A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Студзень 5

Быцце 9:1-28
1. І дабраславіў Гасподзь Ноя і сыноў ягоных і сказаў ім: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце зямлю;
2. хай баяцца і хай трымцяць перад вамі ўся жывёла зямная і ўсе птушкі нябесныя, усё, што рухаецца на зямлі, і ўсе рыбы марскія: у вашыя рукі аддадзены яны;
3. усё, што рухаецца, што жыве, будзе вам на ежу; як зеляніну траўную даю вам усё;
4. толькі плоці з душою яе, з крывёю яе, ня ежце:
5. Я спаганю і вашу кроў, у якой жыцьцё ваша, спаганю яе з усякай жывёлы, спаганю таксама душу чалавека з рукі чалавека, з рукі брата ягонага;
6. хто пралье кроў чалавечую, таго кроў пральецца рукою чалавека: бо чалавек створаны паводле вобразу Божага;
7. а вы пладзецеся і множцеся, і расьсяляйцеся паўсюль па зямлі і множцеся на ёй.
8. І сказаў Бог Ною і сынам ягоным зь ім:
9. вось, Я станаўлю запавет Мой з вамі і з нашчадкамі вашымі пасьля вас,
10. і з усякаю душою жывою, якая з вамі, з птушкамі і з быдлам, і з усімі жывёламі зямнымі, якія ў вас, з усімі, што выйшлі з каўчэга, з усімі жывёламі зямнымі;
11. станаўлю запавет Мой з вамі, што ня будзе болей зьнішчана ніякая плоць водамі патопу, і ня будзе ўжо патопу на спусташэньне зямлі.
12. І сказаў Бог: вось азнака запавету, які Я станаўлю паміж мною і паміж вамі і паміж усякаю душою жывою, якая з вамі, у роды назаўсёды:
13. Я кладу вясёлку Маю ў воблаку, каб яна была азнакаю запавету паміж Мною і паміж зямлёю.
14. І будзе, калі Я навяду воблака на зямлю, дык явіцца вясёлка ў воблаку;
15. і Я ўспомню запавет Мой, які паміж Мною і паміж вамі і паміж усякаю душою жывою ў кожнай плоці; і ня будзе болей вада патопам на вынішчэньне ўсякай плоці.
16. І будзе вясёлка ў воблаку, і Я ўбачу яе, і ўспомню запавет вечны паміж Богам і паміж усякаю душою жывою ў кожнай плоці, якая на зямлі.
17. І сказаў Бог Ною: вось азнака запавету, які Я паставіў паміж Мною і паміж усякаю плоцьцю, якая на зямлі.
18. Сыны Ноя, якія выйшлі з каўчэга, былі: Сім, Хам і Яфэт. А Хам быў бацька Ханаана.
19. Гэтыя трое былі сыны Ноевыя, і ад іх насялілася ўся зямля.
20. Ной пачаў урабляць зямлю і пасадзіў вінаграднік;
21. і выпіў ён віна, і ап'янеў, і ляжаў голы ў намёце сваім.
22. І бачыў Хам, бацька Ханаанаў, сарамату бацькі свайго і, выйшаўшы, расказаў двум братам сваім.
23. А Сім і Яфэт узялі вопратку, і паклаўшы яе на плечы свае, пайшлі адвярнуўшыся і накрылі галізну бацькі свайго; твары іх былі абернуты назад, і яны ня бачылі сараматы бацькі свайго.
24. Ной праспаўся ад віна свайго, і даведаўся, што зрабіў зь ім малодшы сын ягоны,
25. і сказаў: пракляты Ханаан; раб рабоў будзе ён у братоў сваіх.
26. Потым сказаў: дабраславёны Гасподзь Бог Сімаў; а Ханаан будзе рабом яму;
27. хай пашырыць Бог Яфэта, і хай уселіцца ён у намёты Сімавыя; а Ханаан будзе рабом яму.
28. І жыў Ной пасьля патопу трыста пяцьдзесят гадоў.

