A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Студзень 3

Быцце 5:1-32
1. І вось радавод Адама: калі Бог стварыў чалавека, паводле падабенства Божага стварыў яго,
2. мужчыну і жанчыну стварыў іх, і дабраславіў іх, і даў ім імя: чалавек, у дзень стварэньня іх.
3. Адам жыў сто трыццаць гадоў, і спарадзіўсына паводле падабенства свайго і паводле вобразу свайго, і даў яму імя: Сіф.
4. Дзён Адама пасьля нараджэньня ім Сіфа было васемсот гадоў, і спарадзіў ён сыноў і дочак.
5. А ўсіх дзён жыцьця Адамавага было дзевяцьсот трыццаць гадоў; і ён памёр.
6. Сіф жыў сто пяць гадоў і спарадзіў Эноса.
7. Пасьля нараджэньня Эноса Сіф жыў васемсот сем гадоў і спарадзіў сыноў і дочак.
8. А ўсіх дзён Сіфавых было дзевяцьсот дванаццаць гадоў; і ён памёр.
9. Энос жыў дзевяноста гадоў і спарадзіў Каінана.
10. Пасьля нараджэньня Каінана Энос жыў васемсот пятнаццаць гадоў і спарадзіў сыноў і дочак.
11. А ўсіх дзён Эносавых было дзевяцьсот пяць гадоў; і ён памёр.
12. Каінан жыў семдзесят гадоў і спарадзіў Малелэіла.
13. Пасьля нараджэньня Малелэіла Каінан жыў васемсот сорак гадоў і спарадзіў сыноў і дочак.
14. А ўсіх дзён Каінанавых было дзевяцьсот дзесяць гадоў; і ён памёр.
15. Малелэіл жыў шэсьцьдзесят пяць гадоў і спарадзіў Ярэда.
16. Пасьля нараджэньня Ярэда Малелэіл жыў васемсот трыццаць гадоў і спарадзіў сыноў і дочак.
17. А ўсіх дзён Малелэілавых было васемсот дзевяноста пяць гадоў; і ён памёр.
18. Ярэд жыў сто шэсьцьдзесят два гады і спарадзіў Эноха.
19. Пасьля нараджэньня Эноха Ярэд жыў сто восемдзесят гадоў і спарадзіў сыноў і дочак.
20. А ўсіх дзён Ярэдавых было дзевяцьсот шэсьцьдзесят два гады; і ён памёр.
21. Энох жыў шэсьцьдзесят пяць гадоў і спарадзіў Мафусала.
22. І хадзіў Энох перад Богам, пасьля нараджэньня Мафусала, трыста гадоў і спарадзіў сыноў і дочак.
23. А ўсіх дзён Эноха было трыста шэсьцьдзесят пяць гадоў.
24. І хадзіў Энох перад Богам; і ня стала яго, бо Бог узяў яго.
25. Мафусал жыў сто восемдзесят сем гадоў і спарадзіў Ламэха.
26. Пасьля нараджэньня Ламэха Мафусал жыў семсот восемдзесят два гады і спарадзіў сыноў і дочак.
27. А ўсіх дзён Мафусалавых было дзевяцьсот шэсьцьдзесят дзевяць гадоў; і ён памёр.
28. Ламэх жыў сто восемдзесят два гады і спарадзіў сына,
29. і даў яму імя: Ной, сказаўшы: ён суцешыць нас у працы нашай і ў працы рук нашых, калі ўрабляцьме зямлю, якую пракляў Гасподзь Бог.
30. І жыў Ламэх пасьля нараджэньня Ноя пяцьсот дзевяноста пяць гадоў і спарадзіў сыноў і дочак.
31. А ўсіх дзён Ламэхавых было семсот семдзесят сем гадоў; і ён памёр.
32. Ною было пяцьсот гадоў; і спарадзіў Ной трох сыноў : Сіма, Хама і Яфэта.

