A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Кастрычнік 25

Ярэмія 35:1-19
1. Слова, якое было Ерамію ад Госпада ў дні Ёакіма, сына Ісаі, цара Юдэйскага:
2. ідзі ў дом Рэхавітаў і пагавары зь імі, і прывядзі іх у дом Гасподні, у адзін пакой, і дай ім піць віна.
3. Я ўзяў Язанію, сына Ераміі, сына Авацыніі, і братоў ягоных, і ўсіх сыноў ягоных і ўвесь дом Рэхавітаў,
4. і прывёў іх у дом Гасподні, да сына Анана, сына Гадаліі, чалавека Божага, у пакой, які — каля пакоя князёў, над пакоем Маасэі, сына Сэлумавага, вартаўніка каля ўваходу;
5. і паставіў перад сынамі дома Рэхавітаў поўныя чары віна і шклянкі і сказаў ім: "пеце віно".
6. Але яны сказалі: "мы віна ня п'ём, бо Ёнадаў, сын Рэхаваў, бацька наш, даў нам запаведзь, сказаўшы: ня пеце віна ні вы, ні дзеці вашы давеку;
7. і дамоў ня будуйце і насеньня ня сейце, і вінаграднікаў не разводзьце і ня майце іх, а жывеце ў вашых намётах ва ўсе дні жыцьця вашага, каб вам доўга пражыць на той зямлі, дзе вы вандруеце.
8. І паслухаліся голасу Ёнадава, сына Рэхамавага, бацькі нашага, ва ўсім, што ён наказаў нам, каб ня піць віна ва ўсе дні нашыя,— мы і жонкі нашыя, і сыны нашыя і дочкі нашыя,—
9. і каб не будаваць дамоў для жыхарства нашага; і ў нас няма ні вінаграднікаў ні палёў ні пасеву;
10. а жывём у намётах і ва ўсім слухаемся і робім усё, што наказаў нам Ёнадаў, бацька наш.
11. Калі ж Навухаданосар, цар Вавілонскі, прыйшоў у зямлю гэтую, мы сказалі: хадзем, сыдзем у Ерусалім ад войска Халдэяў і ад войска Арамэяў,— і вось, мы жывём у Ерусаліме".
12. І было слова Гасподняе Ерамію:
13. так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: ідзі і скажы мужчынам Юды і жыхарам Ерусаліма: няўжо вы ня возьмеце з гэтага навуку сабе, каб слухацца слоў Маіх? кажа Гасподзь.
14. Слова Ёнадава, сына Рэхамавага, які наказаў сынам сваім ня піць віна, выконваецца, і яны ня п'юць да сягоньня, бо слухаюцца наказу бацькі свайго; а Я бесперастанку казаў вам, казаў з самай раніцы, — і вы не паслухаліся Мяне.
15. Я пасылаў да вас усіх рабоў Маіх, прарокаў, пасылаў з самае раніцы і казаў: адвярнецеся кожны ад благога шляху свайго і выпраўце паводзіны вашыя і не хадзеце сьледам за іншымі божышчамі, каб служыць ім,— і жыцьмеце на гэтай зямлі, якую Я даў вам і бацькам вашым; але вы ня прыхілілі вуха свайго і не паслухаліся Мяне.
16. Як бо сыны Ёнадава, сына Рэхамавага, выконваюць наказ бацькі свайго, які ён наказаў ім, а народ гэты ня слухаецца Мяне,
17. таму так кажа Гасподзь Бог Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я навяду на Юдэю і на ўсіх жыхароў Ерусаліма ўсё тое ліха, якое Я выказаў на іх, бо Я казаў ім, а яны ня слухаліся, клікаў іх, а яны не адказвалі.
18. А дому Рэхавітаў сказаў Ерамія: за тое, што вы паслухаліся запавету Ёнадава, бацькі вашага, і захоўваеце ўсе наказы ягоныя і ва ўсім паводзіцеся, як ён наказаў вам,—
19. за тое,— так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў, не адымецца ў Ёнадава, сына Рэхамавага, муж, які стаіць перад абліччам Маім ва ўсе дні.

