A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Кастрычнік 24

Ярэмія 33:1-26
1. І было слова Гасподняе Ерамію другі раз, калі яго яшчэ трымалі ў двары варты:
2. так кажа Гасподзь, які стварыў зямлю, Гасподзь, Які ўладзіў і ўцьвердзіў яе,— Гасподзь імя Яму:
3. пакліч Мяне — і Я адкажу табе, пакажу табе вялікае і недаступнае, чаго ты ня ведаеш.
4. Бо так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў пра дамы горада гэтага і пра дамы цароў Юдэйскіх, якія разбураюцца дзеля завалаў і дзеля бітваў
5. тымі, якія прыйшлі ваяваць з Халдэямі, каб напоўніць дамы трупамі людзей, якіх Я паб'ю ў гневе Маім і ў лютасьці Маёй, і за ўсе беззаконьні якіх Я схаваў аблічча Маё ад горада гэтага.
6. Вось, Я прыкладу яму пластыр і гойныя сродкі і вылечу іх і адкрыю ім багацьце міру і ісьціны,
7. і вярну палон Юды і палон Ізраіля і ўладжу іх, як на пачатку,
8. і ачышчу іх ад усёй бязбожнасьці іхняй, якой яны грашылі перад Мною, і дарую ўсе беззаконьні іхнія, якімі яны грашылі перад Мною і адпаліся ад Мяне.
9. І будзе Мне Ерусалім радасным імем, пахвалою і гонарам перад усімі народамі зямлі, якія пачуюць пра ўсе даброты, якія Я зраблю яму, і зьдзівяцца і затрымцяць ад усіх дабрадзействаў і ўсяго дабрадзенства, якое Я дам яму.
10. Так кажа Гасподзь: на гэтым месцы, пра якое вы кажаце: "яно пустое, бязь людзей і бяз быдла",— у гарадах Юдэйскіх і на вуліцах Ерусаліма, якія пустыя бязь людзей, без жыхароў, бяз быдла,—
11. зноў будзе чуцен голас радасьці і голас весялосьці, голас маладога і голас маладое, голас тых, якія кажуць: "слаўце Госпада Саваофа, бо добры Гасподзь, бо навекі міласэрнасьць Яго", і голас тых, якія прыносяць ахвяру падзякаваньня ў доме Гасподнім; бо я вярну палонных гэтай зямлі ў ранейшы стан, кажа Гасподзь.
12. Так кажа Гасподзь Саваоф: на гэтым месцы, якое пустое — бязь людзей, бяз быдла — і ва ўсіх гарадах яго зноў будуць жытлішчы пастухоў, якія будуць пасьвіць статкі.
13. У гарадах нагорных, у гарадах нізінных і ў гарадах паўднёвых, і ў зямлі Веньямінавай і ў навакольлях Ерусаліма і ў гарадах Юды зноў будуць праходзіць статкі пад рукою таго, хто іх лічыць, кажа Гасподзь.
14. Вось, настануць дні, кажа Гасподзь, калі Я спраўджу тое добрае слова, якое сказаў пра дом Ізраілеў і пра дом Юдаў.
15. У тыя дні і ў той час узгадую Давіду Галіну праведную,— і будзе чыніць суд і праўду на зямлі.
16. У тыя дні Юда будзе выратаваны і Ерусалім будзе жыць у бясьпецы, і дадуць імя Яму: "Гасподзь — апраўданьне наша!"
17. Бо так кажа Гасподзь: не зьвядзецца ў Давіда муж, які сядзіць на троне дома Ізраілевага,
18. і ў сьвятароў - лявітаў ня будзе неставаць мужа перад абліччам Маім, які будзе ўзносіць цэласпаленьне і паліць прынашэньні і ўчыняць ахвяраваньні.
19. І было слова Гасподняе Ерамію:
20. так кажа Гасподзь: калі можаце разбурыць запавет Мой пра дзень і запавет Мой пра ноч, каб дзень і ноч ня прыходзілі ў свой час,
21. дык можа быць разбураны і запавет Мой з рабом Маім Давідам, так што ня будзе ў яго сына, каб цараваў на троне ягоным, і гэтаксама зь лявітамі — сьвятарамі, службітамі Маімі.
22. Як нязьлічонае нябеснае войска і нявымерны пясок марскі, так памножу племя Давіда раба Майго, і лявітаў, якія служаць Мне.
23. І было слова Гасподняе Ерамію:
24. ці ня бачыш, што народ гэты кажа: "тыя два племені, якія выбраў Гасподзь, Ён адкінуў", і праз гэта яны пагарджаюць народам Маім, як бы ён ужо ня быў народам у вачах іхніх?
25. Так кажа Гасподзь: калі запавету Майго пра дзень і пра ноч і статутаў неба і зямлі Я не зацьвердзіў,
26. дык і племя Якава і Давіда, раба Майго, адкіну, каб ня браць болей валадароў зь яго племя племю Абрагама, Ісака і Якава; бо вярну палон іхні і памілую іх.