Быцце 6:1-22
1. Калі людзі пачалі множыцца на зямлі і радзіліся ў іх дочкі,
2. тады сыны Божыя ўбачылі дочак чалавечых, што яны прыгожыя, і бралі іх сабе за жонак, хто якую выбраў.
3. І сказаў Гасподзь Бог : ня вечна Духу Майму быць пагарджаным людзьмі, бо яны плоць; хай будуць дні іхнія сто дваццаць гадоў.
4. У той час былі на зямлі волаты, асабліва з таго часу, як сыны Божыя пачалі ўваходзіць да дочак людскіх, і яны пачалі нараджаць ім: гэта дужыя, спакон славутыя людзі.
5. І ўбачыў Гасподзь Бог, што вялікая разбэшчанасьць людзей на зямлі, і што ўсе думкі і помыслы сэрца іхняга былі ва ўсе часы ліхія;
6. і пашкадаваў Гасподзь, што стварыў чалавека на зямлі, і засмуціўся ў сэрцы Сваім.
7. І сказаў Гасподзь: вынішчу з улоньня зямлі людзей, якіх Я стварыў, ад чалавека да быдла, і гадаў і птушак нябесных вынішчу; бо Я пашкадаваў, што стварыў іх.
8. А Ной здабыў мілату перад вачыма Госпада Бога.
9. Вось жыцьцё Ноевае: Ной быў чалавек праведны і беззаганны ў родзе сваім; Ной хадзіў перад Богам.
10. Ной спарадзіў трох сыноў: Сіма, Хама і Яфэта.
11. Але зямля разбэсьцілася перад абліччам Божым і напоўнілася зямля злачынствамі.
12. І паглядзеў Гасподзь Бог на зямлю, і вось, яна разбэшчаная: бо ўсякая плоць скрывіла дарогу сваю на зямлі.
13. І сказаў Гасподзь Бог Ною: канец усякай плоці прыйшоў перад аблічча Маё, бо зямля напоўнілася ад іх зладзействамі; і вось, я вынішчу іх зь зямлі.
14. Зрабі сабе каўчэг з дрэва гофэр; адсекі зрабі ў каўчэзе і прасмалі яго смалою ўсярэдзіне і звонку.
15. І зрабі яго так: даўжыня каўчэга трыста локцяў; шырыня яго пяцьдзесят локцяў, а вышыня яго трыццаць локцяў.
16. І зрабі адтуліну ў каўчэзе, і ў локаць зьвядзі яе ўгары, і дзьверы ў каўчэг зрабі збоку яго; зладзь у ім ніжняе, другое і трэцяе жытло.
17. І вось, Я навяду на зямлю патоп водны, каб вынішчыць усякую плоць, у якой ёсьць дух жыцьця, пад нябёсамі: усё, што ёсьць на зямлі, пазбудзецца жыцьця..
18. Але з табою Я ўстанаўлю запавет Мой, і ўвойдзеш у каўчэг ты і сыны твае, і жонка твая і жонкі сыноў тваіх з табою.
19. Увядзі таксама ў каўчэг з усіх жывёл, і ад кожнае плоці па пары, каб яны засталіся з табою жывыя; мужчынскага полу і жаночага хай яны будуць.
20. З птушак паводле роду іхняга, і з быдла паводле роду іхняга, і з усіх паўзуноў зямных паводле роду іхняга, з усіх па пары ўвойдуць да цябе, каб засталіся жывыя.
21. А ты вазьмі сабе ўсякай ежы, якою кормяцца, і зьбяры да сябе; і будзе яна табе і ім ежаю.
22. І зрабіў Ной усё: як наказаў яму Гасподзь Бог, так ён і зрабіў.

