A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Кастрычнік 11

Ярэмія 7:1-34
1. Слова, якое было Ерамію ад Госпада:
2. стань у браме дома Гасподняга і абвясьці там слова гэтае і скажы: слухайце слова Гасподняе, усе Юдэі, якія ўваходзяць праз гэтую браму на пакланеньне Госпаду.
3. Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: выпраўце шляхі вашыя і дзеі вашыя, і Я пакіну вас жыць на гэтым месцы.
4. Не спадзявайцеся на словы манлівыя: "тут храм Гасподні, храм Гасподні, храм Гасподні".
5. Але калі зусім выправіце шляхі вашыя і дзеі вашыя, калі будзеце правільна чыніць суд паміж чалавекам і супернікам ягоным,
6. ня будзеце прыгнятаць іншаземца, сіраты і ўдавы, і праліваць нявіннай крыві на месцы гэтым, і ня пойдзеце сьледам за іншымі багамі на бяду сабе,—
7. дык я пакіну вас жыць на месцы гэтым, на гэтай зямлі, якую даў бацькам вашым у роды родаў.
8. Вось, вы спадзеяцеся на падманлівыя словы, якія не дадуць вам карысьці.
9. Як! вы крадзяце, забіваеце і пералюбы чыніце, і божыцеся ў ілжы і кадзіце Ваалу і ходзіце сьледам за іншымі багамі, якіх вы ня ведаеце,
10. і потым прыходзіце і становіцеся перад абліччам Маім у доме гэтым, над якім названа імя Маё, і кажаце: "мы выратаваны", каб і далей рабіць усе гэтыя мярзоты.
11. Ці не зрабіўся кублом разбойнікаў у вачах вашых дом гэты, над якім названа імя Маё? Вось, Я бачыў гэта, кажа Гасподзь.
12. Ідзеце ж на месца Маё ў Сілом, дзе Я раней назначыў быць імю Майму, і паглядзеце, што зрабіў Я зь ім за бязбожнасьць народу Майго Ізраіля.
13. І сёньня, як бо вы робіце ўсё гэта, кажа Гасподзь, і Я казаў вам з самае раніцы, а вы ня слухалі, і клікаў вас, а вы не адказвалі,—
14. дык Я так зраблю з домам гэтым, над якім названа імя Маё, на які вы спадзеяцеся, і зь месцам, якое Я даў вам і бацькам вашым, як зрабіў зь Сіломам.
15. І адкіну вас ад аблічча Майго, як адкінуў усіх братоў вашых, усё семя Яфрэмавае.
16. А ты не прасі за народ гэты і ня ўзнось за іх малітвы і просьбы, і не хадайнічай перад Мною, бо Я не пачую цябе.
17. Ці ж ня бачыш, што яны робяць у гарадах Юдэі і на вуліцах Ерусаліма?
18. Дзеці зьбіраюць дровы, а бацькі разводзяць агонь, і жанчыны месяць цеста, каб рабіць піражкі багіні неба і ўчыняць выліваньні іншым багам, каб засмуціць Мяне.
19. Але ці Мяне засмучаюць яны? кажа Гасподзь: ці не саміх сябе сабе на сорам?
20. Таму так кажа Гасподзь Бог: вось, выліваецца гнеў Мой і лютасьць Мая на месца гэтае, на людзей і на быдла, і на дрэвы польныя і на плады зямлі, і загарыцца і не патухне.
21. Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: цэласпаленьні вашыя дадавайце да ахвяраў вашых і ежце мяса;
22. бо бацькам вашым Я не казаў і не даваў ім запаведзі ў той дзень, у які Я вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, пра цэласпаленьне і ахвяру;
23. а такую запаведзь даў ім: слухайцеся голасу Майго, і Я буду вашым Богам, і вы будзеце Маім народам, і хадзеце па ўсякім шляху, які Я запавядаю вам, каб вам было добра.
24. Але яны не паслухаліся і ня прыхілілі вуха свайго, і жылі паводле намовы і ўпартасьці ліхога сэрца свайго, і сталі да Мяне плячыма, а ня тварам.
25. З таго дня, як бацькі вашыя выйшлі зь зямлі Егіпецкай, да гэтага дня Я пасылаў да вас усіх рабоў Маіх — прарокаў, пасылаў кожны дзень з самае раніцы:
26. але яны ня слухаліся Мяне і не прыхілілі вуха, а зжарсьцьвілі карак свой, рабілі горш за бацькоў сваіх.
27. І калі ты будзеш казаць ім усе гэтыя словы, яны цябе не паслухаюцца: і калі будзеш клікаць іх, яны табе не адкажуць.
28. Тады скажы ім: вось народ, які ня слухае голасу Госпада Бога свайго і ня прымае настаўленьняў! Ня стала ў іх ісьціны,— яна адабрана ад вуснаў іх.
29. Абстрыжы валасы свае і кінь, і падымі плач на гарах, бо адкінуў Гасподзь і пакінуў род,які наклікаў гнеў Ягоны.
30. Бо сыны Юды робяць ліхое перад вачыма Маімі, кажа Гасподзь, паставілі мярзоты свае ў доме, над якім названа імя Маё, каб апаганіць яго;
31. і зладзілі вышыні ў даліне Тафэта, у даліне сыноў Эномавых, каб паліць сыноў сваіх і дочак сваіх у агні, чаго Я не загадваў, і што мне на сэрца ня прыходзіла.
32. За тое вось, прыходзяць дні, кажа Гасподзь, калі ня будуць болей называць месца гэтае Тафэтам і далінаю сыноў Эномавых, а далінаю забойства, і ў Тафэце будуць хаваць ад недахопу месца.
33. І будуць трупы народу гэтага ежаю птушкам нябесным і зьвярам зямным, і ня будзе каму адганяць іх.
34. І спыню ў гарадах Юдэі і на вуліцах Ерусаліма голас перамогі і голас радасьці, голас жаніха і голас нявесты; бо зямля гэтая будзе пустыняю.

Ярэмія 8:1-22
1. У той час, кажа Гасподзь, выкінуць косьці цароў Юды, і косьці князёў ягоных, і косьці сьвятароў, і косьці прарокаў, і косьці жыхароў Ерусаліма — з магілаў іхніх;
2. і раскідаюць іх перад сонцам і месяцам і перад усім войскам нябесным, якіх яны любілі і якім служылі і сьледам за якімі хадзілі, якіх шукалі і якім пакланяліся; ня прыбяруць іх і не пахаваюць: яны будуць гноем на зямлі.
3. І лепей захочуць сьмерці ўсе астатнія, якія застануцца ад гэтага ліхога племені ва ўсіх мясьцінах, куды Я выганю іх, кажа Гасподзь Саваоф.
4. І скажы ім: так кажа Гасподзь: хіба, упаўшы, не ўстаюць і, зьбіўшыся з дарогі, не вяртаюцца?
5. Навошта гэты народ, Ерусаліме, стаіць ва ўпартым адступніцтве? яны моцна трымаюцца падману і ня хочуць навярнуцца.
6. Я назіраў і слухаў: не гавораць яны праўды, ніхто ня каецца ў сваім бязбожніцтве, ніхто ня кажа: "што я зрабіў"? кожны паварочвае на сваю дарогу, як конь, што кідаецца ў бітву.
7. І бусел пад небам ведае свае пэўныя поры, і галубка, і ластаўка, і журавель, сочаць за часам, калі ім прыляцець; а народ Мой ня ведае вызначэньня Гасподняга.
8. Як вы кажаце: мы мудрыя, і закон Гасподні ў нас? А вось, ілжывая трысьціна кніжнікаў і яго ператварае ў хлусьню.
9. Пасарамаціліся мудрацы, сумеліся і заблыталіся ў сетку: вось, яны адхілілі слова Гасподняе; у чым жа мудрасьць іхняя?
10. За тое жонак іхніх аддам другім, палі іхнія — іншым уладарам; бо ўсе яны, ад малога да вялікага, аддаліся карысталюбству; ад прарока да сьвятара — усе дзеюць ілжыва.
11. І гояць рану дачкі народу Майго легкадумна, кажучы: "мір, мір!", а міру няма.
12. Ці саромеюцца яны, робячы мярзоты? Не, яны зусім не саромеюцца і не чырванеюць. За тое загінуць яны сярод пагіблых; у час наведваньня іх будуць пабітыя, кажа Гасподзь.
13. Да канца абяру іх, кажа Гасподзь, не застанецца ніводнай вінаградзіны на лазе, ні смоквы на смакоўніцы, і ліст ападзе, і што Я даў ім, адыдзе ад іх.
14. "Чаго мы сядзім? зьбірайцеся, пойдзем ва ўмацаваныя гарады, і там загінем: бо Гасподзь Бог наш назначыў нас на пагібель і дае нам піць ваду з жоўцю за тое, што мы грашылі перад Госпадам".
15. Чакаем міру, а нічога добрага няма, — часу ацаленьня, і вось жахі.
16. Ад Дана чуваць храп коней ягоных, ад моцнага іржаньня жарабцоў ягоных дрыжыць уся зямля; і прыйдуць і зьнішчаць зямлю і ўсё, што на ёй, горад і ўсіх, хто жыве ў ім.
17. Бо вось, Я пашлю на вас зьмеяў, васіліскаў, супроць якіх няма замовы, і яны будуць кусаць вас, кажа Гасподзь.
18. Калі суцешуся я ў гароце маёй! сэрца маё спакутавалася ўва мне.
19. Вось, чую енк дачкі народу Майго з далёкай краіны: хіба няма Госпада на Сіёне? хіба няма Цара яго на ім? — Навошта яны спадзьвіглі Мяне на гнеў сваімі ідаламі, чужаземнымі, нікчэмнымі?
20. Прайшло жніво, скончылася лета, а мы ня выратаваны.
21. Па смутку дачкі народу Майго я смуткую, хаджу змрочны, жудасьць агарнула мяне.
22. Хіба няма бальзаму ў Галаадзе? хіба няма там лекара? Чаму ж няма ацаленьня дачцэ народу майго?

Псалмы 117:1-4
1. Алілуя. Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.
2. Хай скажа сёньня дом Ізраілеў: Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.
3. Хай скажа сёньня дом Ааронаў: Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.
4. Хай скажуць сёньня, хто баіцца Госпада: Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.

Прытчы 27:5-6
5. Лепей адкрыты дакор, чым прыха­ваная любоў.
6. Шчырыя дакоры ад таго, хто любіць, і ілжывыя пацалункі ў таго, хто ненавідзіць.

Каласянаў 2:1-23
1. Хачу, каб вы ведалі, які подзьвіг нясу я за вас і за тых, што ў Лаадыкіі (і ў Ераполі), і за ўсіх, хто ня бачыў аблічча майго ў плоці,
2. каб усьцешыліся сэрцы іхнія, паяднаныя ў любові, каб узбагаціліся поўным разуменьнем дзеля дасканалага спазнаньня тайны Бога і Айца і Хрыста,
3. у Якім схаваны ўсе скарбы мудрасьці і веданьня.
4. Гэта кажу я дзеля таго, каб хто-небудзь ня зьвёў вас лісьлівымі словамі;
5. бо, хоць і няма мяне з вамі целам, затое духам я з вамі, радуючыся і сузіраючы вашае добрае ўладкаваньне і цьвёрдасьць веры вашае ў Хрыста.
6. А таму, як вы прынялі Хрыста Ісуса Госпада, так хадзеце і ў Ім,
7. укарэненыя і ўцьверджаныя ў Ім і ўмацаваныя ў веры, як вы навучаны, узбагачаючыся ў ёй з удзячнасьцю.
8. Глядзеце, браты, каб хто ня прывабіў вас філасофіяй і пустымі панадамі, па пераказах чалавечых, па стыхіях сьвету, а не па Хрысьце,
9. бо ў ім жыве ўся паўната Боства цялесна,
10. і вы маеце паўнату ў Ім, Які ёсьць галава ўсяго начальства і ўлады;
11. у Ім вы і абрэзаны абразаньнем нерукатворным, калі скінулі грахоўнае цела плоці, абразаньнем Хрыстовым;
12. былі пахаваныя зь Ім у хрышчэньні, у Ім вы разам і ўваскрэсьлі вераю ў сілу Бога, Які ўваскрэсіў Яго зь мёртвых,
13. і вас, якія былі мёртвыя ў грахах і ў неабразаньні плоці вашай, ажывіў разам зь Ім, дараваўшы нам усе грахі,
14. скасаваўшы вучэньнем былое пра нас рукапісаньне, якое было супроць нас, і Ён узяў яго з асяродзьдзя і цьвікамі прыбіў да крыжа;
15. забраўшы сілу ў начальстваў і ўладаў, уладна паставіў іх пад ганьбу, перамогшы іх Сабою.
16. Дык вось, хай ніхто не асуджае вас за ежу, пітво, ці за якое-небудзь сьвята, ці ў справе маладога месяца, ці суботы:
17. гэта ёсьць цень будучыні, а цела — у Хрысьце.
18. Ніхто хай не ашуквае вас сваёй самавольнай удаванай пакораю і службай анёлаў, урываючыся ў тое, чаго ня бачыў, неразважліва надзімаючыся плоцкім сваім розумам
19. і ня трымаючыся галавы, ад якое ўсё цела, суглобамі і зьвязкамі жыўнасна злучанае і змацаванае, расьце ростам Божым.
20. Дык вось, калі вы з Хрыстом памерлі для стыхіяў сьвету, дык чаму вы, жывучы ў сьвеце, трымаецеся пастановаў:
21. "не чапай", "ня еж", "ня руш",
22. што усё, тлее ад ужываньня, — згодна з запаведзямі і вучэньнем чалавечым?
23. Гэта мае толькі бачнасьць мудрасьці ў самавольным служэньні, мудрай пакоры і тленьні цела, у пэўным заняхайваньні насычэньня плоці.