і начуе ў пячорах; есьць сьвіное мяса, і агіднае варыва ў посудзе ягоным;
5. які кажа: "спыніся: не падыходзь да мяне, бо я сьвяты для цябе". Яны — дым у нос Мой,— агонь, што гарыць кожны дзень.
6. Вось, што напісана перад абліччам Маім: ня змоўчу, а аддам, аддам у нетры іх,
7. беззаконьні вашыя, кажа Гасподзь, і разам беззаконьні бацькоў вашых, якія палілі фіміям на горах, і на пагорках ганілі Мяне; і адмераю ў нутробу іхнюю ранейшыя ўчынкі іх.
8. Так кажа Гасподзь: калі ў вінаграднай гронцы ёсьць сок, тады кажуць: не пашкодзь яе, бо ў ёй добрае слаўленьне; тое самае зраблю Я і дзеля рабоў Маіх, каб ня ўсіх загубіць.
9. Я ўтвару ад Якава семя, і ад Юды — спадкаемца гор Маіх, і ўспадкуюць гэта выбранцы Мае, і рабы Мае будуць жыць там.
10. І будзе Сарон пашаю авечкам і даліна Ахор — месцам адпачынку валам народу Майго, які знайшоў Мяне.
11. А вас, якія пакінулі Госпада, забылі сьвятую гару Маю, гатуеце трапезу Гаду і распускаеце поўную чару Мне,
12. вас асуджаю Я пад меч, і ўсе вы схіліцеся на закол, бо Я клікаў — і вы не адказвалі, казаў — і вы ня слухалі, а рабілі ліхое ў вачах Маіх і выбіралі тое, што было не даспадобы Мне.
13. Таму так кажа Гасподзь Бог: вось, рабы Мае будуць есьці, а вы будзеце галадаць; рабы мае будуць піць, а вы зьнемагацьмеце ад смагі;
14. рабы Мае будуць весяліцца, а вы будзеце ў сораме; рабы Мае сьпявацьмуць ад сардэчнай радасьці, а вы будзеце крычаць ад сардэчнай скрухі і галасіць ад заняпаду духу.
15. І пакінеце імя ваша выбраным Маім на пракляцьце; і заб’е цябе Гасподзь Бог, а рабоў Сваіх назаве іншым імем,
16. якім хто будзе дабраслаўляць сябе на зямлі, будзе дабраслаўляцца Богам ісьціны; і хто будзе прысягацца на зямлі, будзе прысягаць Богам ісьціны,— бо ранейшыя смуткі будуць забытыя і схаваныя ад вачэй Маіх.
17. Бо вось, Я ствараю новае неба і новую зямлю, і ранейшыя ўжо ня будуць успамінацца і ня прыйдуць на сэрца.
18. А вы будзеце весяліцца і радавацца вавекі з таго, што Я ствараю: бо вось, Я ствараю Ерусалім весялосьцю і народ яго радасьцю.
19. І буду радавацца за Ерусалім і весяліцца за народ Мой, і не пачуецца ў ім болей голасу плачу і голасу ляманту.
20. Там ня будзе болей малалетняга і старога, які не дасягнуў бы паўнаты дзён сваіх; бо стогадовы памірацьме юнаком, але стогадовы грэшнік будзе праклінацца.
21. І будуць будаваць дамы і жыць у іх, і садзіць вінаграднікі і есьці плады іх.
22. Ня будуць будаваць, каб іншы жыў, ня будуць садзіць, каб іншы еў; бо дні народу Майго будуць, як дні дрэва, і выбранцы Мае доўга будуць карыстацца вырабам рук сваіх.
23. Ня будуць працаваць марна і нараджаць дзяцей на гора; бо будуць насеньнем, дабраславёным ад Госпада, і нашчадкі іхнія зь імі.
24. І станецца, што раней чым яны паклічуць, Я адкажу; яны яшчэ будуць гаварыць, і Я ўжо пачую.
25. Воўк і ягня будуць пасьвіцца разам, і леў, як вол, будзе есьці салому, а зьмяі пыл будзе ежаю; яны ня будуць учыняць ліха і шкоды на ўсёй сьвятой гары Маёй, кажа Гасподзь.

Ісайя 66:1-24
1. Так кажа Гасподзь: неба — трон Мой, а зямля — падножжа ног Маіх; дзе ж набудзеце вы дом Мне, і дзе месца спакою Майго?
2. Бо ўсё гэта зрабіла рука Мая, і ўсё гэта было, кажа Гасподзь. А вось, на каго Я пагляджу: на ўпакоранага і зламанага духам і на таго, хто трымціць перад словам Маім.