Псалмы 2:7-12
7. Я абвяшчу пастанову: Гасподзь сказаў Мне: "Ты Сын Мой; Я сёньня Цябе спарадзіў;
8. прасі ў Мяне, і дам народы ў спадчыну Табе, і ўладаньні Твае — аж па край зямлі!
9. Ты паб'еш іх жалезным жазлом, патаўчэш іх, як посуд ганчарны".
10. Дык вось — урымсьціцеся, цары; навучэцеся, судзьдзі зямныя,
11. служэце Госпаду богабаязна, і радуйцеся з трымценьнем.
12. Ушануйце Сына, каб Ён не загневаўся, і каб не загінуць вам у дарозе вашай, бо гнеў Ягоны загарыцца неўзабаве. Шчасныя ўсе, хто на Яго спадзяецца.

Прытчы 1:10-19
10. Сыне мой! калі цябе будуць на­маўляць грэшнікі, не згаджайся.
11. Калі будуць казаць: "ідзі з намі, зробім засаду на кроў, падпільнуем бяз­грэшнага і бязьвіннага,
12. жывых праглынем іх, як апрамет­ная, і — цэлых, як тых, што ў магілу сы­ходзяць;
13. набяром усякага каштоўнага дабра, напоўнім дамы нашыя здабычаю;
14. далучы сваю долю да нашай, ск­ладка адна будзе на ўсіх нас":
15. Сыне мой! не хадзі адною дарогаю зь імі, утрымай нагу тваю ад сьцежкі іхняй,
16. бо іхнія ногі бягуць да ліхога і сьпяшаюцца кроў праліваць.
17. На вачах ва ўсіх птушак дарма раскідаецца сетка;
18. а яны кроў сваю сочаць, засады ладзяць на душы свае.
19. Такія дарогі ва ўсіх, хто прагне чужога дабра: яно забірае жыцьцё ў свайго ўласьніка.

Матей 3:1-17
1. У тыя дні прыходзіць Ян Хрысьціцель і прапаведуе ў пустыні Юдэйскай
2. і кажа: пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае.
3. Бо Ён Той, пра Каго сказаў прарок Ісая: "голас таго, хто кліча ў пустыні, падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце сьцежкі Яму".
4. А ў самога Яна была вопратка зь вярблюджага воласу і скураны пояс на паясьніцы ягонай; а ежай яму былі акрыды і дзікі мёд.
5. Тады выходзілі да яго Ерусалім і ўся Юдэя, і ўсё навакольле Ярданскае
6. і хрысьціліся ў Ярдане ў яго, спавядаючыся ў грахах сваіх.
7. Убачыўшы многіх фарысэяў і садукеяў, што ішлі да яго хрысьціцца, Ян сказаў ім: выродзьдзе яхідніна! хто вас намовіў уцякаць ад будучага гневу?
8. Прынясеце ж годны плод пакаяньня;
9. і ня думайце гаварыць самі сабе: "бацька ў нас Абрагам"; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узьвесьці дзяцей Абрагаму;
10. ужо і сякера пры корані дрэваў ляжыць: бо ўсякае дрэва, якое ня родзіць добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у вагонь;
11. я хрышчу вас вадою на пакаяньне; але Той, Хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне; я ня варты панесьці абутак Ягоны; Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і вагнём;
12. лапата Ягоная ў руцэ ў Яго, і Ён ачысьціць гумно Сваё, і зьбярэ пшаніцу Сваю ў засекі, а салому спаліць вагнём непагасным.
13. Тады прыходзіць Ісус з Галілеі на Ярдан да Яна хрысьціцца ў яго.
14. Ян жа стрымліваў Яго, кажучы: мне трэба ў Цябе хрысьціцца, а Ты прыходзіш да мяне?
15. Але Ісус сказаў у адказ яму: дапусьці цяпер, бо так належыць нам зьдзейсьніць ўсякую праведнасьць. Тады Ян дапускае Яго.
16. І ахрысьціўшыся, Ісус выйшаў адразу з вады; — і вось, адчыніліся Яму нябёсы, і ўбачыў Ян Духа Божага, Які сыходзіў, як голуб, і апускаўся на Яго.
17. І вось, голас зь нябёсаў прамовіў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў.