A A A A A
Біблія на працягу аднаго года
Студзень 2

Быцце 3:1-24
1. Зьмей быў хітрэйшы за ўсіх зьвяроў польных, якіх стварыў Гасподзь Бог. І сказаў зьмей жанчыне: ці сапраўды сказаў Бог: ня ежце ні зь якога дрэва ў раі?
2. І сказала жанчына зьмею: плады з дрэваў мы можам есьці,
3. толькі пладоў з дрэва, якое пасярод раю, сказаў Бог, ня ежце і не чапайце іх, каб вам не памерці.
4. І сказаў зьмей жанчыне: не, не памраце;
5. але ведае Бог, што ў дзень, калі вы скаштуеце іх, адамкнуцца вочы вашыя, і вы будзеце, як багі, якія ведаюць дабро і зло.
6. І ўбачыла жанчына, што дрэва добрае для ежы, і што яно прыемнае вачам і панаднае, бо дае веду; і ўзяла пладоў зь яго і ела; і дала таксама мужу свайму, і ён еў.
7. І адамкнуліся вочы ў іх абаіх, і ўведалі яны, што голыя, і сшылі смакоўныя лісьціны, і зрабілі сабе апаяскі.
8. І пачулі голас Госпада Бога, Які хадзіў па раі ў час дзённай прахалоды; і схаваўся Адам і жонка ягоная ад аблічча Госпада Бога паміж дрэвамі раю.
9. І паклікаў Гасподзь Бог Адама і сказаў яму: дзе ты?
10. Ён сказаў: голас твой я пачуў у раі, і спалохаўся, бо я голы, і схаваўся.
11. І сказаў Бог : хто сказаў табе, што ты голы? ці ня еў ты з дрэва, зь якога Я забараніў табе есьці?
12. Адам сказаў: жонка, якую Ты даў мне, яна дала мне з дрэва, і я еў.
13. І сказаў Гасподзь Бог жонцы: што гэта ты зрабіла? Жонка сказала: зьмей змусьціў мяне, і я ела.
14. І сказаў Гасподзь Бог зьмею: за тое, што ты зрабіў гэта, пракляты ты перад усім быдлам і перад усімі жывёламі польнымі; ты будзеш хадзіць на чэраве тваім, і будзеш есьці пыл ва ўсе дні жыцьця твайго;
15. і варожасьць пакладу паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж семем тваім і паміж семем яе; яно будзе біць цябе ў галаву, а ты будзеш джаліць яго ў пяту.
16. Жонцы сказаў: множачы памножу скруху тваю ў цяжарнасьці тваёй; у хворасьці будзеш нараджаць дзяцей; і да мужа твайго цяга твая, і ён будзе валадарыць над табою.
17. А Адаму сказаў: за тое, што ты паслухаўся голасу жонкі тваёй і еў з дрэва, пра якое Я наказаў табе, сказаўшы: "ня еж зь яго", праклятая зямля за цябе; са скрухаю будзеш карміцца зь яе ва ўсе дні жыцьця твайго;
18. церне і ваўчкі ўзгадуе яна табе; і будзеш карміцца польнаю травою;
19. У поце твару твайго будзеш есьці хлеб, пакуль ня вернешся ў зямлю, зь якое ты ўзяты; бо пыл ты і ў пыл вернешся.
20. І назваў Адам імя жонцы сваёй: Ева , бо яна стала маці ўсіх, хто жыве.
21. І зрабіў Гасподзь Бог Адаму і жонцы яго вопратку скураную і апрануў іх.
22. І сказаў Гасподзь Бог: вось, Адам, зрабіўся як адзін з Нас, ведаючы дабро і зло; і цяпер як бы ні працягнуў руку сваю, і ня ўзяў таксама ад дрэва жыцьця, і не пакаштаваў, і не пачаў жыць вечна.
23. І выслаў яго Гасподзь Бог з саду Эдэмскага, каб урабляў зямлю, зь якое ён узяты.
24. І выгнаў Адама, і паставіў на ўсходзе каля саду Эдэмскага херувіма і палымяны меч, які сам паварочваўся, каб ахоўваць дарогу да дрэва жыцьця.

Быцце 4:1-26
1. Адам спазнаў Еву, жонку сваю; і яна зачала, і нарадзіла Каіна, і сказала: здабыла я чалавека ад Госпада.
2. І яшчэ нарадзіла брата ягонага, Авеля. І быў Авель пастух авечак, а Каін быў земляроб.
3. Празь некаторы час Каін прынёс ад пладоў зямлі дар Госпаду;
4. і Авель таксама прынёс ад першародных статку свайго і ад тлушчу іхняга. І прыхінуўся Гасподзь да Авеля і да дару ягонага;
5. а да Каіна і да дару ягонага не прыхінуўся. Каін моцна засмуціўся, і панік твар ягоны.
6. І сказаў Гасподзь Каіну: чаго ты засмуціўся? і чаго панік твар твой?
7. калі робіш добрае, дык ці не падымаеш твару? а калі ня робіш добрага, дык пад дзьвярыма грэх ляжыць; ён вабіць цябе да сябе, але ты пануй над ім.
8. І сказаў Каін Авелю, брату свайму: хадзем у поле. І калі яны былі ў полі, паўстаў Каін на Авеля, брата свайго, і забіў яго.
9. І сказаў Гасподзь Каіну: дзе Авель, брат твой? Ён сказаў: ня ведаю; хіба я вартаўнік брату майму?
10. І сказаў Гасподзь : што ты зрабіў? голас крыві брата твайго крычыць Мне зь зямлі;
11. і сёньня пракляты ты ад зямлі, якая разьзявіла вусны свае прыняць кроў брата твайго ад рукі тваёй;
12. калі ты будзеш урабляць зямлю, яна ня будзе болей даваць сілы сваёй табе; ты будзеш выгнанец і бадзяга на зямлі.
13. І сказаў Каін Госпаду: кара мая большая, чым зьнесьці можна:
14. вось, Ты цяпер зганяеш мяне з улоньня зямлі, і ад аблічча Твайго я зьнікну, і буду выгнанцам і бадзягам на зямлі; і кожны, хто спаткаецца са мною, заб'е мяне.
15. І сказаў яму Гасподзь: за тое кожнаму, хто заб'е Каіна, адпомсьціцца сямікроць. І зрабіў Гасподзь Каіну азнаку, каб ніхто, спаткаўшыся зь ім, не забіў яго.
16. І пайшоў Каін ад аблічча Гасподняга і пасяліўся ў зямлі Нод, на ўсход ад Эдэма.
17. І спазнаў Каін жонку сваю; і яна зачала і нарадзіла Эноха. І пабудаваў ён горад; і назваў горад імем сына свайго: Энох.
18. У Эноха нарадзіўся Ірад; Ірад спарадзіў Мэхіяэля; Мэхіяэль спарадзіў Мафусала; Мафусал спарадзіў Ламэха.
19. І ўзяў сабе Ламэх дзьве жонкі: імя адной: Ада, і імя другой: Цыла.
20. Ада нарадзіла Явала: ён быў бацька тых, што жылі ў намётах са статкамі.
21. Імя брата ягонага Ювал: ён быў бацька ўсіх тых, што ігралі на гусьлях і жалейцы.
22. Цыла таксама нарадзіла Тувалкаіна, які быў кавалём усіх спарудаў зь медзі і жалеза. І сястра Тувалкаіна Наэма.
23. І сказаў Ламэх жонкам сваім: Ада і Цыла! паслухайце голасу майго; жонкі Ламэхавыя! уважайце словам маім: я забіў чалавека на пошасьць мне і хлопчыка на рану мне;
24. калі за Каіна адпомсьціцца ўсямікроць, дык за Ламэха ў семдзесят разоў сямікроць.
25. І спазнаў Адам яшчэ Еву, жонку сваю, і яна нарадзіла сына, і дала яму імя: Сіф; бо, казала яна, Бог паклаў мне іншае насеньне, замест Авеля, якога забіў Каін.
26. У Сіфа таксама нарадзіўся сын, і ён даў яму імя: Энос; тады пачалі заклікаць імя Госпада.

Псалмы 2:1-6
1. Псальма Давідава. Навошта бунтуюць народы, і намышляюць плямёны марнае?
2. Паўстаюць зямныя цары, і ўмаўляюцца разам князі супраць Госпада і супраць Памазанца Ягонага:
3. "Парвёмце ж іхнія кайданы і скінем зь сябе іхнія аковы".
4. Той, Хто ў нябёсах жыве, пасьмяецца, Гасподзь паганьбіць іх.
5. Тады Ён у гневе Сваім скажа ім, і лютасьцю Сваёй іх настрашыць;
6. "Я памазаў Цара Майго над Сіёнам, сьвятою гарою Маёю.

Прытчы 1:8-9
8. Слухай, сыне мой, настаўленьне бацькі твайго, і не адкідай запавету маці тваёй:
9. бо гэта — прыгожы вянок на галаву тваю і акраса на шыю тваю.

Матей 2:1-23
1. Калі ж Ісус нарадзіўся ў Віфляеме Юдэйскім у дні цара Ірада, вось, мудрацы з усходу прыйшлі ў Ерусалім і кажуць:
2. дзе народжаны Цар Юдэйскі? бачылі бо мы зорку Яго на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму.
3. Пачуўшы гэта, цар Ірад занепакоіўся, і ўвесь Ерусалім зь ім.
4. І сабраўшы ўсіх першасьвятароў і кніжнікаў народных, пытаўся ў іх: дзе мае нарадзіцца Хрыстос?
5. Яны ж сказалі яму: у Віфляеме Юдэйскім, так бо напісана праз прарока:
6. "І ты, Віфляеме, зямля Юдава, нічым ня меншы сярод ваяводстваў Юдавых, бо зь цябе выйдзе Правадыр, Які ўсьцеражэ народ мой Ізраіля".
7. Тады Ірад, употай паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх час зьяўленьня зоркі
8. і, паслаўшы іх у Віфляем, сказаў: ідзеце, добра разьведайце пра Дзіця і, як знойдзеце, накажэце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму.
9. Яны, выслухаўшы цара, пайшлі. І вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, ня стала ўгары над месцам, дзе было Дзіця.
10. Угледзеўшы зорку, яны ўсьцешыліся радасьцю вельмі вялікай,
11. і, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіця з Марыяю, Маці Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму; і адкрыўшы скарбы свае, прынесьлі Яму дары: золата, ладан і сьмірну.
12. І ў сьне атрымаўшы наказ не вяртацца да Ірада, іншай дарогай адышлі ў краіну сваю.
13. Калі ж яны адышлі, — вось, анёл Гасподні яўляецца ў сьне Язэпу і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Ягоную, і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе, бо Ірад хоча шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго.
14. Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Ягоную, і адышоў у Егіпет,
15. і быў там да Ірадавай сьмерці, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: "Зь Егіпта паклікаў Я Сына Майго".
16. Тады Ірад, убачыўшы, што мудрацы ашукалі яго, разгневаўся надта і паслаў пазабіваць усіх дзетак у Віфляеме і ва ўсіх межах яго, ад двух гадоў і ніжэй, паводле часу, які выведаў у мудрацоў.
17. Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа:
18. "Голас у Раме чуцен, плач, і галашэньне, і лямант вялікі; Рахіль плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца; бо іх няма".
19. А як Ірад памёр, — вось, анёл Гасподні ў сьне яўляецца Язэпу ў Егіпце
20. і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Ягоную і ідзі ў зямлю Ізраілеву; бо памерлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці.
21. Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Ягоную і прыйшоў у зямлю Ізраілеву.
22. Але пачуўшы, што Архелай валадарыць ў Юдэі замест Ірада, бацькі свайго, пабаяўся туды ісьці; і атрымаўшы ў сьне наказ, адышоў у межы Галілейскія,
23. і, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт, каб збылося сказанае праз прарокаў, што Ён Назарэем назавецца.