Быцце 10:1-32
1. Вось радавод сыноў Ноевых: Сіма, Хама і Яфэта. Пасьля патопу нарадзіліся ў іх дзеці.
2. Сыны Яфэта: Гамэр, Магог, Мадай, Яван, Тувал, Мэшэх і Тырас.
3. Сыны Гамэравыя: Аскеназ, Рыфат і Тагарма.
4. Сыны Яванавыя: Эліса, Тарсіс, Кітым і Даданім.
5. Ад гэтых насяліліся астравы народаў у землях іхніх, кожны паводле мовы сваёй, паводле плямёнаў сваіх, у народах сваіх.
6. Сыны Хамавыя: Хуш, Міцраім, Фут і Ханаан.
7. Сыны Хушавыя: Сэва, Хавіла, Саўта, Раама і Саўтэха. сыны Раамавыя: Шэва і Дэдан.
8. Хуш спарадзіў таксама Німрода: гэты пачаў быць дужым на зямлі;
9. ён быў дужы зьвералоў перад Госпадам; таму і кажуць: дужы зьвералоў, як Німрод, перад Госпадам.
10. Царства ягонае спачатку складалі: Вавілон, Эрэх, Акад і Халнэ, у зямлі Сэнаар.
11. З гэтай зямлі выйшаў Асур і пабудаваў Нінэвію, Рэхавот-ір, Калах
12. і Рэсэн паміж Нінэвіяю і Калахам; гэта горад вялікі.
13. Ад Міцраіма пайшлі Лудым, Анамім, Легавім, Нафтухім,
14. Патрусім, Каслухім, адкуль выйшлі Філістымляне, і Кафтарым.
15. Ад Ханааана нарадзіліся: Сідон, першынец ягоны, Хэт,
16. Евусэй, Амарэй, Гергесэй,
17. Эвэй, Аркей, Сінэй,
18. Арвадэй, Цэмарэй і Хіматэй. Пазьней плямёны Ханаанскія расьсеяліся,
19. і былі межы Хананэяў ад Сідона на Герару да Газы, адсюль на Садому, Гамору, Адму і Цэваім да Лашы.
20. Гэта сыны Хамавыя, паводле плямёнаў іхніх, у землях іхніх, у народах іхніх.
21. Былі дзеці і ў Сіма, бацькі ўсіх сыноў Эвеаравых, старэйшага брата Яфэтавага.
22. Сыны Сімавыя: Элам, Асур, Арфаксад, Луд, Арам.
23. Сыны Арамавыя: Уц, Хул, Гетэр і Магш.
24. Арфаксад спарадзіў (Каінана, Каінан спарадзіў) Салу, Сала спарадзіў Эвэра.
25. У Эвэра нарадзіліся два сыны; імя аднаго: Фалек, бо ў дні ягоныя зямля раздзелена; імя брата ягонага: Ёктан.
26. Ёктан спарадзіў Алмадада, Шалэфа, Хацармавэта, Ераха,
27. Гадарама, Узала, Дыклу,
28. Авала, Авімаіла, Шэву,
29. Афіра, Хавілу і Ёвава. Усе гэтыя сыны Ёктанавыя.
30. Селішчы іхнія былі ад Мешы да Сэфара, гары усходняй.
31. Гэта сыны Сімавыя паводле плямёнаў іхніх, паводле моваў іхніх, у землях іхніх, паводле народаў іхніх.
32. Вось плямёны сыноў Ноевых, паводле радаводу іхняга, у народах іхніх. Ад іх расьсяліліся народы па зямлі пасьля патопу.

