A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Студзень 20

Быцце 39:1-23
1. А Язэпа зьвялі ў Егіпет. І купіў яго з рук Ізмаільцянаў, якія прывялі яго туды, Егіпцянін Патыфар, царадворац фараонаў, начальнік целаахоўцаў.
2. І быў Гасподзь зь Язэпам: яму спрыяў посьпех у дзеях і ён жыў у доме гаспадара свайго, Егіпцяніна.
3. І ўбачыў гаспадар ягоны, што Гасподзь зь ім, і што ўсяму, што ён робіць, Гасподзь у руках ягоных дае посьпех.
4. І здабыў Язэп у вачах ягоных упадабаньне і служыў яму. І ён паставіў яго над домам сваім, і ўсё, што меў, аддаў на рукі яму.
5. І з таго часу, як ён паставіў яго над домам сваім і над усім, што меў, Гасподзь дабраславіў дом Егіпцяніна дзеля Язэпа, і было дабраславеньне Гасподняе на ўсім, што меў ён у доме і ў полі.
6. І пакінуў ён усё, што меў, у руках у Язэпа, і ня ведаў пры ім нічога, акрамя хлеба, які ён еў. А Язэп быў прыгожы станам і прыгожы з твару.
7. І зьвярнула позірк на Язэпа жонка гаспадара ягонага і сказала: сьпі са мною.
8. Але ён адмовіўся і сказаў жонцы гаспадара свайго: вось, гаспадар мой ня рупіцца пры мне пра нічога ў доме, і ўсё, што мае, аддаў у мае рукі;
9. няма болей мяне ў доме гэтым; і ён не забараніў мне нічога, акрамя цябе, бо ты жонка яму; як жа зраблю я гэта вялікае ліха і зграшу перад Богам?
10. Калі так яна штодня гаварыла Язэпу, а ён ня слухаўся яе, каб спаць зь ёю і быць зь ёю,
11. сталася аднаго дня, што ён увайшоў у дом рабіць справу сваю, а нікога з хатніх тут у доме ня было;
12. яна схапіла яго за вопратку ягоную і сказала: кладзіся са мною. Але ён, пакінуўшы вопратку сваю ў руках у яе, пабег і выбег прэч.
13. А яна, убачыўшы, што ён пакінуў вопратку сваю ў руках у яе і пабег прэч,
14. клікнула хатніх сваіх і сказала ім так: паглядзеце, ён прывёў да нас Габрэя зьдзекавацца з нас. Ён прыйшоў да мяне, каб легчы са мною; але я закрычала моцным голасам,
15. І ён, пачуўшы, што я падняла лямант і закрычала, пакінуў у мяне вопртаку сваю, і пабег, і выбег прэч.
16. І пакінула вопратку ягоную ў сябе да прыходу гаспадара ягонага ў дом свой.
17. І пераказала яму тыя самыя словы, кажучы: раб Габрэй, якога ты прывёў да нас, прыходзіў да мяне зьдзекавацца зь мяне;
18. але, калі я падняла лямант і закрычала, ён пакінуў у мяне вопратку сваю і выбег прэч.
19. Калі гаспадар ягоны пачуў словы жонкі сваёй, якія яна сказала яму, кажучы: так учыніў са мною раб твой,— дык запалаў гневам;
20. і ўзяў Язэпа гаспадар ягоны і аддаў яго ў цямніцу, дзе ўвязьнены вязьні цара. І быў ён там у цямніцы.
21. І Гасподзь быў зь Язэпам, і зрабіў яму ласку, і дараваў яму ўпадабаньне ў вачах начальніка цямніцы.
22. І аддаў начальнік цямніцы ў рукі Язэпу ўсіх вязьняў, якія былі ў цямніцы, і ва ўсім, што яны там ні рабілі, ён быў распарадчыкам.
23. Начальнік цямніцы і не глядзеў ні за чым, што было ў яго ў руках, бо Гасподзь быў зь Язэпам, і ва ўсім, што ён рабіў, Гасподзь даваў посьпех.

Быцце 40:1-23
1. Пасьля гэтага чашнік цара Егіпецкага і пекар правінаваціліся перад гаспадаром сваім, царом Егіпецкім.
2. І ўгневаўся фараон на двух царадворцаў сваіх, на галоўнага чашніка і на галоўнага пекара,
3. і аддаў іх пад варту ў дом да начальніка целаахоўцаў, у цямніцу, у тое месца, дзе ўвязьнены быў Язэп.
4. Начальнік целаахоўцаў прыставіў да іх Язэпа, і ён служыў ім. І прабылі яны пад вартаю некаторы час.
5. Аднаго разу чашніку і пекару цара Егіпецкага, увязьненым у цямніцы, бачыліся сны, кожнаму свой сон, абодвум у адну ноч, кожнаму сон адмысловага значэньня.
6. І прыйшоў да іх Язэп раніцай, убачыў іх, і вось, яны сумеліся.
7. І спытаўся ён у царадворцаў фараонавых, якія былі зь ім у доме гаспадара ягонага пад вартаю, кажучы: чаго ў вас сёньня журботныя твары?
8. Яны сказалі яму: нам прысьніліся сны, а растлумачыць іх няма каму. Язэп сказаў ім: ці не ад Бога тлумачэньні? раскажэце мне.
9. І расказаў галоўны чашнік Язэпу сон свой і сказаў яму: мне сьнілася, вось вінаградная лаза перад мною;
10. на лазе тры галінкі; яна разьвілася, паказаліся на ёй кветкі, вырасьлі і пасьпелі на ёй ягады;
11. і чаша фараонавая ў мяне ў руцэ; я ўзяў ягад, выціснуў іх у чашу фараонавую і падаў чашу ў руку фараону.
12. І сказаў яму Язэп: вось тлумачэньне яго: тры галінкі — гэта тры дні;
13. праз тры дні фараон узьнясе галаву тваю і верне цябе на месца тваё, і ты падасі чашу фараонавую ў руку яму, па ранейшай завядзёнцы, калі ты быў у яго чашнікам;
14. спамяні ж пра мяне, калі табе будзе добра, і зрабі мне дабрачынства, і нагадай пра мяне фараону, і выведзі мяне з гэтага дома;
15. бо я ўкрадзены зь зямлі Габрэяў; а таксама і тут нічога не зрабіў, за што б кідаць мяне ў цямніцу.
16. Галоўны пекар убачыў, што растлумачыў ён добра, і сказаў Язэпу: мне таксама сьнілася: вось на галаве ў мяне тры кашы кратаваныя;
17. у верхнім кашы ўсялякая ежа фараонавая, вырабы пекара, і птушкі дзяўблі яе з каша на галаве маёй.
18. І адказваў Язэп і сказаў: вось тлумачэньне яго: тры кашы — гэта тры дні.
19. праз тры дні фараон здыме зь цябе галаву тваю і павесіць цябе на дрэве, і птушкі будуць дзяўбці плоць тваю зь цябе.
20. На трэці дзень, дзень народзінаў фараонавых, учыніў ён гасьціну ўсім слугам сваім і ўспомніў пра галоўнага чашніка і галоўнага пекара сярод слуг сваіх;
21. і вярнуў галоўнага чашніка на ранейшае месца, і ён падаў чашу ў руку фараону;
22. а галоўнага пекара павесіў на дрэве, як растлумачыў ім Язэп.
23. І ня ўспомніў галоўны чашнік пра Язэпа, а забыў яго.

Псалмы 10:1-4
1. Кіроўцу хору. Псальма Давідава. На Госпада спадзяюся; як жа вы кажаце душы маёй: "Як птушка ўзьляці на гару вашу"?
2. Бо вось бязбожнікі лук напялі, на цяціву стралу наклалі, каб у змроку цаляць у праведных сэрцам.
3. Калі разбураны асновы, што можа зрабіць праведнік?
4. Гасподзь у сьвятым Сваім храме, Гасподзь — трон Ягоны на нябёсах, вочы Ягоныя бачаць, павекі Ягоныя выпрабоўваюць сыноў чалавечых.

Прытчы 4:1-6
1. Слухайце, дзеці, настаўленьня бацькавага, і зважайце, каб навучыцца ро­зуму;
2. бо я дам вам добрую навуку. Не адкідайце наказу майго.
3. Бо і я быў сын у бацькі майго, пяш­чотна любімы і адзіны ў маці маёй.
4. І ён вучыў мяне і казаў мне: хай бу­дуць у сэрцы тваім словы мае; захоўвай наказы мае і жыві.
5. Здабывай мудрасьць, набывай ро­зум; не забывай гэтага і ня цурайся слоў маіх, а кіруйся імі!
6. Не адкідай яе, і яна будзе ахоўваць цябе; любі яе, і яна будзе цябе берагчы.

Матей 13:31-58
31. Іншую прытчу прапанаваў Ён ім, кажучы: падобнае Царства Нябеснае на зерне гарчычнае, якое чалавек узяў і пасеяў на полі сваім,
32. якое, хоць меншае за ўсякае насеньне, але, калі вырастае, бывае большае за ўсякую траву і робіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і ўюць гнёзды ў гольлі яго.
33. Іншую прытчу сказаў Ён ім: падобнае Царства Нябеснае на закваску, якую жанчына ўзяўшы паклала ў тры меры мукі, пакуль не закісла ўсё.
34. Гэта ўсё казаў Ісус прытчамі люду, і бяз прытчы нічога не казаў ім,
35. каб збылося сказанае праз прарока, які кажа: "Разамкну ў прытчах вусны Мае; выкажу ўтоенае ад стварэньня сьвету".
36. Тады Ісус, адпусьціўшы людзей, увайшоў у дом. І прыступіўшы да Яго, вучні Яго сказалі: растлумач нам прытчу пра куколь на полі.
37. А Ён ім сказаў у адказ: сейбіт добрага насеньня ёсьць Сын Чалавечы;
38. поле ёсьць сьвет; добрае насеньне гэта — сыны Царства, а куколь — сыны ліхога;
39. вораг, які пасеяў яго, ёсьць д’ябал; жніво ёсьць сканчэньне веку, а жняцы — анёлы.
40. А таму, як зьбіраюць куколь і агнём паляць, гэтак сама будзе пры сканчэньні веку гэтага:
41. пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх, і зьбяруць з Царства Яго ўсе спакусы і тых, што чыняць беззаконьне,
42. і ўкінуць іх у печ вогненную; там будзе плач і скрыгат зубоў;
43. тады праведныя зазьзяюць, як сонца, у Царстве Айца іх. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
44. Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на скарб, схаваны на полі, які, знайшоўшы, чалавек утоіў, і ў радасьці ад гэтага ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе поле тое.
45. Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на купца, які шукае прыгожых пэрлаў,
46. які, знайшоўшы адзін шматкаштоўны пэрл, пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яго.
47. Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на нерат, закінуты ў мора і поўны рыбы ўсялякага роду,
48. які, калі ён напоўніўся, выцягнулі на бераг і, сеўшы, добрае склалі ў начыньне, а благое кінулі прэч.
49. Так будзе пры сканчэньні веку: выйдуць анёлы і аддзеляць ліхіх з асяродзьдзя праведных,
50. і ўкінуць іх у печ вогненную: там будзе плач і скрыгат зубоў.
51. Сказаў ім Ісус: ці зразумелі вы гэта ўсё? Яны кажуць яму: так, Госпадзе!
52. А Ён сказаў ім: таму ўсякі кніжнік, навучаны Царству Нябеснаму, падобны на гаспадара дома, які выносіць са скарбніцы сваёй новае і старое.
53. І сталася, калі скончыў Ісус прытчы гэтыя, пайшоў адтуль.
54. І прыйшоўшы на бацькаўшчыну Сваю, вучыў іх у сынагозе іхняй, так што яны зьдзіўляліся і казалі: адкуль у Яго гэтая мудрасьць і сілы?
55. ці не цесьляроў Ён Сын? ці не Ягоную Маці завуць Марыя, і браты Яго Якаў і Ёсій, і Сымон і Юда?
56. і сёстры Яго ці ня ўсе сярод нас? адкуль жа ў Яго ўсё гэта?
57. І паняверыліся ў Ім. А Ісус сказаў ім: ня бывае прарока без пашаны, хіба што толькі на бацькаўшчыне сваёй, і ў доме сваім.
58. І ня ўчыніў там многіх цудаў з-за няверства іхняга.