Ярэмія 36:1-32
1. У чацьвёрты год Ёакіма, сына Ёсіінага, цара Юдэйскага, было такое слова Ерамію ад Госпада:
2. вазьмі сабе кніжны скрутак і напішы на ім усе словы, якія Я казаў табе пра Ізраіля і пра Юду і пра ўсе народы з таго дня, як Я пачаў гаварыць табе, ад дзён Ёсіі — да гэтага дня;
3. можа быць, дом Юдаў пачуе пра ўсе бедствы, якія Я думаю зрабіць ім, каб яны адвярнуліся кожны ад благога шляху свайго, каб Я дараваў няпраўду іхнюю і грэх іхні.
4. І паклікаў Ерамія Варуха, сына Нірыі, і напісаў Варух у кніжны скрутак з вуснаў Ераміі ўсе словы Госпада, якія Ён казаў яму.
5. І загадаў Ерамія Варуху і сказаў: "я ўвязьнены і не магу ісьці ў дом Гасподні;
6. дык вось, ідзі ты і прачытай напісаныя табою ў скрутку з вуснаў маіх словы Гасподнія ў вушы народу ў доме Гасподнім у дзень посту, таксама і ў вушы ўсім Юдэям, якія прыйшлі з гарадоў сваіх, прачытай іх;
7. магчыма, яны ўзьнясуць пакорліва маленьне перад аблічча Госпада і адвернуцца кожны ад благога шляху свайго; бо вялікі гнеў і абурэньне, якое абвясьціў Гасподзь на народ гэты".
8. Варух, сын Нірыін зрабіў усё, што загадаў яму прарок Ерамія, каб словы Гасподнія, напісаныя ў скрутку, прачытаць у доме Гасподнім.
9. У пяты год Ёакіма, сына Ёсіінага, цара Юдэйскага, у дзявятым месяцы абвясьцілі пост перад абліччам Госпада ўсяму народу ў Ерусаліме і ўсяму люду, які прыйшоў у Ерусалім з гарадоў Юдэйскіх.
10. І прачытаў Варух напісаныя ў скрутку словы Ераміі ў доме Гасподнім, у пакоі Гемарыі, сына Сафанавага, пісца, на верхнім двары, каля ўваходу ў новую браму дома Гасподняга, у вушы ўсяму народу.
11. Міхей, сын Гемарыі, сына Сафанавага, чуў усе словы Гасподнія, напісаныя ў скрутку,
12. і сышоў у дом цара, у пакой царскага пісца, і вось, там сядзелі ўсе князі: Элісам, царскі пісец, і Дэлая, сын Сэмая, і Элнатан, сын Ахбоа, і Гемарыя, сын Сафана, і Сэдэкія, сын Ананія, і ўсе князі;
13. і пераказаў ім Міхей усе словы, якія ён чуў, калі Варух чытаў скрутак у вушы народу.
14. Тады ўсе князі паслалі да Варуха Егудыю, сына Натаніі, сына Сэлэміі, сына Хусіі, сказаць яму: "скрутак, які ты чытаў у вушы народу, вазьмі ў руку тваю і прыйдзі". І ўзяў Варух, сын Нірыін, скрутак у руку сваю і прыйшоў да іх.
15. Яны сказалі яму: "сядзь, і прачытай нам у вушы". І прачытаў Варух у вушы ім.
16. Калі яны выслухалі ўсе словы, дык з жахам паглядзелі адзін на аднаго, і сказалі Варуху: "мы мусова перакажам усе гэтыя словы цару".
17. І спыталіся ў Варуха: "скажы ж нам, як ты напісаў усе словы гэтыя з вуснаў ягоных"?
18. І сказаў ім Варух: "ён вымаўляў мне вуснамі сваімі ўсе гэтыя словы, а я чарнілам пісаў іх у гэты скрутак".
19. Тады сказалі князі Варуху: "ідзі, схавайся, ты і Ерамія, каб ніхто ня ведаў, дзе вы".
20. І пайшлі яны да цара ў палац, а скрутак пакінулі ў пакоі Элісама, царскага пісца, і пераказалі ў вушы цару ўсе словы гэтыя.
21. Цар паслаў Егудыю прынесьці скрутак, і ён узяў яго з пакоя Элісама, царскага пісца; і чытаў яго Егудый у вушы цару і ў вушы ўсім князям, якія стаялі каля цара.
22. Цар у той час, у дзявятым месяцы, сядзеў у зімовым доме, і перад ім гарэла жароўня.
23. Калі Егудый прачытваў тры ці чатыры слупкі, цар адразаў іх пісцовым ножыкам і кідаў на агонь у жароўні, пакуль ня зьнішчаны быў увесь скрутак на агні, які быў у жароўні.
24. І не пабаяліся і не разадралі вопраткі сваёй ні цар, ні ўсе слугі ягоныя, якія чулі ўсе словы гэтыя.
25. Хоць Элнатан і Дэлая і Гемарыя упрошвалі цара не паліць скрутка, але ён не паслухаўся іх.
26. І загадаў цар Ерамэілу, сыну цароваму, і Сэраію, сыну Азрыілаваму, і Сэлэмію, сыну Аўдыілаваму, узяць Варуха пісца і Ерамію прарока. Але Гасподзь схаваў іх.
27. І было слова Гасподняе Ерамію, пасьля таго як цар спаліў скрутак і словы, якія Варух напісаў з вуснаў Ераміі, і сказаў яму:
28. "вазьмі сабе зноў другі скрутак і напішы ў ім усе ранейшыя словы, якія былі ў першым скрутку, які спаліў Ёакім, цар Юдэйскі;
29. а цару Юдэйскаму Ёакіму скажы: так кажа Гасподзь: ты спаліў скрутак гэты, сказаўшы: навошта ты напісаў у ім: "мусова прыйдзе цар Вавілонскі і спустошыць зямлю гэтую, і вынішчыць на ёй людзей і быдла",—
30. за гэта, так кажа Гасподзь пра Ёакіма, цара Юдэйскага: "ня будзе ад яго таго, хто сядзецьме на троне Давідавым, і труп яго будзе выкінуты на сьпёку дзённую і на холад начны;
31. і наведаю яго і племя яго і слуг ягоных за няпраўду іхнюю, і навяду на іх і на жыхароў Ерусаліма і на мужчын Юдавых усё ліха, якое Я прамовіў на іх, а яны ня слухалі".
32. І ўзяў Ерамія другі скрутак і аддаў яго Варуху пісцу, сыну Нірыі, і ён напісаў у ім з вуснаў Ераміі ўсе словы з таго скрутка, які спаліў Ёакім, цар Юдэйскі, на агні; і яшчэ дададзена да іх шмат падобных да тых слоў.