Псалмы 3:5-8
5. Сваім голасам клічу да Госпада, — і Ён чуе мяне са сьвятое гары Свае.
6. Кладуся я, сплю і ўстаю, бо Гасподзь абараняе мяне.
7. І не збаюся я процьмы людзей, што адусюль аблажылі мяне.
8. Паўстань, Госпадзе! ацалі мяне, Божа мой! бо Ты б'еш маіх ворагаў па шчацэ, зубы грэшнікам крышыш.

Прытчы 1:23-27
23. паслухайце маёй засьцярогі: вось, я вылью на вас Духа майго, абвяшчу вам словы мае.
24. Я клікала, а вы не паслухаліся; я падавала руку маю, і ніхто не зважаў;
25. і вы адкінулі ўсе мае рады, і пе­расьцярогаў маіх не прынялі:
26. за тое і я пасьмяюся з вашай пагібелі; парадуюся, калі прыйдзе ваш ст­рах;
27. калі прыйдзе ваш страх, як бура, і няшчасьце, як віхура, наляціць на вас; калі спадобіць вас нядоля і ўціск.

Матей 5:1-26
1. Убачыўшы люд, Ён узышоў на гару; і калі сеў, прыступілі да Яго вучні Ягоныя.
2. І, адкрыўшы вусны Свае, Ён вучыў іх, кажучы:
3. Дабрашчасныя ўбогія духам, бо іх ёсьць Царства Нябеснае.
4. Дабрашчасныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца.
5. Дабрашчасныя лагодныя, бо яны ўспадкуюць зямлю.
6. Дабрашчасныя тыя, хто жадае і прагне праўды, бо яны спатоляцца.
7. Дабрашчасныя міласэрныя, бо яны памілаваны будуць.
8. Дабрашчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
9. Дабрашчасныя міратворцы, бо яны сынамі Божымі назавуцца.
10. Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо іх ёсьць Царства Нябеснае.
11. Дабрашчасныя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць і ўсякім словам ліхім несправядліва зьневажаць за Мяне.
12. Радуйцеся і весялецеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах: так гналі прарокаў, што былі перад вамі.
13. Вы — соль зямлі. Калі ж соль страціць сілу, дык чым асоліш яе? Яна ўжо ні на што ня прыдатная, хіба што выкінуць яе прэч на патаптаньне людзям.
14. Вы — сьвятло сьвету: ня можа схавацца горад, які стаіць на версе гары.
15. І запаліўшы сьвечку, ня ставяць яе пад пасудзінаю, а на сьвечніку, і сьвеціць усім, хто ў доме.
16. Так няхай сьвеціць сьвятло ваша перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах.
17. Ня думайце, што Я прыйшоў парушыць закон, альбо прарокаў: не парушыць прыйшоў Я, а зьдзейсьніць.
18. Бо праўду кажу вам: пакуль ня мінецца неба і зямля, ані ёта адна, ані рыска адзіная ня мінецца з закона, пакуль ня збудзецца ўсё.
19. Дык вось, хто парушыць адну з запаведзяў гэтых найменшых і навучыць гэтак людзей, той найменшым назавецца ў Царстве Нябесным; а хто выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Царстве Нябесным.
20. Бо, кажу вам, калі праведнасьць ваша не пераважыць праведнасьці кніжнікаў і фарысэяў, дык ня ўвойдзеце вы ў Царства Нябеснае.
21. Вы чулі, што сказана продкам: "не забівай; а хто заб’е, падпадае суду".
22. А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго марна, падпадае суду; хто ж бо скажа брату свайму "пусты чалавек", падпадае сынедрыёну ; а хто скажа "неразумны", падпадае геене вогненнай.
23. Дык вось, калі ты прынясеш дар твой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супроць цябе,
24. пакінь там дар твой перад ахвярнікам, і ідзі сьпярша памірыся з братам тваім, і тады прыйдзі і прынясі дар твой.
25. Мірыся з праціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе зь ім, каб не аддаў цябе праціўнік судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе слузе, і ня ўкінуў цябе ў цямніцу;
26. праўду кажу табе: ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта .