A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Кастрычнік 16

Ярэмія 17:1-27
1. Грэх Юдаў напісаны жалезным разцом, алмазным вастрыём накрэсьлены на скрыжалі сэрца іхняга і на рагах ахвярнікаў іхніх.
2. Як пра сыноў сваіх, успамінаюць яны пра ахвярнікі свае і дубровы свае каля зялёных дрэў, на высокіх пагорках.
3. Гару Маю ў полі, маёмасьць тваю і ўсе скарбы твае аддам на рабунак, і ўсе вышыні твае — за грахі ва ўсіх межах тваіх.
4. І ты празь сябе пазбудзешся спадчыны тваёй, якую Я даў табе, і аддам цябе ў рабства ворагам тваім, у зямлю, якое ты ня ведаеш, бо вы запалілі агонь гневу Майго; ён будзе гарэць вечна.
5. Так кажа Гасподзь: пракляты чалавек, які спадзяецца на чалавека і плоць робіць сваёю апораю, і сэрца якога аддаляецца ад Госпада.
6. Ён будзе — як верас у пустыні і ня ўбачыць, калі прыйдзе добрае, і паселіцца ў мясьцінах скварных у стэпе, на зямлі неўрадлівай, неабжытай.
7. Дабраславёны чалавек, які спадзяецца на Госпада, і чыя надзея — Гасподзь.
8. Бо ён будзе як дрэва, якое пасаджана каля водаў і пускае сваё карэньне каля патоку; ня ведае яно, калі настае сьпёка; лісьце ў яго зялёнае, і ў засушлівы час яно не баіцца і не перастае радзіць плады.
9. Падступнае сэрца чалавечае найбольш і да краю сапсаванае; хто спазнае яго?
10. Я, Гасподзь, пранікаю ў сэрца і выпрабоўваю ўсярэдзіне, каб даць кожнаму паводле шляху ягонага і паводле плёну дзеяў ягоных.
11. Курапатка садзіцца на яйкі, якіх ня несла; такі той, хто набывае багацьце няпраўдаю: ён пакіне яго на палове дзён сваіх, дурнем застанецца пры канцы сваім.
12. Трон славы, узвышаны ад пачатку, ёсьць месца асьвячэньня нашага.
13. Ты, Госпадзе, — надзея Ізраілева; усе, хто пакідае Цябе, пасаромяцца. "Тыя, што адступаюцца ад Мяне, будуць напісаны на пыле, бо пакінулі Госпада, крыніцу вады жывое".
14. Ацалі мяне, Госпадзе, — і ацалёны буду; уратуй мяне — і ўратаваны буду; бо Ты — хвала мая.
15. Вось, яны кажуць мне: "дзе слова Гасподняе? няхай яно прыйдзе!"
16. Я не сьпяшаўся быць пастырам у Цябе і не хацеў бядотнага дня, Ты гэта ведаеш; што выйшла з вуснаў маіх — адкрыта перад абліччам Тваім.
17. Ня будзь страшны мне, Ты — надзея мая ў дзень бедства.
18. Хай сорам пакрые ганіцеляў маіх, а я ня буду пасаромлены; хай яны затрымцяць, а я не трымцецьму; навядзі на іх дзень бедства і паламай іх двайной ламатою.
19. Так сказаў мне Гасподзь: ідзі і стань у браме сыноў народу, у якую ўваходзяць цары Юдэйскія і празь якую яны выходзяць, і ва ўсіх брамах Ерусалімскіх,
20. і кажа ім: слухайце слова Гасподняе, цары Юдэйскія і ўся Юдэя і ўсе жыхары Ерусаліма, якія ўваходзяць праз гэтыя брамы
21. Так кажа Гасподзь: пільнуйце душы свае і не насеце ношак у суботні дзень, і ня ўносьце іх праз брамы Ерусалімскія.
22. І ня выносьце ношак з дамоў вашых у дзень суботні, не рабеце ніякае працы, сьвяткуйце дзень суботні так, як Я наказаў бацькам вашым,
23. якія, зрэшты, не паслухаліся і не прыхілілі вуха свайго, а зрабіліся цьвердалобымі, каб ня слухацца і ня прымаць настаўленьня.
24. І калі вы паслухаецеся Мяне ў тым, кажа Гасподзь, каб не насіць ношак праз брамы гэтага горада ў дзень суботні і каб сьвяткаваць суботу, ня робячы ў гэты дзень ніякае працы:
25. дык праз брамы гэтага горада будуць уваходзіць цары і князі, якія сядзяць на троне Давідавым, езьдзяць на калясьніцах і на конях, яны і князі іхнія, Юдэі і жыхары Ерусаліма, і горад гэты будзе жытлы вечна.
26. І будуць прыходзіць з гарадоў Юдэйскіх і з навакольляў Ерусаліма і зь зямлі Веньямінавай, і з раўніны і з гор і з поўдня, і прыносіць цэласпаленьне і ахвяру, і хлебнае прынашэньне і ліван, і падзякавальныя ахвяры ў дом Гасподні.
27. А калі не паслухаецеся Мяне ў тым, каб сьвяткаваць дзень суботні і не насіць ношак, уваходзячы ў брамы Ерусаліма ў суботні дзень, дык запалю агонь у брамах яго, — і ён паглыне харомы Ерусаліма і не патухне.

Ярэмія 18:1-23
1. Слова, якое было Ерамію ад Госпада:
2. Устань і сыдзі ў дом ганчара, і там Я абвяшчу табе Маё слова.
3. І сышоў я ў дом ганчара, і вось ён рабіў сваю працу на крузе.
4. І посуд, які ганчар рабіў з гліны, разваліўся ў руцэ ягонай; і ён зноў зрабіў яго, другі посуд, які ганчар надумаўся зрабіць.
5. І было слова Гасподняе мне:
6. ці не магу Я ўчыніць з вамі, доме Ізраілеў, як гэты ганчар? кажа Гасподзь. Вось, што гліна — у руках у ганчара, тое самае — вы ў Маёй руцэ, доме Ізраілеў.
7. Часам Я скажу пра які-небудзь народ і царства, што выкарчую, зламаю і загублю яго;
8. але калі народ гэты, пра які Я гэта мовіў, адвернецца ад сваіх благіх дзеяў, Я адмяню ліха, якое надумаў зрабіць яму.
9. А часам скажу пра які-небудзь народ і царства, што ўладжу і ўмацую яго;
10. але калі ён будзе рабіць благое перад вачыма Маімі і ня слухацца голасу Майго, Я адмяню тое добрае, якім хацеў удабрачыніць яму.
11. Дык вось скажы мужам Юды і жыхарам Ерусаліма: так кажа Гасподзь: вось, Я рыхтую вам ліха і намышляю супроць вас; дык вось, адвярнецеся кожны ад благога шляху свайго і папраўце шляхі вашыя і ўчынкі вашыя.
12. Але яны кажуць: "не спадзявайся, мы будзем жыць згодна са сваім намыслам і будзем рабіць кожны паводле ўпартасьці злога сэрца свайго".
13. Таму так кажа Гасподзь: спытайцеся сярод народаў, ці чуў хто падобнае на гэта? вельмі гнюсотныя дзеі ўчыніла дзева Ізраілева.
14. Ці пакідае сьнег Ліванскі скалу гары? ці канчаюцца халодныя воды, якія цякуць зь іншых мясьцінаў?
15. А народ Мой пакінуў Мяне; яны кадзяць марным, спатыкнуліся на дарогах сваіх, пакінулі шляхі старадаўнія, каб хадзіць па сьцежках шляху непракладзенага,
16. каб зрабіць зямлю сваю жахам, заўсёдным пасьмешышчам, так што кожны, хто праходзіцьме па ёй, зьдзівіцца і паківае галавою сваёю.
17. Як усходнім ветрам разьвею іх перад абліччам ворага; сьпінаю, а ня тварам павярнуся да іх у дзень бедства іхняга.
18. А яны сказалі: "прыйдзеце, складзем змову супроць Ераміі; бо ня зьнік жа закон у сьвятара, і рада ў мудрага, і слова ў прарока; прыйдзеце, паб’ем яго языком і ня будзем уважаць словам ягоным".
19. Уважы мне, Госпадзе, і пачуй голас маіх супраціўцаў.
20. Ці трэба плаціць злом за дабро? а яны капаюць яму для душы маёй. Уважы, што я стаю перад абліччам Тваім, каб гаварыць за іх добрае, каб адвярнуць ад іх гнеў Твой.
21. Дык вось аддай сыноў іхніх голаду і ўвядзі іх пад меч; хай будуць іх жонкі бязьдзетныя і ўдовы, і мужоў іхніх няхай сьмерць прыбярэ, а юнакі іхнія — хай будуць усьмерчаны мечам на вайне.
22. Хай будзе чуцен енк іхні з дамоў іхніх, калі прывядзеш на іх войска зьнянацку; бо яны капаюць яму, каб злавіць мяне, і таемна паставілі сеткі на ногі мае.
23. Але Ты, Госпадзе, ведаеш усе намыслы іх супроць мяне, каб усьмерціць мяне; не даруй іхняй няпраўды і грэху іхняга не загладзь перад абліччам Тваім; хай будуць яны звалены перад Табою; учыні зь імі ў час гневу Твайго.

Псалмы 117:25-29
25. О, Госпадзе, выратуй! О, Госпадзе, пашчасьці!
26. Дабраславёны, хто ідзе ў імя Гасподняе! Дабраслаўляем вас з дома Гасподняга.
27. Бог — Гасподзь, і апраменіў нас; зьвяжэце шнурамі ахвяру, вядзеце да нарожнікаў ахвярніка.
28. Ты — Бог мой: славіць буду Цябе; Ты — Бог мой: славіць буду Цябе, (славіць буду Цябе, бо Ты пачуў мяне і зрабіўся маім ратаваньнем).
29. Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.

Прытчы 27:11-12
11. Будзь мудры, сыне мой, і радуй сэрца маё; і я мецьму што адказаць ліхаслоўцу майму.
12. Разумны бачыць бяду і хаваецца; а нявопытныя ідуць наперад і прымаюць кару.

1 Фесаланікійцаў 3:1-13
1. І таму, ня могучы болей трываць, мы захацелі застацца ў Афінах адны,
2. і паслалі Цімафея, брата нашага і службіта Божага і супрацоўніка нашага ў зьвеставаньні Хрыстовым, каб умацаваць вас і суцешыць у веры вашай,
3. каб ніхто не пахіснуўся ў смутках нашых; бо вы самі ведаеце, што так нам наканавана.
4. Бо мы і тады, калі былі ў вас, прадказвалі вам, што будзем пакутаваць, як і здарылася, і вы ведаеце.
5. Таму і я, не чакаючы болей, паслаў даведацца пра веру вашую, каб як не спакусіў вас змусьціцель і ня сталася марнаю праца нашая.
6. А цяпер, калі прыйшоў да нас ад вас Цімафей і прынёс нам добрую вестку пра веру і любоў вашую, і што вы заўсёды маеце добрую памяць пра нас, хочучы нас бачыць, як і мы вас, —
7. дык мы, пры ўсім смутку і гароце нашай, суцешыліся з вамі, браты, дзеля вашай веры;
8. бо цяпер мы жывыя, калі вы стаіце ў Госпадзе.
9. Якую падзяку можам мы ўзьнесьці Богу за вас, за ўсю радасьць, якою радуемся за вас перад Богам нашым,
10. ноч і дзень найруплівей молячыся за тое, каб бачыць аблічча ваша і дапоўніць, чаго не ставала веры вашай?
11. А Сам Бог і Айцец наш і Гасподзь наш Ісус Хрыстос хай скіруе шлях наш да вас.
12. А вас Гасподзь хай напоўніць любоўю ўзаемнай і да ўсіх, якою мы поўныя да вас,
13. каб умацаваць сэрцы нашыя беззаганнымі ў сьвятыні прад Богам і Айцом нашым у прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі сьвятымі Ягонымі. Амін.