A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Студзень 27

Выхад 3:1-22
1. Майсей пасьвіў авечак у Ётора, цесьця свайго, сьвятара Мадыямскага. Аднаго разу правёў ён статак далёка ў пустыню і прыйшоў да гары Божай, Харыва.
2. І зьявіўся яму анёл Гасподні ў полымі агню зь сярэдзіны цярновага куста. І ўбачыў ён, што цярновы куст гарыць агнём, але куст не згарае.
3. Майсей сказаў: пайду і падзіўлюся на гэтую вялікую яву, чаму куст не згарае.
4. Гасподзь убачыў, што ён ідзе глядзець, і паклікаў яго Бог зь сярэдзіны куста, і сказаў: Майсею! Майсею! Ён сказаў: вось я!
5. І сказаў Бог: не падыходзь сюды: здымі абутак твой з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, ёсьць зямля сьвятая.
6. І сказаў: Я Бог бацькі твайго, Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якава. Майсей засланіў твар свой, бо баяўся глянуць на Бога.
7. І сказаў Гасподзь: Я ўбачыў пакуты народу Майго ў Егіпце і пачуў енк яго ад прыстаўнікаў ягоных; Я ведаю смуткі яго
8. і іду выратаваць яго ад рукі Егіпцянаў і вывесьці яго зь зямлі гэтай у зямлю добрую і прасторную, дзе цячэ малако і мёд, у зямлю Хананэяў, Хэтэяў, Амарэяў, Фэрэзэяў, Гэвэяў і Евусэяў.
9. І вось, ужо енк сыноў Ізраілевых дайшоў да Мяне, і Я бачу прыгнёт, якім прыгнятаюць іх Егіпцяне.
10. Дык вось ідзі: Я пашлю цябе да фараона; і выведзі зь Егіпта народ Мой, сыноў Ізраілевых.
11. Майсей сказаў Богу: хто я, каб мне ісьці да фараона і вывесьці зь Егіпта сыноў Ізраілевых?
12. І сказаў: Я буду з табою, і вось табе азнака, што Я паслаў цябе: калі ты выведзеш народ зь Егіпта, вы ўчыніце служэньне Богу на гэтай гары.
13. І сказаў Майсей Богу: вось, я прыйду да сыноў Ізраілевых і скажу ім: Бог бацькоў вашых паслаў мяне да вас. А яны скажуць мне: як Яго імя? Што я скажу ім?
14. Бог сказаў Майсею: Я — Сутны. І сказаў: так скажы сынам Ізраілевым: Сутны паслаў мяне да вас.
15. І сказаў яшчэ Бог Майсею: так скажы сынам Ізраілевым: Гасподзь Бог бацькоў вашых, Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якава паслаў мяне да вас. Вось імя Маё навекі, і памятаньне пра Мяне з роду ў род.
16. Ідзі, зьбяры старэйшынаў Ізраілевых і скажы ім: Гасподзь, Бог бацькоў вашых, зьявіўся мне, Бог Абрагама, Ісаака і Якава, і сказаў: Я наведаў вас і ўбачыў, што робіцца з вамі ў Егіпце.
17. І сказаў: Я выведу вас ад прыгнёту Егіпецкага ў зямлю Хананэяў, Хэтэяў, Амарэяў, Фэрэзэяў, Гэвэяў і Евусэяў, у зямлю, дзе цячэ малако і мёд.
18. І яны паслухаюць голасу твайго, і пойдзеш ты і старэйшыны Ізраілевыя да цара Егіпецкага, і скажаце яму: Госпадзе, Бог Габрэяў, паклікаў нас; дык вось адпусьці нас у пустыню, на тры дні дарогі, каб прынесьці ахвяру Госпаду Богу нашаму.
19. Але Я ведаю, што цар Егіпецкі не дазволіць вам ісьці, калі ня прымусіць яго рукою моцнаю;
20. і працягну руку Маю і ўражу Егіпет усімі дзівосамі Маімі, якія ўчыню сярод яго; і пасьля таго ён пусьціць вас.
21. І дам народу гэтаму літасьць у вачах Егіпцянаў; і калі пойдзеце, дык пойдзеце ня з пустымі рукамі;
22. кожная жанчына выпрасіць у суседкі сваёй і ў той, што жыве ў доме ў яе, рэчаў срэбраных і рэчаў залатых і вопраткі, і вы адзенеце ў іх сыноў вашых і дочак вашых і спустошыце Егіпет.

