A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Студзень 24

Быцце 47:1-31
1. І прыйшоў Язэп і паведаміў фараону і сказаў: бацька мой і браты мае, з дробным і буйным быдлам сваім і з усім, што ў іх, прыйшлі зь зямлі Ханаанскай: і вось, яны ў зямлі Гесэм.
2. І з братоў сваіх ён узяў пяць чалавек і прадставіў іх фараону.
3. І сказаў фараон братам ягоным: які ваш занятак? Яны сказалі фараону: пастухі авечак рабы твае, і мы і бацькі нашыя.
4. І сказалі яны фараону: мы прыйшлі пажыць у гэтай зямлі, бо няма пашы быдлу рабоў тваіх, бо ў зямлі Ханаанскай вялікі голад; дык вось, дазволь пасяліцца рабам тваім у зямлі Гесэм.
5. І сказаў фараон Язэпу: бацька твой і браты твае прыйшлі да цябе;
6. зямля Егіпецкая перад табою; на лепшым месцы зямлі пасялі бацьку твайго і братоў тваіх; няхай жывуць яны ў зямлі Гесэм; і калі ведаеш, што сярод іх ёсьць здольныя людзі, пастаў іх даглядчыкамі майго быдла.
7. І прывёў Язэп Якава, бацьку свайго, і прадставіў яго фараону: і дабраславіў Якаў фараона.
8. Фараон сказаў Якаву: колькі гадоў жыцьцю твайму?
9. Якаў сказаў фараону: дзён вандраваньня майго сто трыццаць гадоў; малыя і няшчасныя дні жыцьця майго і не дасягнулі гадоў жыцьця бацькоў маіх, у днях вандраваньня іхняга.
10. І дабраславіў фараона Якаў і выйшаў ад фараона.
11. І пасяліў Язэп бацьку свайго і братоў сваіх, і даў ім валоданьне зь зямлі Егіпецкай, у найлепшай частцы зямлі, у зямлі Раамсэс, як загадаў фараон .
12. І забясьпечваў Язэп бацьку свайго і братоў сваіх і ўвесь дом бацькі свайго хлебам, паводле патрэбаў кожнага сямейства.
13. І ня было хлеба па ўсёй зямлі, бо голад вельмі памацнеў, і аслабелыя былі ад голаду зямля Егіпецкая і зямля Ханаанская.
14. Язэп сабраў усё срэбра, якое было ў зямлі Егіпецкай і ў зямлі Ханаанскай, за хлеб, які куплялі, і ўнёс Язэп срэбра ў дом фараонаў.
15. І срэбра скончылася ў зямлі Егіпецкай і ў зямлі Ханаанскай. Усе Егіпцяне прыйшлі да Язэпа і казалі: дай нам хлеба; навошта нам паміраць перад табою, таму што срэбра выйшла ў нас?
16. Язэп сказаў: прыганяйце быдла ваша, і я буду даваць вам за быдла ваша, калі срэбра выйшла ў вас.
17. І прыганялі яны да Язэпа быдла сваё; і даваў ім Язэп хлеб за коней, і за статкі дробнага быдла, і за статкі буйнога быдла, і за аслоў; і забясьпечваў іх хлебам у той год за ўсё быдла іхняе.
18. І прайшоў гэты год: і прыйшлі да яго на другі год і сказалі яму: не схаваем ад гаспадара нашага, што срэбра скончылася і статкі быдла нашага ў гаспадара нашага; нічога не засталося ў нас перад гаспадаром нашым, акрамя целаў нашых і земляў нашых;
19. навошта нам гінуць у вачах тваіх, і нам і землям нашым? купі нас і землі нашыя за хлеб, і мы зь землямі нашымі будзем рабамі фараону, а ты дай нам насеньня, каб нам быць жывымі і не памерці, і каб не апусьцела зямля.
20. І купіў Язэп усю зямлю Егіпецкую фараону, бо прадалі Егіпцяне кожны сваё поле; бо голад адольваў іх. І дасталася зямля фараону.
21. І народ зрабіў ён рабамі з аднаго канца Егіпта ў другі.
22. Толькі землі жрацоў ня купіў, бо жрацам ад фараона выдзелена была дзялянка, і яны карміліся сваёй дзялянкай, якую даў ім фараон; таму і не прадалі зямлі сваёй.
23. І сказаў Язэп народу: вось, я купіў цяпер фараону вас і зямлю вашу; вось вам насеньне, і засявайце зямлю;
24. калі будзе жніво, давайце пятую частку фараону, а чатыры часткі застануцца вам на засяваньне палёў, на ежу вам і тым, хто ў дамах вашых, і на ежу дзецям вашым.
25. Яны сказалі: ты ўратаваў нам жыцьцё; хай жа здабудзем ласку ў вачах гаспадара нашага і хай будзем рабамі фараону.
26. І пастанавіў Язэп законам зямлі Егіпецкай, нават да сёньняшняга дня: пятую частку даваць фараону, выключаючы толькі зямлю жрацоў, якая не належала фараону.
27. І жыў Ізраіль у зямлі Егіпецкай, у зямлі Гесэм, і валодалі яны ёю, і пладзіліся, і вельмі памножыліся.
28. І жыў Якаў у зямлі Егіпецкай сямнаццаць гадоў; і было дзён Якава, гадоў жыцьця ягонага сто сорак сем гадоў.
29. І прыйшоў час Ізраілю памерці, і паклікаў ён сына свайго Язэпа і сказаў яму: калі я знайшоў упадабаньне ў вачах тваіх, пакладзі руку тваю пад сьцягно маё і прысягні, што ты зробіш мне ласку і праўду, не пахаваеш мяне ў Егіпце,
30. каб мне легчы з бацькамі маімі: вынесеш мяне зь Егіпта і пахаваеш мяне ў іхняй магільніцы. Язэп сказаў: зраблю паводле слова твайго.
31. І сказаў: прысягні мне. І запрысягнуўся яму. І пакланіўся Ізраіль на ўзгалоўе пасьцелі.