Ярэмія 34:1-22
1. Слова, якое было Ерамію ад Госпада, калі Навухаданосар, цар Вавілонскі, і ўсё войска ягонае і ўсе царствы зямлі, падуладныя руцэ ягонай, і ўсе народы ваявалі супроць Ерусаліма і супроць усіх гарадоў ягоных:
2. так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: ідзі і скажы Сэдэкію, цару Юдэйскаму, і скажы яму: так кажа Гасподзь: вось, я аддаю горад гэты ў рукі цару Вавілонскаму, — і ён спаліць яго агнём;
3. і ты не ўцячэш ад рукі ягонай, а непазьбежна будзеш узяты і перададзены ў рукі яго, і вочы твае ўбачаць цара Вавілонскага, і вусны яго будуць гаварыць тваімі вуснамі, і пойдзеш у Вавілон.
4. Зрэшты, слухай слова Гасподняе, Сэдэкія, цару Юдэйскі! так кажа Гасподзь пра цябе: ты не памрэш ад меча;
5. ты памрэш у міры, і як бацькам тваім,— ранейшым царам, якія былі да цябе,— палілі пры пахаваньні пахошчы, так спаляць і табе і аплачуць цябе: "на жаль, спадару", бо Я вымавіў гэтае слова, кажа Гасподзь.
6. Ерамія прарок усе гэтыя словы пераказаў Сэдэкію, цару Юдэйскаму, у Ерусаліме.
7. Тым часам войска цара Вавілонскага ваявала супроць Ерусаліма і супроць усіх гарадоў Юдэйскіх, якія яшчэ заставаліся, супроць Лахіса і Азэкі; бо з гарадоў Юдэйскіх толькі гэтыя заставаліся, як гарады ўмацаваныя.
8. Слова, якое было Ерамію ад Госпада пасьля таго як цар Сэдэкія заключыў запавет з усім народам, што быў у Ерусаліме, каб абвясьціць свабоду,
9. каб кожны адпусьціў на волю свайго раба і сваю рабыню, Габрэя і Габрэйку, каб ніхто зь іх ня трымаў у рабстве Юдэя, брата свайго.
10. І паслухаліся ўсе князі і ўвесь народ, якія ўступілі ў запавет, каб адпусьціць кожнаму раба свайго і кожнаму рабыню сваю на волю, каб ня трымаць іх наперад у рабах,— і паслухаліся і адпусьцілі:
11. але пасьля таго, перадумаўшы, пачалі браць назад рабоў і рабынь, якіх адпусьцілі на волю, і прымусілі іх быць рабамі і рабынямі.
12. І было слова Гасподняе Ерамію ад Госпада:
13. Так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я заключыў запавет з бацькамі вашымі, калі вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, з дома рабства, і сказаў:
14. "у канцы сёмага года адпускайце кожны брата свайго, Габрэя, які прадаў сябе табе; хай ён працуе табе шэсьць гадоў, а потым адпусьці яго ад сябе на волю"; але бацькі вашыя не паслухаліся Мяне і не прыхілілі вуха свайго.
15. Вы сёньня навярнуліся і зрабілі справядліва перад вачыма Маімі, даўшы кожны свабоду свайму блізкаму, і заключылі перад Мною запавет у доме, над якім названа імя Маё;
16. але потым перадумалі — і зьняславілі імя Маё — і вярнулі да сябе кожны раба свайго і кожны рабыню сваю, якіх адпусьцілі на волю, куды іхняй душы заўгодна, і прымушаеце іх быць у вас рабамі і рабынямі.
17. Таму так кажа Гасподзь: вы не паслухаліся Мяне ў тым, каб кожны абвясьціў свабоду брату свайму і блізкаму свайму; за тое вось Я, кажа Гасподзь, абвяшчаю вам свабоду падупасьці мечу, згубнай пошасьці і голаду, і аддам вас на азлабеньне ва ўсе царствы зямлі;
18. і аддам адступнікаў ад запавету Майго і няўстойлівых у словах запавету, які яны заключылі перад абліччам Маім, калі расьсеклі цяля напалам і прайшлі паміж расьсечанымі часткамі яго,-
19. князёў Юдэйскіх і князёў Ерусалімскіх, еўнухаў і сьвятароў і ўвесь народ зямлі, які праходзіў паміж расьсечанымі часткамі цяляці,—
20. аддам іх у рукі ворагам іхнім і ў рукі шукальнікаў душы іхняй,— і трупы іх будуць ежаю птушкам нябесным і зьвярам зямным.
21. І Сэдэкію, цара Юдэйскага, і князёў ягоных аддам у рукі ворагам іхнім і ў рукі шукальнікам душы іхняй і ў рукі войску цара Вавілонскага, якое адступіла ад вас.
22. Вось, Я дам загад, кажа Гасподзь, і вярну іх да гэтага горада, і яны нападуць на яго і возьмуць яго і спаляць яго агнём, і гарады Юдэі зраблю пустыняю неабжытаю.

