Ярэмія 15:1-21 |
1. І сказаў мне Гасподзь: хоць бы сталі перад абліччам Маім Майсей і Самуіл, душа Мая ня прыхіліцца да народу гэтага: адгані іх ад аблічча Майго — хай адыдуць яны. |
2. А калі сажуць табе: "куды нам ісьці?", дык скажы ім: так кажа Гасподзь: хто асуджаны на сьмерць, ідзі на сьмерць; і хто пад меч — пад меч, і хто на голад, — на голад; і хто ў палон, — у палон. |
3. І пашлю на іх чатыры роды кары, кажа Гасподзь: меч, каб забіваць, і сабак, каб рваць, і птушак нябесных і зьвяроў польных, каб жэрці і зьнішчаць; |
4. і аддам іх на азлобу ўсім царствам зямлі за Манасію, сына Эзэкіі, цара Юдэйскага, за тое, што ён зрабіў у Ерусаліме. |
5. Бо хто пашкадуе цябе, Ерусаліме? і хто паспагадае табе? і хто зойдзе да цябе папытацца пра тваю дабрабытнасьць? |
6. І ты пакінуў Мяне, кажа Гасподзь, адступіўся: таму я падыму на цябе руку Маю і загублю цябе: Я стаміўся літаваць. |
7. Я разьвяваю іх веялам за браму зямлі: пазбаўляю іх дзяцей, гублю народ Мой; але яны не вяртаюцца са шляхоў сваіх. |
8. Удоваў іхніх у Мяне болей, чым пяску ў моры; навяду на іх, на маці юнакоў, паўдзённага спусташальніка: нападзе на іх зьнянацку страх і жудасьць. |
9. Ляжыць зьнямоглая тая, што нарадзіла сямёра, дух свой выпускае; яшчэ ўдзень закацілася сонца яе: яна паганьбавана і пасаромлена. І рэшту іх аддам мечу на вачах у ворагаў іхніх, кажа Гасподзь. |
10. "Гора мне, маці мая, што ты нарадзіла мяне чалавекам, які спрачаецца і сварыцца з усёю зямлёю! нікому не даваў я на ліхву, і мне ніхто не даваў на ліхву, а ўсе клянуць мяне". |
11. Гасподзь сказаў: канец твой будзе добры, і Я прымушу ворага абыходзіцца з табою добра ў часіны нягодаў і ў часіны смутку. |
12. Ці можа жалеза зламаць жалеза паўночнае і медзь? |
13. Маёмасьць тваю і скарбы аддам на рабунак, бяз платы, за ўсе грахі твае, ва ўсіх межах тваіх; |
14. і адпраўлю з ворагамі тваімі ў зямлю, якое ты ня ведаеш; бо агонь загарэўся ў гневе Маім, — будзе шугаць на вас. |
15. О, Госпадзе! Ты ведаеш усё; успомні пра мяне і наведай мяне, і адпомсьці за мяне ганіцелям маім; не загубі мяне пасьля доўгага трываньня Твайго; Ты ведаеш, што дзеля Цябе я цярплю паганьбеньне. |
16. Здабыты словы Твае, і я зьеў іх; і было слова Тваё мне на радасьць і на злагаду сэрца майго; бо імя тваё названа на мне, Госпадзе Божа Саваоф. |
17. Не сядзеў я на зборні блазнаў і не весяліўся: пад цяжкаю рукою Тваёю на мне я сядзеў самотна, бо Ты напоўніў мяне абурэньнем. |
18. За што такая напорыстая хвароба мая, і рана мая такая незагойная, што адхіляе лекаваньне? Няўжо ты будзеш мне як бы падманліваю крыніцаю, нявернаю вадою? |
19. На гэта так сказаў мне Гасподзь: калі ты навернешся, дык Я адраджу цябе, і будзеш стаяць перад абліччам Маім; і калі выдабудзеш каштоўнае зь нікчэмнага, дык будзеш як вусны Мае. Яны самі будуць зьвяртацца да цябе, а ты ня будзеш зьвяртацца да іх. |
20. І зраблю цябе гэтаму народу моцнаю меднаю сьцяною; яны будуць ваяваць супроць цябе, але не адолеюць цябе, бо Я з табою, каб ратаваць і вызваляць цябе, кажа Гасподзь. |
