A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Кастрычнік 5

Ісайя 61:1-11
1. Дух Госпада Бога на Мне, бо Гасподзь памазаў Мяне зьвеставаць убогім, паслаў Мяне ацаляць зламаных сэрцам, прапаведаваць палонным вызваленьне і вязьням — адкрыцьцё цямніцы,
2. прапаведаваць год Гасподні спрыяльны і дзень помсты Бога нашага; суцешыць усіх, хто бядуе,
3. абвясьціць тым, хто жаліцца на Сіён, што ім замест попелу дасца акраса, замест плачу — алей радасьці, замест заняпалага духу — слаўная вопратка; і назавуць іх моцнымі праўдаю, асалодаю Госпада ў славу Яго.
4. І забудуюць пустыні спрадвечныя, адновяць старадаўнія руіны і адновяць гарады разбураныя, запусьцелыя з даўніх родаў.
5. І прыйдуць іншаземцы, і будуць пасьвіць статкі вашыя; і сыны чужаземцаў будуць вашымі ратаямі і вашымі вінаградарамі.
6. А вы будзеце называцца сьвятарамі Госпада, — службітамі Бога нашага называцьмуць вас; будзеце карыстацца здабыткамі народаў і славіцца славаю іхняю.
7. За пасаромленьне вам будзе ўдвая; за паглумленьне яны будуць радавацца сваёй долі, бо ў зямлі сваёй удвая атрымаюць; весялосьць вечная будзе ў іх.
8. Бо Я, Гасподзь, люблю правасудзьдзе, ненавіджу рабункі з гвалтам, і дам узнагароду ім паводле ісьціны, і запавет вечны пастаўлю зь імі;
9. і будзе вядома між народамі семя іхняе, і нашчадкі іхнія — сярод плямёнаў; усе, хто бачыць іх, спазнаюць, што яны — насеньне, дабраславёнае Госпадам.
10. Радасьцю буду радавацца ў Госпадзе, разьвесяліцца душа мая ў Богу маім: бо Ён апрануў мяне ў шаты ратаваньня, адзеньнем праўды ахінуў мяне, як на жаніха усклаў вянок і, як нявесту, аздобіў убранствам.
11. Бо — як зямля ўтварае расьліны свае, і як сад гадуе пасеянае ў ім, — так Гасподзь Бог выявіць праўду і славу перад усімі народамі.

Ісайя 62:1-12
1. Ня змоўкну дзеля Сіёна, і дзеля Ерусаліма не супакоюся, пакуль ня ўзыдзе, як сьвятло, праўда яго, і збавеньне яго — як запаленая сьвяцільня.
2. І ўбачаць народы праўду тваю і ўсе цары — славу тваю, і назавуць цябе новым імем, якое дадуць вусны Гасподнія.
3. І будзеш вянком славы ў руцэ ў Госпада і царскаю дыядэмаю — на далоні Бога твайго.
4. Ня будуць ужо называць цябе "пакінутым", і зямлю тваю ня будуць называць "пустыняю", а будуць называць цябе: "Маё ўпадабаньне да яго", а зямлю тваю — "замужняю", бо Гасподзь упадабаў цябе, і зямля твая спалучаецца.
5. Як юнак спалучаецца зь дзяўчынаю, так спалучаюцца з табою сыны твае; і як жаніх радуецца за нявесту, так будзе радавацца за цябе Бог твой.
6. На сьценах тваіх, Ерусаліме, я паставіў вартаўнікоў, якія ня змоўкнуць ні ўдзень, ні ўначы. О вы, хто нагадвае пра Госпада! — не змаўкайце,
7. не змаўкайце перад Ім, пакуль Ён не адновіць і пакуль ня зробіць Ерусаліма славаю на зямлі.
8. Гасподзь прысягнуў правіцаю Сваёю і моцнаю сілаю Сваёю: ня дам зерня твайго болей на ежу ворагам тваім, і сыны чужых ня піцьмуць віна твайго, над якім ты працаваў;
9. але зборшчыкі яго будуць есьці яго і славіць Госпада, і зборшчыкі вінаграду будуць піць віно яго ў дварах сьвяцілішча Майго.
10. Праходзьце, праходзьце ў браму, рыхтуйце дарогу народу! Раўняйце, раўняйце дарогу, прымайце каменьне, падымайце сьцяг народам!
11. Вось, Гасподзь абвяшчае да краю зямлі: скажэце дачцэ Сіёна: ідзе Збаўца твой; узнагарода Яго зь Ім і дараваньне Ягонае — перад Ім.
12. І назавуць іх народам сьвятым, адкупленым Госпадам, а цябе назавуць знойдзеным, горадам непакінутым.