Псалмы 118:57-64
57. Доля мая, Госпадзе, сказаў я, трымацца слова Твайго.
58. Маліўся Табе я ўсім сэрцам: памілуй мяне паводле слова Твайго.
59. Разважаў пра шляхі мае, і павярнуў свае ногі да сьведчаньняў Тваіх.
60. Сьпяшаўся і не марудзіў выконваць запаведзі Твае.
61. Сеткі бязбожных акружылі мяне; але не забываў я закона Твайго.
62. Апоўначы падымаўся славіць Цябе за справядлівыя суды Твае.
63. Саўдзельнік я ўсім, хто баіцца Цябе і хто наказы Твае шануе.
64. Ласкаю Тваёй, Госпадзе, поўніцца ўся зямля; навучы мяне пастановам Тваім.

Прытчы 27:21-21
21. Што плавільня — срэбру, горан — золату, тое чалавеку вусны, якія хваляць яго.

1 Тимотей 3:1-16
1. Слушнае слова: калі хто япіскапства жадае, добрае справы жадае.
2. А япіскап павінен быць беззаганны, адной жонкі муж, цьвярозы, цнатлівы, богабаязны, сумленны, гасьцінны да вандроўнікаў, здатны вучыць,
3. ня п’яніца, не звадыяш, не сварлівец, не карысьлівец, а ціхі, згодалюбны, не срэбралюбец,
4. павінен добра кіраваць домам сваім, дзяцей трымаць у паслушэнстве з усёй сумленнасьцю;
5. бо хто ня ўмее кіраваць сваім домам, той ці ж будзе рупіцца пра Царкву Божую?
6. не павінен быць з нованавернутых, каб не заганарыўся і не падупаў асудзе разам з д’яблам.
7. Трэба яму таксама мець добрае сьведчаньне ад чужых, каб унікнуць нараканьняў і цянётаў д’ябальскіх.
8. Дыяканы таксама павінны быць сумленныя, ня двухязыкія, непацяглівыя да віна, не карысьлівыя,
9. павінны захоўваць таемнасьць веры ў чыстым сумленьні,
10. і такіх трэба загадзя выпрабоўваць, потым, калі беззаганныя, дапускаць да служэньня.
11. Гэтак сама і жонкі іхнія павінны быць сумленныя, не паклёпніцы, цьвярозыя, верныя ва ўсім.
12. Дыякан павінен быць адной жонкі мужам, добра кіраваць дзецьмі і домам сваім;
13. бо тыя, што служылі добра, рыхтуюць сабе найвышэйшую ступень і вялікую адвагу ў веры ў Хрыста Ісуса.
14. Гэта табе пішу, спадзяючыся неўзабаве прыйсьці да цябе,
15. каб, калі запазьнюся, ты ведаў, як трэба паводзіцца ў доме Божым, які ёсьць Царква Бога жывога, стоўп і аснова ісьціны.
16. І, прызнана ўсімі — вялікая ёсьць пабожнасьці таямніца: Бог зьявіўся ў плоці, апраўдаў Сябе ў Духу, паказаў Сябе анёлам, прапаведаны ў народах, прыняты вераю ў сьвеце, узьнёсься ў славе.