Быцце 7:1-24 |
1. І сказаў Гасподзь Бог Ною: увайдзі ты і ўся сям'я твая ў каўчэг, бо цябе Я ўбачыў праведным перад Мною ў родзе гэтым; |
2. і ўсякага быдла чыстага вазьмі па сем, мужчынскага полу і жаночага, а з быдла нячыстага па два, мужчынскага полу і жаночага; |
3. таксама і з птушак нябесных чыстых па сем, мужчынскага полу і жаночага, каб захаваць племя на ўсю зямлю: |
4. бо празь сем дзён Я буду выліваць дождж на зямлю сорак дзён і сорак ночаў; і вынішчу ўсё існае, што Я стварыў, з улоньня зямлі. |
5. Ной зрабіў усё, што Гасподзь Бог наказаў яму. |
6. А Ною было шэсьцьсот гадоў, як патоп водны прыйшоў на зямлю. |
7. І ўвайшоў Ной і сыны ягоныя, і жонка яго і жонкі сыноў ягоных зь ім у каўчэг ад водаў патопу. |
8. і з быдла чыстага і з усіх паўзуноў зямных |
9. па пары, мужчынскага полу і жаночага, увайшлі да Ноя ў каўчэг, як Гасподзь Бог наказаў Ною. |
10. Празь сем дзён воды патопу прыйшлі на зямлю. |
11. На шасьцісотым годзе жыцьця Ноевага, на другім месяцы, на сямнаццаты дзень месяца, у гэты дзень адчыніліся ўсе крыніцы вялікай бездані, і вокны нябесныя адчыніліся; |
12. і ліў на зямлю дождж сорак дзён і сорак ночаў. |
13. У гэты самы дзень увайшоў у каўчэг Ной, і Сім, Хам і Яфэт, сыны Ноевыя, і жонка Ноева, і тры жонкі сыноў ягоных зь імі. |
14. Яны, і ўся жывёла паводле роду іхняй, і ўсякае быдла паводле роду яго, і ўсе гады, паўзуны па зямлі, паводле роду іх, і ўсё лётнае паводле роду ягонага, усе птушкі, усе крылатыя. |
15. І ўвайшлі да Ноя ў каўчэг па пары ад усякай плоці, у якой ёсьць дух жыцьця; |
16. і тыя, што ўвайшлі, мужчынскі і жаночы пол усякай плоці ўвайшлі, як наказаў ямуГасподзь Бог. І зачыніў Гасподзь за ім. |
17. І доўжылася на зямлі паводка сорак дзён, і памножылася вада і падняўся каўчэг, і ён узвысіўся над зямлёю; |
18. а вада мацнела і вельмі множылася на зямлі, і каўчэг плаваў па паверхні водаў. |
19. І ўзмацнела вада на зямлі незвычайна, так што пакрыліся ўсе высокія горы, якія ёсьць пад усім небам: |
20. на пятнаццаць локцяў паднялася над імі вада, і пакрыліся горы. |
21. І зьнежыцьцёвела ўсякая плоць, якая рухаецца па зямлі, і птушкі і быдла, і зьвяры і ўсе гады, якія поўзаюць па зямлі, і ўсе людзі; |
22. усё, што мела дыханьне духу жыцьця ў ноздрах сваіх на сушы, памерла. |
23. Зьнішчылася кожная істота, якая была на паверхні; ад чалавека да быдла, і гадаў і птушак нябесных, усё зьнішчылася зь зямлі: застаўся толькі Ной, і што было зь ім у каўчэзе. |
24. А вада мацнела на зямлі сто пяцьдзесят дзён. |
Быцце 8:1-22 |
1. І ўспомніў Бог пра Ноя, і пра ўсю жывёлу, і пра ўсё быдла, якія былі зь ім у каўчэзе; і навёў Бог вецер на зямлю, і воды спыніліся. |
2. І зачыніліся крыніцы бездані і вокны нябесныя, і перастаў дождж зь неба. |
3. А вада спакваля вярталася зь зямлі, і пачала ўбываць вада праз сто пяцьдзесят дзён. |
4. І спыніўся каўчэг на сёмым месяцы, на сямнаццаты дзень месяца, на гарах Арарацкіх. |
5. Вада спакваля ўбывала да дзясятага месяца; у першы дзень дзясятага месяца паказаліся вярхі гор. |
6. Праз сорак дзён Ной адчыніў зробленае ім акно ў каўчэзе |
7. і выпусьціў крумкача, які, вылецеўшы, адлятаў і прылятаў, пакуль не абсохла зямля ад вады. |
8. Потым выпусьціў ад сябе голуба, каб бачыць, ці сышла вада з улоньня зямлі; |
9. але голуб не знайшоў месца спакою нагам сваім і вярнуўся да яго ў каўчэг; бо вада была яшчэ на паверхні ўсёй зямлі; і ён працягнуў руку сваю, і ўзяў яго, і прыняў да сябе ў каўчэг. |
10. І патрываў яшчэ сем дзён і зноў выпусьціў голуба з каўчэга. |
11. Голуб вярнуўся да яго вечаровай парою, і вось, сьвежы аліўкавы ліст у дзюбе ў яго: і Ной даведаўся, што вада сышла зь зямлі. |
12. Ён патрываў яшчэ сем дзён далей і выпусьціў голуба; і ён ужо не вярнуўся да яго. |
13. На шэсьцьсот першым годзе пад першы дзень першага месяца счэзла вада на зямлі; і адкрыў Ной дах каўчэга і паглядзеў, і вось, абсохла паверхня зямлі. |
14. І на другім месяцы, да дваццаць сёмага дня месяца, зямля высахла. |
15. І сказаў Бог Ною: |
16. выйдзі з каўчэга ты і жонка твая, і сыны твае і жонкі сыноў тваіх з табою; |
17. выведзі з сабою ўсе жывёлы, якія з табою, ад усякае плоці, з птушак, і быдла, і ўсіх гадаў, якія поўзаюць па зямлі: хай разыдуцца яны па зямлі, і хай плодзяцца і множацца на зямлі. |
18. І выйшаў Ной і сыны яго, і жонка яго і жонкі сыноў ягоных зь ім; |
19. усе жывёлы, і ўсе гады, і ўсе птушкі, усё, што рухаецца па зямлі, паводле родаў сваіх, выйшлі з каўчэга. |
20. І зладзіў Ной ахвярнік Госпаду; і ўзяў з усякага быдла чыстага і з усіх птушак чыстых і прынёс на цэласпаленьне на ахвярнік. |
21. І нюхаў Гасподзь прыемныя пахошчы, і сказаў Гасподзь у сэрцы Сваім: ня буду больш праклінаць зямлю за чалавека, бо намысел сэрца чалавечага — зло ад маладосьці ягонай; і ня буду болей пабіваць усё жывое, як Я зрабіў: |
22. наперад ва ўсе дні зямлі сяўба і жніво, холад і сьпёка, лета і зіма, дзень і ноч ня спыняцца. |
Псалмы 3:1-4 |
1. Псальма Давіда, калі ён уцякаў ад Авэсалома, сына свайго. |
2. Госпадзе! — як пабольшала ворагаў маіх! як многа іх на мяне паўстае! |
3. Шмат каторыя кажуць душы маёй: "Няма яму ў Богу ратунку!" |
4. Але Ты, Госпадзе, — шчыт перада мною, слава мая, і Ты ўзносіш маю галаву. |
Прытчы 1:20-22 |
20. Мудрасьць кліча на вуліцах, на плошчах узносіць свой голас, |
21. на шумных сходах прапаведуе, каля гарадское брамы прамаўляе слова сваё: |
22. "Дакуль, немысьлі, любіцьмеце невуцтва? дакуль пакепнікі будуць кепствам цешыцца? дакуль бязглуздыя будуць ненавідзець навуку? |
Матей 4:1-25 |
1. Тады Ісус быў паведзены Духам у пустыню, на спакушэньне ад д’ябла. |
2. І, пасьціўшы сорак дзён і сорак начэй, напасьледак згаладаўся. |
3. І падступіўся да Яго спакусьнік і сказаў: калі Ты Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталі хлябамі. |
4. А Ён сказаў яму ў адказ: напісана: "ня хлебам адным будзе жыць чалавек, а ўсякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых". |
5. Тады бярэ Яго д’ябал у сьвяты горад і ставіць Яго на крыле храма, |
6. і кажа Яму: калі Ты Сын Божы, кінься ўніз; бо напісана: "Анёлам Сваім накажа пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся Ты аб камень нагою Тваёю". |
7. Сказаў яму Ісус: напісана яшчэ: "не спакушай Госпада Бога твайго". |
8. Зноў бярэ Яго д’ябал на вельмі высокую гару, і паказвае Яму ўсе царствы сьвету і славу іх, |
9. і кажа Яму: усё гэта Табе дам, калі ўпаўшы паклонішся мне. |
10. Тады кажа яму Ісус: адыдзі ад мяне, сатана; бо напісана: "Госпаду Богу твайму пакланяйся, і Яму аднаму служы". |
11. Тады пакідае Яго д’ябал, — і вось, анёлы прыступілі і слугавалі Яму. |
12. Ісус, пачуўшы, што Ян аддадзены варце, адышоў у Галілею, |
13. і, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Капернауме прыморскім, у межах Завулонавых і Нэфталімавых, |
14. каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: |
15. "Зямля Завулонава і зямля Нэфталімава, на дарозе прыморскай за Ярданам, Галілея язычніцкая, |
16. народ, што сядзеў у цемры, убачыў сьвятло вялікае, і ўсім, хто сядзеў у краіне і цяні сьмерці, зазьзяла сьвятло". |
17. З таго часу Ісус пачаў прапаведаваць і казаць: пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае. |
18. А праходзячы каля мора Галілейскага, угледзеў Ён двух братоў: Сымона, якога завуць Пятром, і Андрэя, брата ягонага, якія закідвалі мярэжы ў мора, бо яны былі рыбакі. |
19. І кажа ім: ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей. |
20. І яны адразу, пакінуўшы мярэжы, пайшлі за Ім. |
21. Адтуль прайшоўшы далей, угледзеў Ён іншых двух братоў, Якава Зэвядзеевага і Яна, брата ягонага, у лодцы з Зэвядзеем, бацькам іхнім, якія ладзілі мярэжы свае, і заклікаў іх. |
22. І яны адразу, пакінуўшы лодку і бацьку свайго, пайшлі за Ім. |
23. І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сынагогах іхніх і прапаведуючы Дабравесьце Царства і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у людзях. |
24. І прайшоў пра Яго погалас па ўсёй Сірыі; і прыводзілі да Яго ўсіх нямоглых, рознымі хваробамі і пакутамі ахопленых, і апанаваных дэманамі, і лунатыкаў, і спаралізаваных, і Ён ацаляў іх. |
25. І за Ім ішло мноства люду з Галілеі і Дзесяцігародзьдзя, і зь Ерусаліма, і зь Юдэі, і з-за Ярдана. |