21. І ўратую цябе ад рукі ліхіх і вызвалю цябе ад рукі прыгнятальнікаў. |
Ярэмія 16:1-21 |
1. І было мне слова Гасподняе: |
2. не бяры сабе жонкі, і хай ня будзе ў цябе ні сыноў, ні дачок на месцы гэтым. |
3. Бо так кажа Гасподзь пра сыноў і дачок, якія народзяцца на месцы гэтым, і пра матак іхніх, якія народзяць іх, і пра бацькоў іх, якія зачнуць іх на гэтай зямлі: |
4. цяжкімі сьмерцямі памруць яны і ня будуць ні аплаканыя, ні пахаваныя; будуць гноем на паверхні зямлі; мечам і голадам будуць вынішчаны, і трупы іх будуць ежаю птушкам нябесным і зьвярам зямным. |
5. Бо так кажа Гасподзь: не ўваходзь у дом тых, што бядуюць, і не хадзі плакаць і жаліцца зь імі; бо Я адабраў у гэтага народу, кажа Гасподзь, мір Мой і ласку і шкадаваньне. |
6. І памруць вялікія і малыя на зямлі гэтай; і ня будуць пахаваныя, і ня будуць аплакваць іх, ні рваць сябе, ні стрыгчыся дзеля іх. |
7. І ня будуць ламаць дзеля іх хлеб у журбоце на ўцеху па нябожчыку; і не пададуць ім чары суцяшэньня, каб піць па бацьку іх і маці іх. |
8. Не хадзі таксама і ў дом баляваньня, каб сядзець зь імі, есьці і піць; |
9. бо так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я спыню на месцы гэтым і ў дні вашыя голас радасьці і голас весялосьці, голас жаніха і голас нявесты. |
10. Калі ты перакажаш народу гэтаму ўсе гэтыя словы, і яны скажуць табе: "за гэта сказаў на нас Гасподзь усё гэта вялікае бедства, і якая наша няпраўда, і які наш грэх, якім зграшылі мы перад Госпадам Богам нашым?" — |
11. тады скажы ім: за тое, што бацькі вашыя пакінулі Мяне, кажа Гасподзь, і пайшлі сьледам за іншымі божышчамі і слугавалі ім і пакланяліся ім, а Мяне пакінулі і закону Майго ня трымаліся. |
12. А вы робіце яшчэ горш за бацькоў вашых і жывяце кожны паводле ўпартасьці злога сэрца свайго, каб ня слухаць Мяне. |
13. За гэта выкіну вас зь зямлі гэтай у зямлю, якой ня ведалі ні вы, ні бацькі вашыя, і там будзеце служыць іншым божышчам дзень і ноч; бо я не прыхілюся да вас мілажальнасьцю. |
14. Таму вось, прыходзяць дні, кажа Гасподзь, калі ня будуць ужо казаць: "жывы Гасподзь, Які вывеў сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай", |
15. а: "жывы Гасподзь, Які вывеў сыноў Ізраілевых зь зямлі паўночнай і з усіх земляў, у якія выгнаў іх"; бо вярну іх у зямлю іхнюю, якую Я даў бацькам іхнім. |
16. Вось, Я пашлю мноства рыбаловаў, кажа Гасподзь, і будуць лавіць іх; а потым пашлю мноства паляўнічых, і яны пагоняць іх з кожнай гары і з кожнага пагорка і зь цясьнін скал. |
17. Бо вочы Мае — на ўсіх шляхах іхніх; яны не схаваны ад аблічча Майго, і няпраўда іх не схавана ад вачэй Маіх. |
18. І дам ім найперш за няпраўду іхнюю і за падвойны грэх іхні, бо апаганілі зямлю Маю, трупамі гнюсотных сваіх і мярзотамі сваімі напоўнілі спадчыну Маю. |
19. Госпадзе! сіла мая і моц мая і прыстанішча маё ў дзень смутку! да Цябе прыйдуць народы ад краёў зямлі і скажуць: "толькі няпраўду спадкавалі нашы бацькі, пустату і тое, у чым ніякай няма карысьці". |
20. Ці можа чалавек зрабіць сабе божышчаў, якія зрэшты не багі? |
21. Таму, вось Я пакажу ім сёньня, пакажу ім руку Маю і магутнасьць Маю, і ўведаюць, што імя Маё — Гасподзь. |
Псалмы 117:21-24 |
21. Слаўлю Цябе, што Ты пачуў мяне і зрабіўся ратункам маім. |
22. Камень, які адкінулі будаўнікі, зрабіўся галавою вугла. |
23. Гэта — ад Госпада, і гэта дзівосна ў нашых вачах. |
24. Гэты дзень стварыў Гасподзь: парадуемся і ўзьвесялімся ў дзень гэты! |
Прытчы 27:10-10 |
10. Не пакідай сябра твайго і сябра бацькі твайго, і ў дом брата твайго ня ідзі ў дзень няшчасьця твайго: лепей сусед блізка, чым брат далёка. |
1 Фесаланікійцаў 2:1-20 |
1. Вы самі ведаеце, браты, пра наш прыход да вас, што быў ён не бясплённы; |
2. але хоць перад тым мы зазналі пакутаў і мелі зьнявагу ў Піліпах, як вам вядома, мы адважыліся ў Богу нашым прапаведаваць вам Дабравесьце Божае зь вялікім подзьвігам. |
3. Бо ў вучэньні нашым няма ні памылкі, ні нячыстых намыслаў, ні хітрыны; |
4. а, як Бог выпрабоўваў нас, даверыўшы нам зьвеставаньне, так мы і гаворым, дагаджаючы ня людзям, а Богу, Які выпрабоўвае сэрцы нашыя. |
5. Бо ніколі ня было ў нас (перад вамі) ані словаў лісьлівасьці, як вы ведаеце! ані рознай карысьлівасьці: Бог сьведка! |
6. Ня шукаем славы людзкое ні ад вас, ні ад іншых: |
7. мы маглі зьявіцца напышліва, як апосталы Хрыстовыя, але былі лагодныя сярод вас падобна таму, як карміцелька пяшчотна клапоціцца пра дзетак сваіх. |
8. Так мы, пра вас дбаючы, захацелі перадаць вам ня толькі Дабравесьце Божае, але і душы нашыя, бо вы сталіся нам любаснымі. |
9. Бо вы памятаеце, браты, працу нашую і зьнемажэньне: уночы і ўдзень працуючы, каб не абцяжарыць каго з вас, мы прапаведавалі ў вас Дабравесьце Божае. |
10. Сьведкі вы і Бог, як сьвята і праведна і бездакорна рабілі мы перад вамі, веруючымі, |
11. бо вы ведаеце, як кожнага з вас, быццам бацька дзяцей сваіх, |
12. мы прасілі і пераконвалі і ўгаворвалі рабіць годна Бога, Які паклікаў вас у Сваё Царства і славу. |
13. Таму і мы бесьперастанку дзякуем Богу, што, прыняўшы ад нас чутае слова Божае, вы прынялі ня як слова чалавечае, а як слова Божае,- якое яно і ёсьць у ісьціне, — якое і дзейнічае ў вас, веруючых. |
14. Бо вы, браты, зрабіліся пераемцамі цэркваў Божых у Хрысьце Ісусе, якія ў Юдэі, таму што і тое самае адцярпелі ад сваіх аднапляменцаў, што і яны ад Юдэяў, |
15. якія забілі і Госпада Ісуса і Ягоных прарокаў, і нас выгналі, і Богу ня годзяць, і ўсім людзям супрацівяцца, |
16. якія не дазваляюць нам гаварыць язычнікам, каб выратаваліся, і праз гэта увесь час напаўняюць меру грахоў сваіх; але блізіцца на іх гнеў да канца. |
17. Мы ж, браты, разлучаныя з вамі на кароткі час абліччам, але ня сэрцам, з тым большаю ахвотаю імкнуліся ўбачыць аблічча вашае. |
18. І таму мы, я Павал, і раз і два хацелі прыйсьці да вас; але перашкодзіў нам сатана. |
19. Бо хто наша надзея, альбо радасьць, альбо вянок пахвалы? Ці ж ня і вы, прад Госпадам нашым Ісусам Хрыстом у прышэсьце Ягонае? |
20. Бо вы — слава наша і радасьць. |