Псалмы 113:16-26
16. Няхай будуць да іх падобныя тыя, што іх робяць, і ўсе, хто на іх спадзяецца.
17. Доме Ізраілеў! спадзявайся на Госпада; Ён — нам дапамога і шчыт.
18. Доме Ааронаў! спадзявайся на Госпада; Ён — нам дапамога і шчыт.
19. Хто баіцца Госпада! спадзявайся на Госпада; Ён — нам дапамога і шчыт.
20. Гасподзь нас памятае, дабраслаўляе нас, дабраслаўляе Ізраілеў дом, дабраслаўляе Ааронаў дом;
21. дабраслаўляе тых, што баяцца Госпада, малых і вялікіх.
22. Няхай дадасьць вам Гасподзь болей і болей, вам і дзецям вашым,
23. дабраславёныя вы Госпадам, Які стварыў неба і зямлю.
24. Неба — неба Госпаду, а зямлю Ён даў сынам чалавечым.
25. Ня мёртвыя ўславяць Госпада, ні ўсё, што ў магілу сыходзіць,
26. а мы жывыя дабраслаўляцьмем Госпада ад сёньня і давеку. Алілуя.

Прытчы 26:24-26
24. Вуснамі сваімі прыкідваецца во­раг, а ў сэрцы сваім намышляе ліхое.
25. Калі ён гаворыць і пяшчотным го­ласам, ня вер яму; бо сем мярзотаў у сэрцы ў яго.
26. Хто нянавісьць прыкрывае на са­моце, злосьць таго адкрыецца ў народным сходзе.

Эфесянаў 6:1-24
1. Дзеці, слухайцеся сваіх бацькоў у Госпадзе, бо гэтага патрабуе справядлівасьць.
2. Шануй бацьку твайго і маці — гэта першая запаведзь з абяцаньнем:
3. "Хай будзе табе добра, і будзеш доўга жыць на зямлі".
4. І вы, бацькі, не дакучайце дзецям вашым, а гадуйце іх у навуцы і настаўленьні Гасподнім.
5. Рабы, слухайцеся гаспадароў сваіх цялесных са страхам і трымценьнем, у прастаце сэрца вашага, як Хрыста,
6. ня ў блізірнай толькі паслужлівасьці, як чалавекадагоднікі, а як рабы Хрыстовыя, выконваючы волю Божую ад душы,
7. служачы шчыра, як Госпаду, а ня як людзям,
8. ведаючы, што кожны атрымае ад Госпада ў меру дабра, якое ён зрабіў, хай то раб, хай вольнік.
9. І вы, гаспадары, рабеце зь імі гэтак сама, лагодзьце строгасьць, ведаючы, што і над вамі самімі і над імі ёсьць на нябёсах Гасподзь, Які не зважае на асобы.
10. Нарэшце, браты мае, мацуйцеся Госпадам і магутнасьцю сілы Ягонай;
11. апранецеся ў поўную зброю Божую, каб вам можна было стаць супроць хітрыкаў д’ябальскіх;
12. бо нашае змаганьне ня супроць крыві і плоці, а супроць начальстваў, супроць уладаў, супроць сьветаўпраўцаў цемры сьвету гэтага, супроць духаў злосьці паднябесных.
13. Дзеля гэтага прымеце поўную зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаць у часіну ліхую і, усё адолеўшы, выстаяць.
14. Так што станьце, апаясаўшы сьцёгны вашыя праўдаю, і апрануўшыся ў браню праведнасьці,
15. і абуўшы ногі ў гатовасьць абвяшчаць мір;
16. а найперш за ўсё вазьмеце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы ліхадзея;
17. і шалом ратунку вазьмеце, і меч духоўны, які ёсьць Слова Божае;
18. усякаю малітваю і просьбаю малецеся ў любы час духам, і дбайце пра гэта самае з усёй сталасьцю і благаньнем за ўсіх сьвятых
19. і за мяне, каб мне дадзена было слова — вуснамі маімі адкрыта і адважна абвяшчаць таямніцу зьвеставаньня,
20. дзеля якога я пасольствую ў кайданах, каб я сьмела прапаведаваў, як я і павінен.
21. А каб і вы ведалі пра мае акалічнасьці і дзеі, пра ўсё раскажа вам Тыхік, любасны брат і верны ў Госпадзе службіт,
22. якога я і паслаў да вас на тое самае, каб вы даведаліся пра нас і каб ён суцешыў сэрцы вашыя.
23. Мір братам і любоў зь вераю ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста.
24. Мілата з усімі, што нязьменна любяць Госпада нашага Ісуса Хрыста. Амін.