Быцце 48:1-22
1. Пасьля таго Язэпу сказалі: вось, бацька твой хворы. І ён узяў з сабою двух сыноў сваіх, Манасію і Яфрэма.
2. Якаву паведамілі і сказалі: вось, сын твой Язэп ідзе да цябе. Ізраіль сабраў сілу сваю і сеў на пасьцелі.
3. І сказаў Якаў Язэпу: Бог Усемагутны явіўся мне ў Лузе, у зямлі Ханаанскай, і дабраславіў мяне,
4. і сказаў мне: вось, Я распладжу цябе і памножу цябе, і выведу зь цябе мноства народаў, і дам зямлю гэтую нашчадкам тваім пасьля цябе, у вечнае валоданьне.
5. І сёньня два сыны твае, што радзіліся ў зямлі Егіпецкай, да майго прыбыцьця да цябе ў Егіпет, мае яны; Яфрэм і Манасія, як Рувім і Сымон, будуць мае;
6. а твае дзеці, якія народзяцца ад цябе пасьля іх, будуць твае; яны пад імем братоў сваіх будуць называцца ў спадках іхных.
7. Калі я ішоў зь Месапатаміі, памерла ў мяне Рахіль у зямлі Ханаанскай, на дарозе, не даходзячы крыху да Эфраты, і я пахаваў яе там на дарозе да Эфраты, што сёньня Віфляем.
8. І ўбачыў Ізраіль сыноў Язэпавых і сказаў: хто гэта?
9. І сказаў Язэп бацьку свайму: гэта сыны мае, якіх Бог даў мне тут. Якаў сказаў: падвядзі іх да мяне, і я дабраслаўлю іх.
10. А вочы Ізраілевыя прытупіліся ад старасьці, ня мог ён бачыць ясна. Язэп падвёў іх да яго, і ён пацалаваў іх і абняў іх.
11. І сказаў Ізраіль Язэпу: не спадзяваўся я ўбачыць твой твар: але вось, Бог паказаў мне і дзяцей тваіх.
12. І адвёў іх Язэп ад каленяў ягоных і пакланіўся яму тварам да самай зямлі.
13. І ўзяў Язэп абодвух, Яфрэма ў правую сваю руку насупраць левай Ізраіля, а Манасію ў левую насупраць правай Ізраіля, і падвёў да яго.
14. Але Ізраіль працягнуў правую руку сваю і паклаў на галаву Яфрэму, хоць гэты быў меншы, а левую на галаву Манасіі. З намерам паклаў ён так рукі свае, хоць Манасія быў першынец.
15. І дабраславіў Язэпа і сказаў: Бог, перад Якім хадзілі бацькі мае, Абрагам і Ісаак, Бог, Які пасе мяне з таго часу, як я існую, да сёньня,
16. анёл, які ратуе мяне ад усякага ліха, каб дабраславіць хлопчыкаў гэтых; хай будзе на іх названа імя маё і імя бацькоў маіх, Абрагама і Ісаака, і хай паўстануць яны ў мностве пасярод зямлі.
17. І ўбачыў Язэп, што бацька ягоны паклаў правую руку сваю на галаву Яфрэму; і скрушліва было яму ад гэтага. І ўзяў ён руку бацькі свайго, каб перакласьці яе з галавы Яфрэма на галаву Манасіі,
18. і сказаў Язэп бацьку свайму: ня так, бацька мой, бо гэта — першынец; пакладзі на яго правую руку тваю.
19. Але бацька яго не згадзіўся і сказаў: ведаю, сыне мой, ведаю; і ад яго пойдзе народ, і ён будзе вялікі; але меншы яго брат будзе большы за яго, і ад семені яго пойдзе шматлікі народ.
20. І дабраславіў іх у той дзень, кажучы: табою будзе дабраслаўляць Ізраіль, кажучы: Бог няхай створыць табе, як Яфрэму і Манасіі. І паставіў Яфрэма вышэй за Манасію.
21. І сказаў Ізраіль Язэпу: вось, я паміраю; і Бог будзе з вамі і верне вас у зямлю бацькоў вашых;
22. я даю табе, звыш братоў тваіх, адну дзялянку, якую я ўзяў з рук Амарэяў мечам сваім і лукам сваім.

Псалмы 13:1-6
1. Кіроўцу хору. Псальма Давідава. Сказаў шаленец у сэрцы сваім: няма Бога. Яны разбэсьціліся, нарабілі брыдоты ўсялякай: няма дабрадзейных.
2. Гасподзь глянуў зь нябёсаў на сыноў чалавечых, каб пабачыць, ці ёсьць той, хто разумее, хто шукае Бога.
3. Усе ўхіліліся, зрабіліся аднолькава непатрэбныя; ніхто ня робіць дабра, ніхто аніводзін.
4. Няўжо ня ўрымсьцяцца беззаконьнікі, якія народ мой ядуць, быццам хлеб, і Госпада не заклікаюць?
5. Там страхам яны апантаюцца; бо Бог сярод роду праведнікаў.
6. Вы пасьмяяліся з думкі гаротніка, што Гасподзь — спадзяваньне ягонае.

Прытчы 4:18-19
18. Сьцежка праведных — як сьвяціла прамяністае, якое болей і болей сьвятлее да поўнага дня.
19. А шлях бязбожных — як цемра; яны ня ведаюць, на што спатыкнуцца.

Матей 15:21-39
21. І выйшаўшы адтуль, адышоў Ісус у межы Тырскія і Сідонскія.
22. І вось, жанчына Хананэянка, выйшаўшы з тых мясьцін, закрычала Яму: памілуй мяне, Госпадзе, Сыне Давідаў, дачку маю цяжка мучыць дэман.
23. Але Ён не адказаў ёй ні слова. І вучні Ягоныя, прыступіўшы, прасілі Яго, кажучы: адпусьці яе, бо крычыць за намі.
24. А Ён сказаў у адказ: Я пасланы толькі да пагіблых авечак дому Ізраілевага.
25. А яна, падышоўшы, кланялася Яму, кажучы: Госпадзе! памажы мне.
26. А Ён сказаў у адказ: нядобра — узяць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам.
27. Яна ж сказала: так, Госпадзе! але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх.
28. Тады Ісус сказаў ёй у адказ: жанчына! вялікая вера твая, хай станецца табе, як ты хочаш. І выздаравела яе дачка ў тую ж гадзіну.
29. Перайшоўшы адтуль, прыйшоў Ісус да мора Галілейскага і, узышоўшы на гару, сеў там.
30. І прыступіла да Яго мноства людзей, маючы з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, зьнявечаных і іншых многіх, і паклалі іх да ног Ісусавых; і Ён ацаліў іх,
31. так што людзі зьдзіўляліся, бачачы, як нямыя гавораць, зьнявечаныя здаравеюць, кульгавыя ходзяць і сьляпыя бачаць; і праслаўлялі Бога Ізраілевага.
32. А Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: шкада Мне людзей, бо ўжо тры дні застаюцца пры Мне, і няма чаго ім есьці; і адпусьціць іх няеўшых не хачу, каб не аслаблі ў дарозе.
33. І кажуць Яму вучні Ягоныя: адкуль нам узяць у пустыні столькі хлябоў, каб накарміць столькі людзей?
34. І кажа ім Ісус: колькі ў вас хлябоў? А яны адказалі: сем, і трошкі рыбак.
35. І загадаў людзям легчы на зямлю.
36. І, узяўшы сем хлябоў і рыбы, узьнёс падзяку, пераламаў і даў вучням Сваім, а вучні — людзям.
37. І елі ўсе, і наеліся; і набралі рэшты кавалкаў сем кашоў поўных;
38. А тых, што елі, было чатыры тысячы чалавек, акрамя жанчын і дзяцей.
39. І адпусьціўшы народ, Ён увайшоў у лодку і прыбыў у межы Магдалінскія.