A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Кастрычнік 2

Ісайя 55:1-13
1. Спрагненыя! ідзеце ўсе да водаў; нават і вы, у каго няма срэбра, ідзеце, купляйце і ежце; ідзеце, купляйце бяз срэбра і бяз платы віно і малако.
2. Навошта вам наважваць срэбра за тое, што ня хлеб, і заробак свой за тое, што не насычае? Паслухайце ўважліва і ежце дабро, і душа вашая хай раскашуецца тлушчам.
3. Прыхілеце вуха ваша і прыйдзеце да Мяне; паслухайце, і жывая будзе душа вашая, і дам вам запавет вечны, нязьменныя міласьці, абяцаныя Давіду.
4. Вось, Я даў Яго ў сьведкі народам, у правадыры і настаўнікі народам.
5. Вось,ты заклічаш народ, якога ты ня ведаў, і народы, якія цябе ня ведалі, пасьпяшаюцца да цябе дзеля Госпада Бога твайго і дзеля Сьвятога Ізраілевага, бо Ён праславіў цябе.
6. Шукайце Госпада, калі можна знайсьці Яго; клічце Яго, калі Ён блізка.
7. Хай пакіне бязбожнік дарогу сваю і беззаконьнік — намыслы свае, і хай зьвернецца да Госпада, — і Ён памілуе яго, і да Бога нашага, — бо Ён мілажальны.
8. Мае думкі — ня вашыя думкі, ні вашыя шляхі — не Мае шляхі, кажа Гасподзь.
9. Але Як неба вышэй за зямлю, так дарогі Мае вышэй за дарогі вашыя, і думкі Мае вышэй за думкі вашыя.
10. Як дождж і сьнег зыходзяць зь неба і туды не вяртаюцца, а напойваюць зямлю і робяць яе здольнаю радзіць і вырошчваць, каб яна давала насеньне таму, хто сее, і хлеб таму, хто есьць,
11. так і слова Маё, якое зыходзіць з вуснаў Маіх, — яно не вяртаецца да Мяне марным, а выконвае тое, што Мне заўгодна, і зьдзяйсьняе тое, на што Я паслаў яго.
12. Дык вось, вы выйдзеце зь весялосьцю і вас правядуць зь мірам; горы і пагоркі будуць сьпяваць перад вамі песьню, і ўсе дрэвы ў полі — папляскаюць вам.
13. Замест цярноўніку вырасьце кіпарыс; замест крапівы вырасьце мірт; і гэта будзе на славу Госпаду, на знак вечны, непарушны.

Ісайя 56:1-12
1. Так кажа Гасподзь: захоўвайце суд і кіруйцеся праўдаю; бо блізка збавеньне Маё і адкрыцьцё праўды Маёй.
2. Шчасны муж, які робіць гэта, і сын чалавечы, які моцна трымаецца гэтага, які захоўвае суботу ад апаганьваньня і стрымлівае руку сваю, каб не зрабіць ніякага ліха.
3. Хай ня кажа сын іншапляменца, які далучыўся да Госпада: "Гасподзь зусім адлучыў мяне ад Свайго народу", і хай ня кажа еўнух: "вось, я сухое дрэва".
4. Бо Гасподзь так кажа пра еўнухаў: хто шануе Мае суботы і выбірае заўгоднае Мне і моцна трымаецца запавету Майго,
5. тым дам Я ў доме Маім і ў сьценах Маіх месца і імя лепшае, чым сынам і дочкам: дам ім вечнае імя, якое ня вынішчыцца.
6. І сыноў іншапляменцаў, якія далучыліся да Госпада, каб служыць Яму і любіць імя Госпада, быць рабамі Яго, — усіх, хто захоўвае суботу ад апаганьваньня і цьвёрда трымаецца запавету Майго,
7. Я прывяду на сьвятую гару Маю і парадую іх у Маім доме малітвы; цэласпаленьні іхнія і ахвяры іхнія будуць на ахвярніку Маім, бо дом Мой называецца домам малітвы для ўсіх народаў.
8. Гасподзь Бог, Які зьбірае расьсеяных Ізраільцянаў, кажа: да сабраных у яго Я буду яшчэ зьбіраць іншых.
9. Усе зьвяры польныя, усе зьвяры лясныя, ідзеце есьці!
10. Вартаўнікі ў іх сьляпыя ўсе і невукі: усе яны нямыя сабакі, якія ня ўмеюць брахаць, пазяхаюць лежачы, любяць спаць.
11. І гэта — сабакі, прагныя душою, ня ведаюць сытасьці; і гэта — пастухі бесталковыя: усе глядзяць на сваю дарогу, кожны да апошняга, на сваю радасьць;
12. прыходзьце, кажуць, я дастану віна, і мы нап’емся сікеры; і заўтра тое самае будзе, што сёньня, ды яшчэ і болей.

