Выхад 5:1-23 |
1. Пасьля гэтага Майсей і Аарон прыйшлі да фараона і сказалі: так кажа Гасподзь: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне сьвята ў пустыні. |
2. Але фараон сказаў: хто такі Гасподзь, каб я паслухаўся голасу Ягонага і адпусьціў Ізраіля? я ня ведаю Госпада і Ізраіля не адпушчу. |
3. Яны сказалі: Бог Габрэяў заклікаў нас; адпусьці нас у пустыню на тры дні дарогі прынесьці ахвяру Госпаду, Богу нашаму, каб Ён не пакараў нас пошасьцю, альбо мячом. |
4. І сказаў ім цар Егіпецкі: навошта вы, Майсей і Аарон, ухіляеце народ ад справаў ягоных? ідзеце да сваёй працы. |
5. І сказаў фараон: вось, народ у зямлі гэтай шматлікі, і вы ўхіляеце яго ад працы ягонай. |
6. І таго ж самага дня фараон даў загад прыстаўнікам над гародам і наглядчыкам, кажучы: |
7. не давайце наперад народу саломы, каб рабіць цэглу, як учора і заўчора: хай яны самыя ходзяць і зьбіраюць сабе салому; |
8. а цэглы накладзеце на іх тую ж самую зададзеную норму, якую яны рабілі ўчора і заўчора, і не зьмяншайце; яны гультаі, таму і крычаць: хадзем, прынясем ахвяру Богу нашаму; |
9. даць ім болей працы, каб яны працавалі і не займаліся пустымі размовамі. |
10. І выйшлі прыстаўнікі народу і наглядчыкі ягоныя і сказалі народу: так кажа фараон: не даю вам саломы; |
11. самі ідзеце, бярэце сабе салому, дзе знойдзеце; а ад працы вашай нічога не зьмяншаецца. |
12. І расьсеяўся народ па ўсёй зямлі Егіпецкай зьбіраць жніво замест саломы. |
13. А прыстаўнікі пануквалі, кажучы: выконвайце працу сваю кожны дзень, як і тады, калі была ў вас салома. |
14. А наглядчыкі з сыноў Ізраілевых, якіх паставілі над імі прыстаўнікі фараонавыя, білі, кажучы: чаму вы ўчора і сёньня ня роьбіце зададзенай вам нормы цэглы, як было дагэтуль? |
15. І прыйшлі наглядчыкі сыноў Ізраілевых і залямантавалі фараону, кажучы: навошта ты так робіш з рабамі тваімі? |
16. саломы не даюць рабам тваім, а цэглу, кажуць нам, рабеце. І вось, рабоў тваіх б'юць. Грэх народу твайму! |
17. Але ён сказаў: гультаі вы, гультаі, таму і кажаце: хадзем, прынясем ахвяру Госпаду. |
18. Ідзеце ж, працуйце; саломы не дадуць вам, а належную колькасьць цэглы давайце. |
19. І ўбачылі наглядчыкі сыноў Ізраілевых бяду сваю ў словах: не зьмяншайце нормы цэглы, што на кожны дзень. |
20. І калі яны выйшлі ад фараона, дык сустрэліся з Майсеем і Ааронам, якія стаялі, чакаючы іх, |
21. і сказалі ім: хай бачыць і судзіць вас Гасподзь за тое, што вы зрабілі нас ненавісьнікамі ў вачах фараонавых і рабоў ягоных і далі ім меч у рукі, каб забіць нас. |
22. І зьвярнуўся Майсей да Госпада і сказаў: Госпадзе! навошта Ты паддаеш народ гэты такому бедству, навошта паслаў мяне? |
23. бо з таго часу, як я прыйшоў да фараона і пачаў гаварыць ад імя Твайго, ён пачаў горш абыходзіцца з народам гэтым; вызвалі ж,— Ты ня вызваліў народу Твайго. |
Выхад 6:1-30 |
1. І сказаў Гасподзь Майсею: цяпер убачыш ты, што Я зраблю з фараонам: дзеяньнем рукі моцнай ён адпусьціць іх; дзеяньнем рукі моцнай нават прагоніць іх зь зямлі сваёй. |