Выхад 4:1-31
1. І адказваў Майсей і сказаў: а калі яны не павераць мне і не паслухаюцца голасу майго і скажуць: не зьявіўся табе Гасподзь?
2. І сказаў яму Гасподзь: што гэта ў руцэ ў цябе? Ён адказваў: посах.
3. Гасподзь сказаў: кінь яго на зямлю. Ён кінуў яго на зямлю, і ператварыў посах у зьмея, і Майсей уцякаў ад яго.
4. І сказаў Гасподзь Майсею: працягні руку тваю і вазьмі яго: і ён зрабіўся посахам у руцэ ягонай.
5. Гэта ўсё на тое, каб паверылі, што зьявіўся табе Гасподзь, Бог бацькоў іхніх, Бог Абрагамаў, Бог Ісаакаў і Бог Якаваў.
6. Яшчэ сказаў яму Гасподзь: пакладзі руку тваю сабе запазуху. І ён паклаў руку сваю сабе запазуху, выняў яе, і вось рука ў яго пабялела ад праказы, як сьнег.
7. Сказаў: пакладзі зноў руку тваю сабе запазуху. І ён паклаў руку сваю сабе запазуху; і выняў яе з-за пазухі сваёй, і вось, яна зноў зрабілася такая самая, як цела яго.
8. Калі яны не павераць табе і не паслухаюцца голасу першай азнакі, дык павераць голасу азнакі другой;
9. калі ж не павераць і гэтым дзьвюм азнакам і не паслухаюцца голасу твайго, дык вазьмі вады з ракі і вылі на сухое; і вада, узятая з ракі, зробіцца крывёю на сушы.
10. І сказаў Майсей Госпаду: о, Госпадзе! чалавек я не гаваркі, і такі самы быў і ўчора і заўчора, і калі Ты пачаў гаварыць з рабом Тваім: я цяжка гавару і гаркавы.
11. Гасподзь сказаў: хто даў вусны чалавеку? хто робіць нямым, альбо глухім, альбо відушчым, альбо сьляпым? ці ня Я Гасподзь?
12. дык вось ідзі, і Я буду пры вуснах тваіх, і навучу цябе, што табе гаварыць.
13. Сказаў: Госпадзе! пашлі іншага, каго можаш паслаць.
14. І загарэўся гнеў Гасподні на Майсея, і Ён сказаў: хіба няма ў цябе Аарона брата, Лявіцяніна? Я ведаю, што ён можа гаварыць, і вось, ён выйдзе насустрач табе і, убачыўшы цябе, усьцешыцца ў сэрцы сваім;
15. ты будзеш яму гаварыць і ўкладваць словы ў вусны ягоныя, а Я буду пры вуснах тваіх і пры вуснах ягоных і буду вучыць вас, што вам рабіць;
16. і будзе гаварыць ён замест цябе да народу; дык вось, ён будзе тваімі вуснамі, і ты будзеш яму замест Бога:
17. і посах гэты вазьмі ў руку тваю; ім ты будзеш тварыць азнакі.
18. І пайшоў Майсей, і вярнуўся да Ётора, цесьця свайго, і сказаў яму: пайду я, і вярнуся да братоў маіх, якія ў Егіпце, і пагляджу, ці жывыя яны яшчэ? І сказаў Ётор Майсею: ідзі зь мірам.
19. І сказаў Гасподзь Майсею ў зямлі Мадыямскай: ідзі, вярніся ў Егіпет, бо памерлі ўсе, хто шукаў душы тваёй.
20. І ўзяў Майсей жонку сваю і сыноў сваіх, пасадзіў іх на асла і выправіўся ў зямлю Егіпецкую. І посах Божы Майсей узяў у руку сваю.
21. І сказаў Гасподзь Майсею: калі пойдзеш і вернешся ў Егіпет, глядзі, усе цуды, якія Я даручыў табе, зрабі перад абліччам фараона; а Я зраблю і ачарсьцьвее сэрца ягонае, і ён не адпусьціць народу.
22. І скажы фараону: так кажа Гасподзь: Ізраіль ёсьць сын Мой, першынец Мой;
23. Я кажу табе: адпусьці сына Майго, каб ён учыніў Мне служэньне; а калі ня пусьціш яго, дык вось, Я заб'ю сына твайго, першынца твайго.
24. Па дарозе на начлезе здарылася, што сустрэў яго Гасподзь і хацеў усьмерціць яго.
25. Тады Сэпфора, узяўшы каменны нож, абрэзала крайнюю плоць сыну свайму і, кінуўшы да ног ягоных, сказала: ты жаніх крыві ў мяне.
26. І адышоў ад яго Гасподзь. Тады сказала яна: жаніх крыві — па абразаньні.
27. І Гасподзь сказаў Аарону: ідзі напярэймы Майсею ў пустыню. І ён пайшоў, і сустрэўся зь ім на гары Божай, і пацалаваў яго.
28. І пераказаў Майсей Аарону ўсе словы Госпада, Які яго паслаў, і ўсе азнакі, якія ён наказаў.
29. І пайшоў Майсей з Ааронам, і сабралі яны ўсіх старэйшынаў сыноў Ізраілевых,
30. і пераказаў Аарон усе словы, якія гаварыў Гасподзь Майсею, і зрабіў Майсей азнакі на вачах у народа,
31. і паверыў народ; і пачулі, што Гасподзь наведаў сыноў Ізраілевых і ўбачыў пакуты іхнія, і схіліліся яны і пакланіліся.