Псалмы 112:5-9
5. Хто — як Гасподзь, Бог наш, Які, жывучы ў высях,
6. прыхіляецца, каб дагледзець неба і зямлю;
7. з тла падымае беднага, з гразі ўзвышае ўбогага,
8. каб пасадзіць яго з князямі, з князямі народе Ягонага;
9. няплодную ўсяляе ў дом мацераю, што радуецца за дзяцей? Алілуя!

Прытчы 26:20-21
20. Дзе няма болей дроў, агонь пату­хае; і дзе няма нагаворшчыка, разлад аціхае.
21. Вугаль — на жар, дровы — на распал свары.

Эфесянаў 4:1-32
1. Дык вось я, вязень у Госпадзе, малю вас хадзіць годна званьня, у якое вы закліканы,
2. з усёй пакорлівай мудрасьцю і лагоднасьцю і доўгай цярплівасьцю, у любові трываючы адзін аднаго,
3. імкнучыся захоўваць адзінства Духа ў саюзе міру.
4. Адно цела і адзін Дух, як вы і закліканы да адной надзеі вашага пакліканьня;
5. адзін Гасподзь, адна вера, адно хрышчэньне,
6. адзін Бог і Айцец усіх, Які над усімі, і праз усіх, і ўва ўсіх нас.
7. А кожнаму з нас дадзена мілата ў меру дару Хрыстовага.
8. Таму і сказана: "падняўшыся на вышыню, запаланіў паланёных і даў дары людзям".
9. А "падняўся" што азначае, як ня тое, што Ён і сыходзіў раней у прадонныя мясьціны зямлі?
10. Хто сыходзіў, Ён жа ёсьць і Той, Хто ўзышоў над усе нябёсы, каб напоўніць усё.
11. І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых дабравесьнікамі, іншых пастырамі і настаўнікамі,
12. на дасканаленьне сьвятых, на дзею служэньня, на збудаваньне Цела Хрыстовага,
13. пакуль усе прыйдзем у адзінства веры і спазнаньня Сына Божага, у мужа дасканалага, у меру поўнага росту Хрыстовае паўнаты;
14. каб мы ня былі больш недаросткамі, якіх хістаюць і захапляюць усякія вятры навукі, каб падманам людзкім, штукарскай хітрынай увесьці ў змусту.
15. А каб у шчырай любові ўсе ўзрасталі ў Таго, Які ёсьць Галава, у Хрыста.
16. зь Якога ўсё цела, што складаецца і злучаецца праз розныя ўзаемна жыўналучныя сувязі, у меру дзеяньня кожнага асобнага чэлеса, атрымлівае прырост цела на збудаваньне самога сябе ў любові.
17. Таму я кажу і заклінаю Госпадам, каб вы болей не рабілі, як робяць астатнія народы ў марноце розуму свайго,
18. бо яны запамрочаныя ў розуме, адчужаныя ад жыцьця Божага з прычыны іхняга невуцтва і зжарсьцьвеласьці сэрца іхняга;
19. яны, дарэшты зьнячуліўшыся, аддаліся распусьце так, што робяць усякае паскудзтва ненасытна.
20. Але вы ня так навучыліся ад Хрыста,
21. бо вы чулі пра Яго і ў Ім навучыліся, — бо ісьціна ў Ісусе, —
22. пазбыцца разам зь мінулым жыцьцём старога чалавека, які парахнее ў панадных пахацінствах,
23. а абнавіцца духам розуму вашага
24. і апрануцца ў новага чалавека, створанага ў падабенстве Божым, у праведнасьці і сьвятасьці ісьціны.
25. Таму, адкінуўшы ману, гаварэце праўду кожны блізкаму свайму, бо мы чэлесы адзін аднаму.
26. Гневаючыся, не грашэце: сонца хай ня зойдзе ў гневе вашым;
27. і не давайце месца д’яблу.
28. Хто краў, больш ня крадзь, а лепей працуй, робячы сваімі рукамі карыснае, каб было з чаго выдзяляць таму, хто мае патрэбу.
29. Ніякае брыдкае слова хай ня выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае на будаўніцтва ў веры, каб яно давала мілату слухачам.
30. І не зьневажайце Духа Божага, Якім мы запячатаны ў дзень адкупленьня.
31. Усякае раздражненьне і лютасьць, і гнеў, і крык, і ліхаслоўе з усякаю злосьцю хай будуць выдалены з вас;
32. але будзьце адно да аднаго добрыя, спагадлівыя, даруйце адно аднаму, як і Бог у Хрысьце дараваў вам.