Псалмы 118:65-72
65. Добра зрабіў Ты рабу Твайму, Госпадзе, паводле слова Твайго.
66. Добраму разуменьню і веданьню навучы мяне, бо запаведзям Тваім я веру.
67. Пакуль я цярпеў, я блукаў; а сёньня слова Твайго трымаюся.
68. Добры і дабрадзейны Ты, Госпадзе; навучы мяне пастановам Тваім.
69. Гардуны плятуць на мяне ману; а я ўсім сэрцам загады Твае шанавацьму.
70. Затлусьцела ў іх сэрца, стала, як лой; а я законам Тваім суцяшаюся.
71. Добра мне, што я пацярпеў, каб навучыцца Тваім пастановам.
72. Закон Тваіх вуснаў мне лепей за тысячы золата і срэбра.

Прытчы 27:22-22
22. Таўчы неразумнага ў ступе таўкачом разам зь зернем, не адлушчыцца ад яго глупства ягонае.

1 Тимотей 4:1-16
1. Дух жа ясна кажа, што апошнім часам адступяцца некаторыя ад веры, слухаючы духаў спакусьнікаў і вучэньняў дэманскіх,
2. праз крывадушнасьць ашуканцаў, што спалілі сумленьне сваё,
3. якія забараняюць браць шлюб і есьці тое, што Бог стварыў, каб веруючыя і тыя, што ўведалі ісьціну, елі з падзякаю.
4. Бо кожнае стварэньне Божае — добрасьць, і нішто ня можа асуджацца, калі прымаецца з падзякаваньнем,
5. бо асьвячаецца словам Божым і малітваю.
6. Унушаючы гэта братам, будзеш добры слуга Ісуса Хрыста, кормлены словамі веры і добрым вучэньнем, якому ты пасьледаваў.
7. А недарэчных і бабскіх баек цурайся, а ўдасканальвай сябе ў пабожнасьці;
8. бо цялеснае практыкаваньне мала карысьці дае, а пабожнасьць на ўсё прыдатная, бо мае заруку жыцьця цяперашняга і будучага.
9. Слова гэта слушнае і ўсякага даверу вартае.
10. Бо мы на тое і працуем і паганьбеньне церпім, што надзею маем на Бога жывога, Які ёсьць Збаўца усіх людзей, а найперш веруючых.
11. Прапаведуй гэта і вучы.
12. Ніхто хай не пагарджае маладосьцю тваёю; але будзь узорам веруючым у слове, у жыцьці, у любові, у духу, у веры, у чысьціні.
13. Пакуль ня прыйду, займайся чытаньнем, настаўленьнем, вучэньнем.
14. Не заняхайвай добраснага ў табе дару, які дадзены табе паводле прароцтва з ускладаньнем рук сьвятарства.
15. Пра гэта турбуйся, гэтага не занядбай, каб посьпех твой усім быў відавочны.
16. Пранікай у сябе і ў вучэньне, займайся гэтым пастаянна; бо, так паводзячыся, і сябе ўратуеш і слухачоў тваіх.