Псалмы 16:1-6
1. Малітва Давідава. Пачуй, Госпадзе, праўду маю, уважы скарзе маёй, прымі мальбу з вуснаў неманлівых!
2. Ад аблічча Твайго хай будзе мне суд; хай паглядзяць вочы Твае на справядлівасьць.
3. Ты праверыў сэрца маё, ноччу мяне наведаў, выпрабаваў мяне, і не знайшоў анічога; ад думак маіх не адступаюцца вусны мае.
4. У дзеях людзскіх, па слове вуснаў Тваіх, я ахоўваў сябе ад шляхоў прыгнятальніка.
5. Умацуй мае крокі на дарогах Сваіх, хай ногі мае не пахіснуцца.
6. Да Цябе заклікаю, бо Ты пачуеш мяне, Божа; прыхілі Тваё вуха да мяне, пачуй словы мае.

Прытчы 5:1-6
1. Сыне мой! слухай мудрасьці маёй і нахілі вуха тваё да навукі маёй,
2. каб датрымацца добрае рады і каб вусны твае хвалілі спазнанае.
3. Бо мёд цячэ з вуснаў чужое жонкі, і мякчэйшая за алей гаворка ў яе;
4. але весьнік яе горкі, нібы палын, востры, як меч двусечны,
5. ногі яе сыходзяць да сьмерці, сту­пакі яе дастаюць да апраметнай.
6. Каб ты не спасьцігнуў сьцежкі жыцьця яе, дарогі яе нясталыя, і ты ня зьведаеш іх.

Матей 18:1-20
1. У той час прыступілі вучні да Ісуса, кажучы: хто ж большы ў Царстве Нябесным?
2. І паклікаўшы дзіця, Ісус паставіў яго сярод іх
3. і сказаў: праўду кажу вам, калі не навернецеся і ня будзеце, як дзеці, ня ўвойдзеце ў Царства Нябеснае;
4. дык вось, хто ўпакорыцца, як гэтае дзіця, той большы ў Царстве Нябесным;
5. і хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае;
6. а хто спакусіць аднаго з малых гэтых, што веруюць у Мяне, таму лепей было б, каб павесілі жарон млынскі на шыю яго і ўтапілі яго ў глыбіні марской.
7. Гора сьвету ад спакусаў, бо павінны прыйсьці спакусы; але гора таму чалавеку, празь якога спакусы прыходзяць.
8. Калі ж рука твая, альбо нага твая спакушае цябе, адатні яе і кінь ад сябе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё бяз рукі альбо без нагі, чым зь дзьвюма рукамі і дзьвюма нагамі быць укінутым у вагонь вечны;
9. і калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе: лепш табе з адным вокам ў жыцьцё ўвайсьці, чым з двума вачыма быць укінутым у геену вогненную.
10. Глядзеце, не пагарджайце ніводным з малых гэтых; бо кажу вам, што анёлы іх на нябёсах заўсёды бачаць аблічча Айца Майго Нябеснага.
11. Бо прыйшоў Сын Чалавечы вышукаць і выратаваць пагіблае.
12. Як вам здаецца? Калі б у нейкага чалавека было сто авечак і заблудзілася адна зь іх; ці не пакіне ён дзевяноста дзевяцёх ў горах і ці ня пойдзе тую шукаць, што заблудзілася?
13. і калі дасца знайсьці яе, дык, праўду кажу вам, ён радуецца за яе болей, чым за дзевяноста дзевяць, што не заблудзіліся.
14. Так няма волі Айца вашага Нябеснага, каб загінуў адзін з малых гэтых.
15. А калі згрэшыць супроць цябе брат твой, ідзі і выкрый яго паміж табою і ім адным; калі паслухаецца цябе, дык здабыў ты брата твайго;
16. калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго альбо двух, каб вуснамі двух альбо трох сьведкаў пацьвердзілася кожнае слова;
17. калі ж не паслухаецца іх, скажы царкве; а калі і царквы не паслухаецца, дык няхай будзе ён табе, як язычнік і мытнік.
18. Праўду кажу вам: што вы зьвяжаце на зямлі, тое будзе зьвязана на небе; і што разьвяжаце на зямлі, тое будзе разьвязана на небе.
19. Праўду таксама кажу вам, што калі двое з вас пагодзяцца на зямлі прасіць за любую справу, дык чаго б ні папрасілі, будзе ім ад Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах;
20. бо дзе двое альбо трое сабраныя ў імя Маё, там Я сярод іх.