2. І маўляў Бог Майсею і сказаў яму: Я Гасподзь. |
3. Яўляўся Я Абрагаму, Ісааку і Якаву з імем "Бог Усемагутны"; а зь імем Маім "Гасподзь" не адкрыўся ім; |
4. і Я паклаў заруку Маю зь імі, каб даць ім зямлю Ханаанскую, зямлю вандраваньня іхняга, у якой яны вандравалі. |
5. І Я пачуў стогны сыноў Ізраілевых пра тое, што Егіпцяне трымаюць іх у няволі, і ўспомніў заруку Маю. |
6. Дык вось, скажы сынам Ізраілевым: Я Гасподзь, і выведу вас з-пад ярма Егіпцянаў, і выбаўлю вас зь няволі іхняй, і выратую вас рукою працягнутаю і судамі вялікімі; |
7. і прыму вас Сабе ў народ і буду вам Богам, і вы ўведаеце, што Я Гасподзь, Бог ваш, Які вывеў вас з-пад ярма Егіпецкага: |
8. і выведу вас у тую зямлю, якую Я, падняўшы руку Маю, прысягаўся даць яе Абрагаму, Ісааку, і Якаву, і дам вам яе ў спадчыну. Я Гасподзь. |
9. Майсей пераказаў гэта сынам Ізраілевым: але яны не паслухаліся Майсея з маладушнасьці і цяжкасьці працы. |
10. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: |
11. увайдзі, скажы фараону, цару Егіпецкаму, каб ён адпусьціў сыноў Ізраілевых зь зямлі сваёй. |
12. І сказаў Майсей перад Госпадам, кажучы: вось, сыны Ізраілевыя ня слухаюцца мяне; як жа паслухаецца мяне фараон? а я не красамоўны. |
13. І маўляў Гасподзь Майсею і Аарону, і даваў ім загады сынам Ізраілевым і фараону, цару Егіпецкаму, каб вывесьці сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай. |
14. Вось правадыры іх пакаленьняў: сыны Рувіма, першынца Ізраілевага: Ханох і Фалу, Хецрон і Храмі: гэта сямействы Рувімавыя. |
15. Сыны Сымона: Емуіл і Ямін, і Агад і Яхін, і Цахар і Саўл, сын Хананэйкі; гэта сямейства Сымонава. |
16. Вось імёны сыноў Лявія паводле родаў іх: Гірсон, і Кааф, і Мэрары. А гадоў жыцьця Лявія было сто трыццаць сем. |
17. Сыны Гірсона: Ліўні і Шымэі зь сямействамі іхнімі. |
18. Сыны Каафавыя: Амрам і Іцгар, і Хэўрон і Узііл. А гадоў жыцця Каафа было сто трыццаць тры гады. |
19. Сыны Мэрары: Махлі і Мушы. Гэта сямействы Лявія паводле родаў іхніх. |
20. Амрам узяў Ёхавэду, цётку сваю, сабе за жонку, і яна нарадзіла яму Аарона і Майсея. А гадоў жыцьця Амрама было сто трыццаць сем. |
21. Сыны Іцгаравыя: Карэй і Нэфэг і Зіхры. |
22. Сыны Узіілавы: Місаіл і Элцафан і Сітры. |
23. Аарон узяў сабе за жонку Елісавету, дачку Амінадававу, сястру Наасонаву, і яна нарадзіла яму Надава і Авіуда, Элеазара і Ітамара. |
24. Сыны Карэя: Асір, Элкана і Авіясаф: гэта сямействы Карэевыя. |
25. Элеазар, сын Ааронаў, узяў сабе за жонку адну з дочак Футыілавых, і яна нарадзіла яму Фінээса. Вось правадыры пакаленьняў лявіцкіх паводле сямействаў іхніх. |
26. Аарон і Майсей, гэта — тыя, каму сказаў Гасподзь: выведзіце сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай паводле рушэньняў іхніх. |
27. Яны ж і казалі фараону, цару Егіпецкаму, каб вывесьці сыноў Ізраілевых зь Егіпта; гэта Майсей і Аарон. |
28. Дык вось, у той час, калі Гасподзь казаў Майсею ў зямлі Егіпецкай, |
29. Гасподзь сказаў Майсею, кажучы: Я Гасподзь! скажы фараону, цару Егіпецкаму, усё, што Я кажу табе. |
30. А Майсей сказаў перад Госпадам: вось, я не красамоўны: як жа паслухаецца мяне фараон? |
Псалмы 16:7-11 |
7. Пакажы Тваю літасьць дзівосную; Ратаўнік тых, што на Цябе спадзяюцца, ад тых, што супрацівяцца правіцы Тваёй; |
8. ахавай мяне, як вока; у цяні Тваіх крылаў аслані мяне |
9. ад бязбожных, што на мяне нападаюць, — ад ворагаў душы маёй, што абступілі мяне: |
10. яны замкнуліся ў тлушчы сваім, пагардліва гавораць вуснамі сваімі. |
11. На кожным кроку нашым цяпер абступаюць нас; напружылі вочы свае, каб скінуць мяне на зямлю; |
Прытчы 5:7-14 |
7. Дык вось, дзеці, паслухайце мяне і не адступайцеся ад словаў вуснаў маіх. |
8. Далей ад яе ідзі па дарозе тваёй і не падыходзь пад дзьверы дома яе, |
9. каб здароўя твайго не аддаў іншым і гадоў тваіх бязьлітасьніку; |
10. каб не насычаліся сілаю тваёю чужынцы і праца твая ня ішла ў чужы дом. |
11. І ты ўрэшце будзеш стагнаць, калі плоць твая і цела зьнямогуцца, |
12. і скажаш: "навошта я ненавідзеў навуку, і сэрца маё асьцярогамі пагарджала, |
13. і я ня слухаў голасу настаўнікаў маіх, не нахіляў вуха майго да настаўнікаў? |
14. Ледзь ня ўпаў я ў вялікае ліха сярод сходу і грамады!" |
Матей 18:21-35 |
21. Тады прыступіў Пётр і сказаў Яму: Госпадзе! колькі разоў дараваць брату майму, які грэшыць супроць мяне? ці да сямі разоў? |
22. Кажа яму Ісус: не кажу табе: "да сямі", а да сямі разоў па семьдзесят. |
23. Таму Царства Нябеснае падобнае на цара, які захацеў зрахавацца з рабамі сваімі. |
24. Калі ён пачаў рахавацца, прывялі да яго аднаго, хто быў вінен яму дзесяць тысяч талянтаў; |
25. а як ён ня меў, чым заплаціць, дык уладар ягоны загадаў прадаць яго, і жонку ягоную, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць. |
26. Тады раб той упаў і, кланяючыся яму, казаў: "уладару! пацярпі на мне, і ўсё табе заплачу". |
27. Уладар, зьлітаваўшыся з раба таго, адпусьціў яго і доўг дараваў яму. |
28. А раб той, выйшаўшы, знайшоў аднаго з субратоў сваіх, які вінен яму быў сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: "аддай мне, што вінен". |
29. Тады субрат ягоны ўпаў да ног яму, умольваў яго і казаў: "пацярпі на мне, і ўсё аддам табе". |
30. Але той не схацеў, а пайшоў і ўвязьніў яго ў цямніцу, пакуль не аддасьць доўгу. |
31. Субраты ягоныя, убачыўшы тое, засмуціліся вельмі, і прыйшоўшы расказалі ўладару свайму пра ўсё, што было. |
32. Тады ўладар ягоны заклікае яго і кажа: "ліхі раб, увесь доўг той я дараваў табе, бо ўпрасіў ты мяне; |
33. ці ня варта было і табе памілаваць субрата твайго, як і я цябе памілаваў?". |
34. І, угневаўшыся, уладар ягоны аддаў яго ктам, пакуль не аддасьць яму ўсяго доўгу свайго. |
35. Так і Айцец Мой Нябесны зробіць з вамі, калі не даруеце кожны брату свайму ад сэрца свайго правінаў ягоных. |