Ісайя 59:1-21 |
1. Вось, рука Госпада не пакарацела, каб ратаваць, і вуха Яго не ацяжэла, каб чуць. |
2. А беззаконьні вашыя зрабілі падзел паміж вамі і Богам вашым, і грахі вашыя адварочваюць аблічча Яго ад вас, каб ня чуць. |
3. Бо рукі вашыя апаганены крывёю і пальцы вашыя — беззаконьнем; вусны вашыя кажуць ману, язык ваш вымаўляе няпраўду. |
4. Ніхто не падае голасу за праўду, і ніхто не заступаецца за ісьціну: спадзяюцца на пустое і хлусяць, зачынаюць ліха і спараджаюць ліхадзейства; |
5. выседжваюць зьмяіныя яйкі і ткуць павуціну: хто паесьць яек іх, — памрэ, а калі раздушыць, — выпаўзе яхідна. |
6. Павуціньне іхняе на вопратку няпрыдатнае, і яны не накрыюцца сваім творам; учынкі іхнія — учынкі няправедныя, і насільле ў руках у іх. |
7. Ногі іхнія бягуць ад ліха, і яны сьпяшаюцца праліваць нявінную кроў; думкі іхнія — думкі бязбожныя; спусташэньне і пагібель на сьцежках іхніх. |
8. Шляху спакойнага яны ня ведаюць, і няма суду на сьцежках іхніх; шляхі іхнія скрыўленыя, і ніхто, калі ідзе па іх, ня ведае спакою. |
9. Таму і далёкі ад нас суд, і правасудзьдзе не дастае нас: чакаем сьвятла, і вось цемра, чакаем азарэньня, і ходзім у змроку. |
10. Адчуваем, як сьляпыя сьцяну, і, як без вачэй, ходзім навобмацак; спатыкаемся аполудні, як упоцемках, сярод жывых — як мёртвыя. |
11. Усе мы равем, як мядзьведзі, і вуркочам, як галубы; чакаем суду, і няма яго, — ратунку, але ён далёкі ад нас. |
12. Бо злачынствы нашыя шматлікія перад Табою, і грахі нашыя сьведчаць супроць нас; бо злачынствы нашыя з намі і беззаконьні нашыя мы ведаем. |
13. Мы здрадзілі і зманілі перад Госпадам, і адступіліся ад Бога нашага; гаварылі паклёп і здраду, зачыналі і нараджалі з сэрца ілжывыя словы. |
14. І суд адступіў назад, і праўда стала здалёку, бо ісьціна спатыкнулася на плошчы, і сумленнасьць ня можа ўвайсьці. |
15. І ня стала ісьціны, і той, хто бяжыць ад ліха, падпадае пад зьнявагу. І Гасподзь убачыў гэта, і агідна было вачам Яго, што няма суду, |
16. і бачыў, што няма чалавека, і зьдзіўляўся, што няма заступніка; і памагла Яму сіла Яго, і праўда Ягоная падтрымала Яго. |
17. І Ён усклаў на Сябе праўду, як браню, і шлем ратунку — галаву Сваю; і апрануўся ў шату мсьцівасьці, як у вопратку, і пакрыў Сябе руплівасьцю, як плашчом. |
18. Па меры адпомсты, паводле гэтай меры Ён дасьць праціўнікам Сваім — лютасьць, ворагам Сваім — помстаю, выспам аддасьць мусовую плату. |
19. І збаяцца імені Госпада на захадзе і славы Яго — на ўсходзе сонца. Калі вораг прыйдзе як рака,— подых Госпада прагоніць яго. |
20. І прыйдзе Адкупнік Сіёна і сыноў Якава, што адвярнуліся ад бязбожнасьці, кажа Гасподзь. |
21. І вось, запавет Мой зь імі, кажа Гасподзь: Дух Мой, які на табе, і словы Мае, якія ўклаў Я ў вусны твае, не адступяць ад вуснаў тваіх і ад вуснаў нашчадкаў тваіх і ад вуснаў нашчадкаў нашчадкаў тваіх, кажа Гасподзь, ад сёньня і давеку. |
Ісайя 60:1-22 |
1. Паўстань, сьвяціся, Ерусаліме; бо прыйшло сьвятло тваё, і слава Гасподняя ўзышла над табою. |
2. Бо вось, цемра пакрые зямлю, і змрок народы; а над табою зазьзяе Гасподзь, і слава Яго зьявіцца над табою. |
3. І прыйдуць народы да сьвятла твайго, і цары — да зьзяньня, якое ўзыходзіць над табою. |
4. Падымі вочы твае і паглядзі навокал: усе яны зьбіраюцца і ідуць да цябе: сыны твае здалёк ідуць і дачок тваіх на руках нясуць. |
5. Тады ўбачыш і зарадуешся, і затрымціць і расхінецца сэрца тваё, бо багацьце мора зьвернецца да цябе, здабытак народу прыйдзе да цябе. |
6. Мноства вярблюдаў пакрые цябе — драмадэры з Мадыяма і Эфы; усе яны з Савы прыйдуць, прынясуць золата і ладан і ўзьвесьцяць славу Гасподнюю. |
7. Усе авечкі Кідарскія будуць сабраныя да цябе; бараны Нэваёцкія паслужаць табе: узыдуць на алтар Мой ахвяраю спадабанаю, і Я праслаўлю дом славы Маёй. |
8. Хто гэта ляціць, як воблакі, і як галубы — да галубятняў сваіх? |
9. Так, Мяне чакаюць выспы і наперадзе іх — караблі Тарсіскія, каб перавезьці сыноў тваіх здалёк і зь імі срэбра іхняе і золата іхняе, у імя Госпада Бога твайго і Сьвятога Ізраілевага, бо Ён праславіць цябе. |
10. Тады сыны іншаземцаў будавацьмуць сьцены твае, і цары іхнія — будуць служыць табе; бо ў гневе Маім Я пабіваў цябе, а ва ўпадабаньні Маім буду мілажальны да цябе. |
11. І заўсёды будуць адчынены брамы твае, зачыняцца ня будуць ні ўдзень, ні ўначы, каб прыносілі табе здабытак народаў і прыводзілі цароў іхніх. |
12. Бо народ і царства, якія не захочуць служыць табе,— загінуць, і такія народы цалкавіта вынішчацца. |
13. Слава Лівана прыйдзе да цябе, кіпарыс, ядловец і кедр злучацца, каб упрыгожыць месца сьвяцілішча Майго,— і Я праслаўлю падножжа ног Маіх. |
14. І прыйдуць да цябе ў пакоры сыны прыгнятальнікаў тваіх, і ўпадуць да ступакоў ног тваіх усе, хто пагарджаў табою, і назавуць цябе горадам Госпада, Сіёнам Сьвятога Ізраілевага. |
15. Замест таго, што ты быў пакінуты і зьненавіджаны, так што ніхто не праходзіў празь цябе,— Я зраблю цябе веліччу навекі, радасьцю ў роды родаў. |
16. Ты будзеш насычацца малаком народаў, і грудзі царскія смактаць будзеш, і ўведаеш, што Я Гасподзь — Збаўца твой і Адкупнік твой, Моцны Ізраілеў. |
17. Замест медзі буду дастаўляць табе золата, і замест жалеза — срэбра, і замест дрэва — медзь, і замест камянёў — жалеза; і пастаўлю кіраўніком тваім спакой і наглядчыкамі тваімі — праўду. |
18. Ня чуваць будзе болей насільля ў зямлі тваёй, спусташэньня і разбурэньня — у межах тваіх; і будзеш называць сьцены твае ратункам і брамы твае — славаю. |
19. Ня будзе ўжо сонца служыць табе сьвятлом дзённым, і зьзяньне месяца — сьвяціць табе; а Гасподзь будзе табе вечным сьвятлом, і Бог твой — славаю тваёю. |
20. Ня зойдзе ўжо сонца тваё, і месяц твой не схаваецца, бо Гасподзь будзе табе вечным сьвятлом, і закончацца дні жальбы тваёй. |
21. І народ твой увесь будзе праведны, навекі ўспадкуе зямлю, — парасьліну насаджэньня Майго, дзею рук Маіх, на праслаўленьне Маё. |
22. Ад малога пойдзе тысяча, і ад самага слабога — моцны народ. Я, Гасподзь, паскору зьдзейсьніць гэта сваім часам. |
Псалмы 113:10-15 |
10. Навошта язычнікі кажуць: дзе ж іхні Бог? |
11. Бог наш на небе і на зямлі; творыць усё, што хоча. |
12. А іхнія ідалы — срэбра і золата, творы рук чалавечых. |
13. Ёсьць у іх вусны, але не гавораць; ёсьць у іх вочы, але ня бачаць; |
14. ёсьць у іх вушы, але ня чуюць; ёсьць у іх ноздры, але нюху няма; |
15. ёсьць у іх рукі, але не адчуваюць; ёсьць у іх ногі, але ня ходзяць; і яны гукаў не выдабываюць з горла свайго. |
Прытчы 26:23-23 |
23. Як нячыстым срэбрам абкладзены гліняны посуд, так і палымяныя вусны і сэрца ліхое. |
Эфесянаў 5:17-33 |
17. Дык ня будзьце ж неразважныя, а спазнавайце, што ёсьць воля Божая. |
18. І ня ўпівайцеся віном, ад якога бывае распуста; а напаўняйцеся Духам, |
19. настаўляючы саміх сябе псальмамі і славаслоўем і духоўнымі сьпевамі, сьпяваючы і апяваючы ў сэрцах вашых Госпада, |
20. дзякуючы заўсёды за ўсё Богу і Айцу, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, |
21. слухаючыся адно аднаго ў страху Божым. |
22. Жонкі, упакорвайцеся сваім мужам, як Госпаду, |
23. бо муж ёсьць галава жонкі, як і Хрыстос — галава Царквы, і Ён жа Збаўца цела. |
24. Але як Царква слухаецца Хрыста, так і жонкі сваіх мужоў ва ўсім. |
25. Мужы, любеце сваіх жонак, як і Хрыстос палюбіў Царкву і аддаў Сябе за яе, |
26. каб асьвяціць яе, ачысьціўшы мыцьцём водным, праз слова; |
27. каб прадставіць яе Сабе слаўнаю Царквою, бяз плямы, без заганы, або чаго-небудзь падобнага, а каб яна была сьвятая і беззаганная. |
28. Так павінны мужы любіць сваіх жонак, як сваё цела: хто любіць сваю жонку, любіць самога сябе. |
29. Бо ніхто ніколі ня меў нянавісьці да сваёй плоці, а корміць і грэе яе, як і Гасподзь Царкву; |
30. бо мы часткі Цела Ягонага, ад плоці Ягонай і ад касьцей Ягоных. |
31. Таму "пакіне чалавек бацьку свайго і маці і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое адна плоць". |
32. Тайна гэтая вялікая; я кажу пра Хрыста і пра Царкву. |
33. Так кожны з вас хай любіць сваю жонку, як самога сябе; а жонка хай баіцца свайго мужа. |