3. А хто коле вала — тое самае, што і забівае чалавека; ахвяравальнікі ягняці — тое самае, што гіцаль; ахвяравальнік ежы — тое самае, што ахвяравальнік сьвіное крыві; кадзільнік фіміяму — тое самае, што мольбіт ідалу; і як яны выбралі свае шляхі, і душа іх знаходзіць асалоду ў мярзотах іхніх,
4. так і я ўжыву іхнюю панаду і навяду на іх жахлівае для іх; бо Я клікаў — і ня было адказьніка, казаў — і яны ня слухалі, а рабілі ліхое ў вачах Маіх і выбіралі тое, што не даспадобы Мне.
5. Выслухайце слова Госпада, хто трымціць перад словам Яго: вашы браты, што ненавідзяць вас і выганяюць вас за імя Маё, кажуць: "няхай явіць Сябе ў славе Гасподзь, і мы паглядзім на весялосьць вашу". Але яны будуць пасаромленыя.
6. Вось, шум з горада, голас з храма, голас Госпада, Які помсьціцца ворагам Сваім.
7. Яшчэ ня мучылася родамі, а нарадзіла; перш чым насталі болі яе, нарадзіла сына.
8. Хто чуў такое? хто бачыў падобнае на гэта? ці ўзьнікла краіна ў адзін дзень? ці нараджаўся народ за адзін раз, як Сіён, ледзь толькі пачаўшы родамі мучыцца — нарадзіў сыноў сваіх.
9. Ці давяду Я да родаў, і ці ня дам радзіць? кажа Гасподзь. Альбо, даючы сілу радзіць, ці зачыню нутробу? кажа Бог твой.
10. Весялецеся зь Ерусалімам і радуйцеся за яго, усе, хто любіць яго! парадуйцеся зь ім радасьцю ўсе, хто скардзіўся на яго,
11. каб вам карміцца і насычацца ад саскоў суцяшэньняў ягоных, упівацца і мець асалоду ад лішку славы Ягонай.
12. Бо так кажа Гасподзь: вось, Я пасылаю да яго спакой, як раку, і багацьце народаў — як паток, што разьліваецца, для асалоды вашай; на руках насіцьмуць вас і на каленях будуць песьціць.
13. Як суцяшае каго-небудзь маці яго, так суцешу вас Я, і вы будзеце суцешаныя ў Ерусаліме.
14. І ўбачыце гэта, і парадуецца сэрца ваша, і косьці вашыя расьцьвітуць, як маладая зеляніна, і растуліцца рука Госпада рабам Яго, а на ворагаў Сваіх Ён разгневаецца.
15. Бо вось, прыйдзе Гасподзь у агні і калясьніцы Яго — як віхура, каб выліць гнеў Свой зь лютасьцю і дараваньне Сваё з палаючым агнём.
16. Бо Гасподзь у агні і мечам Сваім учыніць суд над усякаю плоцьцю, і многа будзе пабітых Госпадам.
17. Тыя, якія асьвячаюць і ачышчаюць сябе ў гаях, адзін за адным, ядуць сьвіное мяса і мярзоту і мышэй, — усе загінуць, кажа Гасподзь.
18. Бо Я ведаю ўчынкі іхнія і думкі іхнія; і вось, прыйду сабраць усе народы і роды, і яны прыйдуць і ўбачаць славу Маю.
19. І пакладу на іх азнаку, і пашлю з выратаваных ад іх да народаў: у Тарсіс, у Пулу і Луду, да тых, што напінаюць лук, у Тубалу і Явану, на далёкія астравы, якія ня чулі пра Мяне і ня бачылі славы Маёй; і яны абвесьцяць народам славу Маю
20. і прадставяць усіх братоў вашых ад усіх народаў у дарунак Госпаду на конях і калясьніцах, і на насілках і на мулах і на борздых вярблюдах, — на сьвятую гару Маю, у Ерусалім, кажа Гасподзь, — падобна на тое, як сыны Ізраілевыя прыносяць дарунак у дом Госпада ў чыстай пасудзіне.
21. Зь іх буду браць таксама ў сьвяшчэньнікі і лявіты, кажа Гасподзь.
22. Бо, як новае неба і новая зямля, якія я ствару, заўсёды будуць перад абліччам Маім, кажа Гасподзь, так будзе і насеньне ваша і імя ваша.
23. Тады зь месяца ў месяц і з суботы ў суботу будзе прыходзіць усякая плоць перад аблічча Маё на пакланеньне, кажа Гасподзь.
24. І будуць выходзіць, і ўбачаць трупы людзей, што адступіліся ад Мяне: бо чарвяк іх не памрэ, і агонь іх не пагасьне; і будуць яны мярзотаю для ўсякай плоці.

Псалмы 114:6-9
6. Асланяе Гасподзь прастадушных: я ўвесь зьнямог, і Ён дапамог мне.
7. Вярніся, душа мая, у спакой твой; бо Гасподзь умілажаліўся зь цябе.
8. Ты збавіў душу маю ад сьмерці, вочы мае — ад сьлёз і ногі мае — ад спатыканьня.
9. Буду хадзіць прад абліччам Гасподнім па зямлі жывых.

Прытчы 26:28-28
28. Хлусьлівы язык ненавідзіць тых, каго ён параніў, і лісьлівыя вусны рыхту­юць падзеньне.

Піліпянаў 2:1-30
1. Дык вось, калі ёсьць якая ўцеха ў Хрысьце, калі ёсьць якая радасьць любові, калі ёсьць якая супольнасьць Духа, калі ёсьць які мілажаль у сэрцы і спагадлівасьць,
2. дык дапоўніце маю радасьць: майце адны думкі, майце тую ж любоў, будзьце аднадушныя і аднамысныя;
3. нічога не рабеце зь перакорлівасьці альбо дзеля марнае славы, а ў пакорлівай мудрасьці ўважайце адно аднаго вышэй за сябе.
4. Не за сябе толькі клопат майце, а кожны і за іншых.
5. Бо ў вас павінны быць тыя самыя адчуваньні, як і ў Хрысьце Ісусе;
6. Ён, быўшы ў Божай прыродзе, не палічыў за рабунак Сваю роўнасьць з Богам,
7. а прынізіў Сябе Самога, узяўшы вобраз раба, зрабіўшыся падобным на людзей і з выгляду стаўшыся, як чалавек;
8. упакорыў Сябе і быў паслухмяны аж да сьмерці, і сьмерці крыжовай.
9. Таму і Бог узьнёс Яго і даў Яму імя вышэй за ўсякае імя,
10. каб прад імем Ісуса схілілася кожнае калена на небе, зямлі і ў апраметнай,
11. і кожныя вусны вызнавалі, што Ісус Хрыстос ёсьць Гасподзь на славу Бога Айца.
12. Дык вось, любасныя мае, як вы заўсёды былі паслухмяныя ня толькі ў прысутнасьці маёй, але яшчэ болей сёньня ў адсутнасьці маёй, са страхам і трымценьнем выконвайце сваё збавеньне,
13. бо гэта Бог учыняе ў вас і хаценьне і дзеяньне па Сваім упадабаньні.
14. Усё рабеце без нараканьня і сумненьня,
15. каб вам быць бездакорнымі і чыстымі дзецьмі Божымі, беспахібнымі сярод упарцістага і разбэшчанага роду, у якім вы зьзяеце, як сьвяцілы ў сьвеце,
16. ашчаджаючы слова жыцьця на пахвалу мне ў дзень Хрыстовы, што я ня марна змагаўся і ня марна працаваў.
17. Але калі я і мушу зрабіцца ахвяраю за ахвяру і служэньне веры вашай, дык радуюся і цешуся разам з усімі за вас;
18. за гэта самае і вы радуйцеся і цешцеся са мною.
19. Спадзяюся ж у Госпадзе Ісусе неўзабаве паслаць да вас Цімафея, каб і я, даведаўшыся пра вашыя абставіны, суцешыўся духам.
20. Бо няма ў мяне нікога роўнага яму ў рупнасьці, хто б так шчыра дбаў пра вас;
21. бо ўсе шукаюць свайго, а не таго, што даспадобы Ісусу Хрысту.
22. А ягоная вернасьць вам вядомая, бо ён, як сын пры бацьку, служыў мне ў зьвеставаньні.
23. І вось я спадзяюся паслаць яго адразу ж, як толькі даведаюся, што будзе са мною.
24. Я ўпэўнены ў Госпадзе, што і сам хутка прыйду да вас.
25. Урэшце я палічыў патрэбным паслаць да вас Эпафрадыта, брата і супрацоўніка і падзьвіжніка майго ў змаганьні, а вашага пасланца і службіта ў патрэбе маёй,
26. бо ён моцна хацеў бачыць вас і цяжка журыўся, што да вас дайшлі чуткі пра ягоную хваробу.
27. Бо ён быў хворы пры сьмерці; але Бог памілаваў яго, і не яго толькі, але і мяне, каб не дадалося мне жальбы да жальбы.
28. Таму я хутчэй паслаў яго, каб вы, убачыўшы яго зноў, парадаваліся, і я быў меней засмучаны.
29. Прымеце ж яго ў Госпадзе з усякаю радасьцю, і такіх майце ў пашане,
30. бо ён за справу Хрыстовую хадзіў каля сьмерці, ставіў жыцьцё пад пагрозу, каб дапоўніць недахоп вашых